Знайсці
13.05.2020 / 16:245РусŁacБел

З «дагаварняком» у беларускім хакеі даручыў разабрацца асабіста Аляксандр Лукашэнка

president.gov.by

Ініцыятарам разбору пра «дамоўны матч» у чэмпіянаце Беларусі па хакеі стаў Аляксандр Лукашэнка. Пра гэта распавёў адзін з абвінавачаных — Мікіта Усціненка, піша Tut.by.

Паводле яго слоў, пасля матча прайшоў сход з удзелам кіраўніцтва клуба. На ім гульцам абвясцілі, што разабрацца з падазронай гульнёй даручыў кіраўнік краіны.

Гаворка ідзе пра матч «Дынама-Маладзечна» — «Магілёў» (5:6). Па ходзе гульні гаспадары вялі 5:1, але сенсацыйна саступілі аўтсайдару. У клубе да таго моманту ўтварыліся велізарныя запазычанасці па зарплаце.

«Было зразумела, што добра гэта не скончыцца, бо пачалі з'яўляцца артыкулы ў прэсе. Я баяўся сесці ў турму. У клуб прыходзілі людзі ў масках і са зброяй. А я без іх сябе накруціў», — сказаў Усціненка.

Абаронца таксама распавёў, што жыў разам з аднаклубнікам Паўлам Пячурам, які адразу пасля гульні абвінаваціў партнёраў у здачы матча. Спачатку Усціненка апраўдваўся, што гэта не дамоўны матч, але праз некаторы час прызнаўся.

Падчас дачы паказанняў Усціненка разабраў падазроныя моманты са сваім удзелам, адзначыўшы, што непасрэдна яго памылак няма, а выдаленне ён атрымаў яшчэ ў першым перыядзе, прычым гэта быў гульнявы эпізод.

Адзначым, што ў хуткім часе пасля матча сустрэчу з кіраўніцтвам «Дынама-Маладзечна» праводзіў Дзмітрый Баскаў — гендырэктар мінскага «Дынама» і трэнер каманды прэзідэнта.

Сярод ўдзельнікаў «дагаварняка» ёсць і хакеіст прэзідэнцкай каманды Вячаслаў Лісічкін.

Мікіта Усціненка з'яўляецца дзеючым гульцом зборнай Беларусі, за якую ён выступаў на чэмпіянатах свету.

Хакеіст папрасіў не адлучаць яго ад хакея і паабяцаў загладзіць віну сваёй гульнёй за нацыянальную каманду.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера