Знайсці
21.06.2020 / 22:1615РусŁacБел

«Не за Лукашэнку? Тады нясём пашпарты». Дзённік зборшчыцы подпісаў за Віктара Бабарыку

«Колькі вам плацяць?» — гэтае пытанне цікавіла не толькі БРСМ падчас аднаго з нашумелых пікетаў за Аляксандра Лукашэнку каля «Дана Мол», але і простых мінакоў. Але грошы вырашаюць не заўсёды. Сябры ініцыятыўных груп працавалі ў некалькі змен у Мінску і іншых гарадах, іх куратары на сваіх машынах развозілі сталы і крэслы, людзі самі друкавалі плакаты і арганізоўвалі новыя кропкі пікетаў. Проста так, за ідэю. І працягвалі рабіць сваю справу, нягледзячы на новыя гвалтоўныя дзеянні ўладаў у дачыненні да патэнцыйных кандыдатаў.

Віктар Бабарыка сустракаецца з сябрамі ініцыятыўнай групы. Фота з фэйсбука Віктара Бабарыкі

Многія ўзялі адпачынкі на працы, каб рабіць справы тут і цяпер — усяго адзін чалавек збіраў на пікетах ад 1000 подпісаў і больш (менавіта так і толькі так атрымаўся падпісны рэкорд). Пенсіянеры сярод зборшчыкаў шчыра прызнаваліся, што ў такім актывізме бяруць удзел упершыню, але хочуць самі пачуць голас народу, спраўдзіць свае здагадкі, што па БТ кажуць нешта не тое.

Я таксама далучылася да збору подпісаў, каб на свае вочы ўбачыць усе ўнутраныя працэсы, і занатавала свае назіранні, зафіксаваныя на працягу некалькіх тыдняў. Дзялюся ўбачаным і пачутым.

***

Пакуль пікетаў яшчэ не было, я актыўна абыходзіла пад’езды ў сваім раёне. Самае складанае тут — гэта, канечне, патрапіць унутр. З дзесяці кватэр, у якія тэлефануеш, добра, калі адгукнуцца ў дзвюх. Гаспадары адной з іх абавязкова кінуць «слухаўку» дамафона, як толькі пачуюць, хто ты і навошта прыйшоў. Жыхары другой могуць зміласцівіцца, але адразу папярэдзяць: «Да мяне не заходзьце».

Сябры раілі быць хітрэйшай і прадстаўляцца або паштальёнам, або супрацоўніцай ЖЭС, але пачынаць збор подпісаў з падману — такое сабе.

Чалавеку ў паліто, у пальчатках і масцы адчыніць дзверы яшчэ цяжэй, я разумею. Кавід-умовы жыццё зборшчыкам не аблягчылі, як і ўсёй перадвыбарчай кампаніі агулам: быць на адлегласці, перапісваючы пашпартныя звесткі, досыць складана.

Але я цярпліва ціснула на званок, чула, як нехта па той бок дзвярэй змяншаў гучнасць тэлевізара, асцярожна падыходзіў да вочка, пару хвілін разглядаў мяне і думаў. Калі асцярожнасць пераважвала, чалавек на дыбачках вяртаўся да сябе ў пакой, а ты ўжо званіў яго суседзям.

Ці грукаў. Шмат званкоў у беларускіх кватэрах не працуе. Цікава, яны нікому не патрэбныя, бо людзі абыходзяцца сігналам дамафона? Ці, можа, проста лянота рамантаваць?

***

Як жа дахалеры ў нас брудных, запэцканых, страшных пад’ездаў!

***

Не так шмат людзей разумеюць да канца, чым збор подпісаў адрозніваецца ад выбараў. Да інфармацыі, што на гэтым этапе пакінуць аўтограф можна за 15 (пасля 14, а пазней 13) кандыдатаў, ставіліся насцярожана.

— А нас не расстраляюць, калі аддамо подпіс вам?

— А нас не звольняць?

— А нас ужо папрасілі распісацца за Лукашэнку на працы, то што зрабіць?

Мужчына 40 год. Прызнаецца, што будзе галасаваць (і аддаваць подпіс) упершыню за жыццё. Распытвае, хто цяпер апазіцыя ў краіне, хто за левых, хто за правых, як адбываюцца ўсе працэсы. Цяжка ўкласці лекцыю ў некалькі хвілін, але даводзіцца праз раз рабіць кароткі экскурс.

Цешылася, калі бачыла, што кампанія-2020 для многіх стала штуршком зацікавіцца палітыкай і тым, што адбываецца навокал. Уключацца ў працэс і быць карысным, неабыякавым. Людзі шчыра прызнаваліся: «Я маўчаў, але больш не магу». «Хата з краю» шмат для каго перастала быць лозунгам.

Хаця, канечне, хапала і тых, хто казаў: «Мы па-за палітыкай». І хуценька хаваўся.

***

— Дзень добры. Збіраю подпісы ў падтрымку кандыдата ў кандыдаты на пасаду прэзідэнта.

— Вой, я яшчэ не вызначыўся, дзяўчына, да пабачэння.

— Дарагі, хто там?

— Дзень добры. Збіраю подпісы ў падтрымку кандыдата ў кандыдаты на пасаду прэзідэнта.

— О, запішыце! І мяне, і мужа. Хоць за каго, толькі самі ведаеце не за каго.

— Але я хацеў падумаць…

— А што думаць. Муж, давай пашпарт. Распішыся — пасля пагаворым.

Фота Надзеі Бужан

***

Карцінкі, якія траплялі ў самае сэрца.

Карцінка №1.

Адчыніла дзверы дарослая дачка. Тата ў яе ляжачы, напалову паралізаваны. Яна сумняецца, што ён зможа распісацца за сябе, таму і не прапаноўвае. Абмяркоўвае гэты момант услых.

— Дазволь мне яшчэ паваяваць з рэжымам хоць асадкай! — крычыць ён, 90-гадовы, са свайго пакоя.

І распісваецца. Уся сям’я распісваецца.

Карцінка №2. Пікетная.

Яна вядзе яго пад руку. Ëй — 93. Яму — 95. Яна — апора, але толькі з аднаго боку, з іншага яму дапамагае кіёк. Яны прыгожа апранутыя ў выпрасаванае адзенне — ніводнай зморшчынкі на нагавіцах і кашулях. Стылісты сказалі б, што гэта кэжуал у пастэльных, нюдавых адценнях. І колер валасоў у іх у той жа гаме — такая прыгожая сівізна, якая грае на чэрвеньскім сонцы.

Яна хуценька, рупліва ставіць подпіс сама, а пасля бярэ яго руку з асадкай у сваю руку.

— У яго нядаўна інсульт быў, — тлумачыць.

І разам, рука ў руцэ, яны выводзяць дату і подпіс.

— Толькі паспрабуйце не перамагчы. Жыве Беларусь! — дае пара загад на развітанне.

***

Адным з крутых эфектыўных інструментаў па зборы подпісаў стаў тэлеграм-бот. Заяўкі ў яго прыходзілі з афіцыйнага сайта. Чалавек, які хацеў пакінуць подпіс, пазначаў свой адрас, які перанакіроўваўся ў канал па горадзе пражывання сябра ініцыятыўнай групы. Ты бачыў, што новая заяўка знаходзіцца блізка на мапе і па прынцыпу Убера забіраў яе сабе.

Далей заставалася толькі звязацца з чалавекам і дамовіцца, калі можна прыйсці да яго па подпіс. Зручная рэч для тых, хто быў на самаізаляцыі.

У адзін з такіх вечароў, закрываючы адрасы людзей па сваім раёне, я патрапіла ў прыватны дом на вуліцы Грэкава. Заяўку на подпіс пакідала маладая жанчына. Я разлічвала, што хутка забяру яе «аўтограф» і пабягу па астатнія. Але дзе ж там! Суседзі, пабачыўшы мяне праз плот, пачалі сцякацца ў двор. Сам дом гаспадыні падзелены на некалькі кватэр, усе яго жыхары таксама павыходзілі.

— Не за Лукашэнку? Тады нясём пашпарты.

Выстройвалася чарга. Пакуль чакалі, людзі сядалі каля дома за стол пад вішняй. Відаць, ігнараваць такі натоўп гасцей у сваім дворыку гаспадары не маглі, таму хутка вынеслі на вуліцу гарэлку і чаркі. Стала чутно тост за тостам у гонар альтэрнатыўных кандыдатаў. Ледзь вынесла ногі, каб не быць зацягнутай у гэтую імправізаваную вечарынку. Але яна, вангую, расцягнулася надоўга.

Фота Надзеі Бужан

***

Пра салідарнасць.

Часцей за ўсё людзі прыходзілі паставіць подпіс «хоць за каго з альтэрнатыўных». Распытвалі, дзе іншыя пікеты. Дзе «ціханоўскія», калі сышлі «цапкалаўскія»? Як маглі, падказвалі. Тое самае рабілі сябры іншых ініцыятыўных груп. Падтрымка і салідарнасць адчуваліся ва ўсім.

І ад людзей таксама. У самае гарачае ці, наадварот, халоднае надвор’е звычайныя мінакі неслі нам каву, гарбату, ваду, марозіва, а камусьці нават шаўрму — усё, каб выказаць падтрымку і падзяку.

***

— А дзе пікет Лукашэнкі?

З такім пытаннем усур’ёз да мяне звярнуліся толькі аднойчы. Звычайна гэта было толькі з іроніяй: «Гм, а Лукашэнкі пікетаў нешта не відаць. І як жа ён назбіраў мільён так хутка?»

У той дзень мужчына шукаў пікет дзейнага прэзідэнта напраўду.

— Дык а дзе ж яны ёсць, пікеты за Лукашэнку? Абышоў тут усё кругом, звычайна стаялі, у іншыя гады, а тут няма… Як жа аддаць подпіс? Што рабіць, падкажыце.

— Не псуйце мне будучыню, прашу, — адказала дзяўчына, якая ў гэты момант стаяла побач і, нахіліўшыся, падпісвалася за іншага кандыдата.

Дзе шукаць пікеты Лукашэнкі, мы падказаць не змаглі. Самім хацелася б ведаць.

***

Пра адчай.

— Дзяўчына, а навошта вы гэта робіце?

— Спадзяюся на перамены.

— Зайздрошчу я вам, вы яшчэ верыце.

***

На трэці дзень пікетаў людзі неслі мне ў рукі ксеракопіі, дакументы і гісторыі пра тое, як іх пакрыўдзіла дзейная ўлада: пенсія ў пераліку на хлеб зменшылася, незаконна адабралі зямельны ўчастак, няма працы ў рэгіёне…

Яны прасілі перадаць свае скаргі новаму, будучаму прэзідэнту, страціўшы веру, што сённяшнія чыноўнікі ім дапамогуць. Ці што да іх хаця б на прыём атрымаецца патрапіць.

Члены ініцыятыўнай групы Бабарыкі. Фота Надзеі Бужан

***

Цікава было назіраць, як працавала тб-прапаганда. Калі затрымалі Ціханоўскага, частка людзей сапраўды вырашыла не рызыкаваць і не аддаваць за іх сям’ю подпіс. Тое самае адбывалася і пасля навін пра ператрусы ў Белгазпрамбанку і канфіскацыю карцін.

Але ў асноўным людзі наадварот актываваліся.

Новая порцыя гнеўных выказванняў і дзеянняў у бок альтэрнатыўных кандыдатаў — і лісты з подпісамі запаўняліся ў разы хутчэй. Выстройваліся чэргі: спачатку да аднаго пікета, потым — да іншага.

Мазалі на пальцах, якія даўно не трымалі асадку так доўга, раслі ў памерах

— Толькі паспрабуйце не перамагчы. І ведайце: мы ні ўва што не верым.

— Хоць хто, абы новы. Прыйшоў час мяняць.

***

Узрост і знешні выгляд уплываюць на выбар беларусаў. Неаднаразова чула, як людзі прымалі рашэнне наконт подпісаў, абмяркоўваючы валасы, лішнюю вагу і нават макіяж жонак кандыдатаў. Лукізм як ёсць (ад слова look, калі што).

***

Пра грошы.

Некаторыя беларусы цікавіліся, колькі плацяць зборшчыкам подпісаў. У штабе Бабарыкі сябрам ініцыятыўнай групы не плацілі ніколькі, хаця мінакі ўпэўнена сцвярджалі, што мая змена каштуе мінімум 100 даляраў. Некаторыя прасілі падзяліцца: «Я вам подпіс, а вы мне крыху сваіх рублёў, вы ж з банкірам працуеце. Што, яму шкада?»

Разумею, складана ўсвядоміць, як можна ў вольныя гадзіны пасля працы, на выходных збіраць подпісы проста так, каб дапамагчы сабраць неабходную сотню для рэгістрацыі — за дзякуй. Ну, і яшчэ за тое, каб стаць «мэрам» ці «міністрам». У сябраў ініцыятыўнай групы існавала гульнявая матывацыя — за 100 подпісаў атрымаць гумарное званне міністра, а за 1000 — самога прэм’ера. На мяне гэта спрацавала дакладна. Але падтрымліваць і дапамагаць адно аднаму ў імя ідэі — такое ўсё яшчэ магчыма.

Я ведаю, што некаторыя з нас маглі забыць пра пачуццё кансалідацыі, салідарнасці, але яго можна абудзіць. Як і пачуццё годнасці, і далей па спісе.

Кацярына Карпіцкая

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930