Знайсці
05.06.2020 / 21:1826РусŁacБел

«Не думай пра мяне, страляй. Думай пра Колю». Рэп ад Ганны Севярынец

А я за вас не галасавала ніколі.
Увогуле вы для мяне заўсёды былі — тата Колі.
Як працуеш у школе, людзей вымяраеш дзецьмі і татамі.
Бачыш, якім быў чалавек, калі шчэ сядзеў за партаю,
Бачыш у кожным ягоных бацьку і матку,
Ці, часам бывае, што і ў адваротным парадку.
Таты такія не часта, але ж бываюць,
З тых, хто думае, што лепей за ўсіх і усё знае,
Прыйдзе на бацькоўскі сход — і давай вучыць, як вучыцца,
Якім часам ўставаць на заняткі, лячыцца альбо не лячыцца,
Хто дурны, хто разумны, якой даўжыні спадніца
Павінна быць у русіцы і ў беларусіцы,
Карацей, ён ведае ўсё, шчэ лепей за матку,
Бо тая сядзіць дома і сочыць у іх за парадкам.
Паспрабуй не заўваж Колю такога таты.
Ды ён і сам нагадае, бо вучыцца сапраўды выдатна,
Ён не можа быць не ўзорным, і ён насамрэч ўзорны,
Паспрабуй быць іншым, як трапіш у такія жорны.
Кожны тата мае ўладу над уласным сынам.
Нават калі таты няма — адсутнасць ягоная ў спіне стыне.
Татаў лёс кладзецца на сына гарчэй за праклёны,
Альбо лягчэй за крылы — гэта ўжо хто на што здольны.
Усё, што ты робіш, і добрае, і асабліва благое,
Здарыцца ў сыне гарачым агнём ці апошняй агоніяй.
Асабліва калі не адпусціш яго, не аддаш улады —
Ён і пасля цябе будзе раздаваць даўгі тваіх перамог і здрадаў.
І калі ты, напрыклад, у жаху альбо асляпленні
Будуеш турмы і ставіш паўсюд ачапленні,
Вырашаеш за іншых, як ім жыць і куды збірацца,
Дык першым пакутуе сын, бо толькі яму і не ўратавацца.
І калі — хай бы хто мне сказаў, што такога не будзе —
Гэты тата аддасць загады страляць па людзях,
Я б сказала яму — для сябе мне не страшна болю —
Не думай пра мяне, страляй. Але думай пра Колю.

Ганна Севярынец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера