Знайсці
23.07.2020 / 12:0593РусŁacБел

«Вось вам і адказ, чаму найбольш папулярныя кандыдаты нават не ўздымаюць моўнае пытанне»

Піша Віктар Малышчыц.

У горадзе Заслаўе сёлета ў першы клас пойдзе, па маіх падліках, не меней за 300 дзетак. І як вы думаеце, колькі бацькоў напісалі заявы на навучанне па-беларуску? 97 працэнтаў? Не, нават не 3%. Толькі дзве заявы, гэта 0,7%. Гэта вам адразу і адказ, чаму нашы найбольш папулярныя кандыдаты ў прэзідэнты нават не ўздымаюць моўнае пытанне. Марнаваць час дзеля 0,7%?

Можна траціць кучу сіл, прыводзячы вынікі перапісаў, але і мае асабістыя назіранні, і вось гэтая вось статыстыка з заявамі бацькоў паказвае, што нас рэальна меней аднаго працэнта. Можа пакуль і больш, але дзеці падрастуць, і будзе 0,7%.

Мая стужка фэйсбука стракаціць беларускай мовай, але гэта ўсё асаблівасці алгарытмаў і мой выбар віртуальных сяброў. А таксама яшчэ адзін незразумелы для мяне момант, калі многія бацькі, якія і на публіцы, і ў віртуальнай прасторы беларускамоўныя, у сям'і гавораць па-руску і аддаюць сваіх дзяцей таксама вучыцца па-руску. Бо «мы не хочам абмяжоўваць іх магчымасці», «мы хочам, каб яму/ёй было прасцей», «трэба вучыць англійскую, а беларуская можа быць і ў сэрцы».

Чытайце таксама: «І вы ўсё яшчэ лічыце беларусаў баязліўцамі?»

Хто яшчэ не знаёмы — знаёмцеся: гэта Адэлька, ёй 6 год і яна збіраецца ў першы клас Заслаўскай гімназіі.

Адэля Малышчыц хоча вучыцца па-беларуску і не ўяўляе сабе іншага

Пакуль мы едзем у Заслаўе на машыне, яна скача ад радасці, калі бачыць беларускамоўныя бігборды і калі чуе па радыё «Сталіца» беларускія песні. Гэта яна пісала «Кнішку пра зоркі» і галасавала за «Рыку Бабу» ў маёй стужцы. І, хутчэй за ўсё, яна пойдзе ў рускамоўны клас. Бо з 16-тысячнага горада, акрамя нас, па-беларуску вучыць першакласніка хоча толькі адна сям'я.

Дырэктар гімназіі Аляксандр Аляксандравіч — вельмі прыемны чалавек, беларускамоўны, абсалютна «наш». Але ён цяжка ўздыхае і кажа, што апошні раз адчыняў беларускія класы ў Заслаўі болей як 10 год таму. І калі б хоць з дзясятак жадаючых набраўся, узяўся б ізноў зрабіць такі клас. Калі раптам у вас нехта збіраецца ў першы клас у Заслаўі ці побач з гэтым горадам, памятайце — вы можаце напісаць заяву ў гімназію на навучанне па-беларуску. Нават калі вы не знаходзіцеся ў спісе вуліц, прыпісаных да гімназіі — усё адно можаце падаць заяву, у крайнім выпадку па месцы рэгістрацыі вас заўсёды возьмуць. Калі заяву вы ўжо падалі — ніхто не перашкаджае перапісаць яе і ўказаць беларускую мову навучання. Хто ведае — можа мы зможам паказаць, што мы таксама існуём?

А гэта тая самая «Кнішка пра зоркі»

Банальна тут пісаць словы Францішка Багушэвіча, але так — не будзе нашай мовы, не будзе і нашай нацыі. Не пакідайце ж яе, каб не ўмёрлі. Не пазбаўляйце сваіх дзетак шчасця быць беларусамі.

Віктар Малышчыц, facebook.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера