Знайсці
07.07.2020 / 17:3615РусŁacБел

«Заклікаю ўсіх ісці ў апошні дзень». Берасцеец, які зняў укід бюлетэняў на мінулых выбарах, зноў стане назіральнікам

Берасцеец Юрый Вашчанчук стаў адным з герояў мінулых парламенцкіх выбараў. Ён зняў на відэа, як работніца дзіцячага садка спрабавала ўкінуць у скрыню стос бюлетэняў.

Пасля гэтага самога Юрыя пазбавілі акрэдытацыі назіральніка: гэтага запатрабавала непасрэдна Ярмошына. Гісторыя дайшла аж да Лукашэнкі, які нават абазваў назіральніка «мудаком».

Але сёлета Вашчанчук таксама бярэ актыўны ўдзел у выбарчай кампаніі. Ён спрабаваў трапіць у выбарчыя камісіі, а калі гэта не атрымалася, то вырашыў зноў ісці ў назіральнікі.

«Пасля гісторыі з парламенцкімі выбарамі ў мяне персанальна праблем ніякіх не было. Але хтосьці са спецслужбаў прыходзіў на працу да майго бацькі, — расказвае Вашчанчук. — Мае мама і тата — пенсіянеры, але працягваюць працу. Бацька, напрыклад, на той момант хоць быў на пенсіі, але працаваў інжынерам. І да яго завітаў нейкі спецслужбіст. Гэты «госць» вельмі далікатна і акуратна распытаў пра побытавыя пытанні кшталту «хто дапамагае грашыма вашаму сыну? Вы? А што будзе, калі вы перастанеце яму дапамагаць?», «а з кім вы жывяце? А з кім жыве ваш сын?» і гэтак далей. Уся размова заняла хвілін 5, казаў бацька.

Можа, гэта проста было для птушачкі, проста каб паказаць мне, што за мной прыглядваюць.

Пасля гэтага мама пачала хвалявацца, што могуць прыйсці і да яе на працу, але абышлося».

36-гадовы Юрый сёння працягвае спробы трапіць у ІТ: скончвае курсы ад кампаніі «Епам». Кажа, што «сытыя айцішнікі» таксама не задаволеныя сітуацыяй у краіне.

«Я ведаю шмат людзей з гэтай сферы і чую, што яны кажуць. Усе настроеныя так жа, як і сярэднестатыстычныя беларусы. Усе чакаюць чагосьці, нейкага цуда. Усе без выключэння разумеюць: трэба штосьці мяняць у краіне. Бо цяпер няма зваротнай сувязі з уладай — ёсць сацыяльны запыт на перамены, а ўлада нікога не чуе і нічога не робіць.

Ну і ніхто не верыць у сумленны падлік галасоў, — кажа Юрый. —

Як я бачу, у сферы ІТ ёсць тры асноўныя моманты, звязаныя з сённяшняй сітуацыяй у Беларусі.

Па-першае, увесь бізнэс арганізаваны так, што кіраўнікі часта знаходзяцца не ў Беларусі, каб да іх не прыйшлі «дзядзькі з чамаданчыкамі» і не папрасілі «чаго-небудзь для дзяржавы». Праз гэта вылазяць праблемы час ад часу, бо кіраўніцтва не знаходзіцца ў кантакце з калектывам і падначаленымі. Гэта банальна нязручна.

Другі момант: судовая сістэма. Усе бачаць, якія прысуды выносяцца і за што. Судовая сістэма абсалютна лаяльная дзеючай уладзе.

І трэцяе: айцішнікі, як і ўсе іншыя людзі, баяцца сілавікоў. Баяцца свавольства амапаўцаў, баяцца, што міліцыянт можа жорстка затрымаць цябе, збіць цябе, а пасля яго ніяк за гэта не пакараюць.

Сам я з гэтым усім ужо амаль змірыўся. Апошнія гадоў з 10 я цвяроза разумею, у якім грамадстве жыву. Але сёлетнія дзеянні ўлады для многіх людзей становяцца шокам. У айці-камандзе, з якой я працую зараз над праектам, ёсць начальнік з Масквы. Дык ён кажа: «Дурдом і ў нас адбываецца, але я гляджу на вас і дзіўлюся, як далёка могуць зайсці ўлады».

Вашчанчук ужо каля чатыры гады сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. На выбары ніхто ад іх не пайшоў, таму на сёлетніх выбарах Юрый уступіў у ініцыятыўную групу іншага «сацыял-дэмакрата» — Сяргея Чэрачаня. 

«Праграма Чэрачаня мне блізкая, таму я і падтрымаў яго.

Акрамя таго я пакінуў свой подпіс за Цапкалу, бо ён чалавек з айці-сектара. Бабарыка мне быў на той момант зусім незнаёмы. Сёння, вывучыўшы асобы кандыдатаў, я ўсё ж больш схіляюся да Бабарыкі: ён больш пасуе ў якасці прэзідэнта, чым Цапкала.

Але Бабарыку я не ведаю як чалавека. Ён унушае давер, канечне, увесь такі з выгляду пухленькі, добранькі… Уражанне пазітыўнае пакідае, але ж я кепска ведаю яго».

Таксама Юрый спадзяецца стаць назіральнікам і на сёлетніх прэзідэнцкіх выбарах. Спачатку спрабаваў трапіць у камісію па падліку галасоў, але як і большасць «не тых» прэтэндэнтаў, яго кандыдатуру адхілілі.

«За каго галасаваць буду пакуль не скажу — яшчэ ж не зарэгістравалі кандыдатаў. Але дакладна не прагаласую за дзеючага прэзідэнта, — кажа Вашчанчук. — І буду заклікаць сваіх блізкіх, каб яны не байкатавалі выбары, каб галасавалі, хаця б і супраць усіх. Прычым не датэрмінова, а ў асноўны дзень выбараў.

Кантроль за выбарамі цалкам у руках дзяржавы. Гэтыя камісіі, якія лічаць галасы, дазваляюць уладзе намаляваць у выніку любую лічбу. Але ж галасаванне пакажа, наколькі празрыстымі будуць выбар. Калі людзі прыйдуць і прагаласуюць, то такім чынам пакажуць колькасць тых, хто гатовы да перамен. І калі будзе шмат галасоў за нейкага кандыдата, то сфальсіфікаваць выбары будзе складаней».

Улад Швядовіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930