Знайсці
06.06.2020 / 21:318РусŁacБел

Быў Цькуй, стаў Вольскі. Як беларусы змянялі свае прозвішчы ў 1920-я

Пра тое, як беларусы скарысталіся з аднаго бальшавіцкага дэкрэта, піша Таццяна Агеенка, навуковая супрацоўніца Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь.

Ілюстратыўнае фота. Kp.by

З прыходам бальшавікоў да ўлады грамадзяне атрымалі магчымасць памяняць свае прозвішчы і імёны. Гэта права замацаваў дэкрэт СНК РСФСР ад 4 сакавіка 1918 года «Аб праве грамадзян змяняць свае прозвішчы і мянушкі». А працэдура была нескладаная. Для змены патрабавалася звярнуцца па месцы свайго жыхарства да загадчыка аддзела запісаў грамадзянскага стану і асабіста прадставіць пісьмовую заяву. Да яе прыкласці дакументы, якія сведчаць асобу (метрычную выпіску аб нараджэнні ці завераную яе копію), пасведчанне ад бюро юстыцыі аб несудзімасці, для жанатых мужчын — згоду жонкі на змену прозвішча. Да ўсяго гэтага трэба было аплаціць гербавы збор. 

У Беларусі звесткі аб змене прозвішчаў друкаваліся ва ўрадавай газеце — «Весткі ЦВК БССР». Пасля заканчэння двухмесячнага тэрміну з часу апублікавання чалавек меў права на ўнясенне гэтай змены ва ўсе акты грамадзянскага стану.

«Перажыткі даўніны»

Пасля выдання дэкрэта вялікая колькасць грамадзян не прамінула ім скарыстацца, у тым ліку і ў Беларусі. Гарбуз жадаў стаць Віленстовічам, Барыня — Камаровым, Клоп — Малежыкам, Кот — Рамашовым, Казадоеў — Смірновым, Касабрухаў — Дарскім. Прычым у заявах можна сустрэць абгрунтаванні перамены прозвішча. Напрыклад: «Лічачы сваё прозвішча Куцелай зусім не мілагучным, якое абражае чалавечы гонар і з’яўляецца перажыткам цёмнай даўніны, прашу аб яго перамене і прысваенні мне прозвішча Ленскі». Ці яшчэ: «Прычын не ўказваю, бо кожнаму зразумела, што насіць такое прозвішча, як Песляк, не асабліва прывабна». І Песляк прасіў афіцыйна зрабіцца Дняпровым. 

У студзені 1922-га ў ЦэнтраЗАГС паступіла заява ад курсанта тэарэтычнай школы авіяцыі рабоча-сялянскага ваенна-паветранага флоту РСФСР Уладзіміра Іванавіча Заіанчкоўскага, які пісаў:

«Быўшы запісаны пры хрышчэнні па метрычных кнігах і кнігах дэпартамента Герольдыі ўрадавага сената пад імем, імем па бацьку і прозвішчам Уладзімірам Іванавічам Заіанчкоўскім з прысваеннем правоў асабістага ганаровага грамадзянства, я хадайнічаю аб перамене майго прозвішча, адмаўляючыся ад усіх прысвоеных мне правоў. Прашу даць мне права насіць прозвішча майго бацькі Міхаіла Аляксандравіча Дняпрова і называцца Уладзімірам Міхайлавічам Дняпровым. Прычыны, якія мяне паклікалі звярнуцца з вышэйазначаным хадайніцтвам, наступныя: 1. Ідэалагічнае і палітычнае разыходжанне з поглядамі асоб, якія давалі мне прозвішча Заіанчкоўскага — я па перакананнях камуніст. 2. Будучы з малых гадоў з бацькам маім М. А. Дняпровым і сыходзячыся з ім у перакананнях, жадаючы звязаць усё сваё жыццё з ім, не ўдаючыся ва ўсе сямейныя і юрыдычныя прычыны і падрабязнасці, якія папярэднічалі таму, што мне прысвоена прозвішча Заіанчкоўскі з усімі правамі, — я прашу аб перамене яго на сапраўды жаданае мне прозвішча Дняпрова».

Мянялі панскія мянушкі

Лявонцій Сямёнаў Халаем прасіў перамяніць прозвішча на Вінаградаў. Ён пісаў:

«Не жадаючы мець старое прозвішча, бо яно дадзена маім прадзедам памешчыкам-прыгоннікам у насмешку». 

Такія сведчанні пра наданне памешчыкамі прозвішчаў сваім прыгонным у заявах— сустракаюцца не раз.

Вось, напрыклад, ліст ад жыхара пасёлка Бродаўка Кішчына-Слабадской воласці Барысаўскага павета Мінскай губерні Міхаіла Міхайлава Жука і яго сваякоў:

«Наш дзядуля Фама Ігнацьеў іменаваўся па прозвішчы Ажахоўскі, але, будучы чалавекам бедным, але не прыгонным, трымаў надзел зямлі ў арэндзе ад памешчыка Асвяцімскага, які запатрабаваў ад яго дакументы і знічтожыў іх, прыпісаў яго да прыгонных і перайменаваў прозвішча патомнае Ажэхоўскі на прозвішча Жук. З прычыны немілагучнасці цяперашняга нашага прозвішча і жаданнем мець сваё патомнае прозвішча мы просім перайменаваць наша прозвішча Жук на наша патомнае прозвішча Ажахоўскі». 

Таксама сустракаліся і такія выпадкі, калі пераменай прозвішча жадалі засведчыць уступленне ў роднасныя адносіны.

«З прычыны беднага стану майго бацькі, які мае чатыры дзесяціны зямлі з усякай няўдобнай і пяць душ сямейства, я з 1918 года пражываў у грамадзяніна … Пятра Самуілава Савіча ў якасці сына, у якога я застаюся і на пастаяннае месца жыхарства. Па-гэтаму прашу… перапісаць маё прозвішча, г. зн. замест Малага даць прозвішча Савіч».

Псеўданімы замест прозвішчаў

Нароўні з простымі жыхарамі Беларусі змянялі прозвішчы і вядомыя людзі. Так, напрыклад, акцёр, рэжысёр, адзін з заснавальнікаў беларускага тэатральнага мастацтва Еўсцігней Афінагенавіч Радыёнаў-Дунаеў у снежні 1923-га звярнуўся ў ЦэнтраЗАГС. Ён пісаў:

«Прашу змяніць маё прозвішча Радыёнаў-Дунаеў на прозвішча Дунаеў-Міровіч, якім я карыстаюся як літаратурным псеўданімам на працягу 18 гадоў». 

У лютым 1924-га з заявай аб перамене прозвішча звярнуўся савецкі военачальнік, удзельнік грамадзянскай вайны Бжышкянц Гая Дзмітрыевіч, які пісаў:

«Пад псеўданімам Гай я вядомы ва ўсёй гісторыі грамадзянскай вайны і прысвоіў яго з пачатку рэвалюцыі, але да гэтага часу не правёў афіцыйнага афармлення ў перамене прозвішча».

Бедны студэнт Цькуй

Паслуга па змене прозвішча каштавала грошай, але калі чалавек не мог заплаціць, у некаторых выпадках гэта можна было зрабіць бясплатна. Некаторыя гэтым яўна злоўжывалі. Так, напрыклад, грамадзянін Цькуй да сваёй заявы прыклаў пастанову народнага суддзі 1-га ўчастка горада Мінска, у якой пацвярджалася неплацежаздольнасць да ўплаты належных збораў ЗАГСа. У пастанове адзначалася:

«Гр. Цькуй Іван як бежанец закардоннік … у цяперашні час з’яўляецца студэнтам БДУ, знаходзіцца на біржы працы беспрацоўных, дапамогу не атрымлівае, маёмасці не мае, пабочных заробкаў таксама і жыве на стыпендыю».

Гэта дало магчымасць Цькую змяніць прозвішча некалькі разоў на працягу кастрычніка—снежня 1924 года. Першапачаткова ён звярнуўся з просьбай стаць Вольскім, але 11 снежня, узяўшы шлюб з грамадзянкай Гусарэнка А. С., прыняў яе прозвішча. А ўжо 21 снежня яны абое звярнуліся ў ЦэнтраЗАГС, каб змяніць прозвішча Гусарэнка на Вольскага і Вольскую.

Сустракаліся і тыя, хто прагнуў перамены ўсяго імя. Напрыклад, Ліўшыц Хаім-Шлёма Янкелеў стаў Лявіцкім Саламонам Якаўлевічам. Альбо яшчэ варыянт, датаваны ліпенем 1923-га:

«Жадаючы перамяніць сваю габрэйскую рэлігію на праваслаўную, я маю намер прыняць хрышчэнне і змяніць імя замест Беньяміна — Вікенцій Мікалаевіч і прозвішча замест Рысіна — на Русаковіча». 

З усталяваннем таталітарнай сістэмы ў СССР свабода перамены прозвішчаў скончылася, хоць фармальна дэкрэт працягваў дзейнічаць. Але для атрымання дазволу неабходна было ўжо прадставіць сапраўды важкія аргументы.

Таццяна Агеенка

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930