Знайсці
17.05.2020 / 13:1811РусŁacБел

Зісер: На мяне ўвесь час моцна ціснулі — каб я ім прадаў Tut.by

Рэдактарка Kyky.org Настасся Рагатко рабіла інтэрв'ю з Юрыем Зісерам восенню 2018-га ў разгар «Справы БелТА». Тады яно выйшла не ў поўным аб'ёме, паведаміла Рагатко. Частку інтэрв'ю Юрый Зісер дазволіў апублікаваць толькі пасля яго смерці. Сёння рэдактарка Kyky.org Настасся Рагатко апублікавала гэты фрагмент.

KYKY: Чаму людзі баяцца гаварыць пра грошы? Гэта страх, што калі ў цябе шмат, то цябе заўважаць?

Юрый Зісер: Так, людзі думаюць, што падатковая інспекцыя прыходзіць па навядзенні СМІ. Яны думаюць, што са СМІ інфармацыя бярэцца, хоць не разумеюць, што інфармацыя ідзе з банкаў з падатковых справаздач — і там усё бачна. Можа, 20 гадоў таму так і было, што ішло з СМІ, але цяпер проста застаўся страх. На шчасце, яго ўсё менш і менш. Арганізатар конкурсу «Чалавек справы» распавядаў, што 20 гадоў таму бізнэсмены пасля запрашэння на конкурс проста кідалі трубку. Баяліся. А зараз з кожным годам гэтага менш, і людзі ідуць, і бачаць: ад таго, што яны лаўрэаты конкурсу, нічога не абвалілася. А пайшло ў плюс. Але калі вы сочыце за раздзелам «Грошы і ўлада» на TUT.by, там большасць публікацый аўтар — TUT.by. Чаму? Менавіта таму што бізнэсмены і чыноўнікі баяцца гаварыць. Ці кажуць на ўмовах ананімнасці, а тады і журналіст павінен быць ананімным. Гэта спецыфіка нашай краіны. На жаль.

KYKY: Я ведаю, што калі выданне «Деловой Петербург» робіць свой топ-100 сярод бізнэсменаў — людзі тэлефануюць і просяць прыбраць іх са спісу за грошы.

ЮЗ: Так у «Штодзённіку», калі робяць спіс самых паспяховых, тое ж самае адбываецца. За грошы просяць ці проста кажуць, што гэта была замова — каб яны патрапілі ў гэты рэйтынг. Проста смешна. Але шмат хто сапраўды думае, што гэта падкопы канкрэтна супраць іх.

KYKY: Вы пасля смерці заснавальніка і ўладальніка агенцтва БелаПАН Алеся Ліпая напісалі допіс пра тое, як нервы забіраюць людзей. Вы напісалі: «Не дайце ім забраць у вас здароўе і жыццё». Немагчыма ж проста жыць і супакоіцца.

ЮЗ: Так. Я разумею, але я пісаў, каб, можа, нехта зразумеў, што яны не адны. Я думаю, што такая салідарнасць таксама важная.

KYKY: Проста падбадзёрыць людзей?

ЮЗ: Так, падтрымаць.

KYKY: А вы перажываеце з якіх прычын? Як вы сябе супакойваеце?

ЮЗ: Вядома. Ды з цяжкасцю — усё гэта адбіваецца на здароўі. Хварэю.

KYKY: Адмоўцеся, калі не хочаце адказваць. Я правільна разумею, што вам таксама ставілі дыягназ…

ЮЗ: Так, у мяне рак. Гэта цяпер не друкуйце — я проста не хачу, каб даходы TUT.by упалі. Як пра Стыва Джобса абвясцілі, што рак — і тры гады біржа мітусілася, што цяпер будзе з акцыямі Apple. І акцыі абваліліся. Я гэтага не хачу. Я ўжо трэці год жыву з гэтым дыягназам, увесь час лячуся. Зараз на лячэнні. Я два гады не працую ў офісе — так, з'яўляюся перыядычна.

KYKY: Вельмі правільнае рашэнне.

ЮЗ: Ну, у мяне няма выйсця. У мяне няма імунітэту ў гэты момант. Ну і ўсё гэта перапынкамі: я некалькі месяцаў лячуся, потым некалькі месяцаў «на волі» адыходжу. Потым я яшчэ раз — гэта такая спецыфічная разнавіднасць. А Ліпай таксама лячыўся ад рака. Я яго ў Бараўлянах сустрэў за два тыдні. Мы абдымаліся там. Я не ведаў, што ён хварэе. Я быў па сваіх справах, ён — сваіх. Ляжаў на хіміятэрапіі. А памёр ён ад тромба, ад інсульту. Ён пяць гадоў хварэў — у яго была саркома, яе выразалі і калі пачалася справа з ухіленнем ад падаткаў, зноў гэта ўсё палезла. Увогуле, своечасова памёр — учора выйшла навіна, што спынілі.

KYKY: Ва ўладальніка «Анегі» Сяргея Мета была падобная гісторыя. Ён у тыя апошнія паўгода прадаў «Анегу», і хутка потым памёр.

ЮЗ: Я не ведаў, але вылічыў потым, што гэта быў рак. Яму стала сорамна. Ён жа хадзіў такі козырам — і вось, з ім здарылася гэтае няшчасце. Я ўпэўнены, ён проста яго не перанёс. У мяне таксама такое. На мяне моцна ціснулі ўвесь час. І працягваюць ціснуць — каб я ім прадаў партал. І недзе за паўгода да пачатку хваробы я кожную раніцу пачаў прачынацца з думкамі: «Вось, ужо пара і паміраць». Таму што вось ужо я ўсё зрабіў, я выгадаваў TUT.by, а тут мяне пасадзяць, пачнуць дапытваць, я што-небудзь не тое скажу і скампраметую TUT.by — і лепш памерці. Я стаў кожную раніцу з гэтай думкай прачынацца. За некалькі месяцаў да крывацёку.

KYKY: А вы тады не думалі адысці ад спраў?

ЮЗ: А што гэта дасць? Усё адно ж неяк… Яны лезлі да мяне нават пасля гэтага. Праз іншых. Яны не вялі гутаркі непасрэдна са мной. Праз калег дзейнічалі… Гэта вы можаце апублікаваць, калі я памру. Але я спадзяюся, яшчэ працягну гадоў дваццаць.

KYKY: Я таксама спадзяюся.

ЮЗ: Але гэтага ніхто не ведае. Таму што разнавіднасць цяжкая. Гэта не рак грудзей ці рак прастаты, які вылечыў — і на ўсё жыццё. Гэта цяжкая форма. Але тым не менш, мяне добра лечаць.

Юрый Зісер, 15 верасня 2019 года. Фота: Антон Матолька.

KYKY: У Беларусі?

ЮЗ: Спрабаваў ў Ізраілі, але гэта глупства. Тут лепш.

KYKY: Чаму?

ЮЗ: Таму што хранічныя захворванні трэба лячыць дома. Або эміграваць. Іх трэба лячыць ў адным месцы — важная пераемнасць. Ну і потым я на хіміятэрапіі. Аперацыю — так, можна было за мяжой зрабіць, але мне яе выдатна зрабілі тут у лечкамісіі. Выдалілі палову страўніка. Ну, дзве траціны.

KYKY: І вам не хацелася эміграваць?

ЮЗ: Не — а як я кіну ўсё тут? Ды і наогул не хочацца эміграваць. Што потым там рабіць? Навошта жыць там?

KYKY: Расслабіцца. Хіба не?

ЮЗ: Ну, я не ведаю. Я не магу, для мяне гэта справа жыцця, я яе не магу кінуць. Не хачу, ды ў мяне і жонка не хоча з'язджаць, і я не хачу. З'язджаць можна ў 20 гадоў. Трэба было з'язджаць. Ну, у 25. А ў 58 гадоў з'язджаць — гэта глупства, таму што ты аброс тут, і там ў цябе нікога няма. Ты, атрымліваецца, адзін.

KYKY: Як паказваюць кнігі эмігрантаў, гэта цяжка.

ЮЗ: Эмігранты-пісьменнікі ўжо ніколі так добра не пішуць, як дома пісалі. Нават Дзіна Рубіна — гэта ўсё ўжо не тое. Ды і многія іншыя ўжо не дасягалі тых вышынь. Эміграваць трэба ў маладосці. А па здароўі — так у нас добра лечаць, па меншай меры, мяне. У мяне няма ніякіх скаргаў, мяне вельмі добра лечаць. Ну, і я сам жа скончыў біямедыцынскую кібернетыку і тры гады працаваў у Бараўлянах у 90-я гады. Я быў праграмістам, але займаўся навуковымі даследаваннямі. Я вёў аўтаматызацыю навуковых даследаванняў, статыстыку, штучны інтэлект яшчэ тады.

KYKY: А што вы рабілі?

ЮЗ: Пісаў праграмы для медыцынскіх даследаванняў. Матэматычныя мадэлі будаваў, апрацоўваў статыстыку па раку лёгкага, дапусцім. Таму я ў тэме, я разумею, што са мной робяць, чаму. І таму не бачу сэнсу нікуды ехаць лячыцца. Разумееце, у мяне ідзе хіміятэрапія. Уліваюць мне амерыканскія лекі па амерыканскіх пратаколах. Які сэнс іх уліваць у іншым месцы? А потым два тыдні мучыцца з-за ўскладненняў. Мучыцца лепш дома, таму што ўскладненні мяняюцца, і ты ляжыш… Што, у гасцініцы ляжаць? У бальніцы цябе не трымаюць - уліваюць і выпісваюць. І далей ты застаешся сам-насам з гэтымі болькамі. Млоснасць лечыцца адным спосабам, гастрыт — іншым, запаленне кішэчніка — трэцім спосабам. Стаматыт — чацвёртым.

KYKY: У вас напэўна вялікая аптэчка…

ЮЗ: Да тут усё забіта! (Смяецца). Так і навошта гэта лячыць за мяжой?

KYKY: Разумею, тут свае.

ЮЗ: Так, тут я дома. Тут усё ж са мной носяцца, мяне вельмі паважаюць, шануюць і добра ставяцца лекары. Ну, і я агулам даволі паслухмяны пацыент. Яны мне могуць расказаць нешта, чаго не могуць распавесці іншым — у мяне разуменне ёсць. А за мяжой я буду звычайным платным пацыентам. Або бясплатным. Ну, і які ў гэтым сэнс? Ёсць выпадкі, калі трэба лячыцца за мяжой, але гэта не мой выпадак. Лятаў я на асобныя абследаванні, кансультацыі ў Ізраіль. Ну я ўжо бачу ўсе моцныя і слабыя бакі, магу прадказаць, калі трэба, а калі не трэба з'язджаць.

KYKY: А ці можна сказаць, што ў нас з анкалогіяй добра змагаюцца?

ЮЗ: Добра. У нас праблема з ніжнім узроўнем. У паліклініцы дрэнна бачаць анкалогію. І потым я ведаю выпадак, калі лекар сышла ў адпачынак і чалавеку ніхто не сказаў, што ў яго рак — і не адправіў у дыспансер. Плюс у нас ёсць перабоі з лекамі — звычайна кожную зіму, кожнае лета. Не ўсё закупляецца — даводзіцца рабіць аналагі, але яны не цалкам капіююцца. Калі, дапусцім, чыстая хіміятэрапія капіюецца больш-менш, гэта значыць такі клас рэчываў — монакланальныя антыцелы — імунатэрапія. Яна дакладна не капіюецца, у нас бывае толькі аналаг. Самы тыповы прыклад — інтэрферон. Увогуле, усё, што трэба захоўваць пры +4+8 — інсулін, усё гэта імунатэрапія, усё гэта дрэнна падрабляецца. І таму калі пішуць, што нашы лекі дрэнныя, больш за ўсё скаргаў на інсулін. Ён дае ўскладненні, а імпартны не дае. Гэта таму што гэта розныя рэчывы. А звычайная хімія — груба кажучы, аспірын, гэта тое ж самае. Усё адно які купляць.

KYKY: Але калі перабоі, вы не спрабавалі…

ЮЗ: Купляў за грошы, вядома. Мне пашанцавала, што ў мяне ёсць грошы. Я не ведаю, што б я рабіў інакш.

KYKY: Вы не лабіравалі гэтую тэму?

ЮЗ: А як можна лабіраваць? У Міністэрства аховы здароўя няма грошай.

KYKY: То бок можна нават прыйсці пагаварыць з міністрам, але нічога не здарыцца?

Ю.З.: Ну, вылучаецца недастаткова сродкаў — і ўсё. І я не магу сказаць, што ўсё дрэнна. Дапусцім, у нас ёсць прыбор ПЭТ КТ — гэта самы сучасны сродак выяўлення метастазы пухліны. З аднаго боку, у Ізраілі ў кожнай раённай бальніцы ёсць гэты ПЭТ літаральна. А ў нас адзін на краіну. А з іншага боку, іх усяго 20 у Маскве. Ніводнага ні ў Літве, ні ў Латвіі, ні ў Эстоніі. Як яны ўвогуле жывуць там — я не ведаю. Куды пасылаюць хворых? У гэтым сэнсе ў нас лепш. І ў нас прыстойны навуковы ўзровень, і верхні. Так што, паўтаруся, у маім становішчы я не бачу сэнсу нікуды з'язджаць.

kyky.org

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930