Знайсці
25.05.2020 / 12:2953РусŁacБел

Зміцер Дашкевіч пра выбары: Які сэнс удзельнічаць у цьмяных кампаніях цьмяных кандыдатаў?

Зміцер Дашкевіч на сваёй старонцы ў фэйсбуку патлумачыў, што лічыць: на гэтым этапе лепш не рабіць нічога, чым рабіць дурасць. 

Грамадства стамілася — гэта відавочна. Такія ўжо гісторыі слухаеш штодня, так нагагочашся, як раней і за год не насмяешся. Заходжу вось да аднаго прадпрымальніка ў суседні цэх, а той распавядае мне пра дыскусію з жонкай:

«Едзем на працу, разважаем, куды гэта коціцца ўсё, а яна тут раптам: «Як жа мы сітуацыю ў краіне запусцілі!» Я аж здзівіўся! Кажу ёй: «Пачакай, калі гэта МЫ паспелі запусціць? Дзесяць год таму, калі ты магла сабе дазволіць і два разы на год кудысьці злётаць, усё было добра? Дзесяць гадоў таму ты галасаваць за яго хадзіла, а цяпер МЫ запусцілі? Калі быў гэты момант, як МЫ запусцілі?!» Маўчыць. Запусцілі МЫ!»

І вось што гэтыя рабацягі ці прадпрымальнікі, што палітолагі, што сацыяльныя сеткі — усе так стаміліся, што гатовы ўчапіцца за любую нітачку. Стартанула апазіцыя з праймерыз — задурылі мне рабацягі галаву: «За каго галасаваць?», аж прыйшлося загітаваць усіх за байкот. Стартануў айцішнік — усхадзіліся ўсе ад шчасця. На парозе 26-га года дыктатуры адчуў сябе прэзідэнтам банкір — абамлелі ад радасці. І гэта зразумела: грамадства стамілася. У сённяшнім раскладзе любы больш-менш адэкватны публічны чалавек пераможа Жэстачайшага пры сумленным падліку галасоў.

Мінула пакаленне, і таму не дзіўна, што мы забыліся, з якімі добрымі намерамі многія абіралі ў 1994 годзе Бацьку хлусні: любы, абы не Кебіч. Пасля мы крытыкавалі дэмакратычных кандыдатаў у 2001, крытыкавалі ў 2006, крытыкавалі ў 2010 — іх можна крытыкаваць і цяпер, але несумніўна адно: усе яны белае хаця б стараліся называць белым, а чорнае — чорным. Што цяпер? Цяпер: які сцяг — не ведаю, які герб — не ведаю, чый Крым — не скажу, пра 31-ю карту пагаворым потым. А Скарына кляпаў расейскую мову, а мы ўсе адзін народ. А што Беларусь, Беларусі ж у 1863-м і не было. Разумееце, Беларусі ў 1863 не было, а выбары ў Беларусі ў 2020 ёсць — гэта фініш, хоць брахуны толькі на старце.

І няма нават сэнсу спрачацца: гэта ён так брэша, каб электарату спадабацца, ці яму такія сцяжкі выставілі — гэта нічога не мяняе, бо ўжо відавочна галоўнае: гэта чужая гульня чужых Беларусі людзей. І калі хто ў яе ўцягнуўся, не здзіўляйцеся, калі потым будзе адхадняк, які напаткаў і тых, хто праігнараваў плявузганне Брахуна ў траўні — ліпені 1994-га. Нехта думае, што такім чынам нешта дакажа Фальсіфікатару? Фальсіфікатар сфальсіфікуе ўсё, апроч пустых школ і пустых выбарчых участкаў. Але, канечне, гэта іншая тэма.

Я разумею, хочацца нешта рабіць. Я і сам раней быў перакананы: лепей рабіць хоць што-небудзь, чым не рабіць нічога. Але пасля 20 год у апазіцыі пакаяўся: лепш не рабіць нічога, чым рабіць дурасць. У дадатак да ўсяго, заўважце, як лоўка палітычныя лідары за 26 год убілі нам у галаву падман: калі ты не пайшоў за намі ў кааліцыю, ініцыятыўную групу, на вуліцу — ты нічога не робіш. Аднак патрыёт, які не ў кааліцыях, але ахвяруе на беларускія праекты, — будуе Беларусь. А мама, якая размаўляе з дзіцём на роднай мове, — будуе Беларусь трывалей за любога вулічнага змагара. Грамадскія актывісты, якія дапамагаюць дактарам, будуюць Беларусь, якой захапляешся ўжо зараз. Я так думаю і мяркую, гэта многія цяпер адчуваць: мы жывём у вызначальны час. Сёння галоўнае — не даць сябе ўцягнуць у чужую гульню. І хай не падмануць нас, што мы нічога не робім: мы робім многае з таго, што ў нашай моцы. А з Гарантам застою ёсць каму разабрацца — і будзьце пэўныя, праз айцішніка ці праз банкіра, але з ім разбяруцца. Хто захоча ўлезці ў гэтую разборку — атрымае і ўзнагароду разборшчыкаў.

Мне здаецца, Творца гісторыі дае нам такі ж шанец, які даваў патрыётам стагоддзе таму, калі ўшчалася разборка паміж шавіністычным царызмам і шавіністычным бальшавізмам. Нехта ўлез у гэтую бойню ды тапіў ці за белых вар'ятаў, ці за чырвоных — і падзяліў са злачынцамі іхную ўзнагароду. А патрыёты, якія не далі сябе падмануць, сабраліся ў сакавіку 1918-га і абвесцілі Незалежнасць Беларусі — і мы цяпер гэта маем. Дык які сэнс рабіць стаўку на ката ў мяху ў чаканні непрадказальнага, калі можна ахвяраваць свае сілы, час і грошы на зразумелыя і стваральныя рэчы? Можаш падтрымаць незалежныя медыя: СМІ і блогераў — падтрымай. Можаш паўдзельнічаць у грамадзкіх ці культурніцкіх кампаніях — далучайся. Маеш язык у роце размаўляць на роднай мове — размаўляй. Маеш ногі прыйсці ў Курапаты — прыйдзі. Менавіта гэта працуе на перамены, а не ўдзел у цьмяных кампаніях цьмяных кандыдатаў. Калі мы сёння не дазволім сябе падмануць, заўтра згуляем не ў чужую гульню, але ў сваю.

Зміцер Дашкевіч, facebook.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031