Знайсці
14.07.2020 / 17:1112РусŁacБел

«Адразаюць па кавалку: спачатку Ціханоўскі, пасля Цапкала, цяпер Бабарыка»

Нерэгістрацыя Віктара Бабарыкі працягвае тую тактыку, якую Аляксандр Лукашэнка прыняў яшчэ да абвяшчэння выбараў: адразаць альтэрнатыву па кавалку. І не даваць апазіцыі вызначыць лідара.

Яшчэ да абвяшчэння выбараў быў арыштаваны Сяргей Ціханоўскі — на той момант самы смелы і актыўны праціўнік Аляксандра Лукашэнкі.

А яшчэ раней, калі ўспомніць, была сарваная спроба некалькіх апазіцыйных партый абраць адзінага кандыдата ад апазіцыі. Ганна Канапацкая і Андрэй Дзмітрыеў, якія стануць кандыдатамі-спойлерамі, мелі дачыненне да правалу той кампаніі.

Ціханоўскі не быў гатовы да арышту — ён не перадаў нікому даверанасці на рэгістрацыю сябе ў якасці кандыдата. У выніку замест яго дакументы падала ягоная жонка Святлана — яна любіць мужа і спачувае ягонай справе, але ад палітыкі была далёкая і, да таго ж, занятая малымі дзецьмі, якіх ёй няма на каго пакінуць.

Але ці варта вініць Ціханоўскага ў непрадбачлівасці? Нерэгістрацыя трох дзясяткаў паплечнікаў Мікалая Статкевіча Цэнтрвыбаркамам паказвае, што і Сяргея Ціханоўскага маглі проста не зарэгістраваць. Ціханоўскую ж зарэгістравалі, бо яе на той момант не баяліся.

У гэтай выбарчай гонцы няма ясных правіл, а ЦВК дзейнічае з адной мэтай — аслабіць любую альтэрнатыву Аляксандру Лукашэнку, адміністрацыя якога і прызначаная ім вертыкаль вызначае, каму засядаць у выбарчых камісіях.

Здавалася, усё схоплена, але тут як Піліп з канапель выскачылі два не апошнія ў краіне чалавекі — Віктар Бабарыка і Валерый Цапкала. Гэтыя людзі мелі і мінулае — са сваімі плюсамі і мінусамі, — але мелі і сувязі, і грошы. 

Некалькі дзён ці тыдняў людзі прыглядаліся да іх, іхных дзеянняў і камандаў.

Некалькі дзён — і статыстыка далучэння да ініцыятыўных груп, а пасля і да збору подпісаў, паказала, што прыхільнікі змен з таго выбару, які быў, схіляюцца да Бабарыкі. Але не настолькі, каб усе іншыя апазіцыйныя асяродкі і партыі падтрымалі наймайцнейшага. Большасць працягвала рэалізоўваць свае вузкагрупавыя стратэгіі.

У той жа час вызвалены Сяргей Ціханоўскі не засеў склаўшы рукі, а працягваў энергічна ездзіць па краіне і будзіць народ. Стала відавочна, што яго пікеты перарастаюць у выплескі народнага гневу, і ўжо 29 мая міжвольны кіраўнік выбарчага штаба ўласнай жонкі Ціханоўскі паў ахвярай правакацыі — краіна ашарашана назірала гэтую ганьбу ў жывым эфіры.

Быў арыштаваны не толькі Ціханоўскі, але і дзясятак яго паплечнікаў, здольных арганізаваць кампанію пратэсту.

Некалькі тысяч людзей выходзяць на вуліцы ў знак пратэсту — улады ў адказ арыштоўваюць Севярынца, Статкевіча, Кабанава, Пятрухіна і яшчэ дзясятак людзей, здольных весці людзей на вуліцах.

Бабарыка ў такой сітуацыі быў вымушаны радыкалізаваць сваю рыторыку, але не настолькі, каб імгненна заклікаць да масавых пратэстаў за вызваленне Ціханоўскага, Статкевіча ды іншых. Ён і яго прыхільнікі ўсё яшчэ спадзяваліся «хітра дажыць» да выбараў. Але гэта быў не 2001, не 2006 і не 2010 год. Гаварыць Бабарыку заставалася нядоўга. Яшчэ да канца збору подпісаў сілавікі арыштавалі і яго, і таксама дзясятак найбліжэйшых паплечнікаў і кампаньёнаў.

Бабарыка пакінуў відэа, дзе заклікаў да правядзення рэферэндуму аб вяртанні да Канстытуцыі-1994, але не пакінуў яснага плана, як дзейнічаць у час кампаніі на выпадак свайго арышту і нерэгістрацыі. 

Ціханоўскі да пасадкі прызнаваў, што не вызначыўся да канца, як людзям дзейнічаць 9 жніўня. Ён схіляўся да тактыкі байкоту і выхаду людзей на цэнтральныя плошчы гарадоў а 12-й гадзіне ў дзень выбараў, але застаўся за крок ад таго, каб да нечага заклікаць. 

На свабодзе заставаўся Валерый Цапкала, але і ён, здаецца, разлічваў, што ўлады не наважацца зрэзаць усіх альтэрнатыўных кандыдатаў і пакінуць ягоны шанец на пасля. Цапкала не заклікаў да масавых пратэстаў супраць арышту Ціханоўскага, Бабарыкі, Статкевіча і г. д. Пройдзе толькі два тыдні, і надыдзе чарга Цапкалы. Выбарчыя камісіі абвесцяць, што менавіта за Цапкалу (і Бабарыку) подпісы татальна недаставерныя. А для вернасці быў распаўсюджаны брудны ролік з Цапкалам у галоўнай ролі.

14 ліпеня Ярмошына абвесціла пра нерэгістрацыю Бабарыкі, але зарэгістравала Ціханоўскую. Тая прышла атрымаць пасведчанне, уся ў чорным, як удава, але не змагла нават разгорнута выступіць перад ЦВК — і ўжо тым больш не заклікала да масавых акцый за вызваленне свайго мужа, іншых палітвязняў і свабодныя выбары.

У сваю чаргу, абезгалоўлены штаб Віктара Бабарыкі абмежаваўся складаннем пальцаў у сардэчкі і заклікам да людзей прыходзіць 9 жніўня на выбары і галасаваць супраць Аляксандра Лукашэнкі, а таксама — усё гэта вельмі неканкрэтна — «выказвацца». 

Так улады спрабуюць адразаць пратэставыя колы, нібы салямі, па кавалку. 

Глядзіце таксама: Выйшаў фільм пра Віктара Бабарыку

Апытанка

Сяргей Гезгала

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930