Знайсці
06.05.2020 / 20:2244РусŁacБел

Відэаблогер Ціханоўскі перанёс пратэсты з анлайна на вуліцы. І аказалася, што «краіна для жыцця» закіпае

На гэтых сустрэчах не крычаць патрыятычнае «Жыве Беларусь!» Тут папулярны іншы лозунг, поўны роспачы і нянавісці, «спыніць таракана».

Апошнія разы людзі стыхійна выходзілі на вуліцы ў 2017-м, каб пратэставаць супраць дэкрэта аб дармаедах.

У выніку дэкрэт замарозілі, а Дзень Волі ў Мінску разагналі. 

Але пакрысе ў рэгіёнах праяўляюцца абрысы новай палітычнай актыўнасці, якую ўжо немагчыма не заўважаць. 

Імаверна, нейкую ролю грае непапулярная каранавірусная палітыка, але асноўным каталізатарам новых пратэстаў стала дзейнасць гомельскага блогера Сяргея Ціханоўскага, які прыдумаў youtube-канал «Страна для жизни», цяпер там 142 тысячы падпісантаў.

Сяргей Ціханоўскі

Калі раней тэзісы пра нелегітымнасць улады, жабрацкія пенсіі і занядбаную правінцыю агучвалі пераважна «афіцыйныя» апазіцыянеры, то ў фармаце адкрытага мікрафона Ціханоўскага цяпер тое ж самае прамаўляюць беларускія рабочыя і пенсіянеры, толькі ўжо ў неінтэлігентнай форме.

Ціханоўскі ездзіць па краіне, асвятляе незаўважныя праблемы маленькіх людзей і гэтым стварае свой палітычны капітал, павялічваючы маштаб заклікамі сабрацца разам пры наступным прыездзе ў нейкі горад.

Удзельнікаў не надта шмат, звычайна да яго прыходзяць некалькі дзясяткаў чалавек. У малых гарадах — яшчэ менш.

Скрыншот з відэа

Але гэтыя сустрэчы цалкам можна назваць палітычнымі, хоць там і няма, напрыклад, звыклай апазіцыйный атрыбутыкі, кшталту забароненага нацыянальнага сцяга: аўдыторыю Ціханоўскага перадусім хвалююць эканамічныя і сацыяльныя правалы ўладаў.

На гэтых сустрэчах не крычаць патрыятычнае «Жыве Беларусь!», тут папулярны іншы лозунг, поўны роспачы і нянавісці, «спыніць таракана» — алюзія на вядомую казку Чукоўскага «Тараканішча». 

Ціханоўскі робіць па два дзясяткі відэа ў месяц, іх прагляды на YouTube, як і колькасць каментаў, салідныя, яны знаходзяць водгук у аўдыторыі. Так, маналог жыхаркі Глыбокага паглядзела 700 тысяч чалавек. Гэта рэкорднае па колькасці праглядаў відэа.

Відэа з сустрэч у гарадах глядзяць ад дзясяткаў да соцень тысяч чалавек. 

«Мы вярнуліся ў 90-я, лепш не становіцца: у краме бабулька бярэ дзве сасісачкі, а такая ж еўрапейская бабуля едзе глядзець свет!» — казалі Ціханоўскаму ў Гродне.

«За 26 год ні разу не прызнаў сваіх памылак, усе навокал вінаваты. А чыноўнікі — вы што, ідыёты, што ківаеце галавой на ўсё, што ён кажа? Ён кажа чыноўніцы, што трактар вылечыць, яна ківае — слухай, што ты ківаеш, ты дзяцей сваіх так лячыць будзеш?» — казалі ў Наваполацку. 

У Віцебску заклікалі ісці назіральнікамі на выбары і ў выбарчыя камісіі, праводзіць грамадзянскія затрыманні фальсіфікатараў. 

«У мяне заробак 370 рублёў, заробкі жабрацкія, як пабудаваць кватэру? Нас у мамы 9 чалавек, усім не дапамогуць бацькі. Сябра сядзіць на каранціне ў Іспаніі, сям'я тут — не ад добрага жыцця ён туды паехаў? Я сама свайго мужа ледзь бачу», — казалі яшчэ дзесьці. 

«Рабяты, нізкі вам паклон, калі вы зможаце нешта зрабіць для гэтай краіны, то калі ласка… гэта кашмар нейкі! Як тут дзецям жыць?», — плачучы, жалілася магілёўская пенсіянерка

Падчас чарговай сустрэчы падпісантаў ютуб-канала «Краіна для жыцця» 5 мая ў Магілёве здарыўся адметны канфлікт. 

Сяргей Ціханоўскі прадбачыў спробу затрымання, і, калі машына блогера прыехала на месца сустрэчы, з яе выйшаў падобны камплекцыяй чалавек у медыцынскай масцы, які аказаўся не Ціханоўскім. 

Міліцыя паспрабавала затрымаць і яго, але сутыкнулася з адпорам падпісантаў канала. 

«Вы тут нікога не забераце, таварыш маёр, едзьце дадому», — сказаў афіцэру мужчына пралетарскага выгляду, які стаяў у жывым шчыце вакол копіі блогера. 

У выніку невялікай штурханіны і моўных пікіровак міліцыя адступіла, яе правялі крыкамі «Ганьба» і апладысментамі. 

Гэтыя прыхільнікі Ціханоўскага толькі адкрываюць для сябе тое, з чым ужо да таго сутыкнулася палітызаваная сталічная публіка, — сілавы ціск міліцыі. 

Ціханоўскага ўсё ж затрымалі з дапамогай АМАПа на наступны дзень, пасадзіўшы пад варту ці то ў Магілёве, ці то ў Гомелі.

Але адметна, што пасля закліку ў інтэрнэце некалькі дзясяткаў падпісантаў «Краіны для жыцця» сабраліся ля ізалятара, каб пад дажджом патрабаваць вызвалення Ціханоўскага. 

У прэс-службе МУС «Нашай Ніве» сказалі, што пакуль не ведаюць прычыны яго затрымання. 

Выйшлі ў падтрымку Ціханоўскага і ў Мінску, дзе ён меўся весці стрым — і на Нямізе, і, на машынах, на МКАД.

Стрым з Нямігі сілавыя структуры заглушылі за 15 хвілін, ён паспеў сабраць паўтары тысячы лайкаў.

Вялікім пытаннем было і застаецца, на якія сродкі дзейнічае блогер. Яго падазравалі ў супрацы ці то з расійскімі, ці то з заходнімі фондамі, нехта ўказваў на неназваных беларускіх бізнэсменаў. 

Чытайце таксама: Раней фоткаўся з Сабчак, цяпер — з Севярынцам. Хто такі палітычны блогер Сяргей Ціханоўскі?

Але сёння факты такія: ад манетызацыі Youtube-канала з такімі лічбамі праглядаў Ціханоўскі атрымлівае каля $700 штомесяц, яму таксама актыўна пераводзяць ахвяраванні ў адказ на заклік падтрымаць дзейнасць. 

Колькасць пераводаў, натуральна, невядомая, але некаторыя з іх адбываліся на краўдфандынгавых пляцоўках — там лёгка збіралася ў разы болей, чым прасілася. 

Відэа Ціханоўскага паказваюць, што ў многіх беларускіх гарадах сітуацыя дасягнула пункту кіпення. Улады Беларусі спрабуюць адказаць на гэта тымі ж метадамі, якімі дзейнічалі апошнія гады — кропкавымі рэпрэсіямі. 

Арцём Гарбацэвіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930