Вірус атакуе камп'ютары беларускіх дзяржаўных структур
Беларускія дзяржструктуры сталі ахвярамі хакерскага нападу, піша Dev.by.
Паводле інфармацыі спецыялістаў Нацыянальнага цэнтра рэагавання на камп'ютарныя інцыдэнты, для нападаў выкарыстоўваецца шкоднаснае праграмнае забеспячэнне, якое адносіцца да бэкдор-траянаў сямейства «Pteranodon». З яго дапамогай зламыснікі атрымліваюць доступ да канфідэнцыйнай інфармацыі, а таксама могуць усталёўваць дадатковыя шкоднасныя модулі.
— Траян у асноўным накіраваны на дзяржаўныя структуры, але сустракаецца і на дамашніх камп'ютарах. Распаўсюджваецца вірус з заражанымі дакументамі, якія змяшчаюць макрасы, з дапамогай фішынгавых рассыланняў. Кіраванне ідзе з каманднага цэнтра. На гэты момант больш за 400 машын у нацыянальным сегменце праяўляюць прыкметы заражэння, — паведамілі ў цэнтры.