Знайсці
29.06.2020 / 11:089РусŁacБел

Віктар Марціновіч: Чым далей, тым выразней бачна, што ў актыве ўлады застаюцца толькі грамадзяне, якія наўпрост атрымліваюць ад яе заробкі

Фота Уладзя Грыдзіна, «Радыё Свабода»

Віктар Марціновіч на budzma.by піша пра ўсё тое, што адбывалася вакол крамы Symbal.by на мінулым тыдні.

Я сачу за беларускай палітыкай з 1994 года.

Ніколі на маёй памяці рэпрэсіі і адвольныя затрыманні не прымалі такога татальнага характару, як сёння. У пераліку арыштаваных, забраных на суткі, змешчаных у ізалятар і пад варту можна ўжо, як у «Архіпелагу ГУЛАГ», вылучаць глыбы і слаі, тыпы і катэгорыі.

Сядзяць на бясконцых сутках актывісты «традыцыйнай» апазіцыі, Статкевіч і Севярынец; сядзяць пад следствам два з трох папулярных прэтэндэнтаў на прэзідэнцтва; сядзяць іх знаёмцы і нават родныя; сядзяць пад крымінальным падазрэннем папулярныя тэлеграм-блогеры. І гэта не згадваючы соцень адносна выпадковых людзей, якія былі затрыманыя, пабылі на сутках ці аплацілі штраф і ўжо паспелі выйсці (часам — страціўшы працу).

Я не пагаджуся з тым, што ўлада спалоханая, што яна панікуе і паводзіць сябе неразумна. Усё, што робіцца, цалкам укладаецца ў жалезную логіку:

чым менш папулярная сістэма, тым больш карных высілкаў яна мусіць прыкладаць, каб захаваць панаванне. Калі супраць была меншасць, рэпрэсіі тычыліся меншасці і маглі мець кропкавы характар. Калі цяпер непрыхільных вельмі шмат — столькі ж мусіць быць і арыштаў.

Трэба біць па лідарах апазіцыі, бо яны здольныя арганізаваць і скіраваць велізарны разгублены натоўп на вуліцы. Трэба біць па канкурэнтах, каб паказаць бюракратыі, што канкурэнты не перамогуць, нават калі перамогуць. Трэба ціснуць знаёмцаў і родзічаў, бо абвінаваўчыя паказанні ж аднекуль мусяць узяцца, іх нехта мусіць даць. Трэба закрываць сеціва ажно да поўнага адключэння, каб людзі забыліся, наколькі іх шмат, страцілі адчуванне лучнасці.

Усё напісанае вышэй апраўданае толькі ў тым выпадку, калі адзіная мэта — любымі сродкамі захаваць уладу, без роздуму пра тое, як кіраваць пасля краінай, як захаваць павагу да публічных інстытутаў, адкуль браць грошы (Захад ужо ў роспачы, засталася драбяза да рашэння Еўракамісіі пра аднаўленне санкцый і спынення нават роздуму пра крэдыты і інвестыцыі).

Але нават калі глядзець на сітуацыю праз акуляры гэтай людажэрнай логікі, на мінулым тыдні была зробленая адна яўная памылка.

Яна палягала ў накаце на людзей, якія гуртаваліся вакол беларушчыны, увасобленай у краме Symbal.by. Шмат каму можа падацца, што хапанне людзей з чаргі па саколкі нечым роўнае налёту на чэргі і ланцугі салідарнасці, але тут мы маем класічны стрэл у нагу.

Цалкам зразумела, што некаму вельмі не спадабаліся тавары з надпісам «ПСІХОЗ%». Абсалютна лагічным (з пункту гледжання прыгаданай логікі) было б папярэджанне, закрыццё вытворчасці тавараў і нават прэвентыўнае адключэнне святла. З мэтай запэўніць уладальнікаў, што тыя перайшлі мяжу дапушчальнага і мусяць вярнуцца ва ўтульнае гетайка, у якім «белмоўныя» заўзятары існавалі апошнія гады. Уладальнікі — я ўпэўнены — хутка б зрабілі высновы.

Але сістэма вырашыла адрэагаваць празмерна, і тут пачаліся глабальныя наступствы. 

Павал Белавус быў сімвалам (даруйце за каламбур) таго, што чалавек можа насіць у сэрцы «Пагоню», гаварыць на роднай мове і пры тым паспяхова развіваць свой бізнэс. Скіраваны менавіта на папулярызацыю мовы і «Пагоні». Ідэя, якая стаяла за Белавусам, прывабіла тысячы сімпатызантаў (54 тыс. падпісчыкаў у Instagram).

Яна змусіла моладзь з «Зыбы» і Кастрычніцкай задумацца, у якой краіне яны жывуць. І нават адчуць гонар за гісторыю і слаўнае мінулае гэтай краіны.

Не ўсе гэтыя людзі чыталі беларускія кнігі. Не ўсе яны нават валодалі беларускай. Але — зусім як у рамане «Мова» — яны, кожны ў сваім коле сяброў і знаёмых, зрабіліся тым «падполлем», якое нараджала трэнд.

І тут пачынаецца самае цікавае.

Для мяне зусім не відавочна, што ўсе прыхільнікі «Пагоні» былі гатовыя апрануцца ў саколкі «ПСІХОЗ%». Я нават далей пайду і зазначу, што зусім не ўсе яны былі настроеныя супраць улады. Тое, колькі абсалютна нейтральных інстаграмераў, зорак дзяржаўнага тэлебачання і радыё, беларускай «эстрады», вядоўцаў дзяржаўных шоу ўзняло голас у абарону разагнанай АМАП чаргі ў Symbal.by — таму доказ.

Сістэме, якая адчувае сваю ўразлівасць, трэба не толькі палохаць, але і спрабаваць злучаць вакол сябе. Страціўшы старых — шукаць новых прыхільнікаў.

І гэтая публіка з чаргі ў Symbal.by — тая, якую паліваў вадзічкай трактар — яна патэнцыйна магла б паставіцца да ўлады калі не як людзі дзяржаўныя, дык хаця б як патрыёты. Кожны з тых, хто стаяў у той чарзе, мог тэарэтычна падхапіць мантры ідэолагаў пра тое, што ў нас, маўляў, спрабуюць забраць краіну, што нам пагражаюць суседзі, а за кандыдатамі бачныя лялькаводы.

Трэба было толькі спадабацца гэтым людзям.

Зрабіць іх «сваімі».

Замест таго адбыўся хапун і трактар.

Ператвараючы ўсю чаргу ў патэнцыйных актыўных удзельнікаў Плошчы.

Чым далей, тым выразней бачна, што ў актыве ўлады застаюцца толькі грамадзяне, якія наўпрост атрымліваюць ад яе заробкі. Бюджэтнікі. Сілавікі. Спартоўцы. Тыя «зоркі эстрады», якія не паспелі набыць сабе світшот «Край Вольных».

Гэта ў найлепшым выпадку чвэрць ад тых, што маюць права голасу.

То не здзіўляйцеся маштабам зваротнай хвалі.

Віктар Марціновіч, budzma.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930