Знайсці
15.07.2020 / 09:3811РусŁacБел

Прыхільнікі Бабарыкі вымушаныя начамі стаяць пад СІЗА КДБ, каб да яго трапіў адвакат РЭПАРТАЖ

Члены ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі вымушаныя гадзінамі стаяць пад дзвярыма Камітэта дзяржбяспекі. Вахта пачынаецца з сярэдзіны ночы (а часам і раней) і працягваецца да 9-й раніцы. Часам пад дзвярыма стаяць не толькі «бабарыкаўцы», а і сваякі іншых вязняў.

Чаму так адбываецца? Таму што ў КДБ пускаюць толькі ў адно памяшканне для сустрэчы адваката з яго кліентам. Трапіць туды можна па жывой чарзе. Прычым сустрэча з адвакатам працягваецца столькі, колькі трэба, часам нават гадзінамі. Адпаведна, калі не быць першым ці адным з першых, адвакат можа і не дачакацца сустрэчы — час для візітаў абмежаваны працоўнымі гадзінамі КДБ.

Вось таму жанчыны з ініцыятыўнай групы Бабарыкі і дзяжураць начамі, каб адвакаты дакладна змаглі наведаць самога Віктара і яго сына Эдуарда. Такое дзяжурства арганізавалася і ў ноч з 14 на 15 ліпеня, пасля таго як Віктару Бабарыку адмовілі ў магчымасці стаць кандыдатам у прэзідэнты.

Людзі дамаўляюцца аб пачатку, пасля змяняюцца кожныя дзве гадзіны. Каля КДБ нельга прыпаркаваць машыну, таму прыходзіцца ўвесь час стаяць на нагах ці хадзіць туды-сюды пад будынкам.

«Наша Ніва» пагаварыла з жанчынамі, якія не пашкадавалі ўласнага часу і сіл і прыйшлі на начное дзяжурства.

Ірына. 03:00 — 05:00

«Я звольнілася з працы і цяпер вось займаюся палітыкай!», — жартуе Ірына.

Яна дзяжурыць першай. У гэтую ноч вырашылі пачаць «вахту» а 3-й гадзіны ночы.

«Яшчэ раней, да кандыдацтва Бабарыкі, я чытала пра яго артыкулы і думала: «Вось ёсць жа нармальныя людзі!» Ён неардынарны чалавек, мог жа жыць спакойным жыццём багатага чалавека, ездзіць па свеце, а не займацца вяртаннем мастацтва ў Беларусь, — расказвае Ірына. —

А я раней ніколі не хадзіла на выбары, не ведала пра Плошчы, нічым не цікавілася. Але сёлета ў красавіку чамусьці вырашыла, што ў гэты раз на выбары пайду. Распавяла пра гэта сястры, тая кажа: «І што, думаеш нешта зменіцца?» Я адказала: «Я пайду і хоць буду ведаць, што зрабіла, што магла!»

А тут раптам Бабарыка аб’явіў, што будзе кандыдатам. І калі ты ведаеш, што чалавек адэкватны… Я адразу запоўніла форму, каб стаць членам яго ініцыятыўнай групы».

Ірына збірала подпісы за вылучэнне Бабарыкі. Пасля таго як яго не зарэгістравалі кандыдатам, шоку не было, кажа жанчына.

«Што кажуць у штабе, я не ведаю, бо штаб такі ж рамантычны, як і сам Віктар Дзмітрыевіч, — пасміхаецца Ірына. — Але ж зразумела было, што калі яго зарэгіструюць — гэта будзе цуд».

Жанчына кажа: адмова ў кандыдацтве і ўсё, што паказваюць па тэлебачанні, толькі даказваюць, што на Бабарыку няма нічога сур’ёзнага, нічога такога, што б хутка і адназначна паказала б яго вінаватасць і «злачынную натуру».

Таму столькі людзей цяпер і выходзіць на вуліцы паказаць сваю незадаволенасць паводзінамі ўлады.

«Я таксама выходзіла ўчора прагуляцца. Але калі ля цырка пад’ехаў аўтазак і сілавікі пабеглі побач са мной, я падумала, што трэба вяртацца дадому, бо ноччу ж дзяжурыць! — кажа Ірына. — Я дзяжуру тут трэці раз. Выклікалася сама.

Спаць сёння не клалася, я сава, высплюся ўжо пасля.

Звычайна тут шмат народу не стаіць. Я неяк стаяла з жанчынай, якая займала чаргу для адваката яе мужа. І яна сказала, што калі тут шмат людзей, то няма сэнсу і займаць. Сама яна не займае чаргу, нават калі бачыць толькі двух чалавек пад дзвярыма — маўляў, нават калі быць трэцім, то адвакат ужо можа не паспець трапіць на сустрэчу».

Вольга. 05:00 — 07:00

А 5-й раніцы Ірыну змяняе іншая жанчына.

«Я тут другі раз. У мінулы раз — пазаўчора — таксама дзяжурыла дзве гадзіны. Тады мы стаялі аж з 17-й гадзіны вечара, каб гарантаваць, што адвакат трапіць да Бабарыкі», — кажа Вольга.

Я паспала гэтай ноччу тры гадзіны. Не скажу, што стаяць вельмі цяжка. Я падрыхтавалася, цёпла апранулася. Гэта моц маленькіх крокаў, кожны мусіць зрабіць хоць што-небудзь, я так лічу».

У Вольгі двое дзяцей, 12 і 17 гадоў. Ні дзеці, ні муж яе ад начных дзяжурстваў не адгаворваюць.

«Дзеці кажуць: дзякуй, мама! Муж таксама падтрымлівае. Ён кармілец, не можа рызыкаваць. Я магу сабе дазволіць такую раскошу, — жартуе яна. А пасля адказвае сур’ёзна: — У мяне адно жыццё, я не буду яго губляць на страх. Нікому не дазволена запалохваць людзей».

Вольга кажа, што міліцыя ці работнікі КДБ ніяк не рэагуюць на дзяжурствы. Дакладней, амаль ніяк.

«У мінулы раз жанчына, якая дзяжурыла перада мной, сядзела тут ля дрэва на паўздутым мячыку. Калі яна сышла, я села на той мячык, сяджу, кніжку чытаю. Тут выйшаў з КДБ вялікі зялёны чалавечак і сказаў вельмі ветліва: «Устаньце, калі ласка». Маўляў, не трэба сядзець, чакайце стоячы».

Вольга не першы раз праяўляе палітычную актыўнасць.

«У 2006 годзе я была назіральніцай. Тады балатаваўся Казулін, я галасавала за яго: хацела жыць не ў вялікім калгасе, а ў вялікім універсітэце, — горка жартуе жанчына. — І я ўжо тады бачыла на ўласныя вочы, як фальсіфікуюць выбары. А 8-й вечара старшыня камісіі паставіў перад назіральнікамі ўзброенага міліцыянта, правёў рысу на падлозе і загадаў яму нікога не запускаць за рысу.

Пасля былі намёты на Плошчы. Я тады брала трохгадовага сына, мы куплялі шарыкі і хадзілі гуляць каля Плошчы. Проста так туды было не трапіць, вакол стаяла міліцыя, аўтазакі. Але з малым мяне не чапалі. І я перадавала коўдры, падушкі ў намёты…

У 2006 годзе Казулін таксама казаў, што не баіцца, але яго зламалі. Тым больш ён застаўся фактычна адзін. Таму цяпер я і стаю тут. Трэба, каб Бабарыка сёння ведаў, што ён не адзін, ведаў, што ўсе яго дзеянні — не дарма. Наша задача — падтрымаць яго».

Сёлета Вольга абавязкова пойдзе на выбары, як і прапануе штаб Бабарыкі. Але галасаваць будзе супраць усіх.

«Я не чакала, што Бабарыку зарэгіструюць, але спадзявалася, што, можа, усё ж пасінелыя пальцы адпусцяць крэсла, што адбудзецца цывілізаваная перадача ўлады, — кажа Вольга. — Але…»

Алена. 07:00 — 09:00

Апошняя змена ў Алены. «Я простая беларуская цётка», — кажа яна пра сябе.

Алена — мінчанка ў трэцім пакаленні. Яна расказвае, што ў 1994 галасавала за Шушкевіча, на ўсіх наступных выбарах ставіла птушачку супраць усіх.

«90-я былі выдатным часам. Не слухайце пра нейкі там голад. Паветра было іншае. Цяпер трошкі падобны час, але больш асцярожны. А тады жыць было цікава і адчуваліся магчымасці — прыйшлі новыя кнігі, фільмы.

Так, часам было няпроста. Але ж жылі, радаваліся», — згадвае Алена.

За гэты час, кажа жанчына, у яе назбіралася шмат прэтэнзій да Лукашэнкі, пачынаючы ад законаў і сканчваючы культурай. Галоўная прэтэнзія — што за чвэрць стагоддзя ён так і не вырасціў інтэлектуальную эліту ў Беларусі.

«Я большую частку жыцця прапрацавала ў культуры, у музеях. Была экскурсаводам, пасля загадвала аддзелам. Працавала і ў Нацыянальным музеі. Мяне заўсёды раздражняла ідэалагізанавасць у гэтай працы.

Пасля працавала ў сацыяльнай сферы. Там правілы як у войску: трэба забяспечваць яўку супрацоўнікаў на парад, напрыклад, ці на службу ў храм. Не можаш — ідзі сам. Ну што гэта за лухта? І такое ў нас паўсюль, — расказвае Алена. —

Пасля я паспела пагасцяваць у Францыі, папрацаваць у Польшчы. У Польшчы была ўпакоўшчыцай на заводзе — паехала зарабіць грошы, каб вывучыцца на фларыста.

Сёння я нарэшце фларыстка. Ніякіх ідыёцкіх паперак, начальнікаў, партрэтаў у кабінеце… Я займаюся тым, што мне падабаецца.

Што тычыцца Бабарыкі, то так атрымалася, што я сачыла і за ім, і за банкам. У мяне калісьці былі 100 даляраў, і я паклала іх у Белгазпрамбанк. Адпаведна пасля любыя навіны пра банк і яго кіраўніка аўтаматычна чытала. І тое, што казаў Віктар Дзмітрыевіч, мне вельмі падабалася. Ды і дастаткова паглядзець на яго сям’ю і на паспяховае прадпрыемства, якое ён стварыў, і зрабіць высновы.

І калі ён вырашыў стаць кандыдатам, у мяне не было сумневаў, што трэба ісці ў ініцыятыўную групу.

Я была ў штабе, бачыла, якая класная ў яго каманда. Проста ахрэнець! Ён выдатны менеджар. Я бачу, як дакладна працуюць людзі, і веру, што ён зможа пабудаваць штосьці».

Алена таксама збірала подпісы за Бабарыку: у Мінску, Наваполацку і Салігорску. Кажа, здала каля 200 подпісаў.

«Прычым мы іх вельмі акуратна збіралі, правяралі кожную кропку. І вельмі крыўдным было пасля стаўленне, [калі вельмі шмат не зарэгістравалі]», — кажа жанчына.

Сёння Алена другі раз дзяжурыць пад дзвярыма КДБ.

«У мінулы раз стаяла з 23-й да 1-й гадзіны ночы, — кажа Алена. — Папрасілася сама.

Я — дарослы чалавек. Чаго мне баяцца? Сына вырасціла. Маёмасці ў мяне няма, нават кватэры. Што мне губляць?

Ды і штосьці ж трэба рабіць. Можа і не варта выходзіць на вуліцы, каб не карміць штрафамі сілавікоў і зберагчы сілы і людзей. Я буду слухаць, што скажа штаб, у іх ёсць план, хоць яны і не раскрываюць пакуль карты. Ды і ўвогуле, можа быць, сёлетнія падзеі — пачатак палітычнай барацьбы ў Беларусі.

Але на выбары ісці трэба адназначна, трэба ісці ў назіральнікі, пісаць скаргі».

Чытайце таксама: Адвакаты Бабарыкі наведалі яго ў СІЗА КДБ

Улад Швядовіч, фота Надзеі Бужан

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера