Знайсці
31.05.2020 / 11:4243РусŁacБел

Чэргі, каб падпісацца «супраць Лукашэнкі». ФОТЫ, ВІДЭА з Мінска, Віцебска, Брэста, Жлобіна, Стоўбцаў, іншых гарадоў…

Тысячы людзей сабраліся сёння на Камароўцы ў Мінску, каб паставіць подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў.

Чарга выцягнулася па вуліцы Харужай, плошчы Якуба Коласа і вуліцы Якуба Коласа да вуліцы Кульман, хоць подпісы прымаюць за Святлану Ціханоўскую за 16 сталамі, а за Віктара Бабарыку — за 11 сталамі.

Людзі перыядычна апладзіруюць машынам, якія сігналяць. А таксама скандуюць «Жыве Беларусь!», «Стоп таракан», «Лукашенко, уходи!», «Выпускай» і «Свабоду!». Вось відэа:

Нагадаем, што відэаблогер Сяргей Ціханоўскі быў затрыманы пасля правакацыі ў Гродне 29 мая. Сёння быў затрыманы і экс-кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч. Тым не менш, адбываецца фенаменальная самаарганізацыя іх прыхільнікаў.

Чытайце таксама: 

Правакацыя ў Гродне: АМАП затрымаў Ціханоўскага ВІДЭА

МУС пра затрыманне Ціханоўскага: заведзена крымінальная справа

«Прыемная дзяўчына пышных форм». Ідэнтыфікавалі правакатарку з сустрэчы з Ціханоўскім

Як сведчаць фоты і відэа, тысячы людзей стаялі сёння ў чэргах і ў іншых гарадах краіны, каб аддаць подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў — а, фактычна, супраць Аляксандра Лукашэнкі.

Глядзіце фота і відэа тут ніжэй:

20.15

Паводле заканадаўства, подпісы за кандыдатаў можна збіраць да 22-й гадзіны. На фота — чарга падпісацца за Ціханоўскую каля «Максімуса» ў мінскім Сухараве. У ёй, з пільным датрыманнем сацыяльнай дыстанцыі, стаіць каля 50 чалавек.

19.00

Чарга на Камароўцы, нарэшце, скончылася. Але асобныя людзі яшчэ падыходзяць да падпісных сталоў. Подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў сёння ў Мінску збіралі сем гадзін, чарга расцягвалася на кіламетр і дасягала больш як двух тысяч чалавек.

17.44

Чарга ў Оршы.

15.45

Нягледзячы на тое, што збор подпісаў за Ціханоўскую ідзе на 16 сталах, за Бабарыку — на 11, у чарзе ўсё яшчэ стаіць вельмі многа людзей. Канец чаргі завяртае з вуліцы Харужай на вуліцу Коласа ў бок Кульман і цягнецца яшчэ каля ста метраў, паведамляюць карэспандэнты НН. 

Зборшчыкі подпісаў, каб паскорыць працэс, падыходзяць да людзей у чарзе.

15.36

Невядомыя ў цывільным схапілі на прыпынку насупраць Камароўкі чалавека і пасадзілі ў таніраваны мікрааўтобус.

На гэтым відэа бачна, як, меркавана, таго самага чалавека перасаджваюць у іншы мікрааўтобус у адным з прылеглых двароў. 

15.21

Каля падпісных сталоў пачаўся імправізаваны канцэрт: спяваюць рок-хіты пад гітару. Людзі, чакаючы сваёй чаргі, слухаюць. 

15.00

На Камароўцы абсвісталі сілавікоў з мегафонам, якія спрабавалі казаць, што сход незаконны.

14.40

Жлобін:

14.18

Людзей на Камароўцы падтрымліваюць аўтамабілісты.

14.10

Чарга ў Гродне.

13.59

13.55

Збор подпісаў у Лідзе.

13.53

Чарга на Камароўцы, выгляд зверху.

13.44

Чарга ў Стоўбцах.

13.39

Лейтматыў збору подпісаў на Камароўцы, апроч песні «Разбуры турмы муры» — рускамоўная «Свергнем таракана!» на матыў We will rock you гурта Queen.

13.34

Па выніках пагалоўнага падліку назіральнікаў-вясноўцаў, на 13.20 у чарзе да зборшчыкаў подпісаў на Камароўцы стаяла больш за 2100 чалавек.

13.32

Гродна:

Рэчыца:

13.26

Чарга ў Брэсце:

13.24

Чарга на Камароўцы выцягнулася па вуліцы Харужай, плошчы Якуба Коласа і вуліцы Якуба Коласа да вуліцы Кульман. Агульная яе даўжыня складае каля 920 метраў.

Людзі перыядычна апладзіруюць машынам, якія сігналяць. А таксама скандуюць «Жыве Беларусь!», «Стоп таракан», «Лукашенко, уходи!» і «Выпускай».

13.17

Чарга паставіць подпісы ў Маладзечне.

13.11

На Камароўцы заўважаны кандыдат у прэзідэнты-2010 Дзмітрый Ус. Ён прыйшоў «падтрымаць Статкевіча, падтрымаць усё жывое». 

13.04

Чарга да Камароўкі выцягнулася да рога вуліц Коласа і Кульман.

12.59

Па дарозе да Камароўскага рынку быў затрыманы палітык Мікола Статкевіч.

12.55

Каля тысячы чалавек сабраліся ў Гомелі ў падтрымку Ціханоўскага. Прыйшла міліцыя, папярэдзіла, што «Вашы дзеянні падпадаюць пад парушэнне». Людзі пачалі пляскаць у далоні і скандаваць «Ганьба».

12.54

Людзі каля Камароўкі патрабуюць вызвалення Ціханоўскага, скандуючы і пляскаючы ў ладкі. Машыны сігналяць у знак падтрымкі.

12.50

У Магілёве доўгая чарга падпісацца стаіць пад праліўным дажджом. 

12.39

На Камароўцы подпісы за Ціханоўскую збіраюць за 16 сталамі, за Бабарыку — на 11, за Казлова — за трыма сталамі. Чарга падпісацца стаіць да плошчы Якуба Коласа, у ёй больш як 1000 чалавек.

12.37

У Віцебску сабралася вялізная чарга да зборшчыкаў подпісаў, паведамляюць Народныя навіны Віцебска.

12.31

У Брэсце пікеты за кандыдатаў стаяць каля кінатэатра «Беларусь». Прысутнічаюць зборшчыкі за Ціханоўскую, Бабарыку, Цапкалу і Чэрачня. Найбольшая чарга за Ціханоўскую.

12.25

У Брэсце на плошчы Леніна сабралася каля сотні людзей, каб разам рушыць да месца збору подпісаў. У Кобрыне, паведамляе радыё «Свабода», быў затрыманы адзін з арганізатараў па прозвішчы Мароз, які раніцай збіраўся ехаць у Брэст.

 

12.18

Усталёўваюць стэнд Віктара Бабарыкі, скора мае пачацца збор подпісаў і за яго.

12.13

Чарга ахвотных падпісацца за Ціханоўскую заканчваецца ўжо каля «Пасажа». Людзі пад'язджаюць на таксоўках і становяцца ў канец чаргі.

12.02

Чарга заходзіць за Дом мэблі, у ёй ужо больш як 250 чалавек. Непадалёк стаіць пікет па зборы подпісаў за Андрэя Дзмітрыева. Побач з ім два чалавекі. 

12.01

Подпісы за Ціханоўскую рэгіструюць на пяці сталах, да кожнага стаіць асобная чарга.

12.00

У чарзе ўжо больш за сто чалавек. З дынамікаў гучыць песня «Разбуры турмы муры».

У Мінску каля Камароўскага рынку, дзе праходзіць пікет Святланы Ціханоўскай, стаіць чарга з ахвотных паставіць подпіс за яе вылучэнне.

Палітыкі Мікола Статкевіч і Павал Севярынец заклікалі у сацыяльных сетках «абараніць Сяргея Ціханоўскага і будучыню краіны» і далучацца да легальных пікетаў Святланы Ціханоўскай ва ўсіх абласных цэнтрах а 12-й гадзіне ў нядзелю.

У Мінску такі пікет праходзіць каля Камароўскага рынку.

Чытайце таксама: 

Правакацыя ў Гродне: АМАП затрымаў Ціханоўскага ВІДЭА

«Прыемная дзяўчына пышных форм». Ідэнтыфікавалі правакатарку з сустрэчы з Ціханоўскім

МУС пра затрыманне Ціханоўскага: заведзена крымінальная справа

Гіганцкія чэргі выстройваюцца, каб падпісацца супраць Лукашэнкі ФОТА. Затрыманне Ціханоўскага дало імпульс аб'яднанню альтэрнатыўных кандыдатаў

Фота Надзеі Бужан, відэа Арцёма Гарбацэвіча, тэкст карэспандэнтаў «Нашай Нівы»

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера