Даслаць навіну
Знайсці
28.07.2020 / 16:25 38

Стась Карпаў: Заткніся і ідзі на кампраміс

Як у старым анекдоце апошнім часам: «чытаў пэйджар і шмат думаў».

Вось прэтэнзіі да Ціханоўскай — яны справядлівыя ці не?

А тыя, хто бароніць Ціханоўскую, — яны маюць рацыю ці не маюць?

Яна недастаткова «нацыянальная» і беларускамоўная? Ці дастаткова?

Мы можам ад яе ў прынцыпе нечага патрабаваць? Ці не можам?

І як нам жыць далей, і як нам быць разам — нават не з міліцыяй, а з самімі сабой, калі ўсё зноў становіцца з ног на галаву і мяняецца, складваючыся ў суцэльную карцінку і імгненна ж рассыпаючыся, як у нейкім гіганцкім кубіку рубіка?

Мы дзесяцігоддзямі чакалі нацыянальнай дзяржавы. Гэта дакладна?

Але хто такія мы?

Філіп Біканаў з SATIO спасылаецца на нядаўняе даследаванне «Нацыянальная ідэнтычнасць беларусаў» і паблажліва называе «нас» — «беларусамі А».

Беларусаў А, якія ставяць нацыянальнае перад усім, згодна з даследаваннем, — 11%, што, як піша Філіп, «усяго на 8% болей, чым у мемасіку пра 3%».

Гэта дакладна?

Я не сацыёлаг, так што чаму б і не пагадзіцца.

Дапусцім.

Буду шчырым. Пакуль я не азнаёміўся з тэкстамі абаронцаў штабу Ціханоўскай ад «беларусаў А», я і сам лічыў, што прэтэнзіі да яе досыць несвоечасовыя і шмат у чым — несправядлівыя.

Калі вынікам дзейнасці Ціханоўскай становяцца шматтысячныя мітынгі з бчб і «Жыве Беларусь», то, напэўна ж, яна станоўчая, гэтая дзейнасць?

І калі «свядомыя» — сапраўды свядомыя, то, напэўна, яны павінны разумець, што наш агульны кандыдат павінен быць кампрамісным.

Ён не можа быць «антынацыянальным», бо гэта непрымальна для нас. Але ён жа не можа быць і нацыяналістам, бо гэта непрымальна для «іх».

Дарэчы, «іх», згодна з тымі ж даследаваннямі, ажно 55%, дзе 25% — абыякавыя, а 30% — канформныя.

Асобна там пазначаны і «савецкія», якіх прасцей называць «прарасійскімі», але пра прарасійскіх я размову весці не буду, бо яны, верагодна, і не з’яўляюцца мэтавай групай Ціханоўскай. Прынамсі, я спадзяюся.

І вось чытаў я, што пішуць пра «беларусаў А», і пачынаў гэтых беларусаў А ненавідзець. Бо яны і сапраўды — нейкія ўтыркі. Яны хочуць, каб Ціханоўская паабяцала нам беларускамоўныя шыльдачкі паўсюль, выхад выключна з бчб-стужачкамі, ухваленне выключна беларускамоўных пікетаў, гучную і дэманстратыўную заяву аб статусе Крыма…

Карацей, чытаў я і думаў: ну, дапусцім, такія людзі ёсць. Дапусцім.

Але вось у чым праблема. Нам, гэтым самым «беларусам А», увесь час імкнуцца прышыць нейкае імкненне да таталітарнай беларусізацыі флоры і фаўны. І пасля шчырыя абаронцы ліберальных каштоўнасцяў, становячыся на зэдлік, даюць нам па шчах паперкамі з вынікамі даследаванняў.

Дык вось я б хацеў сказаць чалавеку на зэдліку.

Дарагі мой чалавек. Вы, напэўна, вельмі гуманістычны. Вы вельмі тонка адчуваеце права на моўную і культурную разнастайнасць, на самавыражэнне, на выбар нацыянальных сімвалаў.

І я нават падзяляю вашыя памкненні, хаця і ніколі не змагу наблізіцца да патрэбнага ўзроўню праз меншую адпушчаную мне духоўную валентнасць.

Але ў мяне ёсць адно сціплае пытанне, якое распадаецца на некалькі зусім мізэрных.

Скажыце. А калі прыйдзе той дзень, калі нашы 11 адсоткаў змогуць нарэшце папрасіць гэтай беларускамоўнасці. Хоць у нейкай такой прапорцыі, большай за гамеапатычную?

І ў каго мы павінны яе прасіць?

Можна пачаць з кандыдата ў прэзідэнты? Ці трэба прасіць ужо ў новага дзейнага? І ці будзе гэта слушным — прасіць тое, чаго не абяцалі?

Тут жа вось якая штука.

Пры ўсёй сваёй інтэлектуальнай беднасці — адносна вас — 30 гадоў нашы 11% агітавалі і рыхтавалі вашы 55%.

Яны нікога не прымусілі гвалтам нават казаць ім «дзякуй» за саступленае месца ў транспарце.

Яны сціпла атрымлівалі люлей, плацілі штрафы і, бывала, звальвалі за мяжу, каб не муляць вам вока.

І зараз яны хоць і бурчаць, але агітуюць.

І люлей будуць атрымліваць не меней за ўсіх астатніх — за права гаварыць на любой мове і выбіраць прэзідэнта на свой густ.

Дык калі і каго мы можам папрасіць заўважыць нашы 11% беларусаў А?

Наш жа не 0,11 і не 1%.

Нас сотні тысяч.

Натуральна, вам прасцей назваць просьбу дыктатам і нягнуткасцю.

Але, скажыце, вам сапраўды незразумела, чаму нам хочацца беларускага перакладу песні пра муры?

І наколькі вам цяжка стрымаць язык за зубамі ў той момант, калі ў вас узнікае раздражненне ад наяўнай просьбы?

Вы абвінавачваеце нас у нежаданні ісці на кампраміс.

А вы гэты кампраміс сабе як уяўляеце наогул?

Вы думаеце, што кампраміс паміж беларускамоўным і рускамоўным — гэта тады, калі беларускамоўны бясконца затыкаецца, бо яму махаюць перад носам абяцаннем нацыянальнага ўнівера ў краіне будучыні?

А мне падаецца, што няблага было б, каб, пачуўшы спікераў, можна было адразу зразумець, у якой краіне адбываецца мітынг, не дачакаўшыся, пакуль яны згадаюць прозвішча Лукашэнкі.

На такі кампраміс я б пагадзіўся. Так.

Я не кажу пра 100% беларускамоўнасць.

Але калі вы нон-стоп фігачыце па-руску, вы наогул памятаеце, што ёсць умоўны я? І вы разумееце, што ўмоўны я глядзіць на ўмоўнага вас — і ціха ахранявае?

Мне, напрыклад, напляваць на колер стужачак. Як дызайнер, я люблю ўсе колеры без выключэнняў.

Але мне не напляваць на тое, што 26 гадоў мне прапаноўвалі «заткнуцца і рабіць так, як мы вырашылі», а цяпер жа ўсё ў нас па-новаму! Цяпер мне прапануюць «заткнуцца і змагацца так, як мы вырашылі».

 

І штука ў тым, што я ўсё адно за «вас» прагаласую.

Я прагаласую.

Я прыйду на ваш рускамоўны мітынг. Я буду слухаць пра падзенне муроў хоць на гішпанскай.

Я буду стаяць хоць пад сцягам Вясёлага Роджэра.

Я павяжу на руку хоць стужку лгбт.

Але.

Я буду чакаць таго моманту, калі мне не прыйдзецца з вамі наогул размаўляць. Заўважаць вас. Улічваць вас.

А калі мне прапануюць пайсці з вамі на кампраміс, я адкажу, што гэта — лішняе, бо для іх кампраміс — гэта каманда, і яна сутнасна падобна да «заткнуцца, чакаць і змагацца».

Стась Карпаў 

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

5
Прастая цеця / адказаць
29.07.2020 / 08:06
Sashaa, лепш не хадзі на дурыбары, бо вынікі вядомые. Проста падумай пра сваю годнасць і не дай сябе зноў ашукаць
1
Мордехай В. / адказаць
29.07.2020 / 12:08
хамса,

Можа "народ" = тыя самыя камформныя 50-60%% i за змены, але анiякiх дзеянняў яны анiколi прадпрымаць ня будуць. Як сапраўдны даосы застануцца на беразе ракi.

У гэтым няма анiчога дзiўнага. Гэта нармальна. Але ў рускага свету цэйтнот. Адсюль б'юць выключна на эмоцыю, на нейкае ўзрушнэнне. Пры гэтым нiчога не кажуць, маўляў, спачатку трэба зрабiць, а потым там будзе... Гы.

I вось менавiта таму "правiльным" спатрэбiлicя гэтыя "свядомыя", "адмарозкi" са сваёю "мёртваю моваю", як бы яны iх не ненавiдзелi ды не цкавалi нават тут на Нашай Нiве. Бо гэта адзiная пратэстная сiла ў грамадстве. Гэтак як бальшавiкам былi жыццёва неабходныя матросы Краншдтата. А потым, праз год, iх знiшчылi, каб не бухцелi.

Адбываецца тое ж самае. Калеснiкава ўвесь час папраўляе Цiханоўскую - трэба вызвалiць Бабарыку ды правесцi новыя выбары. Ленiна, таварышчы, Ленiна!
Рускамiрнутыя хочуць тут рускай улады хiба тушкай, хiба пудзiлам. Хочуць на гарбу рахманых ды бясхiтрасных беларусаў зноў атрымаць райскае жыццё.

----------------------

Вось я нават капаць не хачу. Але...

Чаму на яндэксе рэкламы за штаб у разы больш чым на гугле? Гугл у 2 разы папулярнейшы на Беларусi... Эээ. Мо, таму што буржуям трэба плацiць даляры.

Чаму штабiсты ў 2 разы больш папулярнейшыя ў Вкантакце, чым у гуглаўскам ю-тубе ды ў фэйсбучным фэйсбуку? Аўдыторыi супастаўляльныя ж.
Да таго ж сама "страна для жизни" будавалась праз ю-туб... Ээээ. Вкантакт належыць Усманаву, i там рускi cвет можа пладзiць ботаў ды мультоў задарма. А буржуям трэба плацiць даляры.

Чаму штабiсты даюць кожны дзень рэлiзы ды iнтэрв'ю расiйскiм СМI, што належаць Газпрому ды Усманаву?А iншыя самi павiнны за iмi бегаць, каб пачуць "гэтае пытанне сутыкае людзей iлбамi"...Эээ. Мо, таму што  мэтавая аўдыторыя наогул не тут.

----------------------

Таму адзiны шлях для матросаў, у сэнсе свядомых беларусаў,  што пайшлi на кампрамiс, каб не стаць гарматным мясам для тутэйшага Дамбаса - радыкалiзацыя пратэстаў ды патрабаванне  поўнага саўдзелу. Трэба стаць для пратэстаў прэтарыянскай гвардыяй ды самiм вызначаць "iмператараў". А не нейкай там Калеснiкавай з тамадамi.

Увесь штаб поўным складам павiнны быць апасля выбараў на плошчы. Уся сервiльная iнтэлiгенцыя, што агiтавала за штабiстаў, на чале з Алексiевiч - павiнны быць на плошчы.

Хто не явiўся - павiнны быць аб'яўлены ворагамi рэвалюцыi. З усiмi для iх наступствамi.

Тое самае з вiртуальнаю падтрымкаю. Калi ў iнтэрнэце 500 тысяч - а рэальны выйшла 35, значыць 7% - гэта рэальна, а астатнiя 90% - рускiя боты. Якiх апасля выбараў прызначаць вякаць за Шарыя. Значыць iх, тых 500 тысяч, нiколi не было.

Хiтрэйшымi тутэйшым трэба быць i больш жорсткiмi. Iнакш застаецца заткнуцца ды iсцi на кампрамiс.
4
Сам / адказаць
30.07.2020 / 00:48
Бабарыка быў не штучна злеплены, а сапраўдны моцны важкі кандыдат, які сходу, без прыхарошвання і рэтушы, займеў вялікую падтрымку людзей. Такога палітычнага праціўніка ў дзеючага прэ-та яшчэ не было і ён хуценька ад яго пазбавіўся.
Святлану зарэгістравалі, так як не бачылі з яе боку пагрозы - што гэтая дастаткова апалітычная дзеўчына зможа адна, без мужавай ініцыятывы. Ініцыятыва з'явілася з іншага, нечаканага, боку. Не магу сказаць, быццам сённяшняя палітычная раскладка мяне цалкам задавальняе, ёсць пэўная перасцярога, канешне. Ды  народ франтальна, у катэгорыях ад А да Э, стаміўся бачыць адзін і той жа твар і слухаць нахабную відавочную хлусню. Ён гатовы аб'яднацца нават вакол тэхнічнага кандыдата, абы займець надзею на змены. Я буду з народам, ён мае чуйку.
Здаецца трыумвірат напружвае старога. Якія новыя хімеры прыдумалі ў ЦВК даведаемся заўтра.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2019 2020 2021
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2
3 4 5 6 7 8 9
10 11 12 13 14 15 16
17 18 19 20 21 22 23
24 25 26 27 28 29 30
31