Знайсці
02.07.2020 / 11:4225РусŁacБел

«Рукі ўгару»? Але ж Лукашэнка сам падпісаў Саюзную дзяржаву»

Пра заявы пасла Сямашкі піша ў фэйсбуку Ягор Лебядок. 

Амбасадар Беларусі ў Расеі Уладзімір Сямашка ўчора заявіў: «А ў тым дакуменце [плане далейшай інтэграцыі з Расеяй], які нам 13 лютага 2019 года прапанавалі [расейцы, якіх амбасадар не назваў], я налічыў 95% функцый наднацыянальных».

Чытайце таксама. Сямашка: Расія прапаноўвала Беларусі перадаць на наднацыянальны ўзровень 95% паўнамоцтваў 

Здавалася б, пра такую прапанову трэба было б паведаміць грамадзянам Беларусі. Але не, як заўсёды грамадзян Беларусі не пытаюцца, як не пыталіся згоды грамадзян на ўступленне Беларусі ў нейкую Саюзную дзяржаву (пытанне на рэферэндуме 1995 года было толькі аб падтрымцы дзеянняў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, накіраваных на эканамічную інтэграцыю з Расеяй, прычым пытанне сфармулявана так, што разумець яго хутчэй як адабрэнне прыманых на той момант дзеянняў, а не аб далейшых планах).

Больш за тое, 1 сакавіка 2019 года (усяго праз два тыдні пасля згаданай прапановы «рукі ўверх», як назваў яе Уладзімір Сямашка) Лукашэнка заявіў: «Ніякіх замашак з боку, прынамсі, прэзідэнта Расеі, што Беларусь трэба інкарпараваць ці ўключыць у склад Расеі, я ні разу не чуў, нават настрою такога не было. Няма ніякіх намераў у вялікай краіны паглынуць Беларусь. …Існуюць пэўныя органы [СД], якія валодаюць вялікімі паўнамоцтвамі для вырашэння пытанняў. Давай пытанні, якія сёння хвалююць людзей, вырашаць на вышэйшым дзяржсавеце».

Аляксандр Лукашэнка ў сваіх прамовах досыць часта абвінавачвае Расею, але не наўпрост, а або выкарыстоўваючы пустыя словы накшталт «яны», або намёкамі ў той час на Дзмітрыя Мядзведзева або неназваных алігархаў, як нядаўна. Але ніколі практычна Уладзіміра Пуціна. І гэта заўсёды выглядае камічна: хтосьці сур'ёзна мяркуе, што ў Расеі нейкія групы або алігархі могуць весці замежную палітыку ў важным рэгіёне без ведама і санкцыі Пуціна і яго, назавём так, адміністрацыі? Так, розныя ўрадавыя і няўрадавыя групы могуць быць выкарыстаныя для правядзення неабходных расійскім уладам дзеянняў (напрыклад, тыя ж алігархі ў падпарадкаванні кампаніі супраць Украіны), але яны не суб'екты такіх кампаній. І цалкам зразумела, чаму Лукашэнка так сябе паводзіць: выказванне па асобе Уладзіміра Пуціна пагражае вельмі сур'ёзнымі наступствамі для асабістай улады.

Вяртаючыся да каментароў Сямашкі, ды і Лукашэнкі, пра нібыта аднабаковае ўзрастаючае жаданне РФ павелічэння аб'ёму нацыянальных функцый, якія перадаюцца ў наднацыянальныя органы. У гэтым выпадку можна толькі парэкамендаваць падпісанту дакумента аб стварэнні Саюзнай дзяржавы Аляксандру Лукашэнку і яго амбасадару пачытаць уважліва, што ён падпісаў. Фактычна расейцы не патрабуюць больш за тое, што там напісана. І цяпер казаць, маўляў, расейцы нас хочуць паглынуць, а Лукашэнка адбіваецца як можа, проста смешна — ён сам наўмысна і свядома стварыў такую сітуацыю і выходзіць з яе не мае намеру, інакш мы б з 2019 года рыхтавалі рэферэндум аб выхадзе з СД, пры гэтым зусім не абавязкова дэнансаваць усе эканамічныя і не толькі пагадненні ў рамках гэтага ўтварэння. Але нават сёння не раскрываюць для грамадзян так званыя дарожныя карты «паглыбленай інтэграцыі», што цалкам абгрунтавана выклікае асцярогу аб іх значэнні для суверэнітэту Беларусі. Дарэчы, расейцы ўлічылі досвед спынення дзеяння СССР і спецыяльна ўвялі норму ў названую дамову, што выйсці з яе можна толькі правёўшы рэферэндум, хоць, як я пісаў вышэй, ніхто не праводзіў рэферэндум па ўступленні ў СД.

Хачу таксама звярнуць увагу чытачоў, што самы першы артыкул дамовы аб стварэнні СД абвяшчае: «Рэспубліка Беларусь і Расейская Федэрацыя ствараюць Саюзную дзяржаву, якая азначае сабой новы этап у працэсе яднання народаў дзвюх краін у дэмакратычную прававую дзяржаву».

Як бачыце, гаворка не пра стварэнне саюза дзяржаў (як, напрыклад, ЕС, з якім Сямашка праводзіў параўнанне і ў якім можна было б казаць пра працэнт перадачы суверэнных паўнамоцтваў). А гаворыцца пра адну дзяржаву, у якой, натуральна, і орган кіравання адзін. Вось і ўсё. Усе астатнія заявы аб ходзе інтэграцыі, аб роўных умовах і г.д. бессэнсоўныя. Мэта дамовы аб СД — адна дзяржава — апрыёры нівеліруе суверэнітэт Беларусі. Гэтую мэту разумеў і разумее Аляксандр Лукашэнка, які цяпер імітуе з сябе змагара за захаванне незалежнасці Беларусі.

Ягор Лебядок, facebook.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера