Знайсці
20.07.2020 / 18:318РусŁacБел

«Будучы музей на Акрэсціна я бачу такім»

Піша Людміла Мірзаянава.

У Музеі гісторыі ГУЛАГа ў Маскве першае, што мне кінулася ў вочы, было ўказанне начальніка ГУЛАГа НКВД В. Г. Наседкіна аб правілах афармлення дыягназаў зняволеных, якія памерлі ад знясілення (23.05.1941).

Як вынікае з дакумента, санаддзелы лагераў у даведках аб прычынах смерці зняволеных часта ставілі дыягназ «знясіленне». Такія даведкі траплялі ў суды, якія вынеслі прысуды, і да сваякоў памерлых, выклікаючы ў людзей абурэнне. Каб папярэдзіць непатрэбныя хваляванні, быў выдадзены загад: пры фіксацыі смерці ад знясілення ставіць не толькі асноўны дыягназ, але і спадарожны (параліч сэрца, сухоты), а пры выдачы даведак у арганізацыі і ў паведамленнях — толькі спадарожны, не паказваючы асноўны дыягназ наогул.

Загад чэкістаў нагадаў мне сітуацыю з каранавірусам, калі ў заключэннях пра смерць паказваюць не асноўнае захворванне — Covid-19, ад якога чалавек памёр, а спадарожнае.

Дык дзе ж вытокі гэтай хлусні? У дзяцінстве? Хіба справа толькі ў яго страху адказнасці? Не. Падобная хлусня нараджалася ў часы Вялікага тэрору ў нетрах НКВД. Кіраўніцтву краіны так выгадна.

Колькі беларусаў пераступіла парогі сталінскіх лагераў! А колькі беларусаў толькі за апошнія два месяцы 2020 года пераступіла парогі Валадаркі, Акрэсціна, амерыканкі! За многімі з іх надоўга зачыніліся дзверы следчых ізалятараў. Прыйдзе час, мы здымем іх з завес і выставім у першай зале Музея гісторыі таталітарызму і дыктатуры.

Такі Музей патрэбны. Дзе галасамі народных артыстаў будуць гучаць успаміны пра беларусаў, адпраўленых у сталінскія лагеры, расстраляных у Курапатах, зніклых у гады кіравання Лукашэнкі; апавяданні пра рэпрэсіі, перажытыя за кратамі кандыдатамі ў прэзідэнты, журналістамі, блогерамі, актывістамі.

Адна з залаў павінна быць прысвечаная ідэалогіі рэпрэсій, прадэманструем прававую базу гэтых рэпрэсіяў, яе расплывістую тэрміналогію. У гэтай зале будзе гучаць бадзёрая музыка, на экране будуць дэманстравацца кадры парадаў і святочных салютаў, разгон намётавага мястэчка ў 2006 і плошчы ў 2010… У падсветленых лямпамі вітрынах будуць ляжаць альбомы з фотаздымкамі палітычных вязняў, іх лісты, асабістыя рэчы…

Побач, у зале судовых працэсаў, будуць прадстаўлены матэрыялы асвятлення судоў, праз якія праходзілі кандыдаты ў прэзідэнты і актывісты ў 2001, 2006, 2010, 2020 гадах.

У шкляных стэлажах выставачнай залы Музея размесцяцца матэрыялы выставачных праектаў: дакументы і справаздачы праваабарончых арганізацый, турэмныя кнігі (эсэ, успаміны, дзённікі); дакументальныя фільмы пра ахвяраў рэжымаў; матэрыялы пра гісторыю праваабарончай журналістыкі ў Беларусі; карціны мастака Алеся Марачкіна; «турэмная» творчасць маладых актывістаў…

Экспанаты выстаў узрушаць наведвальнікаў чалавечым болем, як ўзрушылі мяне карціны на выставе «Лагерныя эцюды» з калекцыі Музея гісторыі Гулага пра лагернае жыццё. На карцінах «тыповыя абставіны»: арышт, допыт, турма, этап, жыццё ў лагерных бараках, а галоўны іх герой-мастак — Расціслаў Гарэлаў, затрыманы ў 1933 годзе нібыта за ўдзел у контррэвалюцыйнай фашысцка-тэрарыстычнай групе і сасланы ў лагеры. Карціны палохаюць праўдай: глядзіш і бачыш, як НКВДэшныя сцэнарысты проста на тваіх вачах клеплюць справу…

У памяці ўсплываюць справа аб масавых беспарадках 2010 года, справа «Белага легіёна», масавыя правакацыі, накіраваныя супраць блогера Сяргея Ціханоўскага і яго паплечнікаў у ходзе цяперашняй выбарчай кампаніі.

Аўтарка артыкула ў Музеі гісторыі ГУЛАГа.

Страшнае мінулае не павінна паўтарацца.

На выхадзе з Музея гісторыі беларускага ГУЛАГу ў Мінску мы створым стэнд з пытаннем, міма якога не пройдзеш: «што трэба зрабіць сёння, каб мінулае не паўтарылася заўтра?».

Людміла Мірзаянава

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера