Знайсці
30.05.2020 / 15:2415РусŁacБел

Памёр 86-гадовы Віктар Жалабковіч — апошні сведка Хатыні

Яго не стала 24 мая.

Віктар Жалабковіч, фота sb.by

Супрацоўнікі мемарыяльнага комплекса «Хатынь», якія падтрымліваюць кантакт з сям’ёй Жалабковіча, пацвердзілі факт смерці. Па іх словах, Ядвіга Андрэеўна, жонка Жалабковіча, сёння знаходзіцца ў бальніцы.

У сувязі з гэтым ходзяць чуткі, што смерць Жалабковіча магла быць выклікана каранавірусам альбо пнеўманіяй, але пацверджанняў гэтаму пакуль няма.

Віктар Жалабковіч нарадзіўся ў 1934 годзе ў вёсцы Хатынь. У сям’і было чацвёра дзяцей: два браты, сястра і самы малодшы Віця.

«Усё здарылася нечакана. У гэты дзень у вёсцы былі партызаны. Мы з бацькам пайшлі на ток — ён рэзаў сечку, а я катаўся на арэлях, якія тата змайстраваў для мяне, — расказваў Жалабковіч пра дзень, калі спалілі Хатынь. — І раптам пачуліся стрэлы, некалькі выбухаў. Партызан, які сядзеў побач на стозе сена, падхапіўся, пальнуў у паветра і закрычаў: «Фашысты!» Бацька ўзяў мяне за руку, і мы пабеглі дадому. Вярнуліся, замкнуліся і ўсёй сям'ёй спусціліся ў скляпок. Але схавацца ад карнікаў не ўдалося. Спачатку яны проста грукалі, потым выламалі дзверы, вывелі на вуліцу і пагналі ў вялікі калгасны хлеў. Паколькі наша хата стаяла на самым краі з левага боку, прыйшлося ісці практычна праз усю вёску.

Як толькі ўсе вяскоўцы апынуліся ў хляве, фашысты яго замкнулі. Я трымаўся каля маці, мы засталіся ля самых дзвярэй. А браты і сястра разам з бацькам пайшлі ўглыб пабудовы. Мне было відаць праз шчыліну, як карнікі падносілі каністры з бензінам і аблівалі сцены, падкідвалі сена. Саламяная страха ўспыхнула імгненна. Усё загарэлася, затрашчала. Як жа ўсе крычалі!

Чытайце таксама: Нельга забыць: мы з вогненнай вёскі

Мы з мамай выскачылі з хлява і патрапілі пад шквал агню. Далёка сысці не атрымалася, упалі. Ад страху прыціснуўся да матчынага цела і адчуў рэзкі штуршок. Гэта была куля, якая забіла маму, а мяне чырканула па плячы. Я сказаў шэптам: «Мяне параніла». Але ў адказ нічога не пачуў. Вакол чуўся жудасны чалавечы стогн».

7-гадовы Віця праляжаў на зямлі, пакуль не з’ехалі фашысты. На наступны дзень яго знайшлі жыхары суседніх вёсак.

Пасля трагедыі хлопчык жыў у чужых людзей на хутары, затым у сваячкі з іншай вёсцы. Але, калі разам са сваячкай яны збягалі ад чарговага рэйду фашыстаў, Віця згубіўся. Яго знайшлі партызаны, перадалі нейкай чужой бабулі. У выніку пасля вайны хлопчык трапіў у Плешчаніцкі дзіцячы дом. Ён нават не ведаў свой дакладны ўзрост: казаў толькі, што яму каля 7 гадоў.

Пасля Жалабковіч скончыў рамеснае вучылішча, працаваў фармоўшчыкам-ліцейшчыкам на станкабудаўнічым заводзе. Адслужыў у войску.

Скончыў вячэрняе аддзяленне БПІ па спецыяльнасці інжынер-механік. З 1976 года працаваў у канструктарскім бюро дакладнага машынабудавання.

Ажаніўся, жыў у Мінску.

УШ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930