Знайсці
26.05.2020 / 19:4841РусŁacБел

Гайдукевіч: Ціханоўскі — гэта Шарыкаў, а Бабарыка проста ўсіх купляе

Кіраўнік Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч 26 мая абвясціў, што здымаецца з выбараў і будзе галасаваць за Лукашэнку. «НН» пагаварыла з Гайдукевічам пра іншых кандыдатаў, а таксама ягоныя амбіцыі ў будучыні.

«НН»: Вы падтрымалі Лукашэнку. Але ж ёсць шмат іншых кандыдатаў. Напрыклад, Ціханоўскі.

Алег Гайдукевіч: Я заўжды супраць бальшавікоў. Супраць «шарыкавых». Забраць і падзяліць. Ён ездзіць па гарадах і вёсках, кажа, што трэба выходзіць на Плошчу, што ўсё трэба вырашаць з дапамогай палак. Гэта Шарыкаў так бегаў і казаў: «Забраць і падзяліць». Гэта праграма Шарыкава.

З другога боку, мясцовыя ўлады павінны разбірацца па тых праблемных момантах, якія Ціханоўскі падымае ў сваіх відэа. Кагосьці з чыноўнікаў трэба зняць і пасадзіць, пры гэтым прыпыняючы любыя спробы Плошчаў. Я гэтага ніколі не падтрымаю, катэгарычна кажу. Падабаецца гэта камусьці ці не, але ўсе папярэднія выбары выйграваў Лукашэнка.

«НН»: Цапкала?

АГ: Я вельмі скептычна стаўлюся да чыноўнікаў. Я сёння ўжо казаў на прэс-канферэнцыі, што ў будучыні нельга абапірацца на чыноўнікаў. Трэба праводзіць рэформу, каб у нас у краіне былі моцныя партыі, палітыкі. Чыноўнікі яны такія — сёння працуюць і ўсім задаволеныя, а як толькі звальняюць…

Быў такі Казулін, рэктар БДУ, усё яму добра было. Як толькі знялі, то, па ягоных словах, краіна ў дупе, трэба пачынаць рэвалюцыю. Рэктар БДУ — гэта аграмадная адказнасць! І тое самае Цапкала. Дваццаць гадоў працаваў чалавек, усё задавальняе, тут яго звальняюць, тры гады сядзіць, новай пасады не даюць. Як жа так, мяне, такога вялікага спецыяліста, нікуды не прызначаюць, іду ў прэзідэнты!

Мне гэта не падабаецца. У нас калі ўлада памяняецца, то многія чыноўнікі прачнуцца, шапку памяняюць і скажуць, што заўсёды быў «за». Гэта самыя страшныя людзі без ідэалогіі і перакананняў, у іх ні сумлення, ні прынцыпаў. Я не хачу пакрыўдзіць Цапкалу — гэта маё меркаванне. Пра такіх чыноўнікаў, якія праз 20 гадоў становяцца суперапазіцыянерамі. І пачынаюць усім грошы раздаваць, ва Украіне ўжо раздалі.

«НН»: Бабарыка?

АГ: Гэта чалавек з аграмадным фінансавымі рэсурсамі. Я ўвогуле лічу, што ў будучыні ў нас павінна быць такая палітычная сістэма, якая б абараняла нас ад людзей з грашыма, што могуць прыйсці ў палітыку і ўсё там скупляць.

Чаму? Сёння шмат гавораць пра выбарнасць мэраў. Уявім, што ў нас самыя вольныя ў свеце выбары, і хто тады пераможа? Я вам гарантую, што той, у каго найбольш грошай, паглядзіце на Украіну. Што трэба рабіць? Партыйныя спісы, выбары ў абласны савет, туды праходзіць чатыры партыі і яны маюць права вылучаць кандыдата ў мэры. Я лічу, што на выбары павінны ісці людзі са зразумелай ідэалогіяй і поглядамі, а не тэрмінова збіраць вакол сябе ўсё, што можна. Мяне можна не любіць, але погляды мяне і маёй партыі зразумелыя. А тут нейкі суцэльны папулізм. Мне не падабаецца хто акружае Бабарыку. Павылазілі левыя, зялёныя, крайнія, усе. А астатнія — гэта па 0,5%.

«НН»: Чаму на выбарах няма апазіцыі?

АГ: Апазіцыя памерла яшчэ ў 2015 годзе. Тады не было пандэміі, але ніхто са старой апазіцыі не змог сабраць подпісы. Ні Калякін, ні АГП — ніхто. Сёлета наступіла канчатковая смерць.

Маё рашэнне правільнае — я ў палітыку прыйшоў не на адзін дзень, і гэта рашэнне з перспектывай. Я застаюся дэпутатам, у мяне не будзе пройгрышу на выбарах. Адразу пасля прэзідэнцкіх выбараў трэба пачынаць рэформы: эканамічныя, палітычныя. Бо калі іх не пачаць, то яшчэ праз 5 гадоў будуць такія выклікі, з якімі мы не справімся. Мы павінны расціць партыі, каб у нас не выскоквалі з-за вугла Цапкала, Бабарыка. Хай выскокваюць, але ідуць у КПБ, у БНФ, растуць там, даказваюць. У нас павінна быць сістэмная палітыка.

«НН»: Ваш бацька здымаўся з выбараў у 2010 годзе — гэта аднолькавыя сітуацыі?

АГ: Гэта ўвогуле не 2010 год, тады ЛДПБ знялася і сказала, што гэта цырк. Цяпер зусім іншая пазіцыя. Я зняўся, але кажу, што трэба ісці на выбары і галасаваць за Лукашэнку, бо гэта адзіны чалавек, які можа забяспечыць суверэнітэт краіны. Нам не менеджар патрэбны, а лідар нацыі. У Малдове колькі ўжо ўрадаў менеджараў было? Ва Украіне Зяленскі хоць адно пытанне рашыў? А для мяне незалежнасць важнейшая за любыя асабістыя амбіцыі, якіх у мяне нямала.

«НН»: Сёння сказалі, што вы не «прастытутка». Што гэта значыць?

АГ: Дакалябаліся да слова «прастытутка». Для мяне прастытутка — той, хто незразумела за што выступае. Я ж абазначыў, за што я.

«НН»: Па апытаннях у інтэрнэце Лукашэнка слабы як ніколі. Мо варта было ўсё ж браць уладу ў свае рукі?

АГ: Гэта ілюзія, што Лукашэнка слабы. Многія нашыя палітыкі жывуць у фэйсбуку. А ў фэйсбуку рэвалюцыя ўжо адбылася! Беларусь — гэта не фэйсбук, гэта вёскі, гарады, людзі, якія не сядзяць у сацсетках. Трэба часцей у людзі выходзіць. Удзельнічаць у выбарах трэба, каб перамагаць. Я прама кажу, што гэтыя выбары я не выйграю.

А проста красавацца не хачу, я і так дастаткова вядомы чалавек. Мяне і так ведаюць. «Наша Ніва» пісала, што Гайдукевіч накручвае галасы. А вы верыце, што астатнія не накручваюць? Я не дужа веру.

«НН»: З Адміністрацыі прэзідэнта сёння не званілі? Пасаду не прапаноўвалі?

АГ: Такога не бывае. Я ж не з вуліцы прыйшоў, я дэпутат, мне хапае працы. Я гатовы супрацоўнічаць са штабам Лукашэнкі, але гэта будзе рашаць сам прэзідэнт.

Чытайце. У апытанцы «НН» нехта спрабаваў накруціць галасы за Гайдукевіча ЛІЧБЫ

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031