Знайсці
21.05.2021 / 19:47РусŁacБел

Спіш: пешкі праз горы да готыкі польска-славацкіх Карпат

За шэсць пешых дзён можна агледзець увесь край, што некалі спецыялізаваўся на пастаўках белага віна нашым магнатам. Вандруем разам з Сяргеем Грунтовым.

Спіш - гэта гістарычны рэгіён у Заходніх Карпатах. Назва вядомая з ХІІ стагоддзя. Ад ХІV да XVIII стагоддзя спішскія землі былі падзеленыя паміж Польшчай і Венгрыяй. Эканоміка квітнела на экспарце такайскага віна, «венгжынца», з поўдня на поўнач — у каралеўскія і магнацкія двары Рэчы Паспалітай. Пасля падзелаў апошняй Спіш стаў часткай Аўстра-Венгерскай манархіі. Фота Сяргея Грунтова.

У ХХ стагоддзі апынуўся пераважна на тэрыторыі Чэхаславакіі, а пасля Славакіі. Гатычная архітэктура і мастацтва Спіша лічацца аднымі з найлепш захаваных у Цэнтральна-Усходняй Еўропе.

Перайшоўшы мяжу паміж польскім Падгалем і Спішам, выразна адчуваеш, што апынуўся ў новай краіне, хоць гэтага не падказваюць ні дарожныя паказальнікі, ні пазнакі на сучасных картах. За спінаю застаецца пабудаваны з лістоўніцы свет шляхецкіх сядзіб і сярэднявечных касцёлаў, знакамітае Закапанэ. А перад вачыма — мураваны касцёл XIV стагоддзя з вежай без шпіля, якая нагадвае шахматную туру. Побач «каштэль» — дом-замак, падобны да нашых Гайцюнішак. У касцёле багатае барочнае ўбранне, мяккае святло, пасярэдзіне сядзяць чатыры музыкі, якія рэпетуюць вечаровы канцэрт. Мы пазнаем Мантэвердзі. Такія моманты — сапраўдны незабыўны дар, які апраўдвае ўсе нязручнасці доўгага падарожжа.

Чый Спіш?

Гэта Фрыдман — адна з 14 вёсак Спіша, якія засталіся па польскі бок мяжы пасля знікнення Аўстра-Венгерскай манархіі. Яны былі прадметам спрэчак і сутыкненняў паміж Польшчай і Чэхаславакіяй у 1918—1919 гадах і адразу пасля Другой сусветнай вайны. Тэрытарыяльныя спрэчкі канчаткова страцілі сэнс толькі тады, калі і Польшча, і Славакія апынуліся ў Еўрасаюзе, а цераз памежную раку Дунаец быў перакінуты пешаходны мост, па якім польскія турысты прагульваюцца ў кавярні і крамы крыху таннейшай Славакіі.

Галоўная атракцыя польскага Спіша — замак у Недзіцы, да якога ад Фрыдмана можна зайсці за паўтары гадзіны. Ён невялікі, але мае запамінальны сілуэт з вежамі і зубчастымі сценамі, які прыгожа ўздымаецца над водамі вадасховішча. На іншым беразе бачны яшчэ адзін замак — Чорштынскі. Дакладней, яго руіны. Паміж імі плаваюць лодкі і снуюць роем турысты. 

Апошніх тут шмат, бо побач пачынаюцца Пяніны, другая па папулярнасці (пасля Татраў) горная сістэма ў Польшчы. Яна не адносіцца да Спіша, але з яе вяршыняў, скалаў над Дунайцам, на яго адкрываецца незабыўны від зверху. Рака пятляе ў цясніне, па ёй адзін за адным плывуць па стромкай плыні турысты на плытах, якімі кіруюць плытагоны з доўгімі жэрдкамі ў руках. За тое, што ўсе яны цэлымі даплываюць да канца, трэба, магчыма, дзякаваць святой Кінзе, дужа тут папулярнай. Яна пэўны час жыла ў гэтых ваколіцах і дагэтуль аб’яўляецца падарожным на бутэльках з мінеральнай вадой і на крамных шыльдах.

Славакія

Ад восьмай раніцы да восьмай вечара ў цёплы сезон цераз Дунаец можна пераправіцца на чоўне. Цясніна знізу выглядае не менш маляўніча, да таго ж тут цень і прахалода. Дарога для раварыстаў і пешых вандроўнікаў цягнецца берагам восем кіламетраў і незаўважна перасякае мяжу паміж краінамі. 

Стары торг. У славацкай мове менш паўнагалосных слоў. Але «г» як беларускае. Фота Сяргея Грунтова.

У канцы гэтай дарогі — вёска Чырвоны Кляштар. Манастырскі комплекс, які даў ёй назву, добра захаваўся са свайго XIV стагоддзя, хоць манахаў у ім даўно няма. Цяпер тут музей, старыя скляпенні, выстава жывых драпежных птушак і легенды пра манаха з XVІІІ стагоддзя, які быў вядомы сваёй любоўю да гербарыяў і ўменнем лятаць.

На начлег спыняемся ў кемпінгавым прычэпе каля суседняга пансіёна. Гэта недарагая ўтопія самадастатковага свету ў арэхавай шкарлупінцы, напоўненая паблёклай рамантыкай з 60-х гадоў. За абмеркаваннем шанцаў на тое, што прычэп за ноч скоціцца ў раку, якая цячэ зусім побач, хутка засынаем. 

Бязлюдная Магура

Ад асноўнай часткі Спіша даліну Дунайца аддзяляе горная сістэма пад назвай Спішская Магура. Калі з польскага боку ў гарах мы сустрэлі сотні турыстаў, то тут за дзень толькі аднаго. 

Найвышэйшая вяршыня называецца Вэтэрны Врх («Ветраны Верх») — 1112 метраў. Назва не падманвае, тут і сапраўды добра дзьме. Падарожнага вітае скульптура драўлянага мядзведзя на задніх лапах, які трымае дрэўка са славацкім сцягам, а каля яго — спецыяльная скрынка з дзённікам гары, куды кожны можа запісаць нешта пра сябе. 

Доўгі спуск вядзе праз вільготныя ельнікі і горныя сенажаці ў Вышнэ Ружбахі. Гэта стары, прасякнуты меланхоліяй курортны пасёлак, найлепшыя гады якога даўно мінулі. Пра іх нагадваюць паўзакінутыя вілы, але пампезны спа-комплекс, у архітэктуры якога неяк злучыліся густы Людовіка XVI і Рыхарда Вагнера, працягвае дзейнічаць. Праўда, людзей зусім не відаць, і галоўную атракцыю — запоўнены вадою кратар — мы разглядаем адныя. У гэтым месцы прывідаў спыняемся на начлег. А ў гатэлі, каб надаць нам храбрасці, нас вітаюць кілішкамі палінкі.

На перавале Вэтэрны Врх падарожнага вітае скульптура драўлянага мядзведзя на задніх лапах, які трымае дрэўка са славацкім сцягам. Фота Сяргея Грунтова.

Цыганская бадзёрасць

Даліна ракі Попрад — сапраўдная скарбніца Спіша. Па ёй мы ідзём увесь наступны дзень ад мястэчка да мястэчка праз замкі, касцёлы і ратушы. Дарогу праз палі часам разнастаяць пудзілы на агародах, зробленыя са старых паліто ці пінжакоў з павешанымі зверху казінымі скурамі.

Першым нас вітае Падалінец. Вітае замкнутым і апусцелым кляштарам, дзе некалі вучыўся адзін з найлепшых венгерскіх пісьменнікаў Дзюла Крудзі. Цэнтральная плошча мае тыповую для гэтых мясцін авальную форму, на ёй — гатычны касцёл і рэнесансная званіца, а таксама ратуша, якая і дагэтуль выконвае свае адміністратыўныя функцыі. У фасадзе два ўваходы. Верхні вядзе ў гарадскую раду. А з пяці вечара адчыняецца іншы ўваход пад лесвіцай, у кнайпу. Такая гармонія будзённага жыцця.

У Падалінцы сустракаем пераважна цыганоў, якія групкамі стаяць каля крамаў. Яны жывуць тут асела на прадмесцях і складаюць найбольш заўважную этнічную меншасць Славакіі, хоць афіцыйна іх толькі 2%. Любімы ласунак цыганскіх дзяцей — разнастайныя энергетычныя напоі, якія тут прадаюцца ў пузатых літровых бутэльках па кошце звычайнай газіроўкі. Хоць здаецца, што бадзёрасць — найменшае, чаго не хапае гэтым дзецям у жыцці.

Яшчэ паўтары гадзіны пешшу — і вось ужо новае мястэчка — Спішска Бела, з вельмі падобным да Падалінца архітэктурным наборам. За два кіламетры ад яе — Стражскі замак, дзе цяпер мастацкі музей. Такі профіль невыпадковы. У канцы ХІХ стагоддзя тут жыў Ласла (Ладзіслаў) Мяднянскі — выдатны мастак, якога венгры лічаць сваім, а славакі сваім. Ён любіў маляваць поўныя туманоў і бляклага святла краявіды, разважаць над смерцю і быў, як гэта часта здараецца сярод венгерскіх творцаў, меланхолікам. Праз паўстагоддзя тут здымаў сваю містычную драму «Чалавек, які хлусіць» французскі рэжысёр Ален Роб-Грые. З таго часу замак мірна спіць.

Вышнэ Ружбахі. Пудзілы з казіных шкур. Фота Сяргея Грунтова.

Начуем у наступным горадзе з назвай Кежмарак, а ў суседнім ад нашага гатэля доме бяром урокі славацкай мовы, вучымся вымаўляць слова, цалкам пазбаўленае галосных: «Starý trh» (Стары торг, Стары рынак). Сонца ў Кежмарку заходзіць над Татрамі, да якіх тут крыху больш за дзесяць кіламетраў. Акрамя замка, горад можа пахваліцца драўлянай пратэстанцкай кірхай, унесенай у спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Унутры яе барочны алтар, распісныя нябёсы на ўсю столь і павучальныя біблейскія сюжэты з подпісамі нямецкім гатычным шрыфтам.

На Спішы, як і ўвогуле ў Славакіі, суіснуюць храмы самых розных канфесій: уніяцкія цэрквы, каталіцкія касцёлы, пратэстанцкія кірхі, нешматлікія ацалелыя пасля вайны сінагогі. Сама Славакія — даволі рэлігійная краіна, у адрозненне ад суседняй традыцыйна атэістычнай Чэхіі.

Тры сталіцы

Ад Кежмарка зусім блізка да Попрада — сучаснай сталіцы Спіша. Гэта буйны турыстычны цэнтр, з якога зручна дабірацца да блізкіх Татраў, асабліва папулярных зімой, і Славацкага Рая — горнай вобласці з маляўнічымі скаламі і вадаспадамі. 

Нас, аднак, больш вабіць Левача, папярэдняя спішская сталіца, рэнесансны горад, знакаміты тым, што тут захоўваецца галоўны шэдэўр сярэднявечнага майстра Паўла — цэнтральны алтар у мясцовым саборы. 

Калі бачыш яго карункавую 18-метровую канструкцыю, выразаную з дрэва, то складана паверыць, што яна існуе ў матэрыяльным свеце, што захавалася цягам 500 год, што гэта не мроя мастака-рамантыка з XIX стагоддзя. І тут жа яго фігуры святых і Дзевы Марыі, якія перадаюць эмоцыі і моц евангельскай гісторыі лепш за любое слова. Нават калі ты знаёмы з гатычнай спадчынай Заходняй Еўропы, убачанае тут усё адно шчыра ўражвае. 

Фота Сяргея Грунтова.

Ад спішскай сталіцы № 2 да самай першай, якая дала назву ўсяму рэгіёну, толькі дзень пешага падарожжа. 

На шляху ў нас Спішскі Гргаў, дзе адбываецца спартыўны забег і вясковае свята. Расстаўленыя сталы, усе ахвочыя п’юць піва і гамоняць паміж сабою. У вёсцы знаходзіцца вялікі, акружаны мурам парк і неабарочны палац сям’і Чакі з ХІХ стагоддзя. Ён зачынены, але ахоўнік выходзіць, каб прагнаць дваіх дзяцей ад высахлага фантана, а пасля запрашае нас паглядзець маляваныя пано ў вітальнай зале. На вялікіх яскравых палотнах — вобразы сапраўднай аркадыі: радасці сямейнага жыцця, пуці, якія ловяць карпаў ці змагаюцца з асою, сезоны года. Пано напісаў Вальтэр Горварт у Вене ў 1900 годзе. Эпоха застыла ва ўласных мроях, як у бурштыне.

Старая сталіца Спіша бачная здалёк. На адным пагорку стаіць гмах раманска-гатычнага сабора — Спішская капітула, на наступным — Спішскі Град, велізарная сярэднявечная фартэцыя, якая дамінуе над усёй ваколіцай. У нізіне паміж імі змяшчаецца яшчэ і цэлае мястэчка, Спішскае Падграддзе. Усё разам — сусветная спадчына ЮНЕСКА.

Спішскі Град, самы вялікі замак Славакіі, быў заснаваны ў ХІ стагоддзі венграмі і да нашага часу дайшоў у руінах. Унутры знаходзіцца невялікая музейная экспазіцыя і пад’ём на цэнтральную вежу, перад якім падарожнага вітае даволі незвычайнае папярэджанне: «Асцярожна! Лятучыя мурашы». І сапраўды, наверсе іх цэлы рой. Хоць з такімі краявідамі як не захацець лятаць!

Спішскі Град і Спішскае Падграддзе. Shutterstock.com, by Kamilalala.

Шчодры Спіш

Але мы павінны працягваць шлях. Да начлегу яшчэ восем кіламетраў, а па дарозе сярэднявечны касцёл у Жэгры, далучаны да таго ж комплексу помнікаў, што і Спішскі Град. У яго просты і запамінальны сілуэт з чорнай цыбулінай на вежы, а ўсярэдзіне — фрэскі ХІІ стагоддзя. Праўда, мы прыходзім запозна, каб патрапіць усярэдзіну. 

Далей роўная асфальтавая дарога вядзе да Спішскіх Влахаў, фінальнага пункта пешага падарожжа. Побач праносіцца машына, поўная цыганскіх дзяцей. За рулём ледзь бачная галава падлетка год трынаццаці. Яны ўсміхаюцца і радасна сігналяць нам. Жыццё ў гэты вечар у соннай славацкай правінцыі, без сумневу, належыць ім.

У Спішскіх Влахах у цэнтры горада ўвечары можна напіцца (і ўсё да гэтага падштурхоўвае), але немагчыма паесці. Пасля доўгіх пошукаў і распытванняў знаходзім адзіную тут піцэрыю. Піца надзвычай смачная, піва халоднае, усё разам вельмі таннае, таксама як і поп-музыка з румынскага тэлеканала над нашымі галовамі. За шэсць дзён мы прайшлі 175 кіламетраў, з надвор’ем шчасціла, Спіш быў да нас шчодры, а зараз надышоў час святкаваць.

Фота Сяргея Грунтова.

Наступнай раніцай на пустой чыгуначнай платформе садзімся ў кароткі, з некалькіх вагонаў, цягнік, які праз масты і тунэлі вязе нас у Кошыцэ — усходнюю сталіцу Славакіі, адзін з самых прыгожых гарадоў у гэтым куце Еўропы. І далей, праз Ужгарад і Львоў, дадому, каб узгадваць усе скарбы Спіша, якія памяць забрала з сабою.

Сяргей Грунтоў

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930