Знайсці
11.07.2020 / 13:5415РусŁacБел

Крывічы, бужане і яцвягі ХІХ стагоддзя. Што паказаў адзін з першых перапісаў насельніцтва ў Беларусі

Звычайна сваіх грамадзян перапісвае дзяржава. Але гэты перапіс быў іншым. Піша кандыдат гістарычных навук Павел Церашковіч.

Сяляне Віцебскай губерні з альбома «Адзежы Рускай дзяржавы» (1844). Wikimedia Commons.

Бенедыкт Андэрсан, сусветна вядомы даследчык працэсаў фарміравання сучасных мадэрных нацый, лічыць, што галоўную ролю ва ўсведамленні сябе асобнай супольнасцю адыгрываюць музеі, перапісы і карты. І сапраўды, прыходзім мы ў музей, экспазіцыя якога звычайна пачынаецца з археалагічных знаходак — прыладаў працы ці ўпрыгожанняў, — і адчуваем гонар: гэта ж нашы продкі зрабілі. Вось якія ў нас карані! Тое ж і з картамі. З двухсот з нечым контураў тэрыторый нацыянальных дзяржаў сучаснага свету мы імгненна пазнаём свой — гэта наша зямля! А перапісы з дакладнасцю да апошняй асобы кажуць, колькі нашых у гэтым свеце. 

Падмененая рэальнасць

З перапісамі, аднак, ёсць адна праблема: амаль заўсёды іх правядзенне — справа дзяржаўная. І часта здараецца так, што дзяржаве цікава ведаць, колькі і якія людзі жывуць у яе межах, але па нейкіх прычынах яна не хоча, каб пра гэта ведалі ўсе. Так, вынікі аднаго з першых мадэрных перапісаў — шведскага 1756 года — вырашылі трымаць у таямніцы, да такой ступені яны былі ашаламляльнымі: краіна, як высветлілася, была слабая і маланаселеная. 

Таму шмат у якіх выпадках матэрыялы перапісаў дэманстравалі не тое, што ёсць, а тое, што б дзяржава хацела бачыць. І часам з гэтай выдуманай рэальнасці паўставала сапраўдная. Той самы Бенедыкт Андэрсан апісвае, як у Малайзіі брытанскія каланіяльныя ўлады свядома займаліся канструяваннем малайскай ідэнтычнасці, якой у рэчаіснасці не існавала: падчас перапісу яе дадалі ў якасці адной з магчымых, і працэс пайшоў.

На тэрыторыі Беларусі першы перапіс быў праведзены на сто сорак гадоў пазней за шведскі — у 1897 годзе. Нацыянальнасць у тыя часы вызначалася па мове. Зараз цяжка сказаць, як там было на самай справе, але, згодна з надрукаванымі матэрыяламі, колькасць беларусаў у Расійскай імперыі склала 5 млн 886 тысяч чалавек, у тым ліку ў сучасных межах Беларусі — 4 млн 756 тысяч.

Перапіс 1897 года дазваляў даведацца, колькі беларусаў жыло ў кожнай губерні, павеце і горадзе. І стала зразумелым, што беларусы займаюць тэрыторыю ад Беластока да Смаленска, ад Вільні да Чарнігава. Статыстычна пацвярджалася тое, што заяўляў за некалькі гадоў да таго ў прадмове да «Дудкі беларускай» Францішак Багушэвіч: «Можа, хто спытае: гдзе ж цяпер Беларусь? Там, братцы, яна, гдзе наша мова жывець: яна ад Вільні да Мазыра, ад Вітэбска за малым не да Чарнігава, гдзе Гродна, Мінск, Магілёў, Вільня і шмат мястэчкаў і вёсак…» Гэтыя звесткі рабілі надзвычай моцнае ўражанне і часта выкарыстоўваліся на старонках беларускіх выданняў, перадусім «Нашай Нівы». 

Пагадзіўся толькі Сінод

Інфармацыя пра насельніцтва збіралася і раней. Але спробы гэтыя былі выпадковыя і ахоплівалі параўнальна невялікія тэрыторыі. Адзінае выключэнне — так званыя Прыходскія спісы. 

Ініцыятарам гэтага апытання, у нечым падобнага да перапісу, быў выдатны навуковец, член-карэспандэнт Расійскай акадэміі навук, адзін з заснавальнікаў Геаграфічнага таварыства Пётр Кёпен. У 1851 годзе ён выдаў этнаграфічную карту еўрапейскай часткі імперыі і пры яе складанні выразна ўсвядоміў, як мала існуе надзейнай статыстычнай інфармацыі. 

Таму ў 1850-я ён неаднаразова звяртаўся да розных урадавых устаноў з прапановай правесці перапіс народаў. Адказ нязменна быў адмоўны. Імперыі ў той час было не надта цікава, хто яе насяляе. Адзіная ўстанова, якая пагадзілася за гэта ўзяцца, быў Святы Сінод. Царкоўнае чыноўніцтва выдала загад, каб кожны святар запоўніў анкету пра прыхаджан свайго прыходу — адсюль і назва незвычайнага перапісу. 

У анкеце, распрацаванай самім Кёпенам, было ўсяго тры пытанні: колькасць, веравызнанне і этнічная прыналежнасць вернікаў. Апошняе пытанне было сфармулявана так: «Якога племені прыхаджане (велікарусы, беларусы, мардва і інш.)». Тое, што беларусы пазначаныя ў прыкладзе як асобны народ, не выпадкова: навуковец раней даследаваў беларускую гутарковую мову, а ў 1820-х спрабаваў вызначыць межы рассялення беларусаў у Чарнігаўскай губерні.

Неадназначныя плямёны

Апытанне праводзілася ў 1857—1858 гадах і паставіла святароў у надзвычай складаную сітуацыю. Яны прызвычаіліся, што людзі адрозніваюцца выключна па веравызнанні. І гэта зразумела: нацыянальныя рухі ў імперыі рабілі толькі першыя крокі, і да колькі-небудзь вызначанай ідэнтычнасці было яшчэ далёка. У святароў не было нават агульнага разумення, што значыць «племя». Шмат хто падумаў, што гаворка ідзе пра плямёны часоў «Аповесці мінулых гадоў». Таму вынікі апытання часткова адлюстроўваюць рэальную сітуацыю (калі пацвярджаюцца іншымі крыніцамі), а часткова — кніжныя ўяўленні саміх святароў. 

Павел Баброўскі, які сказаў сваё слова ў вызначэнні беларускай народнасці. Wikimedia Commons.

Што ж атрымалася ў выніку? Напрыканцы 1850-х ва ўсёй Беларусі жыло каля 3,3 млн чалавек. У шэрагу выпадкаў этнічная прыналежнасць была амаль што тоеснай канфесійнай. То-бок калі іўдзей, дык яўрэй (350 тысяч, або 10,8% насельніцтва), калі старавер — рускі (34 тысячы, ці 1,1%), мусульманін — татарын (3,5 тысячы, 0,1%), пратэстант — немец (4 тысячы, 1,2%). 

Але, напрыклад, з палякамі сітуацыя была іншай: усе яны (да 300 тысяч чалавек, 9,5% насельніцтва) былі каталікамі. Аднак не ўсе каталікі былі запісаныя палякамі — агульная колькасць зафіксаваных каталікоў была ўдвая большай.

Найбольш трывалай польская ідэнтычнасць была сярод землеўласнікаў, да 93% з якіх былі каталікамі. Агульная колькасць усіх землеўласнікаў складала да 9 тысяч чалавек — 0,25% ад усяго насельніцтва. А вось сярод шматлікай шляхты (усяго каля 150 тысяч, 4,4%) было нямала праваслаўных: у Мазырскім павеце — 54,5%, а ў Пінскім — нават 77%. 

Што да ідэнтычнасці шматлікага сялянства і мяшчан хрысціянскіх канфесій, то яна шмат у чым залежала ад прыналежнасці да пэўнага гістарычнага рэгіёна. У гістарычнай Беларусі практычна ўсё гэтае насельніцтва было пазначанае як беларусы. Згодна з тагачасным адміністрацыйным падзелам, гэта былі Віцебскі, Дзісенскі, Лепельскі і Полацкі паветы Віцебскай губерні (трэба ўлічваць, што яны значна большыя за сённяшнія раёны) і ўся Магілёўская губерня, у якую ўваходзіла значная частка сучаснай Гомельскай вобласці. Характэрна, што ў Дзісенскім і Лепельскім паветах беларусамі былі названыя і праваслаўныя, і каталікі. 

«Літоўскае племя»

А вось у гістарычнай Літве сітуацыя была зусім іншай. У Гродзенскім, Ваўкавыскім, Слонімскім і часткова Слуцкім паветах усіх жыхароў як праваслаўнага, так і каталіцкага веравызнання святары называлі літоўцамі. Пры гэтым нярэдка яны дадавалі цікавыя каментары: «літоўцы, якія размаўляюць беларускай мовай (ці беларускай гаворкай)», «літоўцы на Русі», «літоўцы-славяне, да іх славянскай гаворкі вельмі мала дамешваецца літоўскай мовы». Адно з найбольш трапных вызначэнняў: «Прыхаджане — жыхары літоўскага племені, але ўсе размаўляюць беларускай мовай, апроч дваран». Характэрна, што вядомы з фальклору тэрмін «літвін» не быў згаданы аніводнага разу. 

У Мінскім, Барысаўскім, Лідскім, Ашмянскім, Вілейскім і Дрысенскім паветах літоўцамі пераважна называлі каталікоў, а праваслаўных — беларусамі. У некаторых выпадках літоўцаў і беларусаў нават супрацьпастаўлялі. Напрыклад, у Слоніме адзначалася, што «службовыя асобы — не мясцовыя ўраджэнцы, ёсць велікарусы, маларосы і беларусы, мяшчане ж належаць да мясцовага літоўскага племені». Разам з тым у шэрагу паселішчаў гэтага рэгіёна (Воўпе, Гудзевічах, Крынках, Росі, Свіслачы, Мілавідах) да беларусаў аднеслі і каталіцкае, і праваслаўнае насельніцтва.

Легендарныя назвы

Некаторыя святары наўпрост звязвалі сваіх прыхаджан са старажытнымі крывічамі. Гэта больш за 23 тысячы выключна каталікоў у Лідскім і Свянцянскім паветах. У самой Лідзе святар напісаў, што яго прыхаджане — «крывічане» (менавіта праз «ы», па-беларуску). 

Па-за межамі крывіцкага арэала ў Наваградскім павеце адзначана, што «жыхары славяна-крывіцкага і польскага» плямёнаў і, адначасова, што «ў ніжэйшага класа — польска-беларуская мова». Можна толькі заўважыць, што летапісныя крывічы жылі далёка на ўсход ад гэтай тэрыторыі. То-бок гэтая ідэнтычнасць у Прыходскіх спісах — кніжная, уяўная.

Шэраг вызначэнняў меў яшчэ больш парадаксальны характар. У паселішчах Крывошын, Ішкалдзь, Крошын, Сваятычы і Сноў (Наваградскі павет) святары прыйшлі да супольнай думкі, што іх прыхаджане «памешчыкі і дваране — палякі, а просты люд: мала-польска-русакі» (!?).

Чарнарусы

Асаблівую цікавасць уяўляе зафіксаваная ў Слуцкім і Ігуменскім паветах назва «чарнарусы» (19 тысяч). У Слуцкім павеце паселішчы чарнарусаў працягнуліся вузкім ланцужком ад Гарадзеі на поўначы, праз Клецк і Сіняўку да Агарэвіч на поўдні. Назва «чарнарусы» ў тыя часы згадваецца ў працах даследчыкаў-краязнаўцаў Паўла Баброўскага і Іларыёна Зяленскага, польскага вандроўніка Яна Маяркевіча. Збіральнік фальклору Іван Барычэўскі ставіў народную творчасць чарнарусаў у адзін шэраг з творчасцю беларусаў, палякаў і мазаўшан. Магчыма, згаданыя ў Прыходскіх спісах чарнарускія паселішчы — рэшткі мяжы Чорнай і Белай Русі, якая існавала ў старажытнасці. 

Яцвягі і бужане

Найбольш стракатай і дзіўнай выглядала сітуацыя на паўднёвым захадзе Беларусі — у Брэсцкім, Кобрынскім і Пружанскім паветах. Мясцовыя святары запісалі сваіх прыхаджан і беларусамі, і маларусамі, і славяна-русамі, і літоўцамі, і нават бужанамі ды яцвягамі. Цікава, што гэты рэгіён цяпер звычайна адносяць да Палесся, а вось назва «палешукі» згадваецца толькі аднойчы, і тое па-за яго межамі — у Слонімскім павеце. 

Што тычыцца бужан, то не выключана, што гэта сапраўдная назва мясцовага насельніцтва. Адзін са святароў патлумачыў яе наступным чынам: «Па паходжанні сваім бужане, доказам чаго служыць месцазнаходжанне іх жыхарства». Парафіі з бужанамі (усяго каля 5,5 тысячы чалавек) сапраўды размяшчаліся паблізу ад ракі Буг. Бужан апісваў і Павел Баброўскі, які падкрэсліваў, што іх «каралеўская гаворка» значна адрозніваецца ад гаворкі маларасійскай, а тым больш — ад беларускай, аднак і з адной, і з другой мае шмат агульнага.

Беларусы Магілёўскай губерні, выява з «Этнаграфічнага апісання народаў Расіі» Густава-Фёдара Паўлі. Wikimedia Commons.

Куды больш праблематычнай уяўляецца рэальнасць існавання ў сярэдзіне XIX стагоддзя яцвягаў. Гэта племя балцкага паходжання, якое згадваецца ў летапісах у дачыненні да падзей Х—ХІІІ стагоддзяў. Пазнейшых згадак пра іх няма. Археолагі вызначылі, што яцвягі жылі на поўнач ад Палесся, у міжрэччы Нёмана і Нарвы. А Прыходскія спісы зафіксавалі яцвягаў у Брэсцкім, Кобрынскім і ў меншай колькасці ў Бельскім і Ваўкавыскім паветах — усяго каля 30 тысяч. 

У Брэсцкім, Ваўкавыскім і Бельскім паветах яны ўтваралі адзіны арэал, размешчаны вакол Белавежскай пушчы. Магчыма, у асобных паселішчах там маглі захавацца рэшткі яцвяжскай самасвядомасці, тым больш што іх месца жыхарства блізкае да арэала рассялення старажытных яцвягаў. Але малаверагодна, што яцвягамі сябе ў той час лічыла вялікая частка гараджан Кобрына ці Антопаля.

У анкеце з Дабраволі цяперашняга Свіслацкага раёна святар напісаў: «усе, згодна з апавяданнем гісторыі пана Паўлішчава, павінны паходзіць ад племені летаў і яцвягаў». Маецца на ўвазе падручнік польскай гісторыі Мікалая Паўлішчава, у якім утрымліваліся звесткі аб старажытных яцвягах і ядвінгах — «народзе сармацкага паходжання, які жыў уздоўж Нарвы і Буга ў межах пазнейшага Падляшша». Не выключана, што менавіта гэтая праца паўплывала на погляды святароў. 

На карысць кніжнага паходжання назвы «яцвягі» кажа і тое, што іншых сведчанняў існавання гэтага этноніма ў сярэдзіне XIX стагоддзя не выяўлена. Больш за тое, публікацыя вынікаў анкетавання выклікала недавер навуковай грамадскасці менавіта з прычыны згадкі яцвягаў. Павел Баброўскі, аўтар грунтоўнага апісання Гродзенскай губерні, неаднаразова падкрэсліваў, што ўяўленні аб існаванні яцвягаў у ягоны час — грубая памылка, бо яны цалкам зніклі.

Сціплая таблічка

У 1863 годзе ў «Запісках Расійскага геаграфічнага таварыства» выйшаў артыкул Міхаіла Лябёдкіна «Пра рассяленне плямёнаў заходняга краю Расійскай імперыі». Публікацыя была заснаваная на матэрыялах Прыходскіх спісаў. 

Кім быў Лябёдкін, мы сёння, на жаль, не ведаем. Аднак няма сумненняў, што гэты чалавек зрабіў тытанічную працу: уручную, без якіх-небудзь вылічальных прыстасаванняў апрацаваў звесткі з некалькіх тысяч анкет. Праца не толькі цяжкая, але збольшага і няўдзячная. Вынікі некалькіх месяцаў упартай працы змясціліся ў сціплых памераў табліцы. Чытачоў у яе было няшмат, а тыя, хто прачытаў, у тым ліку і згаданы Павел Баброўскі, адрэагавалі рэзка адмоўна ці здзекліва-іранічна. 

Пакпіць сапраўды было з чаго. Не толькі са знойдзеных у Беларусі крывічоў, бужан і яцвягаў. Украіна ўвогуле, згодна з Лябёдкіным, была заселеная палянамі, драўлянамі, улічамі, ціверцамі і г.д. 

Артыкул тым не менш перадрукавалі ў «Весніку Паўднёва-Заходняй і Заходняй Расіі», у дадатку да «Мінскіх губернскіх ведамасцяў». А пасля пра яго забыліся. Гэта тыповы лёс статыстычных ведаў, не санкцыянаваных уладай. 

А каб не забыліся? Мне асабіста не падабаецца імператыў «гісторыя не мае ўмоўнага ладу». Калі б матэрыялы Прыходскіх спісаў набылі той жа статус, што і, напрыклад, перапіс 1897 года, то цалкам магчыма, што наша радзіма мела б іншыя межы, назву і лёс.

Павел Церашковіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера