Знайсці
17.06.2020 / 16:551РусŁacБел

У Беларусі цяпер можна аплачваць пакупкі без тэрмінала

Беларусь стала адной з першых краін у свеце, дзе можна прымаць аплату праз тэлефон. Мабільны эквайрынг без плацежнага тэрмінала запусцілі Пріорбанк і Visa. Разлічыцца можна як карткай, так і смартфонам, разумнымі гадзіннікамі, бранзалетам або кальцом.

Прэзентацыя і прэс-канферэнцыя прайшлі ў анлайне

За мяжой тэхналогія вядомая як Tap-to-Phone, а ў Беларусі атрымала назву PriorSoftPOS. Яна ператварае звычайны смартфон у банкаўскі тэрмінал. Для разлікаў не патрабуецца іншае плацежнае абсталяванне, як і мабільны картрыдар. Усе гэтыя функцыі бярэ на сябе дадатак, а звесткі аб транзакцыі паступаюць наўпрост у «воблачнае» сховішча.

Тэхналогія дазваляе разлічыцца карткай любога банка — як беларускага, так і замежнага. Гэта таксама можна зрабіць смартфонам, разумнымі гадзіннікамі, плацежным бранзалетам або кальцом. Адзінае патрабаванне — прылада павінна падтрымліваць NFC.

Падчас аплаты прадавец уводзіць на тэлефоне суму пакупкі, а пакупнік падносіць карту, смартфон або разумны гадзіннік. Пры разліках на суму ад 80 рублёў трэба ўвесці PIN-код. Аплата займае долі секунды, пасля чаго на экране з'явіцца чэк, які можна адправіць па SMS ці электроннай пошце.

Дадатак, які ператварае тэлефон у тэрмінал, можна спампаваць бясплатна. Тэхналогія даступная як кампаніям, так і індывідуальным прадпрымальнікам. Прадаўцам патрэбны смартфон на Android, а пакупнікі могуць выкарыстоўваць iPhone і любы іншы тэлефон з падтрымкай NFC.

Сярод пераваг — адсутнасць патрэбы ў куплі і абслугоўванні абсталявання, высокая хуткасць і прастата разлікаў. Сэрвіс цалкам бяспечны, як і аплата праз тэрмінал.

Тэхнічную рэалізацыю праекта забяспечыла кампанія-рэзідэнт Парка высокіх тэхналогій IBA Group. Для яе гэта ўжо не першы праект па стварэнні і ўкараненні сістэм плацяжоў як унутры краіны, так і за мяжой.

Прадаўцы пакуль могуць карыстацца тэхналогіяй бясплатна. Пры падключэнні да канца чэрвеня дзейнічаюць «аплатныя вакацыі» на 3 месяцы. Далей будзе спаганяцца камісія, прычым яна будзе ніжэйшай у выпадку залiчэння выручкі на рахунак у Пріорбанка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930