Знайсці
02.06.2020 / 08:3740РусŁacБел

Цапкала: Першае, што зраблю, дазволю карыстацца дзвюма сімволікамі. А ўсе «Табакеркі» — знесці

Валерый і Вераніка Цапкалы, ілюстрацыйнае фота Надзеі Бужан

Шкодныя вытворчасці — у прамзону, «Табакеркі» — знесці, а пытанне з дзяржсімволікай вырашыць на рэферэндуме. Пра гэта заявіў кандыдат у кандыдаты ў прэзідэнты Валерый Цапкала на сустрэчы з берасцейцамі 1 чэрвеня, піша Tut.by.

На свой пікет на вуліцы Савецкай у Брэсце Валерый Цапкала прыехаў з жонкай Веранікай. Сустрэча пачалася ў 18.00 каля кінатэатра «Беларусь» і працягвалася 100 хвілін. За гэты час жыхары горада змаглі задаць прэтэндэнту ў кандыдаты ўсе пытанні.

Адной з цэнтральных тэм сустрэчы стаў акумулятарны завод, які будуецца пад Брэстам.

Па гэтым пытанні ў Валерыя Цапкалы жорсткая пазіцыя.

— Гэта для мяне асабістае. Мой бацька ўсё жыццё адпрацаваў на заводзе. Ён дыхаў аміякам і іншай гадасцю. Выйшаў на пенсію і праз тры гады памёр ад раку лёгкіх. Здароўе — гэта аснова асноў, — падкрэсліў прэтэндэнт.

На думку Валерыя Цапкалы, для ўсіх шкодных вытворчасцей варта выдзеліць прамысловую «зону адчужэння» ўдалечыні ад населеных пунктаў.

— Хоча там інвестар будаваць — калі ласка, будуй. Але ў горадзе не павінна быць ні лішніх пахаў, ні вібрацый, ні выкідаў шкодных ні ў ваду, ні ў паветра. Горад — гэта месца, дзе мы жывём, дзе павінны быць спартыўныя пляцоўкі, паркі і бізнэс: банкі, кампаніі, прадпрыемствы, рэстараны, медыцынскія цэнтры — тое, што ніяк негатыўна не ўплывае на здароўе, — распавёў Валерый Цапкала.

Па гэтай жа прычыне ніякіх кампрамісаў у прэтэндэнта і ў пытанні кіёскаў «Табакерка».

— Усе «Табакеркі» адразу ж знесці, — сказаў прэтэндэнт пад апладысменты прысутных. — Я сам з Гродна. Гляджу, «Табакерка» стаіць, а побач — дзіцячая бальніца, стадыён. Ну што гэта такое?! Мы за спорт і здаровы лад жыцця ці за «Табакеркі»?!

Валерый Цапкала таксама падзяліўся з берасцейцамі сваім бачаннем па пытанні дзяржаўнай сімволікі.

— Першае, што я зраблю — гэта дазволю карыстацца дзвюма сімволікамі. Хто хоча — вывешвае бел-чырвона-белы з акна. Хто хоча — вывешвае цяперашні беларускі сцяг. Калі ўладальнік запраўкі з'яўляецца прыхільнікам бел-чырвона-белай сімволікі — стаў. Іншы ўладальнік запраўкі хоча паставіць чырвона-зялёны сцяг — стаў. Другое, што я прапаную, — гэта правесці грамадскую дыскусію па гэтым пытанні, у якой я буду цалкам знаходзіцца ў кільватэры. Гэта значыць я не буду ўмешвацца. А пасля абмеркавання, правядзём рэферэндум, — адказаў Валерый Цапкала

Прэтэндэнту таксама задавалі пытанні пра рэформы, якія ён бы хацеў правесці, і інтэграцыі з Расіяй.

Пацікавіліся і пра яго планы на выпадак фальсіфікацыі выбараў. Тут Валеры Цапкала быў лаканічны:

— Ёсць план, але можна я яго вам пакуль не скажу.

Паводле брэсцкага штаба за час сустрэчы з Валерыем Цапкалам свае подпісы за яго пакінулі каля 250 чалавек.

Tut.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера