Знайсці
22.05.2020 / 08:5513РусŁacБел

«Піка не было, зніжэнне будзе плаўным». Беларускія эпідэміёлагі зноў памянялі прагноз па каранавірусе

Фота Надзеі Бужан

За час пандэміі каранавіруса далі не адзін прагноз аб тым, калі ў Беларусі чакаць піка захворвання. Зараз спецыялісты сыходзяцца ў меркаванні: мы на плато. Што будзе далей? Чакаць нам піка ці не? На пытанні TUT.BY адказала намеснік галоўнага доктара Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ірына Глінская. Паводле яе слоў, ўстойлівае зніжэнне захворванняў COVID-19 прагназуецца на канец мая — пачатак чэрвеня.

— Мы зараз на плато, а калі будзе зніжэнне?

— Да канца мая — пачатку чэрвеня.

— Але калі пасля плато будзе зніжэнне, ці значыць гэта, што пік мы ўжо прайшлі?

— У нас не было, як такога, піка. Мы плаўна раслі і потым выйшлі на плато. Былі дні, калі колькасць выпадкаў была вышэйшая, ніжэйшая, але класічнага піка, як быў у Італіі, Іспаніі, калі яны ўзыходзілі на яго вельмі хутка і калі сістэма аховы здароўя была перагружаная, у нас не адзначалася. Мы пасля плаўнага павелічэння колькасці выпадкаў выйшлі на плато.

— Гэта значыць, мы ўжо пойдзем толькі на зніжэнне?

— Паводле прагнозу — так, зніжэнне прагназуецца плаўнае.

— У нас у краіне выхад на плато і зніжэнне ў адзін і той жа час ва ўсіх рэгіёнах адбываюцца?

— Канешне не. Віцебская вобласць і Мінск раней увайшлі ў эпідэмічны працэс, таму ў іх зніжэнне надыходзіць раней, а іншыя рэгіёны ўвойдуць у гэты перыяд пазней.

— Калі ў нас у чэрвені будзе зніжэнне, мы можам дасягнуць у ліпені і жніўні такога ўзроўню, калі практычна не будуць рэгістравацца новыя выпадкі?

— Гэта малаверагодна, нейкая колькасць выпадкаў будзе рэгістравацца. Сёння няма падстаў меркаваць, што вірус сыдзе і мы ўсе пра яго забудзем.

— Ці дакладна я разумею тэрмін «плато» - гэта перыяд, калі штодня практычна аднолькавы прырост новых выпадкаў?

— Гэта знаходжанне колькасці выпадкаў у пэўных межах, у нас гэта прыкладна ад 800 да 1000. Калі разлічваць долю новых выпадкаў у структуры агульнай колькасці выпадкаў, то яна прыкладна ў гэты перыяд на адным узроўні — дзесьці 3-5%. Калі гэты паказчык павялічваецца — гэта неспрыяльная прагнастычная прыкмета. Калі ён знаходзіцца ў пэўных рамках — гэта прагнастычныя спрыяльныя прыкметы.

— Калі па падручніках, то колькі ў сярэднім доўжыцца плато?

— Гэтай інфекцыі няма ў падручніках, яна зусім новая. Мы праходзім шэраг этапаў: для таго каб наладзіць і сістэму дыягностыкі, і сістэму ўліку і прыйсці да аднастайных прынцыпаў па ўсіх краінах, каб можна было параўноўваць і ствараць нейкія мадэлі прагнозу. Дзякуючы тым мерам, якія мы прымалі, мы ўваходзілі на плато вельмі плаўна. Такіх краін мала, у іх плато доўжылася чатыры-пяць тыдняў. У нас плато ўжо больш за тры тыдні.

У многіх краінах да восені чакаюць другую хвалю каранавіруса, у нас яе можа не быць?

— Зараз адсутнічаюць звесткі ў краін для таго, каб адназначна адказаць на гэтае пытанне. Вывучэнне сітуацыі працягваецца.

— Як людзям, асабліва тым, хто цяпер перайшоў на выдаленую працу і скараціў свае сацыяльныя кантакты, зразумець, што можна вяртацца да звычайнага жыцця?

— Рэкамендацыі Міністэрства аховы здароўя захоўваюцца: па сацыяльным дыстанцыяванні, куды ў тым ліку ўваходзіць і аддаленая праца, і рэжым нашэння масак там, дзе могуць быць крыніцы інфекцыі.

Міністэрства аховы здароўя праінфармуе ў выпадку адсутнасці неабходнасці ў выкананні прафілактычных мерапрыемстваў. Пакуль сітуацыя дыктуе, што гэтых мер трэба прытрымлівацца, і ад таго, наколькі мы будзем выконваць гэтыя меры, будзе залежаць і тэмп зніжэння колькасці новых выпадкаў.

Наталля Беніцэвіч, Tut.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера