Знайсці
15.05.2020 / 12:0511РусŁacБел

Пераносы з-за каранавіруса і матч лідараў табліцы. Чаго чакаць у дзявятым туры вышэйшай лігі

Вірус, здаецца, дабраўся і да беларускага футбола. З розных крыніц усё часцей стала з'яўляцца інфармацыя пра выпадкі заражэння ў камандах вышэйшай і першай ліг. Меры прынятыя: у мінулы і гэты ўікэнд у першай лізе не гуляюцца матчы дзяржынскага «Арсенала» (тэст іх гульца аказаўся адмоўным), таксама ў пятніцу не згуляюць «Мінск» і «Нёман» (вынік тэста гульца «гараджан» пакуль невядомы).

Разам з Букмекерскай канторай Леон мы працягваем асвятляць чэмпіянат Беларусі па футболе. Нагадваем вам пра меры засцярогі і заклікаем пазбягаць масавых мерапрыемстваў.

Тыражыраваць непацверджаную інфармацыю наконт хворых у іншых клубах не хочацца. Але дзівіць рэакцыя: клубы нічога не каментуюць. Звычайна звышкамунікабельныя менеджары накшталт Віталя Жукоўскага з «Іслачы» адмаўляюцца штосьці казаць ці наогул ігнаруюць пытанні журналістаў. Пагадзіцеся, што гэта выглядае як мінімум дзіўна. 

Але пакінем тэму каранавіруса на сумленні клубаў і Федэрацыі футбола. Хуценька пра мінулы тур: «Слуцк» прайграў з-за двух пенальці, «Рух» забіў «Нёману» больш мячоў, чым за папярэднія сем тураў, а БАТЭ на сваім старым стадыёне выдаў на пару са «Смалявічамі» галявую пагулянку: пяць забілі, тры прапусцілі.

«Смалявічы» забілі БАТЭ ўжо на першай хвіліне, але ў выніку прапусцілі пяць. Фота: ФК «Смалявічы».

Вось як скончыліся матчы восьмага тура:

  • «Слуцк» — «Энергетык-БДУ» 1:2 (41, Мухамед — 17, 27 Яхшыбоеў (абодва галы з пенальці))
  • «Гарадзея» — «Мінск» 1:1 (44, Сайчыч — 20, Хвашчынскі)
  • «Славія» — «Тарпеда-БелАЗ» 0:0
  • «Нёман» — «Рух» 2:4 (68, 90+1, Кадзімян — 4, Васільеў; 14, Грачыха; 55, Сядзько (п); 89, Андронік)
  • «Іслач» — «Белшына» 2:1 (34, Туранок (аг); 52, Янсанэ — 85, Папуш (аг))
  • «Віцебск» — «Шахцёр» 0:0
  • «Смалявічы» — БАТЭ 3:5 (1, Барсукоў; 55, Шчагрыковіч; 63, Жан По — 13, Скавыш; 15, Стасевіч; 36, Бага; 80, 90+3 Міліч)
  • «Дынама-Брэст» — «Дынама-Мінск» 2:1 (5, Бручыч (аг); 51, Лапцеў — 24, Даніла)

ТУРНІРНАЯ ТАБЛІЦА

А цяпер пераходзім да матчаў дзявятага тура. Нагадаем, што матч «Мінск» — «Нёман» перанесены.

«Тарпеда-БелАЗ» — «Гарадзея»

«Тарпедаўцы» працягваюць ісці сярод лідараў чэмпіянату, але камандзе Пунтуса пастаянна чагосьці бракуе, каб забрацца на найвышэйшы радок. Жодзінцы прайгралі ўсяго адну гульню з васьмі, але тры з чатырох апошніх скончылі ўнічыю.

У «Гарадзеі» справы таксама маглі б быць лепш — у трох апошніх матчах каманда не можа выйграць. Гэта адразу адштурхнула «экс-цукровых» у другую палову табліцы. Але там такая шчыльнасць, што адна перамога — і ты зноў у «дамках».

Прагноз «НН»: тотал, меншы за 2.5.

«Энергетык-БДУ» — «Дынама-Брэст»

«Студэнты» часова мяняюць прапіску і будуць прымаць гасцей на маладзечанскім гарадскім стадыёне. Цікава, як патрабавальныя мясцовыя заўзятары паставяцца да новых гаспадароў сваёй спартовай арэны.

Берасцейцы выйгралі ў апошніх двух турах і значна выправілі сваё становішча: ад першага радка іх аддзяляюць усяго тры балы. Але проста сёлета з «Энергетыкам» не будзе нікому, гэта відавочна.

Прагноз «НН»: тотал, большы за 2.5.

«Шахцёр» — «Славія»

Калі мы амаль паверылі, што «Шахцёр» прачнуўся і гатовы да вялікіх здзяйсненняў, салігорцы згубілі балы ў Віцебску. «Гарнякі» застаюцца самай няўдачлівай камандай лігі.

Фота: ФК «Шахцёр».

«Славія» пасля не самага ўдалага красавіцкага адрэзку працягвае набіраць балы. Пасля перамогі ў Віцебску здарылася нічыя з «Тарпеда-БелАЗ».

Нягледзячы на тое, што мазырчукі і салігорцы знаходзяцца побач у табліцы, фаварыт у суботняй гульні відавочны.

Прагноз «НН»: перамога «Шахцёра».

БАТЭ — «Слуцк»

Бітва лідараў табліцы і галоўны матч тура. У мінулыя гады ў БАТЭ дома не здаралася праблем у матчах супраць «Слуцка», але сёлета спісваць случчакоў з рахункаў не варта.

Яны здабылі гасцявыя перамогі над «Шахцёрам» ды мінскім «Дынама» і гатовыя ўпершыню перамагчы на «Барысаў-Арэне», каб застацца ў лідарах.

Прагноз «НН»: тотал, большы за 2.5.

«Белшына» — «Віцебск»

У Бабруйску хочуць пераменаў. З 6 мая адпраўлены ў адпачынак галоўны трэнер Эдуард Градабоеў, пошук новага коўча пакуль плёну не даў.

«Віцебск» дамогся неблагога выніку ў гульні з «Шахцёрам» і цяпер адпраўляецца ў Бабруйск па перамогу. Першую за чатыры матчы.

Прагноз «НН»: тотал, меншы за 2.5.

«Дынама-Мінск» — «Іслач»

З трох першых матчаў на чале «Дынама» Леанід Кучук прайграў два. Яго каманда займае 13-ы радок, што для «бела-блакітных» азначае поўны правал.

Памылка брамніка мінчукоў Канстанціна Рудзянка каштавала турнірных балаў у дэрбі. Фота: ФК «Дынама-Брэст».

У «Іслачы» праблемы: замест трэніровак гульцы здаюць тэсты на каранавірус, бо, як інфармуюць тэлеграм-каналы, у клубе з'явіліся хворыя на COVID-19. 

Афіцыйнай інфармацыі няма, АБФФ матч не пераносіць, таму ў «Дынама» ёсць шанец скарыстацца сітуацыяй.

Прагноз «НН»: «Дынама» не саступіць.

«Рух» — «Смалявічы»

«Рух» разышоўся: каманда гуляла блякла сем тураў, а потым выдала феерыю ў Гродне, забіўшы ажно чатыры мячы. Яскравая перамога дазволіла камандзе Сяднёва ўскочыць у першую палову табліцы.

У «Смалявічаў» усё па-старому. Але ў абарону каманды варта адзначыць, што ў гульні з БАТЭ яны здолелі адгуляцца з ліку 1:3, але класу не хапіла, каб адабраць у экс-гегемона балы. 

Цікава, ці паўторыцца галявая феерыя і ў вочнай гульні?

Прагноз «НН»: «Рух» не саступіць.

У сувязі з распаўсюдам каранавіруса мы не раім вам наведваць людныя мерапрыемствы, у тым ліку футбольныя матчы. Калі ўсё ж вырашыце пайсці на стадыён, прытрымлівайцеся мераў засцярогі.

Дзяліцеся прагнозамі ў каментарах. Калі лічыце сябе экспертам у беларускім футболе, зрабіце стаўку ў Букмекерскай канторы Леон!

Піліп Каваленка

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930