Знайсці
16.05.2020 / 15:119РусŁacБел

«Мы, славяне, тысячу гадоў чакалі свайго папу, дык нашто ж я тут сяджу?!» Ян Павел ІІ і беларусы

У чым праяўлялася мудрасць Яна Паўла ІІ і што ён зрабіў для беларусаў, піша Андрэй Вашкевіч.

Папа Ян Павел II і прэзідэнт ЗША Рональд Рэйган у 1987 годзе. Wikimedia Commons.

На карце пілігрымак папы рымскага Яна Паўла ІІ Беларусь выглядае маленькай белай плямкай, прылепленай да велізарнай белай плямы — Расіі. Ніводзін рымскі пантыфік не быў на землях, якія цяпер складаюць Рэспубліку Беларусь. Не быў і Ян Павел ІІ. Але ён бываў на абшарах, дзе жывуць беларусы. У чэрвені 1999 года падчас сваёй перадапошняй паездкі ў Польшчу Ян Павел ІІ праплыў Аўгустоўскім каналам амаль што да беларускай мяжы і, памаліўшыся ў старадаўняй капліцы Маці Божай на возеры Студзянічным, сказаў:

«Я бываў тут шмат разоў, але як папа я тут першы і хіба што апошні раз».

Аўгустоўскі канал, Мікашоўка, Гарчыца, Аўгустоў — гэта ўсяго тры дзясяткі кіламетраў ад размешчаных над Нёманам родных вёсак маіх продкаў. Некалі гэта быў адзін велізарны абшар — пагранічча Вялікага Княства Літоўскага і Кароны Польскай, дзе стагоддзямі разам жылі беларусы і палякі, літоўцы і татары, яўрэі і рускія-стараверы. Хрысціяне тут у даўнія часы маліліся ў агульных святынях, напрыклад, у той самай капліцы на Студзянічным. Ян Павел ІІ не мог перайсці мяжу, даплыць па канале да самага Нёмана, прайсці ў Сапоцкіне па былой вуліцы Леніна, якую ў пачатку дзевяностых перайменавалі ў яго гонар — першага папы-славяніна. Але пра Беларусь гэты папа памятаў.

Кампрамісная фігура

Караль Вайтыла не павінен быў стаць рымскім папам. Яшчэ ў жніўні 1978 года ён браў удзел у канклаве, які выбраў намеснікам апостальскай сталіцы 65-гадовага італьянца Альбіна Лучані. Той узяў для сябе імя Яна Паўла І, але пакіраваць Каталіцкай царквой толкам не паспеў, бо ўжо праз месяц, у канцы верасня, раптоўна памёр ад інфаркту. 

Папу пачалі выбіраць зноў, і самае зацятае суперніцтва разгарэлася паміж італьянцамі — біскупамі Генуі і Фларэнцыі. А калі стала відавочным, што ніводзін не мае перавагі, выбар спыніўся на кампраміснай фігуры кардынала з польскага Кракава Караля Вайтылы.

Італія была ў шоку, бо амаль паўтысячагоддзя Ватыканам кіравалі толькі італьянцы і ніколі — славяне. Але час паказаў, што ў той дзень белы дым з коміна Сіксцінскай капэлы засведчыў выбранне аднаго з самых вялікіх пантыфікаў за ўсю гісторыю Каталіцкай царквы.

Зрэшты, сэрцы насцярожаных італьянцаў растапіліся таксама імгненна. 16 кастрычніка 1978 года новы папа, які ў гонар нешчаслівага папярэдніка ўзяў імя Ян Павел ІІ, выйшаў на балкон на плошчы Святога Пятра і са сваёй легендарнай усмешкай звярнуўся да тысяч вернікаў:

«Не ведаю, ці змагу правільна гаварыць да вас на вашай… нашай італьянскай мове. Калі я памылюся, то папраўце мяне».

Плошча сустрэла гэтыя словы апладысментамі.

«У галаве толькі тэатр»

Караль Вайтыла нарадзіўся 18 мая 1920 года ў мястэчку Вадавіцы недалёка ад Кракава. Яго бацькі Эмілія і Караль былі шчырымі каталікамі. Бацька, кравец па прафесіі, трапіў спачатку ў аўстрыйскае, а пасля ў польскае войска, аддаўшы ў выніку вайсковай службе больш за чвэрць стагоддзя.

Вясельны партрэт бацькоў Яна Паўла ІІ — Караля і Эміліі Вайтылаў. Wikimedia Commons.

Старэйшы брат Караля Вайтылы Эдмунд скончыў медыцынскі факультэт Ягелонскага ўніверсітэта, некалькі гадоў адпрацаваў доктарам і памёр ад шкарлятыны, ратуючы заражаных гэтай смяротна небяспечнай у тыя гады хваробай дзяцей. Караль пасля ўсё жыццё захоўваў у сябе стэтаскоп брата як памяць пра лекара, які аддаў сваё жыццё, ратуючы іншага чалавека. 

Пасля смерці жонкі ў 1929-м і старэйшага сына ў 1932 годзе бацька сыходзіць з вайсковай службы і цалкам аддаецца выхаванню Караля. Хлопца цікавіць гімназічны тэатр, і разам з дачкой дырэктара гімназіі Галінай Крулікевіч яны, як найбольш заангажаваныя ў працу тэатра, атрымліваюць галоўныя ролі. Біёграфы пасля неаднойчы напішуць, што Караля і Галіну лучылі рамантычныя пачуцці, але і ён, і яна назаўсёды захаваюць гэты эпізод іх жыцця ў таямніцы.

У 1938-м гімназію ў Вадавіцах наведаў кракаўскі арцыбіскуп Адам Стэфан Сапега. Караль, як найлепшы выпускнік, прывітаў святара ўрачыстай прамовай. Сапега ў адказ спытаў харызматычнага хлопца, ці хоча той стаць на святарскі шлях. На гэта мясцовы ксёндз, выкладчык рэлігіі ў гімназіі, сказаў:

«А не, у Караля ў галаве толькі тэатр».

Прафесію выбрала вайна

Пачатак Другой сусветнай вайны застаў студэнта філалогіі Ягелонскага ўніверсітэта Караля Вайтылу на Вавелі ў Кракаве. У першую пятніцу месяца ён прыйшоў на споведзь у пусты касцёл, і акурат тады над горадам з’явіліся нямецкія бамбавозы. 

Пацягнуліся змрочныя гады акупацыі. Вайтыла грае ў падпольным тэатры і спрабуе займацца літаратурнай творчасцю. Каб пазбегнуць прымусовага вывазу на працу ў Германію, ён працуе ў каменаломнях. Гэта была цяжкая, а часам і небяспечная праца, якая, аднак, умацоўвала не толькі фізічна, але і духоўна. У 1941-м памірае апошні блізкі чалавек Караля — бацька. Ва ўмовах акупацыі, татальнага вынішчэння польскасці і ўсяго каталіцкага Вайтыла ў другой палове 1942 года вырашае стаць ксяндзом. 

На працах падчас акупацыі. Караль Вайтыла - другі справа. Wikimedia Commons.

Рыхтаваць святароў пры немцах было забаронена. Падпольная семінарыя працавала ў рэзідэнцыі Адама Стэфана Сапегі, там з 1944 года пастаянна жыў і Караль Вайтыла, высвечаны ў канцы 1946 года на святара. 

Пасляваенная Польшча апынулася ў так званым «сацыялістычным лагеры» — была фармальна незалежная, але змушаная ісці ў фарватары СССР. Вядома, становішча Каталіцкай царквы ў Польшчы было не такім трагічным, як у Савецкім Саюзе. Але рэпрэсіі супраць яе ішлі і тут, а ў апошнія гады жыцця Іосіфа Сталіна адбылося нават некалькі працэсаў супраць каталіцкіх біскупаў. Іх абвінавачвалі ў супрацоўніцтве з ЗША і Ватыканам, у працы на карысць нямецкіх акупантаў у гады вайны і іншых грахах. 

Нягледзячы на гэта, за наступныя паўтара дзесяцігоддзя Караль Вайтыла робіць хуткую царкоўную кар’еру, прайшоўшы шлях ад вікарыя вясковай парафіі да кракаўскага арцыбіскупа, доктара тэалогіі, аўтарытэтнага багаслова, удзельніка Другога Ватыканскага сабору 1962—1965 гадоў.

Арцыбіскуп асуджае

Будучы кракаўскім арцыбіскупам, Караль Вайтыла перажыў няпростыя, але пры гэтым выключна важныя для гісторыі Польшчы падзеі.

Варта найперш згадаць зварот у 1965 годзе польскіх біскупаў да дзеячаў Каталіцкай царквы Германіі з лістом «Выбачаем і просім пра выбачэнне». Гэты гістарычны дакумент быў вытрыманы ў хрысціянскім духу даравання. Але камуністычныя ўлады пабачылі ў ім нагоду, каб абрынуць на Касцёл агонь прапаганды. Палякі, якія панеслі страшныя страты ў гады вайны, маючы яшчэ зусім няпэўную мяжу на захадзе, абураліся: за што мы мусім прасіць прабачэння ў немцаў? Улады скарысталіся гэтым у наступным, 1966 годзе, падмяніўшы юбілей 1000-годдзя хрышчэння Польшчы святкаваннем «1000-годдзя польскай дзяржаўнасці». 

Далей быў трагічны 1970 год з выступленнямі рабочых у Шчэціне, Гдыні і Гданьску і іх расстрэлам уладамі. Над краінай вісеў прывід грамадзянскага канфлікту з перспектывай інтэрвенцыі войскаў краін Варшаўскай дамовы. Кракаўскі арцыбіскуп асудзіў улады за гвалт, кажучы аб «праве людзей на хлеб і на свабоду». Царква адкрыта не ўвязалася ў гэты канфлікт, але сваёй яснай пазіцыяй, заклікам да еднасці і дапамогі пацярпелым істотна ўмацавала свой аўтарытэт. 

Пасля падзей на Памор’і новыя камуністычныя ўлады Польшчы пачынаюць палітыку нармалізацыі і крыху змяняюць сваё стаўленне да каталікоў, даючы дазволы на будаўніцтва дзясяткаў капліц і касцёлаў. Караль Вайтыла праводзіць час то ў Кракаве, то ў Любліне, дзе выкладае ў Каталіцкім універсітэце, то ў Ватыкане. У Італіі намінаванага кардыналам Караля Вайтылу вітае рымскі папа Павел VI. Яму імпануюць адукаванасць Вайтылы, яго погляды на розныя праблемы адносін Царквы і грамадства — напрыклад, ён смела разважае пра сэксуальнае жыццё жанчыны, а таксама асуджае распаўсюджанне кантрацэптываў. Усё гэта робіць Вайтылу заўважным кандыдатам на пасаду папы ўжо падчас жнівеньскага канклава 1978 года. Але, як казалі сведкі, калі абвясцілі пантыфікам Альбіна Лучані, Вайтыла ўздыхнуў з палёгкай. 

Перадышка, аднак, была нядоўгай. Ужо на кастрычніцкім канклаве кардыналы пераканаліся, што Вайтыла — найлепшы кандыдат на новага папу. Да ўсіх пералічаных вышэй якасцяў яны маглі дадаць і яго абсалютную незаангажаванасць ва ўнутраныя канфлікты італьянскіх іерархаў, а таксама паходжанне з Польшчы — самай каталіцкай краіны сацыялістычнага лагера. Ды і агульны дух нядаўняга Другога Ватыканскага сабору патрабаваў ад Каталіцкай царквы рашучых пераменаў.

Галаўны боль камуністаў

16 кастрычніка 1978 года па ўсёй Польшчы зазванілі званы. Упершыню ў гісторыі намеснікам прастола святога Пятра стаў паляк, 58-гадовы кракаўскі арцыбіскуп Караль Вайтыла. 

Польскае грамадства радавалася, а ўлады аказаліся ў няпростым становішчы. У выніку яны суцешыліся хуценька прыдуманай адгаворкай: добра, што Вайтылу выбралі пантыфікам, а не прымасам Польшчы. А ў Маскве гаварылі, што папу-паляка дапамог выбраць дарадца амерыканскага прэзідэнта Джымі Картэра Збігнеў Бжэзінскі. Адным словам, сусветная змова палякаў супраць камунізму! 

Летам 1979 года Ян Павел ІІ прыехаў у Польшчу. Гэтая яго пілігрымка паказала, што ён не страціў сваіх акцёрскіх здольнасцяў. Вельмі мала хто з лідараў ягонай эпохі ўмеў так удала выкарыстаць слова, жэст, заклік ці нават жарт, каб парушыць сэрцы і думкі людзей, якія яго слухалі. Адзін чалавек пачаў мяняць гісторыю шэрагам драматычных выступаў. Тое было па-свойму нармальным, паколькі ўся халодная вайна была своеасаблівым тэатрам. 

Першая пілігрымка маладога папы ў Польшчу. 1979 год. Wikimedia Commons.

І палякі рванулі да свабоды, чаму спрыяла агульная атмасфера ў краіне і ў рэгіёне. З аднаго боку, фармальна сацыялістычны лагер тады быў на піку ўласнай магутнасці, абагнаўшы сваіх праціўнікаў па колькасці атамнай зброі. Да таго ж СССР забяспечыў сабе ў Еўропе даволі стабільны status quo шляхам заключэння міжнародных пагадненняў. З другога боку, народ пачаў моцна бяднець, гэта добра адчувалася ў прамысловых рэгіёнах Польшчы. Польскія рабочыя на гданьскіх верфях у цяжкіх умовах выпускалі магутныя караблі, а пасля стаялі ў бясконцых чэргах па прадукты. Людзі жартавалі: «Множны лік слова «чалавек» — чарга» або «Чарга — наш асаблівы шлях да сацыялізму». 

У забастоўцы польскіх рабочых летам 1980-га злілося ўсё: беднасць, памяць пра забітых у 1970-м, жаданне перамен, гарачая вера, а над усім гэтым луналі словы Яна Паўла ІІ «Не бойцеся, адчыніце дзверы Хрысту». Урэшце знакамітыя жнівеньскія пагадненні 1980 года паміж «Салідарнасцю» і ўладамі правадыр забастоўшчыкаў Лех Валенса падпіша велізарнай сувенірнай ручкай з фотаздымкам… Яна Паўла ІІ. 

Папа для Беларусі

Каталіцкая царква ў нас была ў гады савецкай улады грунтоўна падарваная, святары заставаліся галоўным чынам толькі ў Заходняй Беларусі. Яны ў пераважнай большасці прайшлі праз сталінскія лагеры і былі палякамі па нацыянальнасці. Ксяндзоў-беларусаў у БССР амаль не засталося. Іх або вынішчыла нямецкае гестапа ў гады вайны, або яны сталі ахвярамі савецкай карнай сістэмы, або былі высланыя з беларускіх земляў польскімі ўладамі яшчэ ў даваенныя гады, або самі выехалі на Захад адразу пасля вайны, ратуючыся ад савецкага таталітарызму. Адзіным святаром, які працаваў у пасляваеннай БССР па-беларуску, быў ксёндз з Вішнева на Валожыншчыне Уладзіслаў Чарняўскі.

Помнік Яну Паўлу ІІ у Валожыне. Svaboda.org.

Ян Павел ІІ, як выхадзец з Малапольшчы (рэгіён на поўдні Польшчы з цэнтрам у Кракаве), раней не сутыкаўся з беларускімі праблемамі. У 1979 і 1980 гадах з папам тройчы сустрэўся тагачасны лідар беларускіх каталіцкіх святароў біскуп Чэслаў Сіповіч, які прасіў прызначыць біскупам у БССР Уладзіслава Чарняўскага. Паводле дзённіка Сіповіча, Ян Павел ІІ «некалькі разоў маліўся за Беларусь», але Чарняўскага так і не прызначыў: рэлігійныя справы не церпяць паспеху. Зрэшты, ён і не мог гэтага зрабіць проста так, не дасягнуўшы паразумення з савецкімі ўладамі.

А ў 1989 годзе, узводзячы ў сан біскупа Тадэвуша Кандрусевіча, пантыфік нечакана звярнуўся да яго і ўсіх прысутных па-беларуску: «Вялікаю з’яўляецца мая радасць магчы надзяліць поўню святарства дарагому монсіньёру Тадэвушу Кандрусевічу, якога я назначыў апостальскім адміністратарам Менскай дыяцэзіі для католікаў усёй Беларусі. Жадаю яму з бацькоўскай любоўю поспехаў у вядзенні душпастырскай працы на гэтай прасторнай тэрыторыі ды ў той самы час упрошваю Божага блаславення яму і ўсім вернікам, давераным яго душпастырскай апецы». 

Рашэнне прамовіць па-беларуску ў такі гістарычны момант было прынцыповым жаданнем Святога Айца, на якім ён настойваў, нягледзячы на сумневы некаторых асобаў са свайго акружэння. Такім чынам ён паказаў, што Каталіцкая царква ў Беларусі будзе шанаваць і ўсямерна падтрымліваць беларускую мову. 

«Santo subito!»

У пераломныя 1980-я вір вялікай палітыкі не мог не ўцягнуць у сябе і Яна Паўла ІІ. Яго спрабаваў зрабіць сваім саюзнікам амерыканскі прэзідэнт Рональд Рэйган. Кіраўнік ЦРУ Уільям Кейсі за шэсць гадоў наведаў Ватыкан аж пятнаццаць разоў, а змест ягоных размоў з папам дасюль застаецца таямніцай. Сам Кейсі згадваў, што ён больш расказваў Яну Паўлу ІІ пра нейкія рэальныя пагрозы, напрыклад канцэнтрацыю савецкіх войскаў, а папа ў адказ прасіў прыслаць яму здымкі ГУЛАГа з космасу. Ян Павел ІІ заўсёды рабіў акцэнт на нематэрыяльнае, і гэта выдатна ўзмацняла яго пазіцыю адносна тых, хто ў супрацьстаянні халоднай вайны разлічваў найперш на свае танкі і ракеты. Тагачасны фактычны дыктатар Польшчы генерал Войцех Ярузэльскі згадваў, што падчас сустрэчы з папам у яго падкошваліся ногі.

Апошнія дзесяць гадоў пантыфікату Ян Павел ІІ відавочна слабеў. Яшчэ ў другой палове 90-х, пасля пералому шыйкі сцягна і з’яўлення сімптомаў хваробы Паркінсона, папа хацеў сысці з пасады кіраўніка Царквы. Але спецыяльная камісія на чале з нямецкім кардыналам Ёзафам Ратцынгерам прыйшла да высновы, што Касцёлу лепш мець «састарэлага папу», чым папу ў адстаўцы. Цікава, што сам Ёзаф Ратцынгер, абраны наступным папам пад іменем Бенядзікт ХVI, сышоў у адстаўку праз восем гадоў пантыфікату, стаўшы першым Святым Айцом «у адпачынку». 

А сэрца Яна Паўла ІІ перастала біцца 2 красавіка 2005-га. Падчас развітання з ім на плошчы Святога Пятра ў Рыме людзі трымалі ў руках таблічкі з надпісам: «Santo subito!» — «Абвясціць святым зараз жа!». Іх жаданне збылося ўсяго праз 6 гадоў: беатыфікацыя Яна Паўла II адбылася 1 мая 2011 года.

Папа Ян Павел ІІ працягваў выконваць свае абавязкі, нават калі аслабеў ад хваробы Паркінсона. Многія яшчэ пры жыцці называлі яго Янам Паўлам Вялікім. На фота: графіці ў харвацкай Рыецы са словамі, вымаўленымі падчас пілігрымкі ў родную Польшчу, тады яшчэ падуладную Маскве: «Не бойцеся!». Wikimedia Commons.

Ян Павел ІІ застанецца ў гісторыі Каталіцкай царквы і ўсяго свету многімі справамі. Для кагосьці сваімі шматлікімі пілігрымкамі (аб’ехаў 129 краін, ніякі іншы папа столькі не вандраваў) і велізарнай колькасцю абвешчаных святых (амаль 500 чалавек), для кагосьці прынцыповым непрыняццем кантрацэпцыі і аднаполых шлюбаў, для кагосьці прызнаннем гістарычных памылак Царквы і пошукам супольнай мовы і з праваслаўнымі, і з іўдзеямі, і з мусульманамі… 

Сёння, аднак, хочацца адзначыць іншае: папа рымскі не толькі паклікаў палякаў і іншыя народы да свабоды, але таксама рашуча спыніў эпідэмію помсты тым, хто самавольна або пад прымусам не даваў краіне стаць на шлях пераменаў. У тым, што палякі ў 1989 годзе дамовіліся пра дэмакратычную перадачу ўлады, ёсць ягоны немалы ўнёсак. 

Пару гадоў таму мне давялося трапіць у еўрапейскі цэнтр «Салідарнасці». Гэта такая велізарная бібліятэка-музей, якая размяшчаецца на тэрыторыі былой верфі імя Леніна ў Гданьску. Пасля некалькіх гадзін блукання паміж інсталяцый з шэрагаў міліцэйскіх шчытоў ды здымкаў забітых у Гдыні дэманстрантаў я выйшаў у высокую ціхую залу. Адну яе сцяну займала акно, за якім праз снег прабіваліся абрысы помніка забітым рабочым верфі, а з другога боку на зусім белай сцяне чытаўся надпіс: «Паглядзець у вочы іншага чалавека і ўбачыць у іх неспакой і надзею — гэта і значыць адкрыць сэнс салідарнасці. Ян Павел ІІ». 

Проста і ясна. 

Помнік Яну Паўлу II у родным горадзе Караля Вайтылы, Вадавіцах. Shutterstock.com, by Dziewul.

Беларускія святары пра папу

Беларускія каталіцкія святары, якія на той час мелі магчымасць дзейнічаць збольшага толькі на эміграцыі, пасля абрання Караля Вайтылы папам былі напачатку разгубленыя і ўстрывожаныя. Вядома, што праз Каталіцкую царкву палякі здаўна праводзілі паланізацыю беларусаў, а скаргі ў Ватыкан былі ці не адзінай магчымасцю гэтаму хоць неяк супрацьстаяць. А тут выходзіла, што і на самым версе цяпер будзе паляк, таму кола замыкаецца. 

Але адбылося нечаканае — насуперак песімістычным чаканням новы пантыфік зусім не быў настроены да беларускасці ў Касцёле варожа. Ужо ў сваім першым калядным прывітанні да народаў свету ён звярнуўся і да беларусаў на ix роднай мове, тым самым абудзіўшы ў іх кволыя надзеі. А ўжо праз некалькі тыдняў, калі 19 студзеня 1979 года Ян Павел ІІ прыняў беларускіх святароў у сваёй рэзідэнцыі, яны ўзмацніліся. Вось як пра гэта пісаў будучы апостальскі візітатар для беларусаў-каталікоў у замежжы айцец Аляксандр Надсан у сваёй кнізе «Біскуп Чэслаў Сіповіч: святар і беларус»:

«Сярод беларускіх святароў, якія сабраліся 14 студзеня 1979 года ў Рыме, панавалі даволі змрочныя настроі. Апрача біскупа Сіповіча, ix было ўсяго чатыры: Уладзімір Тарасевіч з Чыкага, Аляксандр Надсан з Лондана, Роберт Тамушанскі i Кастусь Маскалік з Рыма… Не забыліся пра патрэбу біскупа ў Беларусі. Вырашылі прасіць новага папу ўзнавіць старанні свайго папярэдніка ў гэтай справе.

Гэтак i зрабілі на прыватнай аўдыенцыі 19 студзеня. Перш папа прыняў Уладыку Чэслава аднаго, які пасля апісаў іхную гутарку: «Я сказаў, што, напэўна, ужо Святы Айцец ведае, у якой справе прыходзім: просім назначыць для Беларусі біскупа ў асобе а. Уладзіслава Чарняўскага, бо periculum in mora (небяспечна чакаць), i Каталіцкая царква там загіне. Айцец Святы згадзіўся, што ёсць небяспека смерці для Царквы на Беларусі… Пытае: калі гутарка аб Беларусі, як мы гэта разумеем? Кажу: БССР, якая паўстала пасля апошняй вайны з былой БССР i далучанай Заходняй Беларусі, якая была пад Польшчай…

Папа кажа: «Польскія біскупы i кардынал Вышынскі слядзяць сітуацыю Царквы на Беларусі i высылаюць туды час ад часу святароў i думаюць, што гэтакімі візітамі ратуюць сітуацыю, але я думаю, што біскуп патрэбны. Цяпер сітуацыя там… змяняецца быццам на лепшае». Вельмі далікатна папа закрануў факт, што ў Беларусі моляцца па-польску, a савецкі ўрад каталікоў уважае за чужы элемент, за палякаў… Я тут стараюся выясніць: моладзь не знае польскай мовы ў Беларусі, ёсць інтэлігенцыя, якая не ўся бязбожная i не ўся варожая да рэлігіі. Гэтым трэба дапамагчы. Папа пытае пра а. Ул. Чарняўскага, кажа: «Гэтае прозвішча мне вядомае. Хто ён такі, марыянін?» Кажу — так! — «Што ж, можа, удасца штосьці зрабіць! Я тую палітыку [савецкую, камуністаў] знаю, але не знаю яшчэ ватыканскай», — тут папа ўсміхнуўся.

Дзякую папу за яго беларускае прывітанне i пажаданне ў ягонай каляднай прамове. Ён на гэта вельмі моцна i энергічна: «Заўсёды i ў будучыні гэтак буду гаварыць! Мы, славяне, тысячу гадоў чакалі свайго папу, дык нашто ж я тут сяджу?!» Тады я запытаў папу, ці можна мне яго, калі прыйдуць мае святары, прывітаць у беларускай мове? Ён адказаў: «Tak! Proszę!»… Мы выходзілі з задаволеннем хіба не меншым, як наш беларус, калі ачысціць асець са снапоў, ix змалоціць, а пасля аддыхае…».

Андрэй Вашкевіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера