Знайсці
31.05.2020 / 16:0812РусŁacБел

Праваабаронцы: Затрыманні актывістаў працягваюцца 31 мая

Праваабаронцы-вясноўцы паведамляюць пра затрыманні актывістаў па усёй Беларусі.

Раніцай 31 мая затрыманыя трое сябраў ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай — Уладзімір Мароз з Кобрына, Валерый Рамановіч з Пінска, Аляксандр Мілюк з Мастоў. Першага даставілі ў мясцовы РАУС. Мілюку ўручылі пазоў і адвезлі ў Следчы камітэт у Гродне, каб дапытаць як сведку па крымінальнай справе, узбуджанай пасля інцыдэнту ў Гродне 29 мая. Днём Мілюка вызвалілі, ён прыехаў на Савецкую плошчу ў Гродне, дзе ідзе збор подпісаў. Валерыя Рамановіча таксама адпусцілі.

Таксама «Вясне» паведамілі, што ў Мінску затрыманы актывіст «Народнай Грамады» Валянцін Троцкі. Каля 14.00 стала вядома, што актывісту стала дрэнна, у яго гіпертанічны крыз. Яго вязуць у бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі.

Мікалая Статкевіча каля 12:30 затрымалі людзі ў цывільным па дарозе на пікет на Камароўцы. Яго павезлі ў РУУС Ленінскага раёна Мінска.

Вольга Нікалайчык паведаміла, што таксама затрыманая актывістка «Народнай Грамады» Вераніка Мішчанка і яшчэ некалькі чалавек, у якіх была апаратура для мінскага пікета.

Праваабаронцам паведамілі, што ў Гродне таксама затрыманы Валерый Епіфанаў. Пад домам адной з каардынатарак ініцыятыўнай групы ў Шчучыне Ганны Раманцэвіч таксама дзяжурыць міліцэйская машына. Такая ж сітуацыя склалася ў каардынатара ІГ Ціханоўскай па Гомелі і Гомельскай вобласці.

Раніцай 31 мая на выездзе з Баранавічаў затрымалі актывістку Тамару Патоцкую. Прычына - «не пройдзены тэхагляд». Яе павезлі ў РУУС у суправаджэнні пяці міліцэйскіх машын з мігалкамі.

Паведамляецца, што ў Вілейскім РАУС з раніцы знаходзіўся затрыманы на тры гадзіны актывіст Аляксей Сюдак. Стала вядома, што міліцыя затрымала ў Маладзечне актывіста Алеся Абрамовіча. Ён знаходзіцца ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі.

У Віцебску затрыманы Алег Баразна. Яго затрымалі супрацоўнікі міліцыі падчас усталявання палаткі для збору подпісаў. Паведамляецца, што зніклі Саламаненка і Ільянец.

У Мінску на плошчы Якуба Коласа супрацоўнік ДАІ затрымаў кіроўцу, які сігналіў у падтрымку акцыі.

У Гомелі затрымалі блогера Івана Рэмязоўскага. Ён — сірата, вядзе Yotube-канал «RealBelarus», нядаўна адбыў 15 сутак за акцыю салідарнасці з Сяргеем Ціханоўскім 7 траўня ў Гомелі. «Яго схапілі міліцыянты, як толькі ён выйшаў з дому, павезлі ў Навабеліцкі РАУС», — паведаміў «Радыё Свабода» блогер Арцём Шапараў.

У Мінску затрыманы лідар «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч. Знікла сувязь з актывісткай Ірынай Цап.

У Гомелі прыкладна а 12.00 была затрыманая Нарыскіна Святлана. Жанчыну даставілі ў Цэнтральны РАУС. Хутчэй за ўсё затрыманне звязанае з яе ўдзелам у акцыі ў падтрымку Ціханоўскага 7 мая. 

У Брэсце прыкладна ў 16.40 затрыманы АМАПам Анатоль Данількевіч за бел-чырвона-белы сцяг.

У Мінску затрыманы Яўген Гормаш, які крычаў «Ганьба» на супрацоўніка ДАІ, які афармляў пратакол на кіроўцу. Спачатку яго спрабавалі затрымаць супрацоўнікі ДАІ, але народ адбіў яго. Потым яго ўсё ж затрымалі ў дварах супрацоўнікі ў цывільным.

Па відэа, якім актывіст «Маладога фронту» Віталь Трыгубаў паспеў падзяліцца ў Facebook, бачна, як затрымліваюць Віталя, а таксама актывістаў Андрэя Войніча і Максіма Вінярскага. Мікрааўтобус спыніў таксі, дзе ехалі актывісты, затым пачалося затрыманне. 

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера