Даслаць навіну
Знайсці
20.05.2020 / 15:56 32

«Пра кроў на праспекце». Адказ Віктару Бабарыку

Дэпутата Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га склікання Сяргея Навумчыка зачапіла фраза Віктара Бабарыкі, прамоўленая ў інтэрв'ю праекту «Ток» пра «залітыя крывёю рускамоўных праспекты».

Прачытаў у «Нашай Ніве» інтэрвію на той момант кіраўніка праўленьня Белгазпрамбанку Віктара Бабарыкі, у якім, сярод іншага, ён кажа пра прэзыдэнцкія выбары 1994 году:

«Была і чацьвёртая сіла, нацыяналізм. Да 1994 году мне пашанцавала працаваць у НДІ парашковай металургіі, які быў досыць уцягнуты ў фарміраваньне руху «Народнага фронту», у нас дыскусіі праводзіў Пазьняк, Хадыка — і гэта быў аграмадны ўнёсак у разьвіцьцё самасьвядомасьці. На жаль, усім хацелася пабачыць вынік пры жыцьці, заліць крывёю праспекты рускамоўнымі… [так у арыгінале відэаінтэрвію — СН], заўтра навучыць усіх гаварыць па-беларуску. Часу не хацелася марнаваць на гэта, усім хацелася ўсё проста заўтра атрымаць — атрымалі тое, што атрымалі».

Дазволіў бы сабе выказацца адносна прыгаданых часоў — і як тагачасны дэпутат парлямэнту, і як давераная асоба аднаго з кандыдатаў, і як аўтар кніг на тэмы найноўшай гісторыі.

Мне цяжка сказаць, што ў дадзеным выпадку ўкладаецца ў паняцьце «нацыяналізм», але, як вынікае з наступных фразаў, гэта Беларускі Народны Фронт, які вылучыў на выбарах 1994-га свайго кандыдата, і, шырэй, — прыхільнікі нацыянальнага Адраджэньня.

Спачатку пра «заўтра навучыць гаварыць па-беларуску». Закон аб мовах быў прыняты ў студзені 1990-га Вярхоўным Саветам 11-га скліканьня, дзе быў толькі адзін «фронтавец» (член Аргкамітэту і Сойму Народнага Фронту Васіль Быкаў), і быў разьлічаны на паэтапнае дзеяньне цягам 10 (дзесяці) гадоў. Ці можна гэта лічыць — «заўтра»? У маштабах Гісторыі — магчыма, у маштабах чалавечага жыцьця — наўрад ці.

Далей. Магу засьведчыць, што ад вечару 19 кастрычніка 1988 году, калі быў утвораны Аргкамітэт БНФ «Адраджэньне», і да вечару 26 сакавіка 1996-га, калі я быў вымушаны пакінуць Беларусь, ніколі, ні ад аднаго актывіста БНФ, ні ад аднаго актывіста Таварыства беларускай мовы імя Скарыны, увогуле ні ад воднага прыхільніка нацыянальнага Адраджэньня ня чуў нічога і блізка падобнага на жаданьне ня тое што «заліць праспэкты крывёю рускамоўных», але нават і прапановы пра хаця б якія-небудзь дзеяньні, якія, паводле міжнародных стандартаў, можна было б расцаніць як дыскрымінацыю рускамоўнай часткі насельніцтва.

Нагадаю, што ў 1991 годзе менавіта мы, дэпутаты Апазыцыі БНФ, падрыхтавалі Закон аб грамадзянстве, які і быў прыняты і які абвяшчаў «нулявы варыянт». Г. зн. усе, хто на момант прыняцьця пражываў на тэрыторыі Беларусі, незалежна ад іх этнічнага паходжаньня, атрымліваў грамадзянства Беларусі. Аўтаматам.

Гэта быў самы лібэральны закон аб грамадзянстве на постсавецкай прасторы.

Магу таксама сказаць (і гэта, напэўна, шмат каго з моладзі зьдзівіць), што большая частка дэпутатаў Апазыцыі БНФ, як, зрэшты, і ўсяго Народнага Фронту, размаўляла па-руску. Гэта вынікала з умоваў, у якіх раслі і выхоўваліся пакаленьні беларусаў у апошнія дзесяцігодзьдзі існаваньня СССР.

Такім чынам, заліць праспэкт крывёю яны маглі толькі зрабіўшы масавае публічнае харакіры.

Між іншым, часам ад адукаваных людзей даводзіцца чуць паўтарэньне традыцыйнага (і, як я перакананы, зусім не выпадковага, а ў свой час штучна створанага) міфу, што БНФ займаўся выключна і толькі мовай, культурай да нацыянальным Адраджэньнем.

Галоўнае, чым займаўся БНФ і ягоная парлямэнцкая фракцыя, — гэта спачатку дасягненьне, а потым умацаваньне Незалежнасьці Беларусі, стварэньне дзяржаўных інстытуцыяў: уласнай фінансавай сыстэмы, войска, мытні, памежнай службы і г. д. Усё гэта было створанае ў пачатку 90-х і на грунце тых законапраектаў, якія падрыхтавалі дэпутаты БНФ (насуперак нежаданьню Кебіча і парлямэнцкай большасьці, якія толькі пад націскам БНФ 25 жніўня 1991 году парагаласавалі за Незалежнасьць).

Неяк ужо пісаў і паўтару цяпер, што гатовы паставіць па бутэльцы каньяку за кожны дзясятак знойдзеных у стэнаграмах выступаў дэпутатаў БНФ па пытаньні мовы (за выключэньнем, канешне, абмеркаваньня «моўных» артыкулаў Канстытуцыі), бо ў даступных мне стэнаграмах, як і ў памяці, тэмы нашых выступаў былі — сувэрэнітэт, дзяржаўнае будаўніцтва і эканоміка, эканоміка, эканоміка.

Недасканала ведаю цяперашні стан заканадаўства ў сфэры банкаўскай дзейнасьці, але падмурак існаваньня банкаўскай сыстэмы на цывілізаваных, рынкавых прынцыпах быў закладзены менавіта эканамічнай групай Апазыцыі БНФ (найперш дэпутатамі Уладзімерам Заблоцкім, Юрыем Беленькім, Мікалаем Крыжаноўскім, Віктарам Алампіевым, Сяргеем Папковым, разам з намесьнікам дырэктара Інстытуту эканомікі АН Уладзімерам Тарасавым). Законапраекты прайшлі эканамічную экспэртызу, былі вынесеныя на сэсію Вярхоўнага Савета — і змагацца даводзілася за кожны радок. Гэта таксама лёгка прасачыць па стэнаграмах.

Наступныя часы паказалі: карані таго, што адбылося (і што адбываецца) палягаюць найперш у нізкай нацыянальнай сьвядомасьці. Пры вельмі спрыяльных, у параўнаньні з суседзямі, эканамічных, геапалітычных, дэмаграфічных умовах (адсутнасьць міжнацыянальных канфліктаў, навукаёмістая высокатэхналягічная вытворчасьць, разьвіты аграсэктар, перасячэньне стратэгічна важных для нашых суседзяў шляхоў з захаду на ўсход і з поўначы на поўдзень), адзінае, па чым Беларусь «прасядала», — гэта нацыянальная сьвядомасьць.

Але гэты фактар аказаўся галоўным, бо менавіта ён вызначыў лёс народа на дзесяцігодзьдзі.

Бо ў 1994 годзе людзі гатовыя былі галасаваць за чалавека, які меў на мэце зьнішчыць Беларусь як незалежную дзяржаву, зьдзекаваўся з нацыянальнай гісторыі, з нацыянальных сымбаляў, нарэшце, з роднай мовы. У Літве, Польшчы, Латвіі, Украіне, у Расеі хаця б аднаго з пералічанага хапіла б, каб кандыдат апынуўся аўтсайдэрам. У нас большасьці гэта падавалася неістотным, бо ён жа паабяцаў «галоўнае» — «накарміць народ».

Вось што здараецца, калі грамадзтва блытае прыярытэты.

І гэта, магчыма, галоўны ўрок, які варта вынесьці з найноўшай гісторыі.

Сяргей Навумчык, дэпутат Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня, Прага

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

3
Надзя / адказаць
21.05.2020 / 23:12
Цель одна победа на выборах. Так и до выборов не дайдем .Лозунг нынешней власти разделяй и властввуй.  Вас уже поделили.  Виншую.Лукашенко выиграл.
2
вясковец / адказаць
22.05.2020 / 17:06
Бабарыка карыстаецца тымі ж спосабамі  прапаганды, якімі карысталіся камуністы ў 90-ыя гады. Людзі сталага ўзросту памятаюць фільмы па ТВ тыпу "Обыкновенный фашызм". Бабарыка прадасць Беларусь можа нават хутчэй, чым Лукашэнка. Ды гэтыя цыпкалы, бабарыкі ёсць ні што іншае, як фонавыя памочнікі Лукашэнкі.
0
Алесь Белы / адказаць
22.05.2020 / 18:27
Застаецца толькі чакаць каб Толькі-Зянон таксама закляйміў Бабарыку і заклікаў галасаваць за дзеючага як за найменшае зло і адзінага фактычнага выратавальніка суверэнітэту. Неяк прыцярпеліся ж, а можа так і трэба?
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2019 2020 2021
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2
3 4 5 6 7 8 9
10 11 12 13 14 15 16
17 18 19 20 21 22 23
24 25 26 27 28 29 30
31