MEnsk
Разам з Samsung Galaxy S20 Ultraмы працягваем праект MEnsk. Цыкл пра горад, яго дыханне і рытм, культуру і атмасферу, пра месцы і будынкі, пра людзей. Мінчукі адкрыюць нам дыяменты, прыхаваныя ў межах асобных раёнаў сталіцы, пакажуць мясцовыя славутасці і раскажуць пра тамтэйшыя парадкі. Цяпер, калі нам усім лепш stay home, – самы час пачаць віртуальнае падарожжа па Мінску, пра які не напішуць у турыстычных гайдах.
Камера 108 Мп (f/1,8) + 48 Мп (f/3,5) + 12 Мп (f/2,2) + 0,3 Mп, TOF 3D, відэа 8K@24 fps
Франтальная камера 40 Мп (f/2,2)
8 ядраў (2×Mongoose M5 @2,73 ГГц + 2×Cortex-A76 @2,50 ГГц + 4×Cortex-A55 @2,0 ГГц)
Аператыўная памяць (RAM) 12/16 ГБ, унутраная памяць 128/256/512 ГБ
Абарона IP68
Акумулятар 5000 мА·гадз., хуткая зарадка 45 Вт, бяздротавая зарадка 15 Вт
Памеры 167×76×8,8 мм
Вага 220 г
Увесь візуальны матэрыял для праекта MEnsk мы здымалі на камеру смартфона Galaxy S20 Ultra
Трактарны, Асмалоўка,
Каменка, Зялёны Луг,
Шабаны...

Кожны асобна ўзяты раён – гэта цэлы мікрасусвет, дзе бурліць жыццё.

Дык уключым зум
і паглядзім
пры набліжэнні,
што там адбываецца.
Паўднёва-заходнюю частку Мінска пачалі асвойваць у 1970-я. На змену сельскаму жыццю прыйшло гарадское – узняліся чатыры мікрараёны Паўднёвага Захаду і пазней яшчэ дзевяць Малінавак. Вядомы сёння праспект Дзяржынскага ўзнік акурат тады, калі з'явілася патрэба звязаць новыя мікрараёны з цэнтрам горада. Наўрад ці яшчэ ў 1960-я хтосьці ўяўляў, што папярэдніца магістралі, вузенькая вулачка Савецкіх Памежнікаў, неўзабаве ператворыцца ў шырокі праспект.
Малінаўка – Паўднёвы Захад
Лічыцца, што Паўднёвы Захад стаў адным з апошніх раёнаў савецкіх часоў, дзе актыўна развівалі гандлёвую і бытавую інфраструктуру. Пасля праекціроўшчыкаў ужо куды больш цікавіла колькасць жытла, а не асяроддзе. Гэта пацвярджаюць, напрыклад, збудаваныя тут вялікі гандлёвы цэнтр «Кірмаш», універсам «Валгаград» і свой кінатэатр «Бярэсце».
Чым жывуць гэтыя раёны сёння? Пра гэта мы распыталі жыхароў Малінаўкі і Паўднёвага Захаду: рэпера Валіка, спявачку Барбару Гузарэвіч і тэатральнага крытыка Аляксея Стрэльнікава.
Адчуць атмасферу рэпу
Усе мы ведаем, што кадры з гэтых спальнікаў склалі салідную частку візуальнага шэрагу кліпа «Слова пацана» Макса Каржа. Трэба сказаць, што паўднёва-заходняя частка Мінска ў прынцыпе мае рэпутацыю рэперскай. Гэта нам пацвярджае і рэпер Валік, які жыве тут з пачатку нулявых.

«Я нярэдка чуў: «А, ты з Малінаўкі, дык усе рэперы аднекуль адтуль». І тут ёсць зерне праўды. Адсюль выйшаў Арцём Lil Ice, вядомы як Iceon. Калі мне было 13 год, яго, здаецца, ведаў кожны, хто быў зацікаўлены жанрам. Быў гурт Smoke Box. Бітбоксер Nigga таксама з гэтых краёў. А яшчэ раней тут працавала студыя гуказапісу «Малібу», дзе ў тым ліку запісваліся рэп-выканаўцы. Цяпер, праўда, яны пераехалі бліжэй да цэнтра».
Малібу – гэта, дарэчы, яшчэ адна мясцовая назва Малінаўкі. Нароўні з Малінэ.
Валік пакуль не прысвячаў трэкаў свайму раёну, калі не лічыць фрагментарны ўдзел у стварэнні музыкі для кароткаметражкі рэжысёра Андрэя Святлова, якую ён здымаў тут – стужка пакуль на стадыі постпрадакшну. Але першы альбом хлопец напісаў, шпацыруючы па родных вуліцах: ён ніколі не прыдумляе трэкі дома, седзячы з лістом паперы. Проста выходзіць на свежае паветра, гуляе і нешта начытвае на дыктафон.

«Маці расказвала, калі бацька ўпершыню прывёз яе ў нашу будучую кватэру ў Малібу, яе першая рэакцыя была: «У якое ж балота я трапіла!» У 2002 годзе там, дзе зараз метро Малінаўка, не было нічога. Недзе ў 2003-м у лясочку, дзе цяпер стаіць ProStore, я хаваў свайго памерлага хамяка Ëрыка».
Валянцін Янкавы,
ці Валік, рэп-выканаўца
Валік вядзе нас у культавае для ўсіх міленіялаў месца – камп'ютарны клуб «Алімпік» на вуліцы Ясеніна, 10. Зумерам, відаць, не зразумець, але раней гэта быў магніт для ўсіх, каму трэба было зарубіцца з сябрамі ў камп'ютарныя гульні ці пасядзець у інтэрнэце.
Непадалёк ад «Алімпіка» – «апорка», куды траплялі (і трапляюць) усе мясцовыя хуліганы. Бываў там некалькі разоў і Валік: адзін раз як сведка, калі яго таварышу на запраўцы разбілі твар шкляной бутэлькай. Другі – калі згубіў мабільны тэлефон: знайсці яго было жыццёва важна, бо на ім засталіся дыктафонныя запісы будучых трэкаў (праз паўтара месяца мабільнік, дарэчы, знайшлі).
«Я камп'ютарныя гульні асабліва не любіў, але сябры – вельмі. Ну, і я за кампанію сядзеў побач. На канікулах збіралася банда з 25 чалавек і ў 9 гадзін раніцы накіроўвалася ў «Алімпік». Сядзелі там суткамі».

Калі раней у «Алімпіку» стаяла каля 30 камп'ютараў, то цяпер засталося ўсяго два. Клуб збольшага працуе пад патрэбы тых, хто прыйшоў нешта раздрукаваць.

«Ва ўсіх зараз свае кампы, што вы хочаце. Тым больш тут старая тэхніка засталася. Начальнік увогуле хацеў нас скараціць: клуб займаў вялікую плошчу, якая не акуплялася. Але вось пакінулі закуток, пакуль сюды яшчэ заходзіць 2–3 наведнікі за дзень», – расказвае адміністратарка».

«Я сам на ўліку паспеў «пастаяць», але на ўнутрышкольным: неяк выпаліў у школе цыгарэту пасля рэпетыцыі КВЗ. Але пры гэтым вісеў на дошцы гонару як галоўны ўдзельнік культурна-масавых, творчых мерапрыемстваў. Нават Містэрам Маскоўскага раёна быў».
Валік кажа, што калі б яму давялося падпрацоўваць экскурсаводам па родных прасторах, то тым, хто шукае размераны адпачынак, ён паказаў бы парк імя Паўлава, ці, па-народнаму, Мухлю. Прадэманстраваў бы храм Опцінскіх старцаў як прыклад драўлянага дойлідства. А гангстараў завёз бы адразу на Паўднёвы Захад.

«Паколькі Паўднёвы Захад старэйшы раён, там заўсёды, як мне падаецца, адбываецца больш крымінальных гісторый. Знаёмыя адтуль заўсёды траплялі ў зводку перадачы «Надзвычайнае здарэнне».
З абедзвюма аўдыторыямі Валік абавязкова праехаўся б па «залатым коле» галоўных злачнякоў.

«Самае культавае месца на раёне, якое трымаецца ажно з пачатку нулявых, – «Баціскаф» на праспекце Любімава, 10. Тут абавязкова сустрэнеш як аўтарытэтаў, так і хуліганаў. Трэба разумець, што менавіта там з даўніх часоў можна ўбачыць стрыптыз: і мужчынскі, і жаночы».

Адзін з бараў, які на раёне зачыняецца найпазней, – Red Kleн з тэрасай, адкуль адкрываецца від на малінаўскія прасторы.

«Хаця мы часта здабывалі сабе ўласныя прыватныя «тэрасы»: проста адкрывалі замкі на дахі новабудоўляў, ставілі там крэсла, кідалі матрацы – і маглі правесці там усю ноч пад фрыстайл».
Убачыць курганы продкаў
Для тых, хто любіць добрую каву і круасаны, з 7.30 раніцы адчыненая кавярня Moulin на Янкі Чачота, 7 ці Took па праспекце Дзяржынскага, 80. Менавіта там мы і сустракаемся з Барбарай Гузарэвіч. «Гэта, відаць, адно з маіх любімых месцаў. Я заўсёды прыходжу сюды па каву, але тут можна і паесці: сушы, напрыклад. У кавярні заўсёды тусуецца модная моладзь».

Барбара пераехала ў Паўднёвы Захад некалькі год таму і кажа, што амаль адразу адчула сябе ў бяспецы.
Барбара Гузарэвіч, ZRABI, блогерка, спявачка
«Я паспела пажыць у Лошыцы, дзе мяне неяк пабілі. І ў Серабранцы. Таму добра разумею, якім можа быць спальнік. Дык вось з пункту гледжання ўнутранага спакою неяк адчуваю, што тут са мной нічога не можа здарыцца. Акрамя таго, у раёна развітая інфраструктура. Але ёсць і відавочны мінус: не самае чыстае паветра».

З іншага боку, Барбара выразна падзяляе для сябе Паўднёвы Захад з новымі жылымі кварталамі, у адным з якіх яна і жыве, і старую забудову.
«У новых дамах быццам зусім іншы свет: мы больш дысцыплінаваныя ў плане падтрымання чысціні, нам важна тое, што вакол нас. А ўжо праз дарогу валяецца смецце. У старую частку Паўднёвага Захаду дзяўчына любіць выходзіць на шпацыр, закупіўшыся сасіскамі. Імі яна падкормлівае араву катоў: у новых кварталах хвастатых куды менш.

У Паўднёвым Захадзе архітэктары яшчэ дазвалялі сабе празмернасці ў выглядзе дэкаратыўных упрыгожанняў, мазаікі і скульптур. Гэта можна заўважыць каля «Валгаграда» ці зірнуўшы на ўніверсаме «Паўднёвы Захад» па праспекце Газеты Праўда, 20.
Ёсць тут і месца цікавай архітэктуры ўжо постсавецкіх часоў. Абавязкова для агляду – адукацыйны цэнтр Іаганеса Рау, пабудаваны ў пачатку 1990-х па праекце заходнееўрапейскага архітэктара. Будынак нагадвае супрэматычныя ідэі дамоў прадстаўнікоў УНОВІС.
Яшчэ адна цікавая рыса раёна – курганы. Караскаючыся на высокія горы з самакатамі і роварамі, дзеці і падлеткі і не падазраюць, што стаяць на могільніках дрыгавічоў. Праводзячы раскопкі каля аднаго з іх, што насупраць гатэля «Звязда», археолагі знайшлі кераміку, нож, упрыгожанні і іншыя вырабы, якія датуюцца X—XI стагоддзямі.
«Калі абіралі з мужам месца для сталага жыхарства, я ставілася да гэтага раёна скептычна. А калі пачала тут жыць, прэтэнзій не засталося. Ну, хіба толькі хацелася б, каб раён быў зелянейшы. Але гэты мінус перакрываюць прыгожыя заходы сонца, якія можна штодзень назіраць з майго 25-га паверха», – падсумоўвае Барбара.
Пакарміць коз
у каменных джунглях
Тэатральны крытык Аляксей Стрэльнікаў пераехаў у мінскую Малінаўку-4 у 1993 годзе. Тады яму было 10 год.

«Вялікая частка Малінаўкі-4 – былыя жыхары Чачэрскага раёна, адкуль пасля Чарнобыльскай аварыі перасялілі каля чатырох тысяч сямей. Мы з бацькамі жылі ў Гомелі, але адна чачэрская сям'я не хацела пераязджаць у Мінск: ім трэба было застацца бліжэй да сваякоў. Так яны пераехалі ў нашу гомельскую кватэру, а мы перабраліся ў Мінск. Такі вось абмен».
Аляксей Стрэльнікаў, тэатральны крытык
Суразмоўца прызнаецца, што Малінаўка ніколі не была цэнтрам. Усе важныя падзеі адбываліся ў яго жыцці, калі ён вырываўся за межы раёна. Гэта адбывалася з кожным, хто дасягаў узросту, калі можна, нарэшце, самастойна сесці на ўмоўны 53 тралейбус і паехаць «у горад».

«Але пры гэтым раён самабытны. Калі ты тут жывеш, то, само сабой, адкрываеш нейкія крутыя рэчы. Паколькі тут пастаянна ішла будоўля, падлеткамі мы бавілі час досыць экстрэмальна. Наўрад ці раней мы ведалі пра паркур, але нечым падобным хлопцы займаліся на будоўлях. Тыя, хто мог сабе дазволіць, скакалі са скейтарскай дошкай. Увогуле, тут неяк заўсёды быў дваравы спорт. Цяпер гэта найзручней рабіць на воркаўт-пляцоўцы ў парку імя Паўлава».
Калі не на будоўлях, то ўсе збіраліся на флэтах. Накіроўваючыся да кагосьці ў госці, трэба было быць асабліва асцярожным, калі нага ступала на тэрыторыю Паўднёвага Захаду: востра стаяла пытанне «З якога ты Захаду?», і за няправільны адказ можна было адхапіць і развітацца з кішэннымі грашыма.

«Але малінаўскіх асабліва не чапалі. Ды і я не так часта хадзіў па флэтах: я вучыўся ў гімназіі і ўвесь час нешта зубарыў. Увогуле, раней і наш раён, і Паўднёвы Захад былі больш хуліганскімі. Сяброўка неяк пафарбавала мае валасы ў белы колер з ружовымі кветачкамі, і я пахадзіў так усяго тры дні: каб не правакаваць мясцовых пацаноў. Цяпер усё неяк мірна. Можа, канечне, я вырас і штосьці ўпускаю, але я гляджу ў вокны і бачу, як у гадзіну ночы дзяўчына можа спакойна адна вяртацца дадому. У 1990-я гэта было немагчыма».
Тусіла моладзь і на цеплатрасе, якая цягнецца ўздоўж МКАД.
«Пасля навокал сталі з'яўляцца шынамантажы і запраўкі – і падлеткі разбегліся: усё ж ім важна быць там, дзе ім ніхто не будзе замінаць. Хаця для сучаснай моладзі гэта, відаць, не так актуальна: яны любяць збірацца ў гандлёвых цэнтрах. У нас іх прыцягваюць ProStore і DiaMond city Mall.
Са сваёй сям'ёй Лёша цяпер таксама жыве ў Малінаўцы. Сын Леў, з якім яны выходзяць на шпацыр, лепш за тату ведае пра самыя цікавыя месцы на скрыжаванні Ясеніна і Курганнай.

У спартыўным цэнтры Максіма Мірнага хлопчык займаецца тэнісам. Праз дарогу, у вялікім яры, дзе побач з высоткамі мяжуе прыватная забудова, усе сем'і з дзецьмі кормяць козачак гаспадара з дома на Курганнай, 4. А яшчэ ў адным вялікім яры летам гуляюць з сабакамі, а зімой катаюцца на санках.

Расказваючы пра Малінаўку, немагчыма не згадаць аўтарынак, якія мясцовыя называюць «горадаўтваральным прадпрыемствам». Цэнтральны аўтарынак з'явіўся ў пясчаным кар'еры ў 1994 годзе. Усё пачыналася са сціплых чатырох шэрагаў запчастак, а разраслося ў месца прыцягнення аўтамабілістаў і з усёй Беларусі, і з Расіі. Да 2008 года рынак перажываў залатыя часы: прадпрымальнікі маглі за дзень зарабіць ад тысячы даляраў і больш, але з кожным годам ён згасае.

«Галоўная праблема Малінаўкі для мяне – хіба што ў яе неабжытасці. Я калі ўжо з'ехаў ад бацькоў, заходзіў да іх і ўсё чакаў: калі ж, нарэшце, саджанцы ля дома ператворацца ў бярозы. Гэта адбылося, але я пастарэў раней. А шмат у якіх частках раёна дрэвы – гэта ўсё яшчэ саджанцы. Ну, то будзем чакаць».
MEnsk. Раёны
КАРТА ПРАЕКТА
МАЛІНАЎКА
ПАЎДНЁВЫ ЗАХАД
Тэкст:
Кацярына Карпіцкая
Візуал:
Сяргей Гудзілін
ТАА «Самсунг Электронікс Рус Компані», ІНН 7703608910