Знайсці
25.05.2020 / 13:071РусŁacБел

«Гэтая трагедыя падобная да смерці Альбера Камю». Памяці Любы Зямцовай

Люба Зямцова і Вова Міхайлоўскі

Іаланта Кільян, Святлана Курс: Люба Зямцова і Вова Міхайлоўскі былі ў нас на кінамайстроўні ў Каптарунах у жніўні 2019-га, яшчэ і года не прайшло. Гэта было наша першае і апошняе спатканне. Люба расказала нам пра свой праект дакфільма «Выхаванне Арцёма», прадзюсарам і маўклівым героем якога быў Вова. Ён сам спазнаў долю пакінутага дзіцяці, пра якога Люба расказвала ў сваім кіно. Здаецца, яна рабіла ўжо не першую версію гэтага кіно, якую зноў хацела пераманціраваць.

На майстроўні мы размаўлялі з Любай пра роль кінематаграфістаў і дакументальнага кіно ў грамадскім жыцці, пра місію кінадакументалістыкі і пра мастацтва, уважлівае да грамадскіх патрэб, яго ролі ў змяненнях свету.

Яе праект «Невядомая Беларусь» меў за мэту гэты свет змяніць. І змяніў.

У аўтакатастрофе 14 траўня 2020 года загінулі Вова і Максім Гаўрыленка, а 22 траўня ў шпіталі сканала Люба.

Чытайце таксама:

У аварыі загінулі двое дакументалістаў, якія здымалі фільм пра валанцёраў і самі развозілі медыкам сродкі абароны

Памерла 29-гадовая рэжысёрка Любоў Зямцова, што трапіла ў аварыю пад Пухавічамі

Гэтая трагедыя падобная да смерці Альбера Камю — яна забіла іх саміх, але не іх місію — ствараць мастацтва, якое расплюшчвае вочы на нас саміх і на тое, што ў нас найлепшае.

Камю ў момант гібелі меў з сабой няскончаны рукапіс «Першага чалавека». Яны — свае фільмы. Іх жыццё было жорстка перарванае на шляху ў Мінск з Гомеля, дзе яны здымалі фільм пра беларускіх валанцёраў, якія змагаліся з #Bycovid19.

Валанцёрскі рух у Беларусі за часамі #Bycovid-19 стаўся фактам. І засведчыў рост уплыву грамадзянскай супольнасці. Люба і Вова гэта назіралі і фіксавалі з любоўю да чалавека. Мы такімі іх і запомнім.

Яцак Блавут, польскі рэжысёр: Сталася страшная рэч. Люба была самым эмпатычным чалавекам, якога я ведаў. Магу смела сказаць, што яна была мне надзвычай блізкай асобай. Пару год таму ў Мінску падчас майстроўні я прапанаваў ёй вучобу ў школе Вайды. Пазней апекаваўся яе фільмам. Апошні раз мы сустрэліся летась на майстроўні ў Кіеве. Я не магу паверыць, што такой цудоўнай, такой чалавечнай Любы больш няма. 

Да словаў спачування сем’ям і блізкім далучаюцца сябры з Польшчы:

Марцэль Лазінскі — польскі рэжысёр
Марта Стшалка, Teatr Biuro Podróży
Адам Бароўскі, Teatr Ósmego Dnia

Вольга Дашук, Віктар Аслюк, кінарэжысёры: Мы пазнаёміліся з Любай некалькі год таму, потым час ад часу сустракаліся на розных кінематаграфічных мерапрыемствах. Віктар рэкамендаваў Любу да паступлення ў Кінашколу Вайды ў Варшаве. Некалькі разоў Люба была ўдзельніцай кінамайстэрняў, дзе мы выкладалі, як і там, у Каптарунах, мінулым летам.

З першай сустрэчы з Любай яна ўразіла нас як чалавек здольны і з вельмі сур’ёзным стаўленнем да прафесіі. Мы назіралі за ёю: яна, у адрозненне ад многіх іншых, хто хоча стаць рэжысёрам, гатовая была шмат для гэтага зрабіць і ад многага адмовіцца.

Наша прафесія — вельмі няпэўная, і амаль немагчыма гарантаваць сабе спакойнае існаванне са стабільным даходам.

Віктар часам казаў пра Любу: «Баюся я за яе. Занадта яна тонкая».

Люба, мы ведаем, дастаткова доўгі час жыла вельмі сціпла, але займалася тым, што не вымагала кампрамісаў з яе мастацкімі прынцыпамі. Некалькі гадоў, спачатку без усялякага бюджэту, яна здымала праект пра незвычайнага чалавека, які браў да сябе хлопчыка з дзіцячага дома. Яму не ўдалося ўсынавіць хлопчыка, але ён шмат рабіў і робіць для яго выхавання, для таго, каб ён мяняўся як асоба.

Люба вельмі цярпліва працавала з гэтымі героямі, паступова яны дазвалялі ёй падысці бліжэй. З гэтым праектам яна прыходзіла да нас на заняткі ў Майстэрню сацыяльнага кіно, прыносіла зняты матэрыял. Разбор яе матэрыялу заўсёды падымаў узровень размовы: абмяркоўваць было што. Дарэчы, яна сама здымала як аператар, і многія рэчы атрымліваліся — у яе было «вока».

Люба правільна і мэтанакіравана дзейнічала, каб рабіцца прафесіяналам: шматкроць яна брала ўдзел у розных міжнародных кінамайстэрнях і пітчынгах. Аднойчы мы былі на пітчынгу ў нямецкім горадзе Котбусе і там мелі сустрэчу з прадстаўніцай кінафонда пры Берлінале. Гэтая жанчына нам сказала, што, маўляў, заяўкі ў фонд з Беларусі вельмі рэдкія, але цяпер яны працуюць з цікавым дакументальным праектам, у якім бачаць міжнародны патэнцыял, іх задавальняе мастацкі падыход рэжысёра. Гэта быў праект Любы.

Нам было цікава з Любай. Увогуле, у яе быў такі характар, што да яе лёгка было ставіцца з сімпатыяй.

Што прыцягвала да яе? Яна была адэкватная ў ацэнцы сябе і сваіх дасягненняў, ніколі не выказвала пустой пыхі, самазадаволенасці.

Засмучалася, калі ёй часам казалі, што ў яе фільме нешта спрацоўвае не так, як яна задумала, але яна імкнулася зразумець чаму, паспрабаваць па-іншаму — гэта прыкметы таленавітага чалавека. Зараз вельмі балюча ўспамінаць пра кожнае сваё крытычнае слова.

Для рэжысёра многа значыць супольнасць, асяродак, сустрэчы з тымі, хто мае тую ж прафесію, гэта проста неад’емная частка жыцця. І вось Любы ў гэтым сэнсе будзе вельмі не хапаць: яна была заўважнай як асоба.

А яшчэ Люба была маладая і прыгожая. З Вовам [Уладзімірам Міхайлоўскім, які загінуў падчас самой аварыі] Люба пазнаёмілася праз сваю працу. Яе герой, які выхоўвае хлопчыка з дзіцячага дома, калісьці так жа выхаваў і Вову, які быў сіратой.

Вова і Люба вельмі пасавалі адно аднаму. Вова далучыўся да Любінай працы і шмат што ўзяў на сябе. Калі мы думалі аб удзельніках майстэрні ў Каптарунах і запрасілі Любу, яна адразу сказала, што ў іх з Вовам «усё разам» — і праца ў тым ліку. Ну, іх разам і запрасілі. Страшна падумаць, што і зараз яны апынуліся разам…

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930