Знайсці
21.07.2020 / 20:5119РусŁacБел

«І вы ўсё яшчэ лічыце беларусаў баязліўцамі?» 

Блогер zvy4ainy параўнаў рух за правы і свабоды ў Беларусі з аналагічнымі ў іншых краінах. Высновы вас уразяць.

Фота Надзеі Бужан.

Нядаўна Святлана Ціханоўская вельмі эмацыйна выказалася пра беларусаў. Прывяду цытату для тых, хто не бачыў або прызабыў: «Калі так лёгка можна напалохаць людзей, тады навошта гэта ўсё?

Навошта было даваць надзею Ціханоўскаму і потым настолькі рэзка ад усяго адмовіцца? Людзі што, перамен баяцца? Усе хочуць і ўсе баяцца? Дык што, адзін Ціханоўскі павінен быў гэта рабіць? Дык ён зараз сядзіць. Што, з краінай — усё?» Акрамя таго, яна сказала, што не адчувае велізарнай падтрымкі.

Святлана Ціханоўская: Усе хочуць перамен і ўсе баяцца. Адзін Сяргей павінен быў гэта рабіць?

Чакана пад артыкулам з'явілася цэлая куча каментароў пра тое, што беларусы — гэта вельмі баязлівыя людзі, з рабскім менталітэтам, вартым дыктатуры, і наогул, жывуць яны па заслугах. Але ці так гэта?

Каб нам разабрацца ў гэтым пытанні, неабходна знайсці рэлевантнае параўнанне, краіну з прыкладна такім жа палітычным рэжымам, палітычнай культурай і каштоўнасцямі.

Часцяком, калі размова ідзе пра змену ўлады праз мірныя рэвалюцыі, вельмі шмат увагі надаецца альбо аксамітным рэвалюцыям канца 80-х, якія мелі месца ва ўсёй Усходняй Еўропе, альбо рэвалюцыям ва Украіне і Грузіі. Але калі прыгледзецца больш пільна, гэтыя прыклады да сітуацыі ў Беларусі практычна непрыдатныя.

Аксамітныя рэвалюцыі канца 80-х не дарма адбыліся прыкладна ў адзін і той жа час. У найбольш блізкай да нас Польшчы змена рэжыму адбылася не столькі праз сілы прафсаюза «Салідарнасць», колькі праз сістэмны крызіс камуністычнай дыктатуры, якая складвалася як картачны домік. Нагадаю, усяго за 8 гадоў да змены рэжыму ў Польшчы, у 1981 годзе, буйныя пратэсты «Салідарнасці» былі жорстка разагнаныя, а ўсе лідары пратэсту пасаджаныя ў турмы.

Камуністычны рэжым пратрымаўся ва ўсёй Усходняй Еўропе больш за 40 гадоў. І ўсе гэтыя гады, рэжымы ў такіх краінах, як Чэхаславаччына, ГДР, Польшча паспяхова душылі там пратэст. Прычыны такой доўгай дыктатуры досыць празаічныя, паваліць кансалідаваны рэжым, які да таго ж мае знешнюю падтрымку ў выглядзе СССР, вельмі складана. Патрэбныя асаблівыя ўмовы для падзення падобных сістэм. І такія ўмовы склаліся да канца 80-х. Вам гэтая карціна нічога не нагадвае? Дык няўжо мы можам назваць немцаў, палякаў ці чэхаў баязліўцамі? Ці можам прыпісаць ім рабскі менталітэт?

Зрэшты, само паняцце «менталітэт» патрабуе асобнага артыкула. Калі коратка, гэтае слова не мае пад сабой ніякай навуковай асновы. Мы можам казаць пра культуру, якая існуе ў грамадстве. Яна зменлівая і адчувае моцны ўплыў дзяржаўных інстытутаў. Самы відавочны прыклад адсутнасці ў рэальным жыцці «менталітэту» — гэта падзеленыя народы, такія, напрыклад, як карэйцы, калі адна частка людзей жыве ва ўмовах самай жорсткай дыктатуры, а другая ў адной з самых развітых азіяцкіх дэмакратый.

Ок, а што там з Украінай і Грузіяй? Сітуацыя ў Беларусі моцна адрозніваецца ад іх тым, што ў Беларусі дыктатура мае кансалідаваны выгляд, чаго не было і блізка ў гэтых краінах.

Януковіч не меў той улады, што мае Лукашэнка. У парламенце там была сапраўдная апазіцыя з разгалінаванай партыйнай сеткай, разнастайныя незалежныя СМІ, і што самае галоўнае — вялікая колькасць незалежнай алігархіі, кожны клан якой меў свае інтарэсы, велізарны ўплыў і рэсурсы. Яшчэ адзін важны фактар: Януковічу не ўдалося згуртаваць вакол сябе сілавікоў. Але перанясі кропля ў кроплю паўтораны Майдан у Беларусь таго ж перыяду, кансалідаваны рэжым Лукашэнкі яго б проста раздушыў.

Справа не ў нейкай грандыёзнай адважнасці ўкраінцаў або баязлівасці беларусаў. Справа ў абсалютна розных сістэмах, што склаліся ў нашых краінах.

Дык з кім сябе параўноўваць будзем? Калі казаць пра найбліжэйшых суседзяў, у якіх ёсць такі ж добра кансалідаваны і персаналістычны рэжым, гэта, безумоўна, Расія. Многія глядзяць на Расію і ўздыхаюць: «Ну паглядзіце, там у іх хоць бы Навальны ёсць, а ў нас што?» Але на самай справе так здаецца толькі праз тое, што Расія па насельніцтве ў 15 разоў большая за Беларусь. Мы бачым мільёны праглядаў Навальнага — і гэта здаецца чымсьці звышвялікім. Да прыкладу, калі лічыць прапарцыйна, то 434.000 подпісаў за Бабрыку, гэта як 6.765.735 подпісаў за альтэрнатыўнага кандыдата ў Расіі. Практычна немагчыма сабе такое ўявіць, так? Ды за Пуціна на выбарах 2018 сабралі 1.600.000 подпісаў! 426.000 падпісчыкаў Нехты ў YouTube гэта 6.641.021 падпісчык Навальнага. Пакуль у Аляксея толькі 3.820.000, практычна ўдвая менш. Плошча-2010, нават калі браць досыць нейтральную лічбу ў 30.000 пратэстоўцаў, гэта амаль паўмільёна пратэстоўцаў на вуліцах Расіі. 100.000 даляраў, сабраных на дапамогу палітзняволеным у Беларусі, гэта 1 500 000 даляраў такой дапамогі ў Расіі. І гэта пры тым, што ў Расіі іншадумства душыцца параўнальна мякчэй, чым у нас.

І вы ўсё яшчэ лічыце беларусаў баязліўцамі? Ва ўмовах жорсткай дыктатуры беларусам удавалася ладзіць сапраўды масавыя пратэсты, у нас вельмі папулярныя апазіцыйныя блогеры, у нас няма ні аднаго дзяржаўнага СМІ, які б меў вялікі ўплыў на інфармацыйны парадак дня, інтэрнэт-тэрыторыя дык і зусім прайграна імі ўшчэнт. У нас з'явіліся сапраўды вельмі папулярныя альтэрнатыўныя кандыдаты. Наша грамадства ўмее быць салідарным. І нас сапраўды шмат.

Думаць, што беларусы баязлівыя, а вы адзін ДʼАртаньян у белым плашчы — гуляць на руку ўладзе, якой толькі і трэба стварыць адчуванне, што ўсе вакол баязліўцы, дурні і нічога не разумеюць у тым, што адбываецца. Што ніхто вас не падтрымае, што вакол адна чэрнь… Такія ўяўленні характэрныя для дыктатур. Такім рэжымам выгадна, калі людзі не давяраюць нікому, асабліва адзін аднаму. Такія рэжымы жывуць за кошт пераканання, што чалавек чалавеку воўк.

Шлях да вызвалення — навучыцца давяраць тым, хто вакол нас. Вы не адны, памятайце пра гэта.

Антось Звычайны

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930