Знайсці
01.06.2020 / 15:1628РусŁacБел

Былы аператыўнік крымінальнага вышуку: Калі б міліцыянера ўдарылі, ён бы ці адразу ўскочыў, ці прыняў абарончую позу

Вынікам правакацыі на пікеце ў Гродне стала затрыманне блогера Сяргея Ціханоўскага і шэрагу яго паплечнікаў. Цяпер яны пераведзены ў Мінск, заведзена крымінальная справа.

Грамадства ўспрымае сітуацыю як спробу сфабрыкаваць рэальны тэрмін для папулярнага палітычнага блогера, які кінуў выклік Лукашэнку.

Чытайце. Праваабаронцы: Ціханоўскі — палітычны зняволены

Журналіст «Нашай Нівы» Арцём Гарбацэвіч у сваім тэлеграм-канале запытаў сілавікоў, што яны думаюць пра затрыманне Ціханоўскага.

Сілавікі, якія працягваюць служыць, пакуль не выказваюцца публічна. Пад сваім імем гавораць людзі, якія выйшлі ў адстаўку.

Сваю ацэнку падзеі даў былы аператыўнік крымінальнага вышуку Вячаслаў Радомскі. 

У сістэме МУС ён працаваў з 1999 па 2008 год, частку гэтага перыяду — у крымінальным вышуку Баранавічаў. 
Радомскі кажа, што пакуль яшчэ не можа выдаваць усе дэталі сваёй біяграфіі ў органах. 

Вячаслаў Радомскі, фота з уласнага архіва. 

«Відавочна, што сітуацыя з затрыманнем была падрыхтаванай акцыяй: правакатары доўга хадзілі за Ціханоўскім і спрабавалі арганізаваць канфлікт, крычалі і хапалі яго за вопратку.

Што ён рабіў? Сыходзіў і падкрэсліваў, што гаварыць з імі не хоча, на што жанчыны-правакатаркі паскардзіліся супрацоўнікам міліцыі.

«Чалавек не адказвае на мае пытанні!», — і міліцыянеры бягуць па Сяргея, хапаюць яго за рукі.

Гэта цалкам фантастычная рэакцыя міліцыянера на адмову чалавека адказваць на пытанні — паспрабуйце звярнуцца з такім да іншага супрацоўніка, якога вы сустрэнеце на вуліцы.

Далей, калі нават уявіць, што нечыя правы парушаныя і ёсць вінаваты: як участковы так хутка зразумеў, што Ціханоўскі — гэта менавіта той, на каго скардзіцца грамадзянка, што мэтава кінуўся да яго, мінаючы натоўп?

Калі пачалася валтузня, відаць, што Ціханоўскі не чапаў міліцыянераў, а проста сыходзіў у бок, пазбягаючы сутыкнення.

Гэтак жа добра на відэа бачна, як два чалавекі (у зялёнай куртцы і чорнай) акуратна укладваюць міліцыянера на зямлю.

Што робіць міліцыянер? Проста ляжыць і нават не спрабуе падняцца!

Псіхалагічны бок: калі б яго перад гэтым ударылі, то ён, лежачы на зямлі, паспрабаваў бы ці адразу ўскочыць, ці прыняць абарончую позу, прыкрыць жыццёва важныя органы.

Гэтаму ўсяму вучаць супрацоўнікаў.

А фізіялагічна мне таксама цалкам зразумела, што пасля моцнага прапушчанага ўдару ў жывот — нам жа расказваюць пра брушную сценку! — у чалавека ёсць дзве позы: ён не можа разагнуцца і або стаіць на каленях, або скручаны на баку.

А тут гэты ўчастковы спакойна ляжыць, пазіруе на камеру. Напэўна, таму што ён ведаў і ведае, што ніхто яго не біў і біць не будзе, яму не баліць.

А далей імгненна з'яўляецца АМАП, імгненна з'яўляецца хуткая дапамога, а затрыманых развозяць па розных аддзяленнях — гэта на 100% спланаваная правакацыя, на якую Сяргей Ціханоўскі не павёўся, таму давялося ляпіць нейкую недарэчнасць з таго, што ёсць.

Каб рэзюмаваць бездаказальнасць абвінавачвання, не трэба нават быць аператыўным супрацоўнікам, тут усё ясна і так.

Таму я хацеў бы нагадаць людзям, якія такім займаюцца: хлопцы, памятайце, Лукашэнка сыйдзе, а вы застаняцеся».

Чытайце таксама: Былы следчы пра затрыманне Ціханоўскага: Калегі абураныя тым, як гэта рабілася і хто быў задзейнічаны

Чытайце таксама: Капітан МУС у адстаўцы Алег Манкус пра затрыманне Ціханоўскага: Сорамна, што міліцыя ўлезла ў такую смярдзючую справу

Арцём Гарбацэвіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930