Знайсці
21.06.2020 / 10:46РусŁacБел

Чатыры каханні Барыса Кіта

Амаль 108 гадоў пражыў гэты выбітны навуковец. З якімі жанчынамі дзяліў ён свой доўгі век, піша Валер Каліноўскі.

Барыс Кіт і Тамара Казевіч. 1990-я. Фота з архіва Барыса Кіта.

Сёлета 6 красавіка яму споўнілася б 110 год. Да гэтага юбілею Барыс Кіт не дажыў не так ужо і шмат — усяго два гады і два месяцы. Калі я з ім апошні раз бачыўся ў 2017 годзе, мы дамовіліся наступным разам сустрэцца на ягоны 110-гадовы юбілей. «А колькі там чакаць? Хутка ўжо!» — сказаў Барыс Уладзіміравіч. Але праз 2,5 месяца памёр. На момант смерці 1 лютага 2018 года ён быў самым старым беларусам у свеце. 

За амаль 108 год на гэтым свеце ў Барыса Кіта было сапраўды насычанае грамадскае і прафесійнае жыццё. Але было і шчаслівае асабістае, пра што шырокай публіцы вядома меней. Хоць гэта таксама ягоная спадчына.

Рэбека Траявіцкая: першае каханне 

Гісторыю пра светлае юнацкае каханне да габрэйскай дзяўчыны Рывы (Рэбекі) Траявіцкай Барыс Кіт некалькі разоў расказваў, калі ўжо быў вельмі сталым чалавекам. Гэта заўсёды былі вельмі пяшчотныя і сумныя ўспаміны. Рэбека жыла ў Карэлічах, а вучылася ў польскай гімназіі ў Наваградку. 

Барыс Кіт ужо вучыўся ў Вільні ва Універсітэце імя Стэфана Баторыя (1928—1933), і калі прыязджаў да бацькоў у вёску Агароднікі пад Карэлічамі, то дапамагаў Рыве па матэматыцы, быў яе рэпетытарам. 

Яна была высокай і прыгожай, з буйнымі пасмамі бялявых валасоў. Чатыры гады яны сустракаліся спачатку адкрыта, а потым, пасля забароны бацькі Рэбекі, артадаксальнага іўдзея, — таемна. Адзін раз Барысу, які праводзіў Рэбеку дадому, загарадзілі дарогу габрэйскія хлопцы, але абышлося, бо за яго заступілася каханая. 

Потым бацька прымусам аддаў Рэбеку замуж за габрэя, нашмат старэйшага за яе. Гэты разрыў Барыс Кіт перажываў цяжка. Пасля Рыва, найверагодней, загінула ў Халакосце, як сотні тысяч беларускіх габрэяў.

Галіна Швед: першая жонка

Сваю першую сям’ю Барыс Кіт стварыў у Вільні, калі працаваў выкладчыкам матэматыкі ў беларускай гімназіі (1931—1939). Кіт жыў тады ў прымаках у Галініным доме ў Калоніі Віленскай, у якім час ад часу прымаў як гасцей выкладчыкаў гімназіі і прафесараў Віленскага ўніверсітэта. У Барыса і Галіны нарадзілася дачушка Вольга, але яна памерла дзіцём. А адносіны з цешчай Эміліяй Іванаўнай былі складаныя.

Гэтыя абставіны прывялі да разводу яшчэ да пачатку Другой сусветнай вайны.

Фота Галіны Швед не захавалася. Але збярогся іншы здымак гэтага перыяду: Барыс Кіт са сваёй знаёмай Марысяй Друцько. Вільня, 1938 год. Фота з архіва Барыса Кіта.

Ніна Корсак: другая жонка

У 1939 годзе, пасля прыходу савецкай улады, на 10 гадоў маладзейшая за Кіта Ніна паступіла ў Баранавіцкі настаўніцкі інстытут, дзе ён выкладаў матэматыку. 17 жніўня наступнага года маладыя пабраліся шлюбам. А калі ўлетку 1941 года пачалася вайна з немцамі, Барыс і цяжарная Ніна шмат кіламетраў прайшлі пехатою па дарозе да дома бацькоў Ніны пад Маладзечнам. Неўзабаве ў мястэчку Лебедзева нарадзіўся іх першынец Уладзімір.

Бацьку Ніны Івана Корсака, дыякана і кіраўніка царкоўнага хору, савецкія ўлады арыштавалі і саслалі ў Сібір, дзе ён прабыў 8 гадоў, а ўжо пасля вызвалення пажыў мала. Кіт таксама трапіў пад ціск спачатку савецкіх уладаў, а потым нацыстаў, неаднойчы быў у тыя гады на парозе смерці. 

У канцы вайны Кіты эмігравалі спачатку ў Германію, дзе яны жылі ў лагеры ўцекачоў (1945—1948), а Барыс выкладаў матэматыку ва ўкраінскай школе, а потым — у ЗША. Другі сын Кітоў, Віктар, нарадзіўся ўжо ў Штатах, у Лос-Анджэлесе, у 1950 годзе.

Ніна Корсак у маладосці. Фота з архіва Барыса Кіта.

У 1972 годзе Барыс Кіт сышоў у адстаўку з дзяржаўнай службы ў ЗША і паехаў працаваць выкладчыкам у філію вашынгтонскага Мэрылендскага ўніверсітэта ў ФРГ. Пасяліўся ў Франкфурце-на-Майне. Сыны тым часам выраслі, а адносіны Барыса з Нінай астылі — іх шлюб развальваўся. 

Тамара Казевіч: спадарожніца жыцця

«Аднойчы ў Франкфурце мне патрэбна было перакласці некаторыя дакументы на нямецкую мову, і я зайшоў да адной перакладчыцы, якая паходзіла з Вільні. І яна пазнаёміла мяне з Тамарай», — апавядаў Барыс Кіт Васілю Быкаву, які ў 1990-я запісаў і выдаў успаміны Кіта пад назвай «Цярновы шлях». Тамара пазней прызнавалася, што новы знаёмец адразу зачараваў яе сваімі ведамі.

Знаёмства з Тамарай Казевіч адбылося ў 1972 годзе, неўзабаве пасля пераезду Кіта ў Нямеччыну. На той момант Барыс ужо разышоўся з жонкай Нінай, якая засталася ў Амерыцы. А Тамара яшчэ нашмат раней за тое развялася з першым мужам Багданам Казевічам, які таксама застаўся ў Амерыцы.

Тамара мела 15-гадовую дачку Ірыну і жыла з цёткай Лідзіяй Рудольфаўнай, якая гадавала яе з самага малога ўзросту — спачатку ў Кіеве, а пазней у Аўстрыі і Германіі. 

Лідзія Рудольфаўна негатыўна ўспрыняла Барыса Кіта як патэнцыйнага зяця, 15-гадовая Ірына яго таксама спачатку не палюбіла: ён жа быў на 27 гадоў старэйшы за Тамару. Але абедзве з часам зменяць сваё стаўленне.

Сустрэча Ніны і Тамары

У 1973 годзе ў Франкфурт з Вашынгтона прыехала Ніна Кіт, якая яшчэ заставалася фармальнай жонкай Барыса. Яна хацела пераканаць Барыса забыць усе крыўды, раздумаць пра развод і вярнуцца да яе. Але Барыс не схацеў. Ніна зразумела, што ў яго ўжо ёсць іншая. І выйшла на Тамару, спадзеючыся, што, можа, удасца неяк адгаварыць яе. 

Сям'я Кітоў у ЗША з сябрамі. Фота з архіва Барыса Кіта.

Як распавядаў пазней Барыс Кіт, ён паклікаў Тамару ў гатэль да Ніны, і Тамара пры сустрэчы першай падала руку. Пра што гаварылі жанчыны, Кіт не чуў, даў ім пагутарыць сам-насам. Потым ён напаўжартам казаў пра вынік той размовы: «Яны пагаварылі і вырашылі, што я належу Тамары».

Ніна вярнулася ў Вашынгтон, і потым у яе былі яшчэ сустрэчы і з Барысом, і з Тамарай, калі тыя прыязджалі ў ЗША. У новай жанчыны Барыса з усімі Кітамі — у тым ліку сынамі — склаліся сяброўскія адносіны.

22 красавіка 1973 года ў прыгожым рэстаране Вісбадэна Барыс Кіт і Тамара Казевіч адзначылі заручыны. Шлюб жа можна было аформіць толькі пасля фармальнага разводу Барыса, які быў атрыманы ў 1975 годзе. 

Але ў выніку да шлюбу справа ў іх так і не дайшла.

Шматгадовае сяброўства

«Спачатку мы хацелі пажаніцца. А потым я падумала і вырашыла, што лепей быць асобна, чым увесь час толькі разам і разам, бо надакучваеш, як бывае ў шлюбе. Людзі надакучваюць і пачынаюць сварыцца. А так ён прыходзіў, было добра, мы хадзілі, гулялі, не было ніякіх спрэчак. Гэта была мая ідэя, але і Барыс пагадзіўся, і, як мне падаецца, ён не надта пакутаваў ад гэтага», 

— тлумачыла іх выбар Тамара Казевіч. Яна называла іх адносіны шматгадовым сяброўствам, ён яе — спадарожніцай жыцця.

Былі штодзённыя тэлефанаванні, сустрэчы, паходы ў тэатры і рэстараны, паездкі за горад і за мяжу, удзел у важных імпрэзах і сумесны адпачынак. А пасля спатканняў і паездак Барыс і Тамара разыходзіліся па сваіх кватэрах. 

Тамара працавала сакратаркай спачатку ў прадстаўніцтве амерыканскай кампаніі ў Франкфурце, потым у розных банках і адвакацкай канторы. Барыс Кіт параіў Тамары пашукаць працы ў Федэральным банку ФРГ, які размяшчаецца ў Франкфурце, і яна ўрэшце стала сакратаркай старшыні Бундэсбанка Ганса Тытмаера — праца, якая яе надзвычай задавальняла.

Барыс Кіт з унукам Тамары Казевіч. 1987 год. Фота з архіва Барыса Кіта.

Тамара таксама дапамагала і Кіту. Пераклала на нямецкую і надрукавала на машынцы ягоную доктарскую працу, пабывала з ім на 15 астранаўтычных кангрэсах, яны разам былі на адкрыцці беларускай амбасады ў Боне ў 1993 годзе. А яшчэ Тамара перакладала на нямецкую мову вершы сябра Барыса Кіта Масея Сяднёва і пісала лісты патэнцыйным фундатарам Беларускага нацыянальнага ўніверсітэта ў Наваградку, калі на пачатку 1990-х Барыс Кіт загарэўся такой ідэяй і шукаў пад яе сродкі.

 «Жыццё было цікавае, добрае, мы аб’ездзілі ўвесь свет, мы былі задаволеныя нашымі адносінамі, — расказвала Тамара. — Барыс быў вельмі спакойным, вельмі разумным, не трэба было кнігі чытаць, а толькі дастаткова яго спытаць. З ім можна было добра бавіць час, ён не сварыўся і не злаваў, быў прыемным чалавекам, не шкадаваў добрых слоў. Я была шчаслівая з Барысом. Шмат гадоў!»

Ён пазнаёміў яе з усімі сваімі сябрамі-навукоўцамі і з беларусамі, якія бывалі ў яго ў Франкфурце. У 2001—2002 гадах Барыс Кіт і Тамара амаль штодня бачыліся з Васілём Быкавым і ягонай жонкай Ірынай Міхайлаўнай.

Развітанне

Пакуль Барыс быў маладзейшы, ён дбаў пра Тамару, ездзіў да яе з кветкамі і падарункамі. Але апошнія гады ўжо яму была патрэбна дапамога. Ён перажыў пералом шыйкі сцягна, аперацыю замены сустава, пасля якой на ногі ўжо не стаў, карыстаўся вазком. Дом састарэлых, дзе пасяліўся Кіт у 2012-м, быў блізка ад дома Тамары, 10 хвілін пехатой. І Тамара амаль штодня наведвала яго, хоць і сама была ўжо хворай. Яны вельмі непакоіліся пра здароўе адно аднаго да апошняга дня, кажа Тамара: 

«Калі цямнела — а гэта ў пяць вечара зімой, — Барыс Уладзіміравіч хацеў, каб я пайшла дадому, пакуль светла, каб я была ў бяспецы. Ён быў вельмі рады, калі я вярталася і званіла яму ўжо з дому. Не хацеў трывожыць і турбаваць… Апошнія два дні Барыса Кіта былі жахлівыя, ён упаў з ложка, стукнуўся галавою. Ён не мог глытаць, есці і піць. І ў яго былі такія болі, што паклікалі анестэзіёлагаў, яны далі яму крыху морфію, але ён усё роўна крычаў ад болю, пакутаваў. Яму далі яшчэ морфію, і яшчэ. І тады ён памёр…»

Барыс Кіт на фоне партрэтаў сыноў Віктара і Уладзіміра. 2002 год. Сыноў Барыс Кіт вельмі любіў, ганарыўся імі, трымаў іх партрэты, копіі дыпломаў і візітоўкі ў сваёй невялічкай франкфурцкай кватэры на пачэсным месцы. Фота з архіва Барыса Кіта.

Апошнія гады Барыс Кіт ужо кепска бачыў і чуў, але ўсё ж яму спадабалася вестка, што, паводле звестак Белстата, у Беларусі няма мужчын, старэйшых за яго, і што ён, выходзіць, самы стары беларус свету. Таксама ён быў самым старым жыхаром Франкфурта-на-Майне.

Валер Каліноўскі

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930