Знайсці
19.07.2020 / 11:21РусŁacБел

Аляксандр Ульянаў. Беларускі дыпламат, які адыграў змрочную ролю

Да яго звярталіся па грошы — і ён знаходзіў. Да яго прыходзілі, каб хутчэй атрымаць савецкую візу, — і ён садзейнічаў. Але дапамагаў супрацоўнік Народнага камісарыята замежных спраў (НКЗС) Аляксандр Ульянаў нацыянальным дзеячам не проста так. Пра здольнага дыпламата, які высока ўзляцеў, але балюча ўпаў, піша вядучы навуковы супрацоўнік Музея Янкі Купалы Павел Каралёў.

Аляксандр Ульянаў ведаў, хто яму трэба: нават на фота прыабдымае Янку Купалу. Фота з Музея імя Янкі Купалы.

Калектыўны фотаздымак VIII Усебеларускага з’езда саветаў, 1927 год. Позірк лёгка выхоплівае паўусмешлівага Янку Купалу. А далей спыняецца на яго суседзе злева, што дазваляе сабе нефармальны жэст — прыабняць мэтра за плячо. Міжволі складваецца ўражанне, што побач з Купалам знаходзіцца сябар або нехта, хто хоча ўвайсці ў давер. Ці так гэта? І хто гэта ўвогуле такі?

«Свой чалавек»

Аляксандр Ульянаў дасягнуў імклівага кар’ернага росту ў ведамствах БССР, якія займаліся справамі знешніх адносін. Спачатку ён наладжваў гандаль Беларусі з іншымі савецкімі рэспублікамі, а з 1925-га перайшоў на сапраўдную дыпламатычную службу. Першым ягоным месцам працы стала Латвія, а пасля Польшча. У гэты час прыярытэтным кірункам дзейнасці ЦК КП(б) Б было ўзмацненне прасавецкіх сілаў у беларускіх асяродках і аслабленне праціўнікаў савецкай улады. 

Ульянаў меў дыпламатычны такт і талент аператыўна прымаць рашэнні, валодаў майстэрствам зносін з людзьмі і ўмеў слухаць суразмоўцу. Вядомая беларуская дзяячка Паўліна Мядзёлка, якая працавала тады ў беларускай гімназіі ў Дзвінску (цяпер латвійскі Даўгаўпілс), прыгадвала, што пазнаёмілася з ім у Рызе ў паўпрэдстве СССР. Яе тады збіраліся выслаць з Латвіі, і Ульянаў даў ёй грошай на дарогу. Таксама ён дапамог Мядзёлцы хутка атрымаць савецкае грамадзянства і паспрыяў у атрыманні савецкай візы для яе маці з Заходняй Беларусі. 

Адно з самых гучных вяртанняў у БССР (а затым і арышт з высылкай) звязанае з іменем Францішка Аляхновіча. Да яго таксама прыклаў сваю руку наш герой, пра што драматург сам згадваў у аўтабіяграфічнай аповесці «У кіпцюрох ГПУ». Калі зайшла гаворка пра магчымасць пераезду Аляхновіча ў Савецкую Беларусь, ягоныя сябры з прасавецкай Беларускай сялянска-работніцкай грамады сказалі яму, што «ў паўпрэдстве ў Варшаве ёсць свой чалавек, беларус, «саветнiк» Ульянаў. Ён табе гэта наладзiць». І той сапраўды ўсё наладзіў як мае быць.

Інтэлігенцыя Мінска і Заходняй Беларусі лічыла Ульянава сваім, давярала яму, не баялася выказаць пры ім сваю думку. Калі за тым жа Аляхновічам у Менску адкрыта сачылі супрацоўнікі ГПУ, то ён кінуўся па падтрымку менавіта да Ульянава — той якраз быў у горадзе праездам. А чакаючы яго з цырульні, сярод візіцёраў Аляхновіч сустрэў там і паэта Уладзіміра Жылку, які таксама незадоўга да таго пераехаў у БССР з Чэхаславакіі.

«Неўзабаве з’явiўся чаканы дыпламат. Увайшоў з ручнiком, павязаным навакол шыi, з тварам, густа пасыпаным пудрай. Быў гэта малады яшчэ чалавек з выглядам сухотнiка, бландзін, з бародкай. «Каб не гэтая бародка, — думаў Попутчiк, — дык гэты белы напудраны твар меў бы шмат супольнага з маскай П’еро»», — гэтак апісваў Аляксандра Ульянава ў пазнейшай аповесці «У кіпцюрох ГПУ» Францішак Аляхновіч. Novychas.by.

Але дапамога Ульянава беларускім дзеячам тычылася толькі справы прыезду ў БССР, а далей яны пакідаліся на волю карных органаў. Хоць арыштаваны Францішак Аляхновіч наіўна думаў у камеры: «Ульянаў выручыць! Каб толькі яны даведаліся». Калі ж маці драматурга паведаміла, што дыпламат нічым яму дапамагаць і не збіраўся, Аляхновіч быў шакаваны. Далей у яго была дарога ў лагер на Салаўкі. Высылка ў халодныя краі, на верную смерць, чакала і хворага на сухоты Жылку.

Поспехі ў расколе і драбленні

Дыпламатычная служба Ульянава не абмяжоўвалася выманьваннем на савецкую радзіму нацыянальных дзеячаў. У 1931-м ужо былы аташэ ў адным са сваіх лістоў у партыйныя органы дакладваў:

«Па сваёй ранейшай працы за мяжой мне даводзілася сустракацца па даручэнні ЦК з бээнэраўскай і да т. п. публікай, і ў кола маёй сапраўднай працы і тут уваходзіла інфармаванне аб настроях усёй гэтай публікі, пра яе размовы і г. д., — на мяне легла задача інфармаваць ЦК пра настроі т. зв. «беларускай інтэлігенцыі»».

Тут Ульянаў занадта сціпла ацэньвае сваю працу ў Польшчы. Бо ягонай задачай было не толькі банальнае інфармаванне. Ён прыклаў вялікія намаганні і для забеспячэння самароспуску ўрада БНР: спачатку адсячэння ў ім антысавецкага крыла і ўмацавання левай часткі, а пасля і ўвогуле ліквідацыі.

Рашэнне аб самароспуску ўрада БНР, перадачы яго паўнамоцтваў ураду БССР і прызнанні Мінска адзіным беларускім культурным і палітычным цэнтрам было праведзена ў кастрычніку 1925 года на адмыслова скліканай ІІ Беларускай канферэнцыі ў Берліне. 

Тагачасны кіраўнік урада БНР Аляксандр Цвікевіч прыгадваў у сваіх паказаннях, дадзеных у 1930 годзе органам ГПУ пасля свайго арышту па справе «Саюза вызвалення Беларусі»:

«Больш рэальна гэтыя перамовы [аб роспуску БНР] пачаліся пасля прыезду ў Коўна летам 1925 года т. А. Ульянава… Тады ж было вырашана склікаць Берлінскую канферэнцыю для ліквідацыі БНР. На неабходнасці фармальнай, поўнай ліквідацыі ўрада БНР настойваў я, а таксама, наколькі памятаю, тав. Ульянаў».

Вынік быў атрыманы. І хоць Прэзідыум Рады БНР не прызнаў рашэння канферэнцыі, тым не менш у пастанове ЦК КП(б)Б адзначалася: «т. Ульянаў выканаў цалкам і поўнасцю дырэктыву Бюро ЦК КПБ(б) у справе правядзення канферэнцыі». На той час таленавітаму правакатару было ўсяго 24 гады.

Пратакол ЦК КПБ пра раскол Рады БНР і ролю Аляксандра Ульянава. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь.

Правакатарам назваў Купала

Дзейнасць Ульянава не абмяжоўвалася замежжам. Актыўна ён «працаваў» і ў самой БССР. Каб палегчыць яму задачу інфармаваць ЦК пра настроі сярод беларускіх пісьменнікаў, яго нават уладкавалі ў рэдакцыю часопіса «Полымя», хоць у спісе членаў рэдакцыі ён не пазначаўся. 

Не раз сустракала Ульянава ў доме Купалаў Паўліна Мядзёлка. Яна пасля напіша ва ўспамінах:

«У гасціным пакоі на пісьмовым стале стаялі фатаграфіі членаў ЦК і ўрада БССР, якія бывалі гасцямі ў доме Купалы, але са зменай іх Уладка мяняла і іх партрэты. Так, знікла са стала фота Язэпа Адамовіча, пасля Прышчэпава і інш. На іх месцы паяўляліся новыя. Стаяла там фота і Алеся Ульянава, прадстаўніка Мін-ва замежных спраў СССР пры ўрадзе БССР.

Аднойчы (здаецца, гэта было ў 1929 годзе) Янка, паказваючы на партрэт Ал. Ульянава, кажа:

— Вялікі правакатар.

Я здзівілася.

— Чаму? — пытаю.

— А як жа, перш дапамог Тарашкевічу арганізаваць Грамаду, а пасля памог палякам разагнаць яе.

— Няўжо гэта праўда?

— А як ты думала? Гэта яго работа.

— Чаму ж ты не зменіш са стала яго партрэта, калі гэта так?

— Гм… Яшчэ рана. Яшчэ ён важная шышка».

Купала не памыляўся адносна сутнасці Аляксандра Ульянава, але не змог адразу гэта зразумець. Што тычыцца згаданага Браніслава Тарашкевіча (аднаго з лідараў Беларускай сялянска-работніцкай грамады ў Заходняй Беларусі), то Ульянаў сапраўды меў на яго непасрэдны ўплыў. Многія дзеянні Тарашкевіча ў сярэдзіне 1920-х вяліся пад наглядам і з дапамогай камуністаў. А калі ў 1930-х гадах Тарашкевіч працаваў у Маскве ў Камінтэрне, то ён нават нейкі час жыў на кватэры і, пэўна ж, пад палітычным наглядам, як піша Мядзёлка, «свайго прыяцеля Алеся Ульянава».

Ульянаў быў каштоўны не толькі для ЦК КПБ(б), але і для Дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення (ГПУ, пазнейшае Галоўнае ўпраўленне дзяржаўнай бяспекі НКВД), бо вёў агентурную працу.

Чый верш?

У 1929 годзе Аляксандр Ульянаў атрымаў адказнае даручэнне — дазнацца, хто аўтар верша «Пасеклі край наш папалам», які нелегальна перадаваўся сярод беларускіх паэтаў і меў неймаверна моцны для таго часу антымаскоўскі змест. Былі ў творы наступныя радкі:

За ўсходнім дэспатам-царком

Мы бегаем на задніх лапах,

Нью-Ёрку грозім кулаком

І Чэмберлена лаем трапна.

Не смеем нават гаварыць

І думаць без крамлёўскай візы,

Без нас ўсё робяць махляры

Ды міжнародныя падлізы.

Распаўся б камень ад жальбы

Калі б ён знаў, як торг над намі

Вядуць маскоўскія рабы

З велікапольскімі панамі.

Ульянаў атрымаў даручэнне ад самога Рамана Піляра, старшыні ГПУ БССР. У ГПУ была ўжо версія пра аўтарства, але яе трэба было праверыць. Ульянаў пазней пахваліцца чыстай работай:

«І калі я звярнуўся да Купалы пры найбліжэйшай сустрэчы — з дакорам — што ён, маўляў, аўтар абуральных антысавецкіх вершаў, той пакрыўдзіўся, заявіўшы, што ён можа быць незадаволеным тым і іншым, але такіх рэчаў ён не робіць, і зразу ж назваў аўтара — А. Дудара».

У 1929 годзе яшчэ не думалася, што за нейкі адзін верш могуць арыштаваць і выслаць. Масавыя арышты пачаліся толькі ў наступным годзе. 

Дарэчы, згаданы паэт Алесь Дудар у сваіх паказаннях ГПУ сярод іншага адзначаў, што Ульянаў — гэта «прыяцель Чарота, які і звёў яго з Купалам». Атрымліваецца, што «вялікі правакатар» быў добрым сябрам ужо тром беларускім дзеячам: Міхасю Чароту, Янку Купалу і Браніславу Тарашкевічу. Яму даволі лёгка ўдавалася ўвайсці ў давер і быць сваім сярод цвету беларускай нацыі. Прытым падыходы былі вельмі хітрыя. Паўліна Мядзёлка ўспамінала, што яе брат Зыгмусь «даваў урокі беларускай мовы жонцы Ульянава». Тым самым забіваліся адразу два зайцы. Па-першае, дэманстравалася прыхільнасць сям’і дыпламата да беларушчыны, а па-другое, пасля словы Зыгмуся, сказаныя падчас тых урокаў пра іншых, Ульянаў прыводзіў у сваіх справаздачах для ГПУ. 

«І прасіў суд аб міласэрнасці»

Аднак «сваім» ён быў толькі да моманту, пакуль і над ім не навісла пагроза рэпрэсій. Мядзёлка прыгадвае, як пасля вяртання з казанскай высылкі ў 1932 годзе яна адважылася прасіць Ульянава, каб дапамог некуды ўладкавацца:

«Калі падышла да яго стала, ён зрабіў выгляд, што не пазнаў мяне, нават не прыпадняўся з крэсла, не адказаў на «дзень добры». Не ўзнімаючы вачэй на мяне, суха сказаў, што нічым не можа мне дапамагчы». 

Відаць, гэта было эфектам перажытага страху. Бо падчас разгрому беларускай інтэлігенцыі ў пачатку 1930-х Ульянаў таксама ледзь не трапіў пад той каток. Яго абвінавацілі, што ён «паслужыў аб’ектыўна прыкрыццём, за якім нацдэмаўская інтэлігенцыя праводзіла і мела магчымасць хаваць контррэвалюцыйныя справы». За гэта «вялікі правакатар» атрымаў строгую вымову па партыйнай лініі і запіс аб «немагчымасці далейшага выкарыстання на працы па лініі НКЗС». Ульянава папракалі ў «празмерным знанні з нацдэмаўскай інтэлігенцыяй у такой форме, якая не выклікалася ніякай неабходнасцю (бытавая спайка і зрошчванне з ёй, п’янства)». Сакратар парткалегіі ЦК КП(б)Б Арон Рыскін запытаўся ў яго: «Няўжо гэта было так неабходна, такое збліжэнне?» На што Ульянаў адказаў, што без гэтага нікуды — такая тэхніка працы. 

Але тады арышт яго абмінуў, хоць пагроза вісела і надалей. А рэалізавалася яна 20 мая 1937 года, калі па ўсім СССР разгарнулася чарговая хваля бальшавіцкага Вялікага тэрору. Ужо ў зняволенні Ульянаў зрабіў савецкай уладзе апошнюю паслугу, даўшы паказанні супраць Змітра Жылуновіча, Антона Баліцкага, Браніслава Тарашкевіча і дзясятка іншых асоб, уключаючы самога сябе. Пра народнага паэта, якога прыабдымаў на здымку, ён засведчыў: «На кватэры ў Купалы пастаянна бывалі ўдзельнікі арганізацыі, і, па сутнасці, у перыяд 1929 года і часткова 1930 года гэтая кватэра стала штаб-кватэрай антысавецкіх зборышчаў». Рыкашэтам пратаколы допытаў Ульянава ўдарылі і па іншых дзеячах. Яны былі размножаныя ў 10-ці экзэмплярах, адзін з якіх накіраваны ў Саратаў, дзе мясцовыя супрацоўнікі НКВД 20 жніўня 1937 года арыштавалі Вацлава Ластоўскага.

Турэмнае фота. By.openlist.wiki.

Зрэшты, не зусім правільна называць паказанні Ульянава ягонымі асабістымі сведчаннямі. Тэкст пратаколаў быў падрыхтаваны следчымі загадзя, а Ульянаву заставалася фактычна толькі іх падпісаць. Чалавек, які шмат год працаваў на ГПУ/НКВД, не меў сілаў адмовіцца, таму браў у фабрыкацыі сваёй крымінальнай справы непасрэдны ўдзел. Пра гэта сведчаць ягоныя ўласныя праўкі ў арыгінале пратаколаў. Відаць, гэтым самым ён спрабаваў выратаваць сабе жыццё. 

Пратаколы допытаў Ульянава — прыклад таго, як у 1937 годзе ў БССР падводзілася «гістарычная факталагічная база» пад так званае Аб’яднанае антысавецкае падполле. Нездарма і выдадзеная Мікалаем Ількевічам і Расціславам Платонавым у 1997 годзе кніга, у якой публікаваліся пратаколы допытаў Ульянава, мела падзагаловак «Фальсіфікацыя органамі НКВД крымінальных спраў у 1937—1938 гадах».

Самога ж Ульянава ягонае супрацоўніцтва са следствам не выратавала. 26 лістапада 1937 года на закрытым пасяджэнні Вярхоўнага суда СССР ён як «удзельнік нацыяналістычнай арганізацыі» і «агент польскай разведкі» быў прыгавораны да найвышэйшай меры пакарання. Віну сваю прызнаў і прасіў суд аб міласэрнасці. Судовы працэс, як тады звычайна вялося, доўжыўся ўсяго 15 хвілін, і ў той жа дзень прысуд быў прыведзены ў выкананне ў Маскве на Данскіх могілках. А жонцы Ульянава Цэцыліі Ульянавай-Блатман паведамілі, што муж адбываў пакаранне ў мясцінах пазбаўлення волі і памёр там жа 15 верасня 1938-га.

Ульянаў памёр, а пратаколы ягоных паказанняў засталіся. Праз два месяцы пасля расстрэлу Ульянава на іх аснове быў асуджаны да смерці Вацлаў Ластоўскі. Канвеер смерці працягваў сваю працу.

Павел Каралёў

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930