Знайсці
28.05.2020 / 19:0216РусŁacБел

«Назавіце час і дату — і ўсе выйдуць»: што кажуць на пікетах Ціханоўскага. 14 меркаванняў простых беларусаў

Блогер Сяргей Ціханоўскі працягвае ездзіць па краіне і ладзіць сустрэчы з прыхільнікамі. Гэтыя пікеты праходзяць у фармаце свабоднага мікрафона — людзі кажуць пра набалелае. «Наша Ніва» занатавала гэты vox populi, выказванні ўдзельнікаў сустрэч у Баранавічах і Магілёве. 

Мужчына, Баранавічы: «У нядзелю глядзеў стрым з Камароўкі, думаў: мо каб бліжэй дзе, то і я пад’ехаў бы. Сёння, яшчэ 2 гадзіны таму, сядзеў на канапе. Думаю: цяпер адмазка не пракоціць, што далёка. Прыехаў з суседняга горада сказаць, што трэба нешта мяняць, так невыносна. У 2015-м годзе падыходзіць паштарка, кажа: «А чаму галасаваць не прыходзілі? Мы за вас прагаласавалі». Як гэта так?» 

Жанчына, працуе ў кнігарні, Баранавічы: «Хацела б перадаць ад свайго мужа вам прывітанне. Ён не можа зараз сюды прыехаць: ён далёка на працы. Ён супраць усёй сённяшняй улады, ён толькі за вас, хоча, каб нешта памянялася. Мы 4 гады разам, але з іх толькі год можам быць разам. Робім рамонт, купілі кватэру, за якую плацім амаль 15% гадавых — гэта неверагодная сума для нас. Мы не выцягваем, калі б працавалі толькі тут. А я хачу быць з сям’ёй, у нас расце дачка. Мне дрэнна, дзіцяці дрэнна, хочацца нешта мяняць, каб быць разам.

Я сама працую ў кнігарні, фатаграфіі (Лукашэнкі — заўв. НН) на кожным кроку, увесь такі маладзенькі, прыгожанькі, а на самай справе ўжо гадоў пад 70. Хаця б для таго, каб змяніць фатаграфію, бо ўжо дастаў сваім хамствам, быдляцтвам, проста невыносна. Мы напужаныя настолькі моцна, што ўжо няма чаго баяцца. Каго баяцца? Міліцыю? Ды бачыла я гэтую міліцыю! Я іх піхну — яны паваляцца: маленькія, школьнікі, якіх узялі, каб атрымаць нейкія льготы ў будучыні. Якая будучыня нас чакае? З кім? З Колем, «доколе»?

Да нас у кнігарню прыходзіла санстанцыя, спрабавалі выбіць з нас штраф. Я іх проста паслала. Тыкалі нам законам. У нас няма законаў, адныя рэкамендацыі. «Вы павінны!» Мы нікому нічога не павінны».

Мужчына, Баранавічы: «Сяргей, можна табе сказаць аграмадны дзякуй за тое, што ты гэтыя мёртвыя масы зварухнуў з месца. У мяне сяброў — гара, таксама іх клікаў: «Паехалі, Сярога харошую тэму прасоўвае», — уключаюць заднюю. Нават у масках баяцца! Мяне проста перапаўняе, не ведаю нават, што сказаць, маладзец, Сярога. Маладзец! Мы стаім у чарзе і будзем стаяць да апошняга».

17-гадовы юнак, Баранавічы: «Я хачу сказаць ад маладога пакалення пару слоў. Я нарадзіўся ў 2002 годзе і за ўсё сваё жыццё ні разу не бачыў ніякіх перамен у гэтай краіне. Хочацца сказаць беларусам, каб яны не сядзелі дома, каб яны прымалі здаровыя рашэнні. У нас добрае геапалітычнае становішча, мы перспектыўныя ў свеце, каб развіваць сваю краіну. Дык давайце нарэшце збяромся — і ў нашай краіне з’явіцца выбар, чэсная ўлада, і наша жыццё наладзіцца».

Мужчына, Баранавічы: «Прыехаў з іншага канца горада, каб паўдзельнічаць і падпісацца. Чаму я тут? Я зусім не за вашую жонку — я яе адзін раз бачыў на Ютубе, — я проста супраць, а не за. Вы не мой ідэал кандыдата ў прэзідэнты, мы тут сабраліся насамрэч, таму што мы проста супраць. Мне не важна, за каго галасаваць, груба кажучы, я б прагаласаваў і за сваю кававарку, абы толькі не Лукашэнка. Дзякуй, Сяргей!»

Мужчына, Баранавічы: «Вы таксама іх зразумейце (людзей, якія не прыйшлі — заўв. НН), на іх не трэба крыўдзіцца, бо ў кожнага свая праца, яны ўсё выдатна разумеюць, яны таксама хочуць краіну для жыцця, як вы і як мы. Я вельмі рады, што тут сабралася столькі людзей, не чакаў, у нашым горадзе ўсім заводам прыйшла хана, засталося шмат дзяржслужбоўцаў, бюджэтнікаў, яны пабойваюцца, але я рады, што ў нас ёсць людзі, якія хоць і шыфруюцца, баяцца, але прыходзяць, бо ўсе хочуць перамен. Нават у будынку гарвыканкама хочуць перамен. Але гэтая камандна-адміністратыўная сістэма не дае нам развярнуцца ніяк, гэта ўсе выдатна разумеюць.

Я спадзяваўся, што яшчэ ў 2010 годзе, калі ў нашай краіне яшчэ былі грошы, можна было праводзіць рэформы. Але ў нас жа «ідэальная сацыяльна-эканамічная палітыка, шведскага ўзору.

Уся праблема беларускага менталітэту ў чым? 1863 год — засталася траціна насельніцтва. Першая сусветная, Другая сусветная, недзе нехта быў супраць — усіх пад корань. Усе, хто можа нехта сказаць, крыху свабаднейшы душой, мае характар — усіх падрэзалі. Засталіся ціхія, спакойныя людзі, памяркоўныя. Але чаго баяцца? Градус напружання на мяжы. Усе, хто мог, раз’ехаліся хто куды. Застаюцца толькі тыя, каго трымае сям’я і дзеці, каму рызыкоўна кудысьці з’язджаць, бо не бачыш, як дзеці растуць, прыязджаеш як да чужых. Хочацца тут жыць, развівацца, але, на жаль…»

Мужчына, былы вайсковы лётчык, Баранавічы (пра міліцыю): «Можа, з міліцыяй можна неяк паласкавей? Нельга іх так цкаваць. Нават Караеў вытрымлівае пазіцыю. Ён жа не павінен бяздзейнічаць, будзе бяздзейнічаць — прызначаць больш жорсткага, той усё парве. Ён стрыманы проста. Зараз жа нідзе не выступае, маўчыць. А можа быць, у гадзіну Х міліцыя пачне веерна пераходзіць на бок людзей — гэта будзе самае галоўнае. Ён жа [Лукашэнка — НН] акажацца без падтрымкі. Сяргей Леанідавіч, не трэба, каб ты іх цкаваў, і не кожны з іх галасуе за яго, калі заходзіць у гэтую кабінку».

Маладая жанчына, Магілёў: «А можна вам малітву перадаць? Вельмі дзейсная. Я тут перапісала, яна вельмі дапамагае, я за вас вельмі перажывала».

Мужчына-бізнэсмен, Магілёў: «Я не веру, што нешта зменіцца, але калі ўсё гэта не пройдзе, нельга здавацца, назавіце час і дату — і ўсе выйдуць. Усіх задзяўбло гэта. Канкрэтны час, ва ўсіх гарадах трэба выходзіць і стаяць, крычаць, каб ён [Лукашэнка — НН] сыходзіў. Бо гэта болей немагчыма выносіць. Усе задыхаюцца, закручваюць усіх. Як можна жыць за 300—500 рублёў? У мяне 7 бізнэсаў (7!) — я зарабляю 2000 беларускіх рублёў. Гэта што за лухта?! Ён выгнаў з краіны самых разумных людзей. Кампанія Wargaming, якая ўваходзіць у 10 найбагацейшых кампаній, — а ты выгнаў яе з краіны! Тут трэба ваяваць да канца. Я парву гэты ланцуг і аддам яго вам. Дзякуй вам».

Мужчына, Магілёў: «Шмат безгранічча, таму нам трэба неяк усім узяцца і арганізаваць краіну для жыцця, у якой людзі не будуць баяцца сказаць слова, адкрыта хадзіць па вуліцах, адкрыта адзін аднаму ў вочы глядзець, каб нашым дзецям не было сорамна за нас. Дзякуй!»

Жанчына, Магілёў: «Сярожа, добры дзень! Мы радыя вас вітаць у нашым горадзе, я ваша падпісчыца. Мы сюды прыйшлі аддаць свой голас за сумленныя свабодныя выбары. Мы хочам жыць у вольнай краіне, новай Беларусі, каб нашы дзеці і мы жылі шчасліва, каб наша будучыня і будучыня нашых дзяцей была годнай. Дзякуй вам за вашу работу, за вашу дзейнасць! Мы за перамены».

Жанчына, Магілёў: «Шмат хто з моладзі наракае, што мы нешта прапусцілі, упусцілі, не хачу згадзіцца з гэтым, бо ў канцы 90-х, калі я была маладая, прыгожая, здаровая, я таксама выходзіла за незалежнасць, адстойвалі Курапаты, і дубінкай па плячах атрымала. Таму наша пакаленне таксама рабіла свой унёсак. Я тут нават па-хуценькаму верш напісала:

Мая зняволена Радзіма,
Яе калечаць каршуны,
Тыран-вар’ят, тыран ілжывы
Скруціў цябе ў кайданы.

Ён нас паставіў на калені,
Прымусіў годнасць нам схіліць,
Тваіх сыноў у дачыненні
Рашыў за кратамі згнаіць.

Не, будзе суд, не толькі Божы,
Пруса, як смецце, за парог,
Згартуем моц і пераможам:
Мы за Радзіму, з намі Бог.

Жыве Беларусь!»

Малады чалавек, Магілёў: «Я сёння тут, бо мне проста крыўдна, што гэты чалавек скраў 26 год наша жыцця, за якія б мы маглі спакойна развівацца і расці, і мне сорамна за тых беларусаў, якія сядзяць дома і думаюць, што, седзячы на канапе, можна нешта змяніць. І хай яны ў наступны раз, калі будуць лаяць Лукашэнку, седзячы на канапе, спачатку падумаюць, што яны зрабілі для таго, каб нешта памяняць».

Мужчына, Магілёў: «Серы, страшна, канечне, і за цябе страшна, але мы прыйшлі, бо 26 год ужо [Лукашэнка — НН]. Няўжо яму не хапае, колькі можна? Любы хай заменіць, жонка твая ці яшчэ нехта. Нам патрэбныя перамены. Мы, пенсіянеры, то ладна, што ўжо зробіш, жыццё наша загубіў, а моладзь павінна нешта памяняць, каб мы засталіся жыць у цэнтры Еўропы пры разумным, сумленным раскладзе, а не так, як яно адбываецца зараз. Цябе, небараку, падтрымліваем цалкам. Можа, у цябе што-небудзь не атрымаецца, але мы заўсёды ў Магілёве будзем на тваім баку».

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031