Знайсці
15.05.2020 / 23:4737РусŁacБел

Пераслед людзей, якія крытыкавалі ўлады ў ютубе Ціханоўскага, набывае масавы характар

У пятніцу, 15 мая, па ўсёй Беларусі працягваюцца суды над людзьмі, якія выходзілі на мясцовыя акцыі пратэсту: у падтрымку экаактывістаў Берасця («кармленне галубоў») і ў падтрымку блогера Сяргея Ціханоўскага, а таксама над людзьмі, якія выказваліся пра сацыяльныя праблемы ў стрымах блогера Ціханоўскага, паведамляе «Вясна».

У Оршы асудзілі Дзмітрыя Рышкевіча за тое, што выказаўся ў стрыме блогера Сяргея Ціханоўскага. Супрацоўнікі аршанскай міліцыі склалі пратакол за 18 красавіка. Суд аршанскага раёна і горада Орша аштрафаў актывіста на 20 базавых велічыняў (540 рублёў). 

Як паведаміў праваабаронца «Вясны» Ігар Казмерчак, Дзмітрыя Рышкевіча ў ноч з 14 на 15 мая пратрымалі ў кабінеце бараньскага пастарунка без складання пратаколу. Праваабаронца лічыць такія дзеянні міліцыянтаў незаконнымі, таму будуць абскарджваць іх з Дзмітрыем Рышкевічам.

У Вілейскім судзе 15 мая адбылося судовае пасяджэнне па адміністрацыйнай справе Андрэя Каўзановіча. Яго прызналі вінаватым па артыкуле 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве) за тое, што 20 красавіка даў інтэрв'ю блогеру Ціханоўскаму. Суддзя Борыс пакарала Андрэя Каўзановіча штрафам 25 базавых велічыняў (675 рублёў). 

У Мінску пачаліся адміністрацыйныя працэсы над прыхільнікамі Ціханоўскага, якія былі гвалтоўна затрыманы 6 мая каля гандлёвага цэнтру MILE на Далгінаўскім тракце. Нагадаем, тады каля 20 чалавек прыехала на стаянку каля ГЦ, каб потым разам зладзіць аўтапрабег па МКАД у падтрымку затрыманага ў той дзень блогера. Аднак ажыццявіць наўмыснае яны не паспелі, бо былі затрыманы. 19 чалавек даставілі ў РУУСы Цэнтральнага і Першамайскага раёнаў, склалі пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (23.34 КаАП) і за непадпарадкаванне міліцыі (арт. 23.4 КаАП) і позна ўвечары адпусцілі.

Суд Цэнтральнага раёна Мінска 15 мая асудзіў Аляксандра Ахрэмчука (затрыманага каля Mile) па двух пратаколах (артыкулы 23.34 і 23.4 КаАП) агулам на 45 базавых велічыняў (1215 рублёў).

Таксама вядома, што ў гэтым судзе быў асуджаны яшчэ адзін паплечнік блогера Сяргея Ціханоўскага Аляксандр (прозвішча высвятляецца). Яго асудзілі на 50 базавых штрафу (1350 рублёў).

Таксама за сход грамадзян каля Mile суд Першамайскага раёна Мінска асудзіў Віталя Грабенчука паводле двух адміністрацыйных артыкулаў на 50 базавых штрафу (1350 рублёў).

Уладзіміра Міціна будуць судзіць 20 мая ў 10:30 у судзе Мінскага раёна за тое, што ён нібы ўдзельнічаў у стрыме Ціханоўскага і выказваўся наконт праблемы захавання лесу ў Бараўлянах.

У Магілёве ў 14:00 у судзе Кастрычніцкага раёна адбыўся суд над актывістам Народнай грамады Васілём Курушыным. Яго затрымалі 14 мая ў другой палове дня. Суддзя Пушкіна прызнала яго вінаватым па артыкуле 23.34 КаАП і асудзіла на 7 сутак адміністрацыйнага арышту. 

Сёння ў Магілёве таксама затрымалі сябра Праваабарончага цэнтра «Вясна» Алеся Буракова.

У Брэсце працягваюць судзіць праціўнікаў завода АКБ, якія кожную нядзелю выходзяць на цэнтральную плошчу горада на акцыю па «кармленні галубоў». 15 мая суд аштрафаваў актывіста Юрыя Калько на 30 базавых велічыняў (810 рублёў). Яго адпусцілі на волю. Да суда ён знаходзіўся ў ізалятары. 

Актывісту Валерыю Фамінскаму прызначылі суд на 18 мая. Да сёння ён таксама ўтрымліваўся ў ізалятары. У 13:00 яго вызвалілі, бо скончыўся 72-гадзінны тэрмін затрымання.

Таксама сёння асудзілі праваабаронцу «Вясны» Уладзіміра Вялічкіна, які трое сутак прасядзеў у ІЧУ. Нягледзячы на тое што праваабаронца ажыццяўляў маніторынг мірных сходаў ужо другі раз, яго аштрафавалі. Сёння — на 30 базавых велічыняў (810 рублёў). 12 мая Уладзіміра Вялічкіна суд аштрафаваў на 50 базавых велічыняў (1350 рублёў).

У Лідзе 15 мая быў затрыманы актывіст Аляксей Барматаў. Некалькі дзён таму, падчас масавых затрыманняў удзельнікаў сустрэчы з блогерам Ціханоўскім у Лідзе, Аляксей Барматаў не пусціў міліцыю ў хату і застаўся на свабодзе. Тады міліцыя прыходзіла нібыта па скарзе суседзяў. Міліцыя ўвесь час дзяжурыла пад хатай актывіста. Сёння актывіст накіраваўся на працу, але яго затрымалі супрацоўнікі міліцыі.

Віялета Майшук з Гомеля паведаміла 15 мая ў 16:20, што супрацоўнікі міліцыі хочуць забраць яе з працы нібы для складання пратаколу за ўдзел у гомельскай акцыі 7 мая. Супрацоўнікі міліцыі ўсё ж такі затрымалі Віялету і адвезлі ў РАУС Цэнтральнага раёна г. Гомеля. Як мяркуе праваабаронца «Вясны» Леанід Судаленка, верагодна, да суда ў панядзелак дзяўчыну затрымаюць.

Таксама гомельскія супрацоўнікі міліцыі пераследуюць Дзмітрыя Лукомскага.

Нагадаем, 7 мая ў Гомелі акцыя ў падтрымку блогера Сяргея Ціханоўскага скончылася затрыманнямі.

Як паведамляе «Беларуская асацыяцыя журналістаў», 15 мая журналісту-фрылансеру з Глыбокага Змітру Лупачу патэлефанавалі з міліцыі і сказалі, каб ён сёння ж явіўся ў пастарунак для адбыцця пакарання — 10 сутак адміністрацыйнага арышту, прызначанага Глыбоцкім раённым судом 11 мая. Тады пасля судовага слухання журналіст адчуў сябе дрэнна, з будынку суда яго забрала хуткая дапамога, некалькі дзён ён правёў у рэанімацыі. Паводле судовай пастановы, якую Змітру Лупачу ўручылі 13 мая, суд зрабіў адтэрміноўку адбыцця пакарання, прыняўшы да ўвагі пагаршэнне ў яго стану здароўя.

Услед за тэлефанаваннем да Змітра Лупача прыехаў старшы лейтэнант міліцыі Шаркаўшчынскага РАУС Уладзімір Чапулёнак і склаў на яго чарговы пратакол паводле артыкула 22.9 КаАП. Гэтым разам падставай стаў сюжэт на тэлеканале «Белсат» пра сітуацыю з каранавірусам у Шаркаўшчыне. Міліцыянт паведаміў, што разгляд справы прызначаны на 26 мая ў 10:00 у Шаркаўшчынскім раённым судзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930