Даслаць навіну
Знайсці
29.07.2020 / 13:56 3

Унікальная калекцыя дызайнерскай мэблі — проста паглядзіце ФОТА

Часопісны столік з 200-гадовага дуба, шафа, на фасадзе якой захаваліся сляды ад ручаёў дрэўнага соку… Такую мэблю з гісторыяй маглі б выпускаць на мануфактуры ў Фларэнцыі, але яе робяць у Рэчыцы. Усё гэта справа рук беларускіх майстроў.

Аляксей Баркоўскі і Ігар Шумак — заснавальнікі фірмы «Вудберы».

Павялічыць

Ігар Шумак (злева) і Аляксей Баркоўскі

Нядаўна мы расказвалі пра іх анлайн-канструктар, адметны тым, што ён дае магчымасць кожнаму самастойна стварыць дызайн мэблі для дома. Але апроч канструктара ў майстроў ёсць абсалютна ўнікальная лінейка мэблі Geometree, кожны элемент якой распрацоўваецца па індывідуальным дызайне.

Павялічыць

Майстры працуюць з беларускім дубам. Тлумачаць, што выбар паў на яго, бо гэта адно з самых надзейных дрэў. Калі дуб правільна высушыць, падрыхтаваць, ён паслужыць вельмі доўга. Іншыя пароды больш капрызныя. Ды й варыянтаў аздабленняў з дубам процьма.

Дрэва звычайна пакрываюць алеем, а не фарбай — так і тэкстура захоўваецца, і больш экалагічна.

Пачыналі ў «Вудберы» з лофту.

Павялічыць

Павялічыць

Павялічыць

«Мы адны з першых сталі рабіць мэблю са слэбаў — спілаў з натуральнымі краямі. У нас была свая тэхналогія: мы сушылі дошкі па 90 дзён, доўга захоўвалі, каб сышло напружанне. У нас таму і дадатковая вартасць была высокая. А потым стала зразумела, што на фоне шырспажыву мы не вытрымаем канкурэнцыю: лофт пайшоў у масы, пачынаўся цэнавы дэмпінг», — расказвае Ігар.

Цяпер яны ствараюць рэчы ў стылях мадэрн, арт-дэко і іншых. Некаторыя — без перабольшання ўнікальныя, бо захоўваюць узоры, якія прырода не паўтарае. Напрыклад, гэтая шафа з растрэсканым фасадам.

Павялічыць

Шафа-бар «Шэрлак»

«Гэта называецца маразабойныя расколіны, — тлумачыць Ігар. — Калі ўзімку рэзка ўдараюць маразы, а з вялізнага дрэва ўвесь сок не сышоў, то вада замярзае і дуб трэскаецца. Расколіны пачынаюць гніць — гэта на працягу многіх год адбываецца. І калі пасля дуб распілоўваеш, сустракаеш такія ўзоры. Гэта вялікая рэдкасць: лесапілка нарыхтоўвае, напрыклад, 10 тысяч кубоў, і сярод іх толькі 20 узорыстых ламеляў [пласцін]. Мы нават не можам такой мэблі рабіць больш, бо дрэва няма дзе браць — усё абмежаваным тыражом».

Разынка майстроў ва ўменні надаваць лёгкасць масіўнаму дубу. Стол «Далі» з пазнавальным сілуэтам расплаўленага гадзінніка наогул можна лічыць арт-аб’ектам.

Павялічыць

Стол «Далі»

«Гэта мэбля, якая робіць дызайн», — трапна кажа Аляксей. У кватэры з простымі фарбаванымі сценамі харызматычны стол ці камода будзе ствараць атмасферу.

Павялічыць

Чытаць падрабязней пра стол «Далі»

Павялічыць

Чытаць падрабязней пра часопісны стол «Ласвіда»

Павялічыць

Чытаць падрабязней пра камоду «Антрацыт»

Павялічыць

Чытаць падрабязней пра тумбу пад тэлевізар «Бронкс»

Павялічыць

Чытаць пра гэты стол падрабязней

Павялічыць

Чытаць падрабязней пра стол-слэб з вэнджанага дубу

Майстры бяруцца за праекты, якія ім цікавыя. Калісьці нават удзельнічалі ў папулярнай расійскай тэлеперадачы «Кватэрнае пытанне». Першы раз вырабілі абедзенныя сталы. Другі — экзатычную спальню ў бразільскім стылі з панэлью-вадаспадам (тут можна паглядзець выпуск). На трэці раз падрыхтавалі паркет.

Павялічыць

У «Кватэрнае пытанне» трапляюць па-рознаму, у тым ліку і за грошы. Беларусы за ўдзел не плацілі — іх паклікала архітэктарка Яўгенія Лыкасава, якая адпраўляла заяўку. Праўда, і сама фірма за працу нічога не атрымала.

«На той момант быў нейкі чарговы крызіс, і тыя грошы, якія нам маглі заплаціць, былі капеечныя. Больш марокі з іх атрыманнем, — дзеляцца яны і дадаюць, што адразу пасля эфіру на тэлебачанні іх завалілі званкамі. — Але праект быў вельмі дарагім, а тэлефанавалі тыя, каму трэба было танна. Некаторыя дагэтуль пішуць з Расіі, пытаюцца, але мы ўжо не робім такія рэчы».

Два гады таму Аляксей і Ігар хайпанулі, выпусціўшы ўласны транспарт — пень-самаход. Калісьці гэта быў часопісны стол з вялізнага спілу. Па падліках майстроў, таму дубу мінімум 215 год!

Павялічыць

«Мы неяк дурэлі ў пятніцу і знялі кароткі ролік, як адзін штурхае пень (ён тады быў проста на калёсіках), а другі швабрай мяце перад ім, як кёрлінг. Нашым падпісантам спадабалася, так і з’явілася ідэя зрабіць пень-самаход. Ён вельмі шмат дзяцей пакатаў на выставах, — усміхаецца Аляксей. — Самае складанае было стварыць прывад. Усе мадэлісты звыклі працаваць з машынкамі — а яны ж лёгкія, механізмы разлічаны на маленькую вагу. Тут жа — 80 кілаграмаў. Але знайшоўся чалавек, які нешта падобнае рабіў».

Пень дагэтуль на хаду. Можа везці трох чалавек, разганяецца да 10 км/г, а зарадкі хапае на восем гадзін.

Дзе майстры падглядаюць ідэі? Ігар кажа, што ўсё ў паветры.

«Калі ты ў тэме, пачынаеш адчуваць дух перамен. Наш сябар, літоўскі архітэктар, неяк прыдумаў секцыю з фігурнымі фасадамі. Зрабіў у лістападзе, прыехаў у Мілан у красавіку — стаіць на стэндзе італьянскай фабрыкі вельмі падобны экспанат».

Павялічыць

Цэны на мэблю Gеometree даволі высокія. Прынамсі, па беларускіх мерках. Але калі параўноўваць з коштамі, якія выстаўляюць на рэчы індывідуальнага дызайну ў Еўропе, атрымліваецца іншая карціна.

«Неяк заходзіць да нас дызайнер і пытаецца, колькі каштуе стол. «Дзве тысячы еўра». — «Вы што, ён жа столькі каштуе ў італьянцаў!» Сталі разбірацца. Аказалася, у італьянцаў такая цана на пластыкавы стол серыйнай вытворчасці. А ў нас індывідуальны, дубовы. У Італіі ён будзе каштаваць мінімум 10 тысяч еўра», — прыводзіць прыклад Аляксей.

Павялічыць

Ігар дапаўняе — не трэба глядзець пастаянна ў бок Захаду. Айчынныя майстры могуць даць фору замежным мануфактурам.

«Да нас прыходзяць дызайнеры інтэр’ераў і кажуць: «Хлопцы, як класна, што вы з’явіліся, колькі грошай мы ўжо ў гэтую Італію звезлі!» Заўсёды лічыцца, што замежнае лепшае. І часта яно насамрэч так. Але і ў нас цяпер з’яўляецца шмат цікавых вытворцаў, не горшых за еўрапейскіх. Да таго ж, у Еўропе масіву асабліва няма. Там умеюць нават шпон паклеіць так, каб тарцы здаваліся сапраўднымі драўлянымі. А беларусы маюць сваё дрэва».

Глядзець унікальную лінейку мэблі Geometree

Наталля Лубнеўская, фота Надзеі Бужан

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

10
Жвір / адказаць
29.07.2020 / 14:01
Я за тое, каб беларускі дуб вольна рос і пладзіўся на Беларусі, а не вісеў бы на сьценах
5
Алесь / адказаць
29.07.2020 / 15:06
Мне куды больш даспадобы 200-гадовыя дубы ў лесе ды на лузе, а не ў кагось на сцяне ў выглядзе дошкі, няхай сабе й прыгожа апрацаванай.
5
M.O. / адказаць
30.07.2020 / 02:28
У Расеі яшчэ лес не скончыўся, навошта нам свой убаць? але прыгожа канечне.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2019 2020 2021
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2
3 4 5 6 7 8 9
10 11 12 13 14 15 16
17 18 19 20 21 22 23
24 25 26 27 28 29 30
31