Знайсці
19.05.2020 / 15:482РусŁacБел

«Глядзець на ваду не магу»: журналіста Алеся Асіпцова вызвалілі пасля 10-дзённага арышту

19 мая з магілёўскага ізалятара часовага ўтрымання пасля 10 сутак адміністрацыйнага арышту выйшаў на волю пазаштатны карэспандэнт БелаПАН Алесь Асіпцоў, піша Радыё Свабода.

Суд пакараў журналіста арыштам за тое, што 5 мая ён асвятляў сустрэчу прыхільнікаў блогера Сяргея Ціханоўскага. Алеся Асіпцова, як і іншых журналістаў, затрымалі 9 мая — у гэты дзень у Бабруйску прайшоў несанкцыянаваны «антыпарад», на які заклікаў Ціханоўскі.

У магілёўскім ізалятары Алесь Асіпцоў трымаў галадоўку, якую пачаў 9 мая. 

«Самаадчуванне нармальнае, толькі задышка, хочацца выпіць гарачай гарбаты. На дзіва, есці абсалютна не хочацца. Яшчэ крыху «штарміць», але мой арганізм дужы, натрэніраваны, таму з гэтым 10-дзённым марафонам я справіўся больш-менш нармальна».

Алесь кажа, што падчас галадання ўжываў толькі ваду.

«Я ёю проста ўжо абпіўся. За першыя трое сутак да суда я выпіў толькі гарбату, кісель і кампот. А за сем сутак я выпіў каля 12 літраў вады. Я не ведаю, многа гэта ці мала, але я проста не магу на яе глядзець. У заяве на імя начальніка ізалятара я пазначыў, што адмаўляюся ад медыцынскай дапамогі.

Сам ізалятар рабіў захады, каб мяне завесці да медыцынскага супрацоўніка, які мяне правяраў. На дзіва, у мяне не балела галава, як тое бывае на волі, і ціск быў, як у касманаўтаў, 120 на 80, а медсястра сказала, што галадоўка паспрыяла ачышчэнню арганізму».

Да Асіпцова прыходзіла супрацоўніца Кастрычніцкага РАУС і пыталася, чаму ён галадае.

«Сваёй галадоўкай я рабіў такое пасланне ініцыятарам затрымання, тым, хто нацкоўваў іх на журналістаў, што абыходзіцца з журналістам так нельга і што журналісты здольныя на смелыя радыкальныя дзеянні, каб абараніць свой чалавечы і прафесійны гонар. Я лічу, што мая галадоўка была плённай, і наогул усе галадоўкі плённыя, бо скаланаюць сістэму парушальнікаў правоў ня толькі журналістаў. Я дапускаю, што ў ізалятары яшчэ нехта галадае, бо я бачыў у ведамасці тры адмовы ад ежы. Хто гэта, я не ведаю», — сказаў Алесь Асіпцоў.

Магілёўскі ізалятар ён параўнаў з хостэлам эканом-класа. Але камеры былі вельмі халодныя.

«Дужа настылыя сцены, і ад іх проста дзьме холадам, таму за 10 дзён я фактычна не спаў».

Алесь Асіпцоў выйшаў на волю ў медыцынскай масцы, якія ўсім даюць у зняволенні. Ён кажа, што ў ізалятары ёсць дазатары з дэзсродкам, камеры рэгулярна праціраюцца. Але падазраваных і асуджаных дастаўляюць у цесным транспарце, не ўсе маюць маскі.

«У Кастрычніцкім аддзеле міліцыі падчас майго допыту заляцеў міліцыянт і з гонарам заявіў, што ў яго тэмпература і яго накіравалі дахаты. За ім прыбег яшчэ адзін міліцыянт, які сказаў, што ён кантакт другога ўзроўню».

Алесь кажа, што персанал ізалятара быў тактоўны. На волю яго выпусцілі «секунда ў секунду». У ізалятары Алесь атрымліваў паштоўкі, газеты, таму салідарнасць адчувалася.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930