Знайсці
28.05.2020 / 12:5512РусŁacБел

Дашкевіч, Марачкін і Падгол стварылі інсталяцыю «Анёлы ў Курапатах». Як вам? ФОТЫ

Філосаф і пісьменнік Уладзімір Падгол прыдумаў скульптурны праект «Анёлы ў Курапатах». Агульным кіраваннем праекта займаўся мастак Аляксей Марачкін, а дапамагаў працэсу грамадскі лідар Зміцер Дашкевіч. «Наша Ніва» завітала ў госці да філосафа, каб паглядзець на новыя скульптуры.

«Гэты скульптурны праект задумваўся як сімвал мірнага жыцця. Працу над ім я пачаў восенню, але галоўнае было зроблена падчас самаізаляцыі», — тлумачыць Уладзімір Падгол.

Інсталяцыю складаюць тры анёлы: галоўны Курапацкі і яго два «асістэнты». Адметныя дэталі, якія вылучаюць Курапацкага анёла побач з яго «асістэнтамі», відавочныя, упэўнівае Уладзімір. Над німбам Курапацкага анёла — гільзы, на галаве — пакінутыя кулямі адтуліны, самі ж кулі нібы ляцяць над галавой анёла.

«Мой сусед па пад’ездзе Вячаслаў Язерскі — вельмі рукасты хлопец, — распавёў Уладзімір. — Я хацеў гэтыя кулі засунуць у дзіркі, а ён кажа: «Не, давай мне дрот: зробім, каб яны нібы ляцелі над галавой анёла ў гэтыя дзіркі.

Яшчэ Марачкін мне казаў неяк, што было б добра, каб німб свяціўся. Я зноў запрасіў свайго таленавітага суседа, а ён і адказаў: «Без праблем, будзе ў цябе німб свяціцца!» І зрабіў. І выглядае так шыкоўна, што я нават думаю, што ў Расіі ёсць яйкі Фабержэ, а ў Беларусі цяпер ёсць анёлы Падгола!» 

Галоўная скульптура стаіць на цёмнай падстаўцы з бліскучымі дэталямі на ёй — гэта, па задумцы Марачкіна, «не зямля, а перакуленае неба з зорачкамі ў ім». Вакол пастамента стаяць сем драўляных крыжоў, якія зрабіў Зміцер Дашкевіч. Яны сімвалізуюць тыя 70 крыжоў, якія летась падчас крыжалому вывезлі ляснічыя. Пасярод неба з зорачкамі — драўляная лава, якую таксама зрабіў Дашкевіч:

«Гэта копія «лавы Біла Клінтана», якую разбурылі вандалы, — тлумачыць Падгол. — Калі Дашкевіч прынёс сваю копію, мне Марачкін адразу сказаў: «Ляці ў Курапаты і на месцы лавы Клінтана набяры дробненькіх кавалкаў з гэтай лавы. І вось яны цяпер і на нашай лаве ёсць — таму ў нас сапраўдная лава Клінтана!»

Крылы анёлаў Падгол з майстрамі, Міколам Круком і Генадзем Рабекам, выразалі спецыяльна. На саміх крылах наклееныя пабітыя елачныя цацкі. А развешаныя на крылах гадзіннікі сімвалізуюць «спынены час». Менавіта гэтай з’яве — «Месцу спыненага часу» — прысвечаны аповед пісьменніка з рамана «Куля для прэзідэнта» і створаны музей у родавай вёсцы Каранішацы. 

«Мой аповед пра мужыка-жарнасека, які жыў 500 гадоў таму ў вёсцы Каранішацы. Аднойчы мужык заўважыў, што ў яго знікаюць зробленыя ім жорны. Тады да мужыка прыйшоў анёл і сказаў: «Ты не хвалюйся — гэта мы збіраем твае жорны і заносім у Богаў кветнік, таму што па начах гэтыя жорны сапраўды пераўтвараюцца ў кветкі. А Бога гэта цешыць». Анёл таксама перадаў мужыку, што яго запрашае да сябе Бог, — расказвае пісьменнік. 

— Але як жа гэтаму мужыку трапіць да Бога, калі адзіны спосаб з ім сустрэцца — памерці? І вось я прыдумаў інакш. Па маім аповедзе, калі Бог захоча, анёлы могуць спыніць час, і ў гэты момант чалавек можа трапіць да Бога, вярнуцца і быць жывым. Таму і «Месца спыненага часу».

Крыжыкі на чорнай тканіне Уладзімір Падгол пазычыў у жаночай сумачцы.

У маім музеі больш за 20 анёлаў рознай формы і выгляду. Калі рабіў Курапацкага анёла, мая жонка мне сказала: «Ты сваіх анёлаў больш любіш, чым мяне, таму з табой я жыць не буду!» І мы развяліся.

Усе мае анёлы — анёлы спыненага часу. Гадзіннікі, якія я развешваю на анёлах, мне дораць з усяго свету. Калісьці і сам набываю, канечне. Аднойчы за літр віскі на Ждановічах набыў ажно 30 гадзіннікаў!»

Дораць пісьменніку і старыя люстры і лямпы, якія ён пераўтварае ў тыя самыя кветкі, якія «цешаць Бога», і шматлікія кальяны, з якіх аўтар робіць «домікі для анёльчыкаў» — так званы Лос-Анджэлес. І, канечне, у «Месцы спыненага часу» ёсць і жорны таго самага жарнасека.

«У Каранішацах у мяне больш за 100 жорнаў. У мяне ж пастаянныя экскурсіі — у асноўным гэта дыпламаты з Расіі, Амерыкі, Чэхіі, Ізраіля. І нават з гэтымі амбасадарамі мы ездзілі па вёсках і збіралі жорны для майго музея на пасольскіх машынах, уяўляеце?»

Падгол кажа, што не прэтэндуе на змяшчэнне яго анёлаў у саміх Курапатах. Свой праект Уладзімір таксама плануе завезці ў музей:

«У мяне няма самалюбства, гэтых анёлаў мы паказваем для абмеркавання. Я хачу, каб у Курапатах змяшчаліся мастацкія працы самых таленавітых майстроў з усяго свету. І, канечне, там мусяць быць анёлы. Хай яны будуць не мае, гэта мусяць быць высокамастацкія творы.

Калі грамадства прыме нашую ідэю — добра, не прыме — таксама добра. Мы толькі прынцып паказваем. Потым, напрыклад, па нашым макеце можна зрабіць 10-метровага анёла ці яшчэ нейкага. 

Я не прэтэндую, каб наш анёл стаяў у Курапатах, але хачу, каб быў конкурс, грамадскае абмеркаванне. А мой анёл хай будзе першым праектам».

Ксенія Вядзмедзь, фоты Надзеі Бужан

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031