Знайсці
04.06.2020 / 09:481РусŁacБел

Галоўны эпідэміёлаг Швецыі: Я не казаў пра няправільнасць «мяккага каранціну» 

Claudio Bresciani/TT

Галоўны эпідэміёлаг Швецыі Андэрс Тэгнел учора даў кароткае інтэрв'ю мясцовай радыёстанцыі і прыцягнуў да сябе ўвагу ўсяго свету: журналісты інтэрпрэтавалі ягоныя словы як прызнанне памылак, учыненых урадам у барацьбе з каранавірусам, піша Бі-бі-сі.

Апошнія некалькі дзён у Швецыі смяротнасць ад Covid-19 была самай высокай у свеце ў пераліку на душу насельніцтва. Гэта новая нагода для крытыкі ўладаў краіны, якія падтрымалі пазіцыю Тэгнела і не сталі ўводзіць абмежавальных мер, дазволіўшы людзям свабодна перасоўвацца па краіне.

Тэгнел сапраўды распавёў журналістам, што сёе-тое, верагодна, можна было зрабіць інакш, але такую ​​заяву ён зрабіў далёка не ўпершыню і выбіраў вельмі акуратныя фармулёўкі. Дык чаму ўвесь свет вырашыў, што праціўнік лакдаўнаў просіць прабачэння за памылкі?

Андэрс Тэгнел некалькі месяцаў таму сказаў «не» лакдаўну і самаізаляцыі. Гэтай пазіцыі ён прытрымліваецца да гэтага часу і за яе не просіць прабачэньня.

У інтэрв'ю «Радыё Швецыя» ён прызнаў, што ў барацьбе з каранавірусам краіна ўжо страціла шмат людзей. Ён нават прызнаў, што калі б першапачаткова ў палітыкаў і навукоўцаў было б такое ж разуменне прыроды хваробы, як цяпер, верагодна, краіна магла б пайсці іншым шляхам.

«Калі б мы сутыкнуліся з той жа хваробай, маючы тыя ж веды, якія ў нас ёсць сёння, я мяркую, мы б выбралі нешта сярэдняе між тым, што зрабіла Швецыя, і тым, што абраў астатні свет», — заявіў ён.

У інтэрв'ю Тэгнел выкарыстаў акуратныя фармулёўкі: напрыклад, ён сказаў, што ёсць патэнцыял палепшыць прынятыя ў Швецыі меры. Праўда, ён не ўдакладніў, як менавіта варта было б скарэктаваць стратэгію, а некалькімі гадзінамі пазней на прэс-канферэнцыі пацвердзіў, што цяперашні падыход лічыць самым правільным для краіны.

Ён папрасіў не ўспрымаць яго папярэднюю заяву як адмову ад цяперашняй стратэгіі. На думку шведскага эпідэміёлага, пакуль яшчэ занадта рана рабіць высновы пра тое, ці мелі рацыю краіны, якія выступілі за жорсткія абмежаванні: «За апошнія тры-чатыры месяцы мы зразумелі, што гэтая хвароба з вялікай верагоднасцю можа пачаць зноў распаўсюджвацца».

Нягледзячы на ​​тое, што многія сусветныя СМІ зараз пішуць, што Тэгнел не проста прызнаў памылку, але зрабіў гэта ўпершыню, гэтыя сцвярджэнні не адпавядаюць рэчаіснасці. Аналагічныя заявы эпідэміёлаг рабіў і раней, напрыклад, казаў, што зусім не ўпэўнены ў абсалютнай правільнасці шведскай стратэгіі, падкрэслівае Бі-бі-сі.

Пол Фрэнс, эпідэміёлаг у Лундскім універсітэце Швецыі, згодны, што журналісты няправільна зразумелі заяву Тэгнела: «Вядома, казаць, што Тэгнел папрасіў прабачэння — гэта няправільна. Ён не прасіў прабачэння за шведскую стратэгію і не сказаў нічога грандыёзнага. Пытанне, якое трэба задаць, гучыць так: чаму людзі так зачапіліся за гэтыя словы і адрэагавалі на іх?

У Швецыі, дзе жыве крыху больш за 10 млн чалавек, каранавірус пацверджаны ў 40 тыс. Памерлі ад хваробы 4,5 тыс. чалавек.

Для параўнання: у суседніх Даніі, Нарвегіі і Фінляндыі, дзе быў абвешчаны лакдаўн, на дадзены момант нашмат менш смерцяў. У Даніі памерлі 580 чалавек, у Нарвегіі — 237, у Фінляндыі — 321. У Швецыі ж толькі ў сераду ад COVID-19 памерлі 74 чалавекі.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера