Знайсці
05.07.2020 / 18:094РусŁacБел

Па кнігах Марціновіча і Горвата здымуць кіно

Кнігі «Сфагнум» Віктара Марціновіча і «Радзіва Прудок» Андруся Горвата экранізуюць. Інфармацыю пра гэта змясцілі на сайце Нацыянальнага цэнтра маркетынгу і кан'юнктуры цэн.

Віктар Марціновіч. Фота: Дар'я Буракіна, tut.by

Экранізацыяй «Сфагнума» зоймецца ТАА «Кінакампанія «Дэмарш-фільм». Гэта будзе ігравы фільм на рускай мове, таксама выйдзе версія з англійскімі субтытрамі. Жанр — «моладзевая фантастычная/містычная трагікамедыя». Хронаметраж, згодна з дакументамі, складзе не менш за 90 хвілін, скончыць вытворчасць павінны на працягу пятнаццаці месяцаў ад даты падпісання дамовы.

— Рэжысёрам «Сфагнума» будзе Віктар Аслюк, чалец Еўрапейскай кінаакадэміі. Прадзюсар — Валерый Дмітрачэнка з кампаніі «Дэмарш-фільм», якая рабіла «Крышталь» Дар'і Жук, — паведаміў tut.by Антон Сідарэнка, кінакрытык і галоўны рэдактар Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» у 2017—2020 гг.

Раман Віктара Марціновіча «Сфагнум» выйшаў у 2013 годзе. Крытыкі характарызавалі яго як «гангстарскую камедыю». У месяц выхаду раман стаў лідарам продажаў у беларускай сетцы крамаў «Белкніга».

Здымкамі фільма «Радзіва Прудок» зоймецца ТАА «Першая Кінавідэакампанія». Стужка будзе на беларускай і рускай мовах, таксама плануецца версія з субтытрамі на англійскай. Жанр фільма — лірычная камедыя, хронаметраж — 100 хвілін, тэрмін вытворчасці фільма — на працягу адзінаццаці месяцаў ад даты падпісання дамовы.

— «Радзіва Прудок» будзе здымаць дэбютант Аляксей Раковіч і «Першая Кінавідэакампанія» прадзюсара Віктара Лабковіча, якая нядаўна атрымала заказ на фільм «Песняры», — паведаміў Антон Сідарэнка.

Гісторыя кнігі «Радзіва Прудок» такая: Андрусь Горват працаваў дворнікам у Купалаўскім тэатры. Летам 2015-га Горват звольніўся з тэатра і з'ехаў на сталае месца жыхарства ў вёску Прудок. Яго запісы ў фэйсбуку, якія расказвалі аб жыцці ў Прудку, сталі збіраць вялікую аўдыторыю. Паступова з іх склалася кніга. Яна выйшла ў канцы 2016 года і разам з казой Цёткай і іншымі героямі ўварвалася ў 2017-м у масавую культуру і пабіла рэкорды па хуткасці продажаў: за адзін дзень прэзентацыі дадрукаванага накладу разышлося 700 асобнікаў, а агульны тыраж склаў каля 3 тысяч. У 2018 годзе па кнізе паставілі спектакль у Купалаўскім тэатры.

Абодва фільмы здымуць часткова за сродкі з дзяржаўнага бюджэту. Кошт вытворчасці «Сфагнума» складае 1 600 000 рублёў (1 120 000 з іх — з бюджэту). Кошт «Радзіва Прудок» — 982 000 (630 098 з іх бюджэтныя). Астатнюю частку сумы кінакампаніі могуць прафінансаваць з уласных сродкаў або іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930