Знайсці
05.05.2020 / 12:4416РусŁacБел

Ганна Севярынец: Гэта будзе парад перамогі над здаровым сэнсам

9 мая 2019 года, фота Надзеі Бужан

У дзяцінстве я, вядома ж, глядзела парады. Падабалася, як роўненька ідуць салдаты, як прыгожа яны выгукваюць сваё «ура», як нясуць сьцягі, як хвалюецца мора людзей за агароджай. Глядзела я іх даволі доўга, ажно да таго моманту, як не пачалі езьдзіць за салдатамі грузавікі зь лядоўнямі і пральнямі. Ці то пасталела, ці то што яшчэ, піша ў сваім блогу на Радыё Свабода Ганна Севярынец.

А вось дзед мой, Павал Пятровіч Севярынец, франтавік, парадаў асабліва не глядзеў. Ад самай вайны ў яго не было адной нагі, затое быў ордэн Чырвонай Зоркі, і я таксама ня памятаю, каб ён ім хваліўся. З 18 гадоў інвалід вайны, ён пабудаваў хату, выгадаваў трох сыноў, працаваў усё жыцьцё, рыбачыў з лодкі на Дняпры, а калі яго разьбіў інсульт — і трэба ж, каб паралізавала той бок, дзе была адзіная нага! — тады толькі сеў у інвалідны вазок.

З раніцы яго вывозілі на вуліцу, і ён там адной жывой рукой альбо сек гарбузы, альбо нават пілаваў дровы, а калі выкочвалі за весьнічкі, дык сядзеў там і думаў. Наўрад ці пра вайну. Прынамсі, пра яе нам, унукам, ён ніколі не расказваў, нават калі пыталіся.

Дзеці мае парадаў наогул не глядзяць. Нават у дзяцінстве не глядзелі — ані на роўненькіх жаўнераў, ані на гучнае «ура». Ня ведаю, ці глядзяць вучні. Ведаю, праўда, што тэма Вялікай Айчыннай вайны для іх — тэма нудотная. Яны нават называюць тую вайну зьневажальна, мяне дык перасмыкае кожны раз, калі я чую гэтае вось «ВОВ». «У часы ВОВ у Беларусі загінуў кожны чацьвёрты», — бадзёра рапартуюць яны на чарговых конкурсах юных аратараў, і нават не пужаюцца асабліва, калі іх паправіць: «не ВОВ, а Вялікая Айчынная вайна». Ну ня ВОВ, дык ня ВОВ.

«А ці чыталі вы, дзеці, быкаўскі «Знак бяды»?» — «Быкаў? Гэта пра ВОВ? У-у-у-у… Не, не чыталі. Колькі можна пра вайну».

Калі нехта і не хацеў зьнішчыць жывой, горкай і трапяткой памяці пра тую вайну, калі ўсе гэтыя парады зь лядоўнямі, «лініі Сталіна» і бясконцая «ВОВ» у школьнай праграме і меліся быць сталым і гарачым напамінам пра народную трагедыю — дык яны ўсё адно гэта зьнішчылі.

Прайшло 75 гадоў. Дзеці пазяхаюць ад «ВОВ». Яны ўжо ня памятаюць старых дзядоў у інвалідных вазках, што сядзелі ля сваіх прызбаў у цяжкім задуменьні. «Спасибо деду за победу» — гэта даўно ўжо ня болей, чым зьдзек са здаровага сэнсу: дзяды сёньняшніх дзяцей нарадзіліся далёка пасьля вайны.

Цяпер яшчэ і парад. Тое, што заставалася, няхай і зь лядоўнямі. Тое, што яшчэ нейкім чынам нагадвала, што дазваляла ўспомніць ці пагутарыць. Цяпер яшчэ і парад будзе зьнішчаны новай асацыяцыяй — тым, як усёй краінай супраціўляліся; тым, як студэнтам пачалі прапаноўваць пасярод пандэміі пайсьці паглядзець парад за прыбаўку ў стыпэндыі (дзесяць рублёў у наступным месяцы) альбо нават проста за адпрацоўку ў інтэрнаце. Схадзіць паглядзець парад Перамогі — за даплату ў 10 рублёў.

Яго называюць цяпер «парадам сьмерці». Але ён і цяпер ёсьць парадам перамогі. Парадам перамогі над здаровым сэнсам. Парадам перамогі над рэкамэндацыямі САЗ. Парадам перамогі над слабавольнымі студэнтамі. Над сваёй краінай.

Ніколі ўжо словы «парад Перамогі» ня будуць такімі, якімі яны былі хаця б для мяне.

Ня тыя пайшлі цяпер парады.

Ганна Севярынец, Радыё Свабода

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930