Знайсці
27.05.2020 / 10:42РусŁacБел

Трэцяя смерць медыка ў Барысаве. Санітар памёр ад пнеўманіі на наступны дзень пасля шпіталізацыі

Уладзімер Фралоў працаваў санітарам у брыгадзе хуткай дапамогі ў Барысаве. 18 траўня яго шпіталізавалі з падазрэньнем на інфаркт, а на наступны дзень ён памёр у рэанімацыі. Выявілася, што прычынай сьмерці стала пнэўманія. Калегі мяркуюць, што санітар быў хворы на COVID-19, піша «Радыё Свабода».

60-гадовы Ўладзімер Фралоў больш за 20 гадоў працаваў на станцыі хуткай дапамогі ў Барысаве. Спачатку кіроўцам, а ў апошнія гады — санітарам. Пра гэта «Свабодзе» расказаў знаёмы Ўладзімера, мэдык з цэнтральнай раённай лякарні ў Барысаве.

Падчас эпідэміі каранавірусу Ўладзімер працаваў у брыгадзе, якая перавозіла пацыентаў на машыне хуткай дапамогі. Тых, хто меў пацьверджаны COVID-19, ягоная брыгада не перавозіла. Аднак гэта не выключае магчымага кантакту з інфікаванымі каранавірусам, сказаў мэдык з Барысава ў размове з карэспандэнтам «Свабоды».

«Мэдыкі з такіх брыгад часам менш дбаюць пра сваю бясьпеку, бо лічыцца, што ў іх меншая рызыка натрапіць на пацыента з каранавірусам, — сказаў барысаўскі мэдык. — Але гэта ўсё адно небясьпечна».

Паводле яго, Уладзімеру стала блага 18 траўня. У гэты ж дзень яго шпіталізавалі з падазрэньнем на інфаркт. У той жа дзень паклалі ў рэанімацыю. На наступны дзень санітар памёр.

Сьмерць санітара пацьвердзіла кіраўніцтва станцыі хуткай дапамогі пры цэнтральнай раённай лякарні ў Барысаве. Па словах загадчыка, Фралоў памёр ад інфаркту.

Як стала вядома рэдакцыі, у пасьведчаньні аб сьмерці Ўладзімера Фралова напісана, што прычынай сьмерці стаў сындром рэсьпіратарнага расстройства, выкліканы двухбаковай пнэўманіяй. Пры гэтым калегі лічаць, што ва Ўладзімера Фралова быў і каранавірус.

Гэта трэцяя сьмерць мэдыка ў цэнтральнай раённай лякарні Барысава падчас эпідэміі каранавірусу. 8 красавіка памёр фэльчар хуткай дапамогі Васіль Ліпінін, а 16 траўня — мэдсястра Тацяна Кавалёнак. Абое мелі пацьверджаны каранавірус.

У Барысаўскім раёне пад лячэньне хворых на пнэўманію і COVID-19 перапрафілявалі дзьве лякарні — гарадзкую №2 і ўчастковую лякарню ў вёсцы Лошніца. Агулам гэта каля 500 ложкаў. Таксама частку пацыентаў адпраўляюць у шпіталі Жодзіна і Крупак.

«Невядома, ці рабілі тэст увогуле, — кажа супрацоўнік шпіталя. — Мая думка, што гэта быў каранавірус. Вельмі высокая імавернасьць. Ад звычайнай пнэўманіі людзі не паміраюць на другі дзень».

У доказ таго, што ў санітара мог быць каранавірус, мэдык прыводзіць той факт, што ўскрыцьцё цела Ўладзімера рабілі не ў Барысаве, а ў Менскім абласным моргу. Туды звычайна адвозяць нябожчыкаў, якія або дакладна памерлі ад каранавірусу, або мяркуецца, што гэта так.

Антон Трафімовіч, Радыё Свабода

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031