Знайсці
22.05.2021 / 11:30РусŁacБел

Падарожжа па габрэйскай Беларусі

Каранавірус закрыў многія межы. Але колькі ўсяго цікавага дзякуючы гэтаму можна адкрыць ва ўласнай краіне! Мы прапануем вам кароткі гід па забытай цывілізацыі — габрэйскай Беларусі. Які, вядома, не прэтэндуе на ўсёахопнасць і вычарпальнасць, бо нейкія рэшткі габрэйскай прысутнасці можна пры жаданні знайсці практычна ў любым беларускім горадзе ці былым мястэчку. Пакуль жа — толькі самае цікавае ад Алеся Белага.

Мір. Хата насупраць былой галоўнай сінагогі каля школішча.

Брэст

які на ідыш называлі «Брыск», з канца XIV і да самага «Патопу» ў сярэдзіне XVII стагоддзя лічыўся нефармальнай сталіцай габрэяў усяго Вялікага Княства Літоўскага. Таму ў Брэста — велізарны патэнцыял габрэйскага турызму, хоць пакуль што развітасць адпаведнай інфраструктуры яўна недастатковая. 

На жаль, шматлікія высілкі мясцовых актывістаў не змаглі ўратаваць ад чыноўніцкага вандалізму ўнікальны мясцовы квартал драўлянай забудовы 1920-х гадоў «Калонія Варбурга». З дванаццаці дамоў не засталося ніводнага, хоць прынамсі аднаму быў нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Шматлікія мацэвы, знойдзеныя ў гэтым квартале, таксама насуперак абяцанням усё не становяцца асновай для музея. 

Але ў горадзе невялікі грамадскі музей «Габрэі Брэста» ўсё ж ёсць (вул. Гогаля, 32). А з мінулага года працуе сінагога «Экдэш», якая існавала на гэтым месцы з канца XIX стагоддзя (вул. Савецкіх памежнікаў, 52). У савецкія часы тут быў кінатэатр, пасля будынак здаваўся пад офісы. Летась у габрэйскай супольнасці горада з’явілася магчымасць выкупіць страчаную спадчыну — праўда, для гэтага трэба было знайсці 300 тысяч долараў. Частку грошай даў прыватны мецэнат, а 130 тысяч сабралі на міжнароднай дабрачыннай пляцоўцы charidy.com. Асаблівасць пляцоўкі ў тым, што грошы збіраюцца толькі некалькі сутак, але кожны ахвяраваны ў гэты час долар патройваецца за кошт пляцоўкі. Такім чынам, берасцейскім габрэям давялося мабілізаваць адзінаверцаў па ўсім свеце, а таксама неабыякавых да гісторыі горада берасцейцаў. Цяпер сінагога вярнулася да вернікаў, і яны абяцаюць надаць знявечанаму савецкімі рамонтамі будынку гістарычны выгляд.

Гістарычны выгляд сінагогі «Экдэш» у Берасці. Фота Breststoris.com.

Пінск

сталіца Палесся, мае каласальны турыстычны патэнцыял, у тым ліку і габрэйскі. У гэтым горадзе да Першай сусветнай вайны габрэйскае насельніцтва складала тры чвэрці насельніцтва, ад чаго Пінск часам называлі «Палескім Іерусалімам». Тут можна паказваць турыстам і дом, дзе некалі жыў першы прэзідэнт Ізраіля Хаім Вейцман, ураджэнец недалёкага Моталя, і гімназію, дзе ён вучыўся, і былую пякарню, якой некалі валодалі продкі амерыканскага мільярдэра Стыва Балмера, а сёння месціцца «роднасная» ўстанова — даволі прыстойная кавярня. Апроч таго, з горадам былі звязаныя сваім паходжаннем яшчэ двое знакамітых габрэяў: прэм’ер-міністр Ізраіля Голда Мэір і лаўрэат Нобелеўскай прэміі па эканоміцы Сайман Кузнец.

Пінская габрэйская грамада — адна з самых актыўных у сучаснай Беларусі. Цэнтр яе духоўнага і грамадскага жыцця — адноўленая сінагога (вул. Іркуцка-Пінскай дывізіі, 12), якая некалі належала хасідскай дынастыі Перлавых — вядомых на ўсю Усходнюю Еўропу лідараў т. зв. «каролінскіх» хасідаў, ад назвы пінскага прадмесця Каролін.

Ёсць тут і беспрэцэдэнтная для Беларусі агульнаадукацыйная габрэйская школа «Бейс-Агарон» (вул. Астроўскага, д. 9а). Захавалася шмат цікавых, часам трагічных гісторый, звязаных з жыццём грамады, якія маюць дакладную лакалізацыю дзякуючы шматгадовай пошукавай дзейнасці мясцовага краязнаўцы Эдуарда Злобіна.

Напрыклад, як у красавіку 1919 года некалькі дзясяткаў мясцовых габрэйскіх актывістаў, сабраных у т. зв. Народным доме (захаваўся), польскія вайсковыя ўлады абвінавацілі ў падпольнай камуністычнай дзейнасці і расстралялі, што выклікала тады каласальны міжнародны скандал. Або як мясцовы каталіцкі святар, будучы кардынал Казімір Свёнтак, аддаў габрэям пад пахаванні частку каталіцкіх могілак, бо ў савецкіх уладаў яны атрымаць дзялянку не маглі. 

Такіх сімвалічных «пунктаў» габрэйскай гісторыі на карце горада — некалькі дзясяткаў, таму на іх агляд варта зарэзерваваць нават два дні. 

Драўляныя дамавіны на пінскіх габрэйскіх могілках. Пачатак ХХ стагоддзя. Eilatgordinlevitan.com.

Гродна

для габрэяў — гэта найперш адноўленая Харальная сінагога (вул. Вялікая Траецкая, 59а), якую часам называюць адной з найпрыгажэйшых у Еўропе, і сціплы музей габрэйскай гісторыі ў ёй.

Увогуле, у гістарычным цэнтры захавалася нямала будынкаў былых сінагог, хедэраў і іншых габрэйскіх будынкаў. Мясцовыя краязнаўцы ў апошнія гады нямала пастараліся, каб выявіць іх як мага больш, нават стварылі інтэрактыўныя карты гэтай спадчыны. 

Але гораду моцна бракуе сучасных арт-аб’ектаў, якія б па-новаму асэнсоўвалі страчаны габрэйскі дух горада — каб гукі габрэйскага кларнета годна ўпляліся ў шматгалосны аркестр іншых мясцовых культур. Пакуль жа, на жаль, тут няма нават звычайных мемарыяльных дошак. Хоць з горадам звязаныя імёны мастака Льва Бакста, заснавальніка мовы эсперанта Людвіка Заменгофа, бухгалтара амерыканскай мафіі Меера Ланскі, паэта Лейба Найдуса і многіх іншых.

Слонім

можа пахваліцца вялікай колькасцю былых габрэйскіх помнікаў, у першую чаргу Вялікай сінагогай 1642 года на рынку (вул. Першамайская, 10), якая магла б зрабіцца перлінай сярод усіх аб’ектаў такога кшталту ў Беларусі. Пра яе ў СМІ рэгулярна можна прачытаць анонсы, што вось, маўляў, ужо сёлета пачнецца аднаўленне. Аднак мінае чарговы год, і ўсё застаецца як ёсць, фактычна ў стане руіны, нават на выгляд небяспечнай для патэнцыйных наведвальнікаў.

Калісьці адно з самых вялікіх і багатых у Беларусі былое Школішча (комплекс габрэйскіх рэлігійна-асветніцкіх будынкаў) па вул. Камуністычнай сёння занятае адміністрацыйнымі і вытворчымі будынкамі. Усе яны патрабуюць рамонту, і, здаецца, толькі на адным ёсць таблічка, якая паведамляе пра былую прыналежнасць да іўдзейскай канфесіі.

На тутэйшых габрэйскіх могілках захавалася зусім мала пахаванняў, але яны даволі часта наведваюцца замежнымі гасцямі дзякуючы нядаўна адшуканым магілам заснавальніка мясцовай дынастыі цадзікаў Аўраама Вайнберга (1802—1884) і ягоных паплечнікаў.

Каля слонімскай барочнай сінагогі і сёння, як 400 гадоў таму, шуміць кірмаш. Фота Надзеі Бужан.

У 1939—1941 гадах Слонім стаў месцам канцэнтрацыі габрэяў-уцекачоў з Польшчы. Падчас нацысцкай акупацыі гэта зрабіла яго адной з найбуйнейшых па колькасці ахвяраў Халакосту (каля 25 тысяч) мясцовасцяў у Беларусі. У горадзе і ваколіцах ёсць адразу некалькі помнікаў ахвярам.

Але, як і ў большасці іншых беларускіх гарадоў, габрэйская гісторыя не «счытваецца» ў гарадской тапаніміцы і візуальнай прасторы, не ўсведамляецца мясцовымі жыхарамі. Хоць было б някепска, напрыклад, каб маляўнічы завулак з рамантычнай назвай Пераскок, які злучае рынак з цэнтральнай плошчай горада (авохці, Леніна!), быў аздоблены мураламі з выявамі славутых людзей Слоніма. Не толькі габрэйскіх, натуральна. Але сярод іх абавязкова мусілі б апынуцца і Майкл Маркс, сузаснавальнік вядомай брытанскай гандлёвай сеткі Marks&Spencer, і той жа Аўраам Вайнберг, і самая вядомая з гераіняў паўстання ў Варшаўскім гета Цывія Любеткін — ураджэнка недалёкага Быценя. 

Навагрудак

для зацікаўленых габрэйскай спадчынай — гэта перадусім унікальны Музей габрэйскага супраціву (вул. Мінская, 64—66), створаны высілкамі Тамары Вяршыцкай і многіх звычайных жыхароў горада акурат у тым самым бараку, адкуль у верасні 1943 года вялікая група вязняў гета здзейсніла ўцёкі праз таемны вырыты тунэль. Паступова экспазіцыя музея разгортваецца ў сапраўдны мемарыяльны комплекс. Адносна нядаўна быў адкрыты незвычайны помнік дзяўчынцы Міхлі Сасноўскай, які сімвалізуе трагічны лёс навагрудскіх габрэяў, а затым — сцяна памяці ў канцы былога тунэля з імёнамі тых, хто выжыў і хто загінуў пры ўцёках. 

У параўнанні з «мэйнстрымнымі» музеямі Халакосту, напрыклад, у суседняй Польшчы, асаблівасць навагрудскага музея ў тым, што ён акцэнтуе ўвагу не на садысцкай разнастайнасці і метадычнасці нацысцкага знішчэння габрэяў, а на тым, як тыя гераічна і самааддана супраціўляліся гэтаму злачыннаму наканаванню. Таму натуральным для музея з’яўляецца яго развіццё ў кірунку Налібоцкай пушчы, дзе паступова ўсё больш візуальных аб’ектаў з’яўляецца на месцы дыслакацыі славутага габрэйскага партызанскага атрада братоў Бельскіх у верасні 1943 — ліпені 1944 гадоў, г. зв. «Ляснога Іерусаліма» (ваколіцы вёскі Кляцішча Стаўбцоўскага раёна). 

Экспанаты наваградскага Музея габрэйскага супраціву, створанага ў будынку, з якога вязні зрабілі падземны ход, каб уцячы ў лясы. З дапамогай цвікоў і відэльцаў вязні капалі гліністы грунт, а рыдлёўкамі выграбалі яго з тунэля. Тую самую рыдлёўку знайшлі пры раскопках. Цяпер яна пад шклом у экспазіцыі. Фота Андрэя Дынько.

Увогуле, Налібоцкая пушча і былыя штэтлы па яе перыметры — Навагрудак, Мір, Валожын, Іўе, Рубяжэвічы — ствараюць своеасаблівы комплекс, які дазваляе ўбачыць і перадваенную гісторыю габрэйскай грамады, і Халакост — з зусім іншай перспектывы, чым у лагерах смерці Аўшвіцы, Майданэку або Траблінцы. 

Мір

дзякуючы адноўленаму радзівілаўскаму замку — адно з найбольш наведваных турыстамі месцаў у Беларусі. Але пры сур’ёзным падыходзе да справы амаль столькі ж турыстаў магло б завітваць сюды і «па габрэйскай лініі». Тут, бадай, найлепш у Беларусі захаваўся квартал т. зв. Школішча — комплексу будынкаў сінагог і ешывы, уключаючы «хостэл» для студэнтаў і г. д. 

У будынку былой галоўнай сінагогі ад нядаўняга часу месціцца гатэль «Мірскі пасад», а на будынку славутай мірскай ешывы ўсталяваная мемарыяльная дошка. Дасведчаны экскурсавод распавядзе вам яе гісторыю: пра тое, як вучні і выкладчыкі ўратаваліся ад гібелі, атрымаўшы ад японскага консула ў Літве Ціунэ Сугіхары не зусім сапраўдныя транзітныя візы, і пра тое, што сёння ў свеце існуюць ажно 3 «Ешывы Мір» — адна ў Ізраілі і 2 у ЗША.

Таксама турысты часта наведваюць магілу перадваеннага духоўнага лідара ешывы Ерухама Левовіца на мясцовых габрэйскіх могілках — досыць занядбаных, як і ў большасці іншых былых штэтлаў.

У адной з вежаў замка музейная экспазіцыя распавядае пра гісторыю габрэйскай грамады, асабліва пра яе гібель у Халакосце. А ў прыватным музеі Віктара Сакеля пад назвай «Мірскі пасад» (2-гі зав. Кірава, 2) можна даведацца шмат цікавага пра габрэйскую даўніну мястэчка, нават патрымаўшы ў руках многія звычайныя побытавыя рэчы, якія калісьці належалі членам зніклай грамады.

Новая з'ява — прыватныя музеі. На фота: музей Віктара Сакеля ў Міры ў былым габрэйскім дамку. Фота Андрэя Дынько.

Рубяжэвічы

ў Стаўбцоўскім раёне страцілі ўсіх сваіх габрэяў, але мясцовыя жыхары як мала дзе яшчэ старанна захоўваюць памяць пра былых землякоў. Тут можна пабачыць добраўпарадкаваныя габрэйскія могілкі і прыватны музей даўняга габрэйскага побыту, створаны ў 2018 годзе настаўніцай Рамуальдай Сабалеўскай на месцы і ў прапорцыях сапраўднага дома даваеннай сям’і.

А ў размешчаны непадалёк парк-музей інтэрактыўнай гісторыі «Сула» перавезлі і аднавілі дом-крамку рубяжэвіцкага гандляра Майсея Беразовіча, зрабіўшы яго часткай мясцовай разнастайнай экспазіцыі.

Валожын

габрэйскі — гэта найперш будынак славутай ешывы (вул. Кірава, 2), рэлігійнай акадэміі, заснаванай Хаімам Валожынерам у 1803 годзе. Яна з перапынкамі праіснавала да пачатку Другой сусветнай вайны, выпусціўшы ў свет тысячы рабінаў, дзясяткі з якіх зрабіліся галоўнымі веравучыцелямі розных краін і найбуйнейшых гарадоў свету. Зрэшты, у канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў многія выпускнікі абіралі не духоўны, а свецкі шлях, зрабіўшыся славутымі паэтамі, журналістамі, прадпрымальнікамі, палітыкамі. Пра годную рэканструкцыю будынка і стварэнне ў ім ці то музея, ці то духоўнага цэнтра размовы вядуцца дзесяцігоддзямі, але рэалістычнага бізнэс-плана дагэтуль не бачна.

У Валожыне захаваліся могілкі, дзе пахаваныя Хаім Валожынер і ягоныя сваякі, а таксама пастаўленыя аж 5 помнікаў на месцах масавага знішчэння ахвяраў Катастрофы.

На жаль, ніяк не адзначана месца на пагорку, называным да вайны «гарой Бяліка», дзе цяпер месціцца сельскагаспадарчы ліцэй (вул. Луначарскага, 2). Тут у 1891 годзе навучэнец валожынскай ешывы Хаім Нахман Бялік напісаў верш «Да птушкі», з ягога пачалася ягоная паэтычная кар’ера і гісторыя навачаснай паэзіі на іўрыце.

Іўе

адзін з нямногіх гарадоў Беларусі, дзе на цэнтральнай плошчы няма помніка Леніну. Замест яго некалькі гадоў таму тут усталявалі Манумент талерантнасці: стэлу, кожны з бакоў якой прысвечаны адной з чатырох канфесій: каталіцкай, праваслаўнай, мусульманскай і іўдзейскай. Гэтай шматкультурнасці прысвечаны і гарадскі музей (вул. 17 Верасня, 9), габрэйскі аддзел якога даволі сімпатычны і ўтульны. 

Яшчэ Іўе можа пахваліцца ці не найлепшай захаванасцю тыповай архітэктуры даваеннага штэтла, унікальнай для Беларусі. Рэч у тым, што ў 1929 годзе пераважна драўлянае мястэчка было амаль цалкам знішчана вялікім пажарам, пасля якога адбудавалася ўжо мураванкамі, абсалютная большасць якіх належала габрэям. На жаль, ад былога Школішча застаўся толькі адзін сінагагальны будынак (вул. 1 Мая, 11), дзе зараз месціцца спартыўная школа.

У горадзе нарадзіўся славуты рабін Хаім-Ойзэр Гродзінскі, даваенны кіраўнік віленскай габрэйскай грамады, чыя магіла (огель) у Вільні — другая па значнасці пасля огеля Віленскага гаона Эліяху бен Шлома Залмана.

Іўе ляжыць на скрыжаванні двух тыповых шляхоў габрэйскіх экскурсій: Мінск — Валожын — Гродна і Мір — Навагрудак — Радунь, таму яго цяжка абмінуць. Трэба толькі ведаць, як яго паказваць і пра што распавядаць.

Вялікая сінагога ў Гародні. Фота Vetliva.by.

Радунь

невялікае мястэчка ў Воранаўскім раёне, нягледзячы на значную адлегласць ад Мінска і «правінцыйнасць», — адно з найбольш наведваных габрэйскімі турыстамі месцаў у Беларусі. І гэта выключна дзякуючы асобе Меіра Пупко, вядомага пад псеўданімам Хофец Хаім — «той, хто любіць жыццё» (цытата з Псалмоў). Ён шмат гадоў узначальваў мясцовую ешыву і праславіўся сваймі кнігамі, якія даступна і паслядоўна вучылі праведнаму жыццю ў ягоных штодзённых праявах. Асабліва вядомы трактат «Пра злы язык», які заклікае старанна пазбягаць зняваг і паклёпаў нават у мізэрных дозах. 

Будынак былой ешывы (вул. Савецкая, 29), у якой доўга месціўся Дом культуры, цяпер выкупілі ізраільскія інвестары. А побач з могілкамі, дзе захавалася магіла праведніка, пачалося будаўніцтва кашэрнага гатэля. Якое, праўда, ідзе не вельмі жвава. 

Глыбокае

магло б стаць вельмі цікавым для аматараў габрэйскай спадчыны горадам. У Лужках за 20 км ад горада нарадзіўся Эліэзер Бен-Егуда (1858—1922) — чалавек, які найбольш спрычыніўся да пераўтварэння старажытнага сакральнага іўрыта ў сучасную жывую мову. Ягоны бюст усталяваны тут сярод іншых на Алеі славутых землякоў, створанай у 2012 годзе.

У беларускай гісторыі Халакосту ў Глыбокага — асаблівае месца. Нацысты ў гады вайны абвясцілі яго чымсьці накшталт «горада-прытулку», распусціўшы цынічна-хлуслівыя чуткі, што любы габрэй, які паселіцца тут, можа не баяцца за сваё жыццё. Гэта дазволіла ім выманіць з навакольных лясоў і вёсак тысячы ўцекачоў, якіх усё адно чакаў такі самы лёс, як і жыхароў усіх астатніх гета, толькі з пэўнай адтэрміноўкай. Зрэшты, перад канчатковым знішчэннем гета вязні паднялі паўстанне і некаторым з іх удалося ўцячы. 

Бюст адраджальніку іўрыта ў Глыбокім. Фота Андрэя Шчалкунова, Punktir.org.

Віцебск

габрэйскі — гэта, вядома, у першую чаргу Марк Шагал і створаныя ім вобразы (гл. пра яго артыкул «Марк Шагал: у чым яго геній» у № 5/2019 «Нашай гісторыі»). У горадзе ёсць некалькі помнікаў вялікаму мастаку, ягоны дом-музей (вул. Пакроўская, 11) і арт-цэнтр (вул. Савецкая, 25). 

Але не Шагалам адзіным, бо ў Віцебску была цэлая славутая мастацкая школа. У мясцовым мастацкім музеі столькі твораў Юдэля Пэна, Саламона Юдовіна і іншых мясцовых мастакоў, што хапіла б і на некалькі экспазіцый. Шкада, што стала экспануецца толькі невялікая іх частка.

А нядаўна адчыніўся і музей віцебскай мастацкай вучэльні, у сапраўдным гістарычным будынку з сімвалічным адрасам — вуліца Марка Шагала, 5а. Яго хваляць за сучасны падыход, з удалым выкарыстаннем новых мультымедыйных тэхналогій. Здаецца, гэта і ёсць «самы цымес» габрэйскай спадчыны горада, тое, што трэба ўсяляк развіваць і надалей, — ягоная ўнікальная мастацкая гісторыя, якую хацелася б убачыць увасобленай і ў сучаснай візуальнай прасторы горада.

Акрамя таго, Віцебск — адзін з нямногіх беларускіх гарадоў, які можа пахваліцца нядаўна пабудаванай зусім новай сінагогай (вул. Грыбаедава, 10). А яшчэ тут у 2017 годзе каля тэатра «Лялька» паставілі помнік «Старому Хатабычу» — персанажу дзіцячай кнігі Лазара Лагіна (гл. с. 20 гэтага нумара). Бо сам Лагін нарадзіўся ў Віцебску, хоць і пражыў тут зусім нядоўга.

Графіці з Маркам Шагалам у Віцебску. Фота Ігара Гусакова, Svaboda.org.

Бабруйск

часта называюць «габрэйскай сталіцай» Беларусі, хоць, па шчырасці, асаблівых гістарычных падстаў для гэтага няма. Але неяк так склалася, што ў савецкія часы масавая свядомасць інтуітыўна выбрала яго на ролю самага тыпова габрэйскага з беларускіх гарадоў. Магчыма, гэта павялося яшчэ з часоў Ільі Ільфа і Яўгенія Пятрова, якія ў «Залатым цяляці» апяялі Бабруйск як «выдатнае высокакультурнае месца», маючы на ўвазе тутэйшую, пераважна тады габрэйскую, інтэлігенцыю. 

У гэтую жартаўлівую гульню і сёння гуляюцца многія мясцовыя жыхары, у большасці сваёй не габрэі. Сярод іх, дарэчы, і менеджары мясцовай харчовай прамысловасці: напрыклад, тут выпускаюць сланечнікавы алей пад маркай «Шалом», а мясцовая кандытарская фабрыка адзін з гатункаў славутага бабруйскага зефіру афармляе цалкам… на іўрыце. Нават сімвалу горада, сімпатычнаму Бабру, тут далі імя па бацьку — Самуілавіч.

Але сапраўдная габрэйская спадчына таксама тут ёсць. У цэнтры горада, асабліва на «Сацыялцы» — вуліцы Сацыялістычнай, — захавалася нямала колішніх габрэйскіх дамоў і звязаных з імі гісторый. Многія з іх сталі натхненнем для творчасці пісьменніка і кінематаграфіста Эфраіма Севелы, помнік якому нядаўна ўсталявалі ў цэнтры горада.

Мясцовая грамада даўно марыць пра тое, каб аднавіць куток старога штэтла ў аўтэнтычным габрэйскім духу, прыкладна як гэта зроблена ў кракаўскім Казімежы і дзе-нідзе яшчэ ў Польшчы. З нядаўняга часу мары пачалі часткова рэалізоўвацца: у жніўні 2019 года на рагу вуліц Чангарскай і Бахарава адкрыўся т. зв. «Габрэйскі дворык» — сквер на месцы былой «сінагогі мяснікоў», ад якой захаваліся толькі дзве сцяны. Гэта штосьці накшталт адкрытай арт-прасторы, прысвечанай эфемернай памяці пра тутэйшых габрэяў.

Алесь Белы

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930