Знайсці
05.06.2020 / 12:1120РусŁacБел

«Мне не было дзе і за што жыць». Мадэльер Саша Варламаў расказаў пра сваю эміграцыю ў Германію

Беларускі мадэльер Саша Варламаў апошнія тры гады жыве ў Германіі. Займаецца здароўем, піша казкі і рэдка выходзіць у людзі. Пра прычыны пераезду, $100 пенсіі і свае будні ў Берліне ён распавёў «Нашай Ніве».

Саша Варламаў успамінае, што апошнім часам у Беларусі яму было асабліва цяжка.

«Жыць мне аказалася няма дзе. Кватэра, у якой мы жылі з сястрой, гэта маміна. Пакуль я 26 месяцаў у турме знаходзіўся, трэба было адвакату плаціць. Пляменніца прадала сваю аднапакаёвую кватэру — вось гэтымі грашыма і пакрывалі выдаткі.

Пляменніца была вымушана пераехаць да сваёй мамы — маёй сястры. А калі я выйшаў, дзе мне было жыць — там жа? Гэта праблема».

У тыя гады ён запусціў новы праект — тэатр моды «Шафа». Ставіў спектаклі.

«Людзей, якія да мяне пацягнуліся, сталі пераследаваць. Праводзілі праверкі. Маёй вучаніцы, якая адкрыла сваё агенцтва, раптам адмовілі ў арэндзе. І так некалькі разоў. А потым шапнулі: пакуль будзеш з Варламавым, будуць адмовы.

Адзін раз я праводзіў рэпетыцыю з дзецьмі, мяне выклікалі ў калідор. Кажуць: усё, вам у гэтым будынку больш не дазволена займацца. Вынеслі мае рэчы, вывелі дзяцей. І мы з імі ў скверы каля станцыі метро «Трактарны завод» рэпетавалі».

Варламава абурала такое стаўленне. Ён згадвае, што за конкурс «Млын моды» практычна ні разу не атрымаў заробак як арганізатар і аўтар. Тым больш крыўдна было бачыць, як пад чужыя праекты (цэнтр моды і прыгажосці «Крыштальная німфа», Тыдзень моды ў Мінску) у бюджэце знаходзілі рэсурсы, а для яго праекта — не.

У мадэльера 38 гадоў стажу, у пенсійным пасведчанні ён запісаны як ветэран працы. Кажа, што пенсія — $100. З іх палову кожны месяц забіраюць у кошт пагашэння арэнды памяшканняў БДУ, якую суд налічыў Варламаву.

«У мяне заставалася $50 — на іх хіба можна пражыць? Хапала толькі каб камунальныя заплаціць. А на лекі яшчэ, на ежу трэба было.

Мне дапамагала некалькі чалавек, якія калісьці са мной былі звязаны, чые дзеці ў мяне займаліся. Яны проста ў канверце кідалі грошы ў паштовую скрыню. Я нават часам не ведаў, хто. Шмат грошай не было, але галодным таксама не заставаўся».

У мадэльера праблемы з хрыбетнікам. Ён перанёс чатыры аперацыі. Трапіць у бальніцу на лячэнне, паводле яго слоў, з кожным годам станавілася складаней.

«Калі я прыйшоў у РНПЦ траўматалогіі, дзе мне рабілі аперацыю, там сказалі: няма месцаў. Я прайшоў па аддзяленні — тут ложкі пустыя, там пустыя. Раблю заўвагу: месцы ж ёсць. «Не, гэта не для вас», — успамінае Саша Варламаў.

Пра сумную сітуацыю ён распавёў прыяцелям з Берліна. Тыя і прапанавалі прыехаць пагасцяваць. З лютага 2017 года мадэльер у Германіі.

«Жыву ў знаёмых. Яны кормяць, аплачваюць мне медыцынскае абслугоўванне — дзякуй Богу, у іх ёсць такая магчымасць. Цяпер стаіць пытанне аб сур'ёзнай аперацыі на шыйным аддзеле хрыбетніка. Праз пару тыдняў я буду на прыёме ў прафесара, які дасць канчатковае заключэнне.

Я вучу нямецкую мову. Патроху, бо мне 65 гадоў, і ўжо цяжкавата.

Напісаў тры вялікія казкі, цяпер стаіць пытанне аб выданні — на нямецкай і на рускай мовах. Выдаваць тут буду, ёсць людзі, якім спадабалася. Пра ганарар, вядома, гаворкі не ідзе».

Варламаў прызнаецца, што яму няпроста было прывыкаць да чужой культуры.

«Сюды цікава ў госці прыехаць, пабыць месяц. Мне няпроста паўсюль — я савецкі чалавек. Настальгіі па Савецкім саюзе няма, але ёсць настальгія па людзях таго часу. Мы не зачынялі дзверы на замок, і форткі тады ва ўсіх былі адчыненыя — не баяліся дамушнікаў. 

А цяпер людзі абсалютна іншыя. Не хочацца нават глядзець на іх. Вось і хаджу там, дзе народу менш. Не таму, што я баюся кагосьці. Проста дэманстрацыя самога сябе надакучыла ўжо. Больш хочацца спакою, і зусім не хочацца паказухі, тэатра».

З сацсетак мадэльер выдаліўся. Кажа, там суцэльная хлусня і хамства, яму гэтага не трэба.

Па родным Мінску ён не сумуе.

«Таму што Мінск іншы стаў, — тлумачыць. — Справа вось у чым: Лукашэнка сам правінцыял. І да сябе ў акружэнне кліча не мінчукоў, а тых, хто з перыферыі. Тыя прыязджаюць у Мінск з мэтай: а вось мы тут цяпер сябе пакажам. Ні адзін мінчук сапраўдны так бы сябе не паводзіў».

Ці вернецца ў Беларусь, Саша Варламаў не ведае. «Мяне не клічуць», — заўважае. Сферу моды ён пакінуў.

«Разумееце, у чым справа: моды, якой яна была ў 20 стагоддзі, проста няма. Новае пакаленне асабліва не навучанае выбіраць колеры, формы. Яны абы-што надзелі і пабеглі. Нават не задумваюцца, што добра ці дрэнна з пункту гледжання гармоніі і балансу. Сышла неабходнасць у прафесіяналах, мэтрах, да чыйго меркавання прыслухоўваліся. Сёння прафесіяналы засталіся толькі ў медыцыне, дый там усякія трапляюцца. У астатніх сферах пануе дылетанцтва», — разважае Варламаў.

У свае 65 мадэльер адзінокі, ён так і не стварыў сям'ю.

«Сям'я — гэта досыць сур'ёзна. Яна ж ад Бога даецца. А жыць з чалавекам, з якім давядзецца сабачыцца з раніцы да вечара, — хіба гэта сям’я? Я сам з сабой часцяком гармонію знайсці не магу — кажуць, у мяне цяжкі характар.

Мне падабаюцца словы Хэмінгуэя: не ўсякае зерне павінна ўзысці. Але ў кожнага ёсць сваё прызначэнне. Жыццё не ідзе дакладна па зададзенай схеме — усе павінны ажаніцца ў столькі, у столькі памерці. У кожнага свой лёс, я фаталіст на 100%. Нічога выпадковага не бывае.

Можа, і Лукашэнка прыйшоў да ўлады, каб народ нарэшце прачнуўся? Нельга ж усё жыццё трэсціся ад страху перад дурасцю — гэта кашмар, страшны сон. Прачынацца пара».

Наталля Лубнеўская, фота з архіва героя

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930