Знайсці
18.05.2020 / 08:2913РусŁacБел

Навукоўцы на хамяках даказалі эфектыўнасць масак у барацьбе з каранавірусам

Навукоўцы з Універсітэта Ганконга з дапамогай эксперыменту з хамякамі даказалі высокую эфектыўнасць медыцынскіх масак у барацьбе з COVID-19, высветліўшы, што яны дапамагаюць у значнай меры знізіць бескантактавую перадачу віруса, паведамляе газета South China Morning Post са спасылкай на даследаванне.

У эксперыменце мікрабіёлагаў удзельнічалі 52 хамякі. У невялікім замкнёным памяшканні з аднаго боку ў кожную з клетак яны змясцілі аднаго хворага каранавірусам хамяка, а з другога — па тры здаровых. Паміж клеткамі навукоўцы ўсталявалі вентылятары, якія павінны былі нагнятаць паветра і «распаўсюджваць» вірус ад хворага грызуна здаровым. Таксама даследчыкі паміж клеткамі змясцілі спецыяльную масачную перагародку.

Даследчыкі правялі эксперыменты па трох розных сцэнарах: «масачны бар'ер» ставіўся каля клетак з заражанымі хамякамі, каля клетак са здаровымі хамякамі і зусім не ставіўся. Праз тыдзень пасля эксперыменту 10 з 15 здаровых хамякоў, якія знаходзіліся ў клетках без бар'ераў з масак, заразіліся каранавірусам. Аднак у тых выпадках, калі каля клетак з заражанымі грызунамі былі ўсталяваныя маскі, захварэлі толькі два хамякі з 12 у процілеглай клетцы.

Пасля таго, як падчас эксперыменту перагародку змясцілі толькі каля клеткі са здаровымі хамякамі, захварэлі чатыры грызуны з 12.

У выніку даследавання таксама высветлілася, што ў хамякоў, заражаных каранавірусам наўмысна пры дапамозе прамой ін'екцыі, назіраліся больш сур'ёзныя сімптомы, чым у тых, якія заразіліся ад іншых грызуноў.

«Наш эксперымент з хамякамі ясна паказвае: калі заражаныя хамякі ці людзі — асабліва бессімптомныя і тыя, у каго выяўлены сімптомы, — надзяваюць маскі, то яны фактычна засцерагаюць (ад заражэння — рэд.) іншых людзей», — прыводзіць выданне словы мікрабіёлага і спецыяліста па інфекцыйных захворваннях Юэна Кхуок-юна.

«Асабліва калі вы ў памяшканні або ў закрытай прасторы, дзе паветра свабодна не цыркулюе, у людных месцах або ў грамадскім транспарце, абавязкова насіце маску», — сказаў спецыяліст.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера