Знайсці
31.05.2020 / 16:4615РусŁacБел

Былы следчы пра затрыманне Ціханоўскага: Калегі абураныя тым, як гэта рабілася і хто быў задзейнічаны

Вынікам правакацыі на пікеце ў Гродне стала затрыманне блогера Сяргея Ціханоўскага і шэрагу яго паплечнікаў. Цяпер яны пераведзены ў Мінск, заведзена крымінальная справа па артыкуле 364 Крымінальнага кодэксу (Гвалт або пагроза гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў). 

Чытайце таксама: 

Правакацыя ў Гродне: АМАП затрымаў Ціханоўскага ВІДЭА

МУС пра затрыманне Ціханоўскага: заведзена крымінальная справа

Для «Нашай Нівы» сваю думку наконт затрымання выказаў нядаўні следчы Яўген Юшкевіч. 

Юшкевіч два гады адпрацаваў пазаштатным супрацоўнікам у следстве мінскай пракуратуры, потым яшчэ пяць — следчым, пакуль не сышоў з пасады старшага следчага аддзела па расследаванні эканамічных злачынстваў упраўлення Следчага камітэта па Мінску. Цяпер працуе ў ІТ-сферы.

Ён заўважная і вядомая фігура ў юрыдычных колах Беларусі. 

Юшкевіч падкрэслівае, што яго меркаванне нельга лічыць дакладнай экспертызай здарэння, бо ў яго няма ўсіх матэрыялаў, якія могуць мець значэнне. У сваіх высновах ён абапіраецца толькі на тое, што ёсць у публічным доступе.

«Наколькі я бачу з відэа, Ціханоўскі ўвогуле ніякіх дзеянняў ў дачыненні да міліцыі не прадпрымаў. Увогуле ніякіх! А таксама ў дачыненні да іншых асоб, — кажа Юшкевіч. — Артыкул 364, па якім распачатая справа, прадугледжвае толькі актыўныя дзеянні, таму я магу падумаць, што самога Ціханоўскага маглі затрымаць толькі ў рамках адміністратыўнага працэса, бо ў яго былі неадбытыя суткі».

«Скарга грамадзянкі: «Ён мне не адказвае на пытанні» — не з’яўляецца падставай для затрымання ні па адным артыкуле ў рамках крымінальнага ці адміністратыўнага права.

Што датычыць дзеянняў іншых людзей пасля затрымання Ціханоўскага, то тут можна знайсці склад правапарушэння ці злачынства.

Таму тут незразумела, ці распачалі справу ў дачыненні да Ціханоўскага, ці ў дачыненні да невысветленых асоб, якія, напрыклад, адламалі дзверы ў машыне АМАПу.

Як правіла, работнікі сілавых ведамстваў не заяўляюць на выпадкі «шкамутання», бо гэта частка іх работы, але сарваны пагон ці штуршок у спіну юрыдычна з’яўляецца нагодай для таго, каб распачаць справу.

Калі нехта іншы ў натоўпе штурхаў нейкіх амапаўцаў ці біў у жывот міліцыянера (хоць гэтага і не відаць на відэа), то такое адназначна лічылася б злачынствам і ў любой іншай краіне.

Напрыклад, у Штатах гвалт у адносінах супрацоўнікаў ужываць нельга ўвогуле ніколі — даказвай потым сваю рацыю ў судзе.

Але ёсць канкуруючая норма: у чалавека ёсць права на неабходную абарону.

Калі грамадзянін яўна бачыць, што супрацоўнік у форме здзяйсняе злачынства ці неправамоцны ўчынак, ён мае права спыніць яго. І людзі, якія абаранялі Ціханоўскага ад затрымання, маглі дабрасумленна выконваць свой грамадзянскі абавязак па неабходнай абароне.

Зразумела, што ў Беларусі такое не працуе.

Я згодны са Шрайбманам, што гэта крывая акцыя па ліквідацыі палітычных канкурэнтаў. Я абмяркоўваў сітуацыю з калегамі, якія цяпер працуюць: яны абураныя і тым, як гэта ўсё рабілася, і тым, хто менавіта пры гэтым быў задзейнічаны. Палітычны складнік відавочны».

Чытайце таксама: 

«Прыемная дзяўчына пышных форм». Ідэнтыфікавалі правакатарку з сустрэчы з Ціханоўскім

Былы топ-следчы пра рэаліі работы СК: як працуе, што баліць і як змяніць да лепшага

АЯ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера