Даслаць навіну
Знайсці
23.05.2020 / 19:35

Пра пасечанага Леніна, пафарбаванага Пушкіна і скандальныя выказванні ў СІЗА — вялікая гутарка з Піліпам Шаўровым

25-гадовы Піліп Шаўроў тры з паловай месяцы адсядзеў у СІЗА на Валадарскага за тое, што размаляваў рукі помніку Аляксандру Пушкіну чырвонай фарбай. Праваабаронцы прызналі хлопца палітвязнем. У выніку ён атрымаў 1350 рублёў штрафу.

Калі Шаўроў знаходзіўся за кратамі, здарыўся адзін дзіўны эпізод: спецслужбы выставілі ў інтэрнэт відэа, на якім хлопец гутарыць з праваахоўнікам, даючы не самыя прыгожыя ацэнкі паплечнікам.

 Пра ўсё гэта Піліп расказаў у інтэрв’ю «НН».

Павялічыць

«Наша Ніва»: Раскажы пра сябе.

Піліп Шаўроў: Я родам з Віцебска. Скончыў там гімназію ў цэнтры горада. Толькі нядаўна даведаўся, што да 1937 года гэта была польская гімназія. А потым рэпрэсавалі ўсіх настаўнікаў. Сёння на сайце ўстановы нідзе няма згадкі пра гэтую гісторыю. Дзесьці год таму я зацікавіўся пытаннем рэпрэсій віцебскіх настаўнікаў. Аказалася, што такіх было больш за 50 чалавек. Гэта шалёныя лічбы! Я вучыўся на юрфаку БДУ, але ўвесь час цікавіўся гісторыяй. Шмат удзельнічаў у алімпіядах, у тым ліку абласных.

«НН»: Кім працаваў?

ПШ: Я працаваў у страхаванні, а да гэтага быў юрыстам на дзяржаўным заводзе. Гэта было па размеркаванні. З завода сышоў у войска на год. Цікавіўся спортам: футболам, гандболам, баскетболам.

«НН»: Як цябе занесла ў «Малады фронт»?

ПШ: Я не магу сказаць, што я сябра «Маладога фронта». Я сябе атаясамліваю з шэрагам арганізацый. Грамадскай дзейнасцю стаў займацца яшчэ ў школе — гэта была кампанія «Еўрапейская Беларусь». Мне тады было 14 гадоў. Потым удзельнічаў у студэнцкіх пратэстах супраць платных пераздачаў у 2015 годзе. У 2016 годзе далучыўся да вайскова-патрыятычнага клуба «Ваяр». Шмат сілаў і часу выдаткаваў на гэты кірунак. Як потым паказала мая служба ў войску, гэта дае пэўны плён. Год у войску цябе можа загартаваць хіба псіхалагічна, а нейкія практыкаванні выконваць можна навучыцца і так.

«НН»: У войска пайшоў свядома?

ПШ: Ну як, мяне прызвалі. Жадання касіць не было — гэта ж фінансавыя выдаткі на хабары. Было нейкае жаданне паглядзець, як там яно. Шчыра кажучы, вайсковы перыяд у маім жыцці быў самы складаны.

«НН»: Што такое сёння беларускае войска?

ПШ: (доўгая паўза). Гэта месца, дзе людзі жывуць за калючым дротам. Яны не маюць нічога неабходнага. З хімічных сродкаў ёсць толькі, скажам, пясок. Аўтамат Калашнікава можна чысціць тапкам, бруднай анучай і пяском. Гэта структура, якая засталася недзе ў ХІХ стагоддзі. Там ёсць прыкметы і феадалізму, і капіталізму, і камунізму. Напрыклад, калі мне нешта трэба, то я проста іду і бяру, бо ўсё агульнае, калі толькі нешта не ляжыць у вопратцы. Плюс жорсткая іерархія.

«НН»: Маеш на ўвазе дзедаўшчыну?

ПШ: Так, канечне. Нават можна сказаць «устаўшчына» — гэта своеасаблівая форма дзедаўшчыны. Гэта калі афіцэр кажа, што я тут галоўны «дзед» і дэмбель. Самы яскравы прыклад, калі адны афіцэры б’юць іншых. Вядома, што салдаты таксама пераймаюць такі досвед.

«НН»: Цябе білі?

ПШ: Не, я размаўляў па-беларуску. Калі ты размаўляеш па-беларуску, то цябе ніхто і пальцам не кране. Але гэта не пазбаўляе ад выканання бессэнсоўнай працы, якой заняты ўвесь час.

Павялічыць

«НН»: Калі ты сёлета трапіў у ізалятар, то ўсплыла гісторыя, як яшчэ, будучы студэнтам, ты ўзяў молат і пайшоў зносіць помнік Леніну. Раскажы пра гэта.

ПШ: А што расказваць? Я вырашыў знесці помнік Леніну. Аб’ехаў усе такія аб’екты, абраў самага безабароннага. Выйшаў уначы і стаў выконваць задуманае. Гэта было недалёка ад старога аэрапорта.

Узяў сякеру і стаў секчы. Затрымалі мяне на месцы праз чатыры гадзіны. Была крымінальная справа, потым яе перакваліфікавалі ў адміністрацыйную. Я атрымаў штраф.

«НН»: А помнік Пушкіну? Што гэта было такое?

ПШ: Чырвоныя рукі Пушкіну я намаляваў у студзені. У снежні былі вялікія пратэсты супраць інтэграцыі з Расіяй, былі перамовы кіраўнікоў краін. Ад грамадзянскай супольнасці патрабавалася выказаць сваю пазіцыю наконт інтэграцыі і планаў Расіі пазбавіць Беларусь незалежнасці, пагроза была вельмі рэальная. Я вырашыў зладзіць мастацкую акцыю, перформанс.

«НН»: Дык а чаму менавіта Пушкін, а не Ленін?

ПШ: Ён не мае дачынення да гісторыі Мінска, а да гісторыі Беларусі калі і мае, то толькі негатыўнае. Ён апраўдваў задушэнне паўстання 1830 года. Мы не маем у Беларусі помнікаў Быкаву, Караткевічу, Каліноўскаму ўрэшце. Затое ёсць Пушкіны, Леніны, Калініны, гэтыя помнікі добра ахоўваюцца, рамантуюцца. Я спрабаваў прыцягнуць увагу да наяўнасці такіх помнікаў у нас у краіне.

«НН»: Чырвоныя, крывавыя рукі Пушкіна — гэта нейкі сімвалізм?

ПШ:

Мэсэдж акцыі ў тым, што немагчыма інтэгравацца з людзьмі, у якіх рукі ў крыві.

Расія распачала вайну ва Украіне і можа пачаць у Беларусі. У гісторыі былі перыяды, калі інтэграцыя канчалася 1937 годам, а беларускія патрыёты ехалі ў Сібір. Гэта своеасаблівая акцыя самаабароны, каб мы не паехалі ў Сібір як крымскія татары, як народы Каўказа.

«НН»: У інтэрнэце абураліся, што ўсё ж Пушкін тут ні пры чым, мог бы Дзяржынскага якога замаляваць.

ПШ: Пушкін — гэта гісторыя ХІХ стагоддзя. Сёння мы ўжо бачым, што нават беларускія ўлады дазваляюць паслабленні ў гісторыі гэтага перыяду. Калі ХХ стагоддзе для іх — гэта вайна, яны не адпускаюць гэты наратыў, то ў ХІХ стагоддзі ёсць зрухі. Можна прыгадаць усталяванне помніка Станіславу Манюшку і Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу. Даюць дабро на Міхала Клеафаса Агінскага, на Касцюшку. Пакуль такое немагчыма ў гісторыі БНР, напрыклад, дошкі няма па сёння. ХІХ стагоддзе — той перыяд, дзе можна дзейнічаць больш вольна.

Павялічыць

«НН»: Якія былі два астатнія пункты абвінавачання?

ПШ: Гэта акуратны невялікі бел-чырвона-белы сцяг на помніку міліцыі каля Міністэрства абароны. Гэты знак павінен быў сімвалізаваць, што беларусы гатовыя бараніць перад Расіяй сваю краіну, а сілавікі павінны бараніць тэрытарыяльную незалежнасць і канстытуцыйны лад.

Ніякай непавагі да палеглых міліцыянтаў я не хацеў выказаць. Хоць калі ўзяць спіс міліцыянераў, якія палеглі ў той час, то 20-30% былі забітыя ляснымі братамі, патрыётамі Беларусі. Я пытаўся ў міліцыянераў, чаму ваш помнік стаіць ля Мінабароны, чаму там няма камераў? Ціснулі плячыма, а мы не ведаем, кажуць.

«НН»: У інтэрнэце пісалі, што ты паблытаў помнікі. Лічыў, што «апаганьваеш» помнік вайскоўцам, а аказалася, што міліцыянтам. Праўда?

ПШ: У людзей часта паганскае стаўленне да помнікаў. Калі ён ёсць, то значыць, што да яго трэба прыходзіць, маліцца, прыносіць кветкі. Хоць помнікі ўсталёўваюцца людзьмі, зносяцца людзьмі. Гэта не рэлігійныя збудаванні. Нехта кажа: не ты ставіў, не табе прыбіраць. Але помнікі могуць мяняцца, трансфармавацца ў адпаведнасці з патрэбамі часу. Ці пераблытаў я? Магчыма, што і паблытаў. Прыйшоў да хаты і паглядзеў ужо адтуль, што гэта помнік міліцыі.

«НН»: І трэці пункт абвінавачання?

ПШ: Гэта графіці «1937» каля Курапатаў. Гэта значыць, калі нашы высілкі па абароне незалежнасці будуць недастатковымі, то нас чакаюць 1937 год і Курапаты. На жаль, сённяшняя сітуацыя ў Расіі пацвярджае мае развагі. У СІЗА я сядзеў з чалавекам, які адбываў пакаранне ў Расіі. Ён кажа, што там цэлыя корпусы аддаюць на вязняў з Каўказа. Сотні людзей атрымліваюць па 20-25 гадоў за экстрэмізм. Толькі за тое, што яны любяць свае краіны. З беларускіх патрыётаў таксама зробяць тэрарыстаў — вось і ўсё.

«НН»: Ты ж сам пайшоў здавацца ў міліцыю?

ПШ: Бо разумеў, што мяне ўсё адно вылічаць. У Беларусі вельмі шчыльны кантроль. Нават калі атрымаецца абысці дзесяць камераў відэаназірання, то нейкі выпадковы рэгістратар аўто ўсё адно цябе вылічыць. Па гэтай справе працавала некалькі груп следчых, крымінальны вышук. Калі Караеў стаў міністрам, то ён як выхадзец з унутраных войскаў адмяніў бессэнсоўнае патруляванне паркаў байцамі часці 5448, і можна сказаць, што я гэтым скарыстаўся. Проста я зразумеў, што ўсё сур’ёзна, і найлепшы выхад — расказаць праўду.

«НН»: Разумеў, што цябе змесцяць у СІЗА?

ПШ: Цалкам. Калі ты жывеш у Беларусі, то трэба быць гатовым, што цябе змесцяць у ізалятар нават без прычыны. Адзін з галоўных аргументаў, чаму я пайшоў здавацца: не хацеў, каб пацярпелі невінаватыя людзі. Як гэта было пасля тэракту на Дзень Рэспублікі, калі пасадзілі шмат невінаватых людзей і выбівалі з іх паказанні. Ці справа маньяка Міхасевіча, калі ўвогуле расстралялі невінаватых. Як бы я сябе адчуваў, калі б нехта сеў за здзейсненае мной?

«НН»: Ты прачнуўся раніцай, сказаў жонцы «бывай». І пайшоў здавацца?

ПШ: Я яе не папярэдзіў.

«НН»: Не сорамна за гэта?

ПШ: Я потым ужо з міліцыі ёй патэлефанаваў.

«НН»: Як у міліцыі цябе сустрэлі?

ПШ: Пазітыўна, яны абрадаваліся. Спыталі, чаго канкрэтна я хачу. Я сказаў, што хачу, каб з ізалятара адпусцілі майго сябра, блогера «Шэрага Ката» Змітра Казлова, які атрымаў 120 сутак. І гэта парушае ўсе правілы. Прыехаў асабіста начальнік мінскай міліцыі. Яны былі ўдзячныя, што ім не давялося расследаваць справу, але пераконвалі, што ў любым разе знайшлі б мяне, бо я ўжо знаходзіўся ў базе.

Павялічыць

«НН»: На Валадарскага было прасцей, чым у войску?

ПШ: Так, абсалютна. У войску салдат заўсёды нешта робіць: рубіць лес сапёрскімі рыдлёўкамі, пераносіць плот, капае «адсюль і да абеду». Гэта яшчэ з часоў Рымскай імперыі прыдумана, калі няма вайны, то салдаты павінны ўвесь час займацца нейкай фізічнай працай, нават калі яна не мае сэнсу.

«НН»: Што за людзі з табой сядзелі?

ПШ: Эканамічныя, камерсанты — такіх працэнтаў 60. Вельмі шмат моладзі сядзіць па артыкуле 328.

«НН»: Ты лічыўся палітычным, да цябе было асаблівае стаўленне?

ПШ: Турма — гэта месца, дзе ты проста жывеш. Гэта як пакой у інтэрнаце. Людзі ў абмежаванай прасторы проста сядзяць. І не важна, лічыш ты сябе палітычным ці не лічыш. Ты, як і ўсе астатнія, проста ясі, спіш, нешта пішаш. Ніякіх паблажак я не адчуваў, але і ціску.

«НН»: Нават падчас запісу відэа, якія з’явіліся на сайце «СБ», ціску не было?

ПШ: Цяжка сказаць, што можна назваць ціскам. Да мяне тры разы прыходзілі супрацоўнікі ГУБАЗіК. Гэта быў не КДБ. Яны кажуць: «Ты ж разумееш, што тут вырашае не пракуратура, не суд, не следства, а мы». Па сутнасці, ГУБАЗіК сёння як калісьці НКВД.

Па эканамічных злачынствах таксама ўсё вырашаюць яны. Яны запалохваюць людзей, па кожнай справе ёсць свой куратар. Яны ведаюць прысуды да таго, як яны вынесеныя.

Калі ты з імі размаўляеш, то ў тваіх інтарэсах ім спадабацца. Гэта як сумоўе на працу: ты кажаш тое, што спадабаецца іншаму боку.

«НН»: Ты ведаў, што цябе запісваюць?

ПШ: Яны не папярэджвалі, але я мог гэта прадбачыць. Я выбачаюся перад тымі людзьмі, каго мог пакрыўдзіць. Адзінае — вартае ўлічваць, што праўды там было менш за палову. Ніводнай крымінальнай справы па маіх словах заведзена не было.

«НН»: Ты хацеў іх перайграць?

ПШ: Не, гэта не гульні. Проста ў мяне пытаюцца, што я думаю пра спадара Рымашэўскага? Кажу, што ён карупцыянер і здраднік. Што трэба рабіць, каб не было Плошчы? І ты ім фактычна пераказваеш усё тое, што яны рабілі ў 2010 годзе. Маўляў, усіх трэба затрымаць, а каго не затрымалі, разагнаць дубінкамі. І яны такія: о, дык мы ўсё правільна робім!

Пыталіся, ці ёсць зброя? Канечне, ёсць, але мы абараняемся. Калі казацкі рух праводзіць трэніроўкі, практыкаванні, то прабеларускія сілы таксама гуляюць у страйкбол.

«НН»: Усё ж раскажы падрабязна, як гэта адбывалася.

ПШ: Мяне заводзілі ахоўнікі да іх у кабінет. Гэта ніякае не следчае дзеянне, яны проста задаюць пытанні. Як юрыст я разумею, што яны займаюцца аператыўнай працай. Гэтая практыка вельмі распаўсюджаная. Мне прапаноўвалі пэўныя паблажкі, але я адмовіўся.

Павялічыць

«НН»: Што прапаноўвалі?

ПШ: Казалі, калі табе дрэнна сядзіцца, то можам перавесці ў іншую камеру. Самае галоўнае — казалі, што калі будзеш з намі супрацоўнічаць, то атрымаеш «хімію» ці штраф. Гэтыя словы былі агучаныя, і іх можна ўспрымаць як шантаж. Не павінны такім займацца супрацоўнікі праваахоўных органаў. Проста прыходзяць нейкія людзі, якія прапануюць табе ўгоды, якія ніякім чынам не аформленыя.

Шмат людзей згаджаецца супрацоўнічаць, асабліва па артыкуле 328, а потым іх банальна «кідаюць». І кажуць, што нічога такога не абяцалі. Калі да мяне прыходзілі, то я сказаў, што пра ўсё гэта раскажу СМІ. Калі хочаце, каб я маўчаў, то за гэта трэба заплаціць 3 тысячы даляраў. Іначай я пайду ў незалежныя СМІ, і яны мне будуць плаціць за інтэрв’ю. (Натуральна, «Наша Ніва» і іншыя незалежныя СМІ не плацяць героям інтэрв'ю — Рэд.)

«НН»: Не ўсё ж трапіла ў інтэрнэт?

ПШ: Ды не, фактычна цалкам. Зразумела, я не казаў, што я не палітычны — гэта была нарэзка.

«НН»: Як яны яе зрабілі?

ПШ: Спыталі, напрыклад, ці лічу я палітычнай дзейнасцю ўсё тое, чым займаецца спадар Рымашэўскі. Я адказваю, канечне, гэта не палітыка.

«НН»: З Севярынцам пасля вызвалення размаўляў?

ПШ: Пакуль не.

«НН»: Думаеш, ён пакрыўджаны на цябе?

ПШ: Канкрэтна па Севярынцу. Калі яго затрымалі ў снежні, то я намаляваў графіці «Свабоду Севярынцу», даваў па ім паказанні. Я заўсёды падтрымліваю дзеянні спадара Паўла. Я сказаў, што ён сярэднявечны фанатык, але я так не лічу. Гэта быў такі своеасаблівы папулізм. Фактычна гэта была копія паводзінаў Аляксандра Лукашэнкі, які ўсім навешвае цэтлікі, абражае людзей.

«НН»: А наконт прапановы пайсці служыць у органы, якую ты прыняў?

ПШ: Гэта быў тролінг. Ніхто ўсур’ёз нікому нічога не прапаноўваў. Што можна прапанаваць чалавеку, які разважае пра тое, што трэба пайсці паліць «Дом Масквы» ў Мінску? Такія людзі ў спецслужбах служыць не павінны, бо яны могуць выйсці з-пад кантролю.

Павялічыць

«НН»: Ты на поўным сур’ёзе хацеў спаліць «Дом Масквы»?

ПШ: Я ведаў, што мае размовы па тэлефоне запісваліся, але я не саромеюся выказваць свае меркаванні, як некаторыя.

Зразумела, гэта не мае нічога супольнага з рэчаіснасцю. Можна сказаць, што я дамогся свайго. Калі «Советская Белоруссия» накладам 200 тысяч асобнікаў піша пра тое, што ёсць такія людзі, якія кажуць, што Расія сыдзе толькі калі падпаліць пасольства. І людзі чытаюць у «СБ», што ёсць тыя, хто супраць Расіі. Увогуле ў мяне пазіцыя, што трэба размаўляць з усімі і па магчымасці спрабаваць перацягнуць іх на свой бок.

«НН»: Цябе вазілі на псіхалагічную экспертызу ў Навінкі?

ПШ: Не, гэта ўсё было проста на Валадарскага. Проста запаўняеш тэсты. Нічога надзвычайнага. Кшталту тых, калі спрабуеш уладкавацца ў міліцыю ці іншыя органы.

«НН»: Пасля гэтых відэа ізгоем сябе не адчуваеш?

ПШ: Не, канечне. У палітыцы заўсёды ёсць крытыка. І калі чалавек публічны, то яго крытыкуюць з усіх бакоў. Адны за радыкальнасць, іншыя — за памяркоўнасць. Чалавек заўсёды мае права выказвацца, яму нельга затыкаць рот. Гэта першасныя правы чалавека. Часам людзі крычаць, што не вераць дзяржаўным СМІ, але калі там нешта выходзіць пра апазіцыю, то падхопліваюць гэта і падаюць як нейкі аргумент, раскідваюць спасылкі.

Павялічыць

«НН»: Казалі, што цябе адпусцілі, бо захварэў. Гэта, можа, «карона» была?

ПШ: Не, звычайная хвароба. І вызвалілі не праз хваробу. Калі хтосьці хварэе ў ізалятары, то мераюць тэмпературу, але перад гэтым пытаюцца, ці трэба мераць, можа, у цябе зуб баліць. Справа ў тым, што камеру, дзе ў кагосьці тэмпература, саджаюць на каранцін, не выводзяць на прагулкі. Для такіх вызвалілі цэлы паверх на Валадарцы, запоўнены ён на палову. Так што вэлкам!

«НН»: Чуў, што менавіта ты выкінуў з метро казака на славутым відэа. Гэта праўда?

ПШ: Так, я ехаў у метро з сябрам. Пабачыў п’янага чалавека ў казацкай папасе, берцах і камуфляжных штанах. У мяне ёсць знаёмыя казакі, я быў у іхнім офісе ў Мінску. Казакі бываюць розныя, тое ж кубанскае казацтва пацярпела падчас рэпрэсій. Гэты чалавек проста зганьбіў мундзір. І яго потым збілі самі казакі, прычым вельмі жорстка. Білі за тое, што ён быў п’яны, а па-другое, што не даў адпор, калі яму збілі папаху. У мяне асабіста ніякіх праблемаў не было, пагрозаў таксама.

Гутарыў Зміцер Панкавец, фоты Надзеі Бужан

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2019 2020 2021
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1
2 3 4 5 6 7 8
9 10 11 12 13 14 15
16 17 18 19 20 21 22
23 24 25 26 27 28 29
30