Знайсці
24.07.2020 / 09:4525РусŁacБел

«Аплот незалежнасці — гэта 25—28% беларускага насельніцтва». Сацыёлагі правялі даследаванне пра суверэнітэт

На мітынгу ў падтрымку Святланы Ціханоўскай. Мінск, 19 ліпеня. Фота Сяргея Грыца, Асашыэйтэд прэс.

Аплот незалежнасці — гэта 25—28% беларускага насельніцтва. У той жа час прыкладна для 12—19 % людзей суверэнітэт краіны не мае вялікага значэння, выявіла даследаванне, якім кіравалі доктар палітычных навук Андрэй Казакевіч і доктар сацыялагічных навук Андрэй Вардамацкі.

Даследаванне, пакладзенае ў аснову артыкула, задумвалася на пачатку года, калі цяжка было ўявіць, што краіна ўжо праз некалькі месяцаў сутыкнецца з самым сур’ёзным палітычным крызісам з 1996 года.

Нагодаю для даследавання стала 30-годдзе адной з ключавых падзей у сучаснай беларускай гісторыі — прыняцце дэкларацыі пра суверэнітэт БССР 27 ліпеня 1990 года. Пры ўсёй палавіністасці гэтае рашэнне стала істотным крокам у набыцці Беларуссю нацыянальнага суверэнітэту і незалежнасці.

Падзеі апошніх месяцаў паказалі крохкасць многіх інстытутаў беларускай дзяржавы. Незалежна ад таго, якім чынам скончыцца выбарчая кампанія, мы, магчыма, знаходзімся ў пачатку перыяду працяглай унутрыпалітычнай нестабільнасці. І гэта яшчэ адна нагода згадаць пра тое, што

і дзейная ўлада, і альтэрнатыўныя палітычныя сілы аб’явілі сваёй галоўнай (ці прынамсі важнай) каштоўнасцю і што можа быць асноваю для шырокага грамадскага кансэнсусу, — нацыянальны суверэнітэт і незалежнасць.

Нягледзячы на тое што дзяржаўны суверэнітэт прызнаецца каштоўнасцю на палітычным узроўні, разуменне грамадствам яго значнасці застаецца няўстойлівым і расплывістым. За апошнія тры дзесяцігоддзі нацыянальны суверэнітэт не стаў безумоўнай палітычнай каштоўнасцю. Не разбіраючы ўсіх прычын, варта канстатаваць наяўнасць сур’ёзных праблем і прабелаў у палітыцы ідэнтычнасці, а таксама ў выпрацоўцы агульнанацыянальнага кансэнсусу і каштоўнасцей.

Даследаванне было распрацаванае Інстытутам «Палітычная сфера» і праведзенае ў супрацоўніцтве з Беларускай аналітычнай майстэрняй Андрэя Вардамацкага ў сакавіку-красавіку 2020 года. Нацыянальная рэпрэзентатыўная выбарка — 1075 чалавек. Ніжэй прыведзены асноўныя вынікі, падрабязны аналіз плануецца выкласці ў адмысловай разгорнутай публікацыі.

Кошт суверэнітэту

Далёка не ўсе беларусы разглядаюць суверэнітэт як безумоўную палітычную каштоўнасць. На пытанне, ці гатовы вы «захаваць суверэнітэт Беларусі нават коштам зніжэння ўзроўню жыцця грамадзян», станоўча адказала толькі 24,9% рэспандэнтаў.

Такім чынам, толькі для чвэрці насельніцтва суверэнітэт з’яўляецца безумоўнай палітычнай каштоўнасцю, вышэйшай за бягучыя матэрыяльныя патрэбы. За захаванне ўзроўню жыцця грамадзян нават коштам частковай адмовы ад суверэнітэту выказалася 51,6% рэспандэнтаў. Пры гэтым рэшта (каля 23%) удзельнікаў апытання не змаглі ці адмовіліся адказваць на гэта пытанне.  

Прыярытэты

Як жа выглядаюць прыярытэты знешняй палітыкі Беларусі пры такім падыходзе? Сярод іншых прыярытэтаў захаванне суверэнітэту і незалежнасці патрапіла толькі на чацвёртае месца (хоць і не з вялікім адставаннем — 28,9%) (тут рэспандэнты мелі магчымасць выбраць два прыярытэты), саступіўшы пазіцыі «экспарту і пошуку рынкаў збыту для беларускіх тавараў» (36%), «зніжэнню магчымасці войнаў і ўзброеных канфліктаў» (32,1%), «прыцягненню замежных інвестыцый і тэхналогій» (29,9%).

Пагрозы

Прыярытэты, звязаныя з эканомікай і дабрабытам, не павінны здзіўляць. Верагодна, такую сітуацыю можна назіраць у многіх іншых краінах. Суверэнітэт і незалежнасць могуць не лічыцца важнай палітычнай тэмаю, бо для іх не існуе выразных унутраных і знешніх пагроз. У беларускім выпадку гэта зусім не так.

На пытанне, ці існуе пагроза для захавання суверэнітэту і незалежнасці з боку іншых дзяржаў, «так» ці «хутчэй так» адказала больш за палову рэспандэнтаў — 50,8%. Пры гэтым значна больш удзельнікаў апытання адчуваюць пагрозу «эканамічным інтарэсам» («так» ці «хутчэй так» — 65%) і пагрозу ад «пашырэння міжнароднай злачыннасці, гандлю наркотыкамі і іншых неваенных пагроз бяспецы» (58,8%). Пры гэтым знешнюю пагрозу захаванню нацыянальнай ідэнтычнасці і культуры бачаць 30,9% рэспандэнтаў.

Торг дарэчы

Але, напэўна, не ўсё так кепска з разуменнем каштоўнасці суверэнітэту. У адказ на пытанне «Ці апраўдана ахвяраваць часткаю суверэнітэту ўзамен на кароткатэрміновыя выгоды?» цвёрдае «не» выказала 50,5% рэспандэнтаў, а «хутчэй не» яшчэ 22,4%. Гэта значыць, пераканаўчая большасць (72,6%) адназначна не падтрымлівае такі варыянт. «Так» ці «хутчэй так» адказала толькі 18,9%.

А вось у сітуацыі доўгатэрміновых эканамічных выгод сітуацыя выглядае значна больш складана, і рэспандэнты падзяліліся на дзве прыблізна аднолькавыя групы. Адназначна сказалі «не» 26%, яшчэ 16,2% адказалі «хутчэй не» — разам 42,2%. Цвёрдае «так» такому сцэнарыю выказала 14,6% і яшчэ 30,6% «хутчэй так». Агулам маем — 45,2%. 

Расія

Ну і на завяршэнне пра беларуска-расійскія адносіны. На пытанне «Што Беларусь павінна рабіць, калі яе інтарэсы супярэчаць інтарэсам Расіі?» адказы былі наступнымі: «Адстойваць выключна ўласныя інтарэсы» адказала 27,9%. Большасць больш асцярожная і схільная «шукаць кампраміс па другасных пытаннях, але адстойваць выключна свае інтарэсы па ўсіх ключавых пытаннях» — 51,6%.

«Шукаць кампраміс, ахвяруючы часткаю інтарэсаў па другасных і ключавых пытаннях» пагадзілася толькі 10,4%, а цалкам улічваць інтарэсы Расіі — менш за 2% (1,9%). Такім чынам, беларусы збольшага гатовы да супярэчнасцяў у адносінах з усходнім суседам.

Высновы

Вынікі апытання дэманструюць важнасць і каштоўнасць нацыянальнага суверэнітэту для абсалютнай большасці беларускага грамадства, але адначасова яны выклікаюць і значныя перасцярогі, асабліва ўлічваючы верагодныя знешнія выклікі. Прынамсі беларускае грамадства цяжка назваць кансалідаваным па пытанні дзяржаўнасці.

Атрыманыя дадзеныя, натуральна, вельмі прыблізныя і патрабуюць больш глыбокага даследавання і тым не менш дазваляюць зрабіць некаторыя істотныя высновы.

Прыблізна для 25—28% беларускага насельніцтва суверэнітэт і нацыянальная незалежнасць з’яўляюцца безумоўнай (не абумоўленай іншымі акалічнасцямі) каштоўнасцю. Гэта можна бачыць па адказе на пытанне пра магчымае зніжэнне ўзроўню жыцця, доўгатэрміновыя эканамічныя выгоды і адносіны з Расіяй. Такія лічбы збольшага супадаюць і з вынікамі іншых падобных даследаванняў. Гэта, так бы мовіць, аплот беларускай дзяржаўнасці.

Гэта асабліва паказальна ў сітуацыі, калі да паловы рэспандэнтаў бачаць знешнія пагрозы беларускаму суверэнітэту.

Людзей, якія не бачаць у суверэнітэце асаблівай каштоўнасці, значна менш — прыблізна 12—19%, што можна бачыць па адказах на пытанне пра кароткатэрміновы эканамічны эфект і стратэгіі на перамовах з Расіяй. Пры гэтым заўважым, што нават у гэтай сітуацыі размова ідзе пра страту толькі часткі суверэнітэту, а не дзяржаўнасці ўвогуле.

Паміж гэтымі дзвюма групамі пралягае шырокая пераходная зона тых, для каго суверэнітэт мае заўважнае, але не безумоўнае значэнне. Праведзенае даследаванне не дазваляе дакладна структураваць гэтую групу, але ўмоўна яна таксама падзяляецца на дзве часткі. Да 20% гатовы ахвяраваць часткаю суверэнітэту, але толькі ў выключных выпадках, напрыклад, звязаных са значным зніжэннем узроўню жыцця (супастаўленне пытання пра ўзровень жыцця і доўгатэрміновыя выгоды). Да 30% гатовыя ахвяраваць часткаю суверэнітэту і меншай цаной, але ў любым выпадку толькі ў выніку доўгатэрміновых эканамічных выгод (параўнанне пытання пра доўгатэрміновыя і кароткатэрміновыя выгоды). 

Таксама варта зазначыць, што гэта даследаванне ставіла за мэту вызначыць агульнае стаўленне да ідэі нацыянальнага суверэнітэту і незалежнасці. Па-першае, яно не дазваляе зразумець, што канкрэтна людзі маюць на ўвазе пад суверэнітэтам. Па-другое, яно не дэталізавала, на карысць якой дзяржавы ці недзяржаўнага аб’яднання суверэнітэт можа быць перададзены. Гэта значыць, сярод «абыякавых» да суверэнітэту могуць быць як прыхільнікі шчыльнай інтэграцыі з Расіяй, так і Еўрапейскім саюзам.

Гэта толькі вельмі паверхневы зрэз грамадскай думкі, і праблема патрабуе далейшага даследчага паглыблення. Разам з тым, з перспектывы трыццаці год існавання незалежнай дзяржавы вынікі нельга прызнаць цалкам аптымістычнымі. Па пытанні каштоўнасці суверэнітэту і незалежнасці грамадства застаецца падзеленым, часам нават на дзве практычна роўныя часткі.

Гэта ёсць палітычнай праблемай для краіны, праблемай устойлівасці беларускай дзяржавы і наяўнасці падмурку для нацыянальнай кансалідацыі.

Бягучы палітычныя крызіс, супрацьстаянне дзейнай улады і альтэрнатыўных палітычных сіл выключаюць пытанні дзяржаўнасці і нацыянальнай кансалідацыі з поля сваёй увагі, як і візію развіцця краіны ў прынцыпе. Але да гэтых праблем давядзецца вярнуцца незалежна ад таго, які будзе вынік прэзідэнцкай кампаніі.

У першым паўгоддзі 2020 года грамадства перажыло якасны зрух, і вяртанне да мінулых палітычных правіл і сацыяльных кантрактаў падаецца немагчымым. Захаваўшыся, дзейная ўлада ўсё адно будзе вымушана шукаць новы баланс — з іншай кааліцыяй сацыяльных груп, інтарэсаў і ідэй. Калі раптам уявіць перамогу альтэрнатыўных сіл, то паўстане яшчэ большая праблема аб’яднання фрагментаванага і нават атамізаванага грамадства. 

Так ці інакш гэта ставіць праблему нацыянальнай кансалідацыі і пошуку новага грамадскага кансэнсусу, дзе ідэі нацыянальнага суверэнітэту натуральным чынам можа выпасці цэнтральная роля.

[1] .

Андрэй Казакевіч у супрацоўніцтве з Андрэм Вардамацкім

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930