Знайсці
04.07.2020 / 13:09РусŁacБел

Што мы слухалі ў чэрвені — дзесяць найцікавейшых альбомаў месяца АЎДЫЯ

Якой музыкай нас змог парадаваць першы летні месяц?

Run The Jewels — RTJ4

Чацвёрты альбом амерыканскага рэп-дуэта выйшаў якраз на хвалі пратэстаў Black Lives Matter у ЗША, месэджы якіх супалі з палітычнымі поглядамі ўдзельнікаў гурта. Таму Кілер Майк і El-P вырашылі не зацягваць з рэлізам.

Рэперы, якім ужо па 45 гадоў, нечакана сталі хэдлайнерамі рэп-сцэны ў Амерыцы. Бумеры адчулі дух часу куды танчэй за зумераў.

Luty Sakavik — Bol Jon Moj

Альбом ад яшчэ аднаго дуэта, на гэты раз беларускага.

8 песень, якія балансуюць паміж колдвэйвам, сінці-попам і пост-панкам. Нервовая лірыка, кантрасныя вакалы Уладзя Лянкевіча і Эрыка Арлова-Шымкуса, пакручастыя басовыя лініі і запамінальныя стракатыя сінтэзатары складаюць фірмовае гучанне «лютага сакавіка», якое з часоў першага рэлізу зрабілася больш шчыльным і важкім.

Norah Jones — Pick Me Up Off The Floor

Новы рэліз Норы Джонс склаўся з раней не выдадзенага матэрыялу, і спявачка зноў даказвае, што вытанчанасць — у прастаце.

Але тэмы, закранутыя на альбоме, далёкія ад простых і вытанчаных. Гэта песні пра боль, надзеі і вострыя тэмы кшталту барацьбы жанчын за свае правы. 

Краснознаменная Дивизия Имени Моей Бабушки — Катакомба

Пасля выхаду альбома «Увы» два гады таму самабытны расійскі калектыў апынуўся амаль на мяжы распаду.

Але змяніўшы склад і пераасэнсаваўшы погляд на музыку, «Дывізія» вяртаецца з моцным танцавальным рэлізам, які можа стаць сентыментальным саўндтрэкам на два летнія месяцы.

Phoebe Bridgers — Punisher

Фібі Брыджэрс запісала альбом, ідэальны для суму. Элегантная музыка з чэпкімі мелодыямі і элементамі мяккага псіхадэлу. У аснове — поп-фолк з электронным фартэпіяна, акустычнымі гітарамі, скрыпкамі, духавымі і мяккімі бітамі.

Вылучыць такую ​​музыку ў сучаснай музычнай прасторы, зрабіць яе не пасіўнай, а жыццесцвярджальнай — асобная гісторыя. У Фібі гэта атрымалася.

Bob Dylan — Rough and Rowdy Ways

Трыццаць дзявяты (!) альбом у дыскаграфіі Нобелеўскага лаўрэата, які крытыкі ўжо назвалі шэдэўрам. Сам Боб Дылан у 79 год у дзясяты раз апынуўся на вяршыні музычных чартаў, дагнаўшы ABBA і Queen.

Новыя песні працятыя біяграфіяй, тэалогіяй і міфамі, а сам музыка ў іх адначасова падводзіць вынікі і з'едліва ўсміхаецца.

Барыс Грабеншчыкоў — Знак Огня

Альбом яшчэ адной легенды. Чарнавыя запісы для альбома БГ рабіліся на працягу апошніх двух гадоў, а грошы на працу над альбомам збіраліся праз краўдфандынг. Некаторыя песні публікаваліся як сінглы ў выглядзе кліпаў і выклікалі вялікі рэзананс. 

Апошнія штрыхі аўтар зрабіў вясной 2020 года: песні доўга не складваліся ў адзінае цэлае, але свет змяніўся праз каранавірус, і альбом нарэшце склаўся.

Jessie Ware — What's Your Pleasure

Джэсі Уэйр выпусціла танцавальны блокбастар! Шмат што ў гэтым альбоме аддае даніну эры дыска 70-х і поп-музыцы 80-х.

Але песні атрымаліся зусім індывідуальныя, з вывераным балансам паміж электронным і аркестравым гукам, а таксама вакалам Джэсі, які нібыта кліча вас далучыцца да яе на танцполе.

HAIM — Women in Music Pt. III

Тры сястры Хайм на сцэне ўжо трынаццаць гадоў і выдатна ведаюць, як гэта быць жанчынамі ў музыцы і на што гэтыя жанчыны здольныя.

Свежы матэрыял каманда складала не ў лепшым настроі. Адна сястра аплаквала загінулага сябра, другая магла кінуць музыку з-за праблем са здароўем, а трэцяя ўпала ў дэпрэсію і адмаўлялася ад дапамогі.

Тым не менш, Haim змаглі накіраваць негатыў у творчае рэчышча і запісалі шаснаццаць песень. У тэкстах — шмат цемры, смутку і інтымнасці. У музыцы — нечаканыя павароты накшталт джазавага саксафона, рытмаў гаражнага рока і рэпавых партый.

Enej — A Skiela Wy?

Польскі гурт, які часткова складаецца з этнічных украінцаў, у сваім альбоме зноў звярнуўся да народных матываў.

Enej перазапісалі 12 песень, якія спяваюць у розных рэгіёнах Польшчы і Украіны, дадалі да іх два сваіх найбольш вядомыя трэкі і перазапісалі ў сучасным стылі.

Нашы папярэднія агляды:

Піліп Каваленка; фота на застаўцы Аляксандры Бабковай

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера